nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

БЕЛАРУСКI ЭТНАС: ПАПУЛЯЦЫЙНА-ГЕНЕТЫЧНЫ АСПЕКТ ЭПАХАЛЬНАЙ СТАБIЛЬНАСЦI (кБНІ)

16 жніўня, 2006 | Няма каментараў

Гэта другі артыкул раздзела «Біялагічны аспект» матэрыялаў канферэнцыі «Беларуская нацыянальная ідэя» (18-19 красавіка 1999 г., Гародня). Яго аўтар Аляксей Мiкулiч – доктар біялагічных навук, антраполаг, вядучы навуковы супрацоўнік Аддзела антрапалогіі і экалогіі Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, сапраўдны член Міжнароднай акадэміі экалогіі; на час правядзеньня канферэнцыі – старшыня Беларускай экалагічнай партыі зялёных (Менск).
Рэдакцыя.

Пад этнiчнымi прыкметамi, згодна “Антрапалогii” П.Тапiнара, уяўляюцца ўсе факты, што вынікаюць з аб’яднання людзей памiж сабою пад уплывам любой матывацыi: грамадскiх патрэб, асабiстых паводзiн, збройнага ўхiлу. А.Басцiян пад этнiчным вобразам народа разумеў яго культурнаспецыфiчны воблiк. Ж.Дэнiкер этнiчнымi групамi называў тыя народы, нацыi цi плямёны, якiя адрознiваюцца памiж сабою моваю, жыццёвымi паводзiнамi. На пачатку 1950-х гг. пры падрыхтоўцы шматтомнай серыi “Народы свету” этнiчная тэрмiналогiя атрымала шырокае распаўсюджанне. Напрыклад, этнiчная самасвядомасць, праблемы этнiчнай геаграфii i этнiчнай гiсторыi, спецыфiка этнiчных супольнасцяў i iнш. (П.I.Кушнер, С.I.Брук, Р.Ф.Iтс, К.I.Казлова i iнш.). Напрыканцы 1960-х гг. працягвалася распрацоўка катэгорый этнасу. Пазней “этнас” у сэнсе “народ” быў заменены на “этнiчную агульнасць” рознага таксанамiчнага ўзроуню, ад метаэтнасу да субэтнасу. У аснове этнасу зараз, акрамя сацыяльных i культурных фактараў, маюцца на ўвазе расавая i бiялагiiчная рознiцы. Амаль канчаткова ПАД КАТЭГОРЫЯЙ ЭТНАСУ разумеюцца ЭТНIЧНЫЯ СУПОЛЬНАСЦI Ў ВЫГЛЯДЗЕ ЛЮДСКІХ ПАПУЛЯЦЫЙ ЯК ЭТНАКУЛЬТУРНЫХ ГРУПАЎ з iх АГУЛЬНЫМ ПАХОДЖАННЕМ I АНТРАПА-ПСIХАЛАГIЧНЫМI АСАБЛIВАСЦЯМI пры абавязковых ТЭРЫТАРЫЯЛЬНА АРГАНIЗАВАНАЙ АДАСОБЛЕНАСЦI, МОЎНЫМ ПАДАБЕНСТВЕ, АДПАВЕДНАЙ САМАСВЯДОМАСЦI (С.А.Токараў, В.I.Казлоў, М.М.Чэбаксараў, Л.М.Гумiлёў, К.В.Чыстоў, Л.П.Лашук).

На працягу апошнiх дзесяцiгоддзяў беларускiя антраполагi працягваюць этнагенетычныя i антрапаэкалагiчныя даследаваннi. Мяне асабiста займаюць праблемы гiстарычнай i бiялагiчнай антрапалогii беларускага этнасу i яго суседзяў. Антрапагенетычная праграма нашых даследаванняў (у супрацоўнiцтве з малекулярнымi генетыкамi Расii i Беларусi) за апошнiя гады папоўнiлася вывучэннем папуляцыйных дадзеных па новых высокапалiморфных маркёрах ДНК 14-й i 19-й храмасом. Ужо маюцца першыя вынiкi па ўнутрыэтнiчнай iх разнастайнасцi i мiжэтнiчнай у параўнаннi з паволжскiмi этнасамi. Менавiта апошняе даследаванне падпарадкавана як экалагiчнай, так i гiстарычнай праблематыцы.

Хацелася б звярнуць увагу на тое агульнае, што роднiць беларусаў з суседзямi, i адметнае, што дазваляе гаварыць аб своеасаблiвасцi беларускага этнасу, маючы на ўвазе яго гiстарычныя i генетычныя каранi. Ужо болей за 30 год з дапамогай Лабараторыi генетыкi чалавека Iнстытута агульнай генетыкi РАН (Ю.Р.Рычкоў), Аддзела антрапалогii Iнстытута этналогii i антрапалогii РАН (Г.Ф.Дэбец, В.В.Бунак, В.П.Аляксееў) i Iнстытута антрапалогii МДУ (В.П.Якiмаў, Я.Я.Рагiнскi), пачалiся арыгiнальныя даследаваннi для антрапалагiчнага i папуляцыйна-генетычнага вывучэння насельнiцтва Беларусi i памежных тэрыторый. На першым этапе перад намi стаяла задача закрыць белую пляму ў цэнтры Еўропы ў сферы вывучэння размеркавання групаў крывi i асобных морфафiзiялагiчных прыкмет. На пачатку 1970-х гг. насуперак першапачатковай нуль-гiпотэзе аб немагчымасцi лакальных асаблiвасцяў, была выяўлена клiнальная зменлiвасць усiх вывучаных фактараў сярод сельскага насельнiцтва Беларусi – асноўнага захавальнiка антрапагенатыпу прабацькоўскай папуляцыi. Адразу ж паўстала пытанне: цi сапраўды i наколькi малады беларускi этнас?

Новая генагеаграфiчная тэхналогiя вывучэння прасторавай структуры генафонду дазволiла выявiць антрапагенетычныя асаблiвасцi карэнных беларусаў у iх шматпакаленнай узаемасувязi з навакольным атачэннем. Вядомыя летапiсныя славянскiя плямёны, бясспрэчна, пакiнулi свой след у антрапалагiчным абліччы сучасных беларусаў i рускiх, але намнога болей у апошнiх. Многiя гiстарычныя i экалагiчныя фактары, разам з лiнгвiстычнымi i дэмаграфiчнымi, вякамi i тысячагоддзямi садзейнiчалi станаўленню антрапалагiчных i адаптыўных тыпаў сярод папуляцый рознага ўзроуню ў межах вялiкай еўрапеоiднай расы. Гэтыя моманты сведчаць, што вывучаная з дапамогаю генетычных прыкмет i матэматычнага аналiзу, татальная папуляцыя беларускага сельскага насельнiцтва ўяўляе сабою самаўзнаўляльны арганiзм, дзе абмен генамi да апошняга часу адбываўся пераважна памiж яго паслядоўнымi нашчадкамi. Пры сваім фармаванні генафонд, натуральна, не абаронены ад пранiкнення генаў з суседнiх этнасаў. Тым не меней фенатыпы i генатыпы, пры ўсёй стахастычнасцi генетычных працэсаў, захавалi сваю стабiльнасць.

Многiя гісторыкі, археолагi i этнографы вызначаюць узрост беларускага этнасу як вельмi малады – не болей за 4-5 стагоддзяў. Галоўнымi аргументамi за гэтую версiю называюцца наступныя: позняя дзяржаўнасць, нядаўняя назва тутэйшага народа беларусамi, лiквiдацыя ўнiяцкай канфесii. Сапраўды, у ХІ-ХІІ стст. жыхары Полацкага i Турава-Пiнскага княстваў з пункту гледжання заходнееўрапейскiх культур называлiся “руссю”. Новая назва “беларусы”, як заменнік даўняй “лiцвiны” – катэгорыя пазнейшага перыяду. Менавiта гэтыя акалiчнасцi i прадвызначылi ў канцы ХІХ ст. залічэнне нашага этнасу да маладых. Але ў гiсторыi i археалогii, мовазнаўстве i этнаграфii, а цяпер у фалькларыстыцы i антрапалогii маюцца довады яго ТЫСЯЧАГАДОВАГА ФАРМАВАННЯ на субстратнай антрапалагiчнай аснове папярэднiх насельнiкаў. Яшчэ ў VІ ст. на Балканах былi вядомымi плямёны дрыгавiчоў, якiя ў ІХ ст. пасялiлiся побач з крывiчамi i радзiмiчамi.

Рассяленне сельскага насельнiцтва, i гарадскога таксама, не з’яўляецца выпадковым, заўсёды падпарадкоўваецца найперш ландшафтным, прыродным, а потым i сацыяльным заканамернасцям. Адначасова генетычныя асаблiвасцi лакальных папуляцый адрознiваюцца сваiмi генаструктурамi, але заўсёды ў зададзеных генафондам межах. Падобная сiнэргетыка хутчэй за ўсё прадвызначана НЕАБХОДНАСЦЮ АПТЫМАЛЬНА ПРЫСТАСАВАЦЦА ДА НАВАКОЛЬНАГА АСЯРОДДЗЯ. Да такой высновы нас падводзiць выяўленая ўзаемасувязь памiж антрапагенетыкай рэгiянальных папуляцый i экалагiчным раянаваннем Беларусi. Гэта цалкам адпавядае гiпотэзе Ч.Лi аб плеятропнасцi генаў не без уплыву геафiзiчных i геахiмiчных, сацыяльных i культурных фактараў. Антрапагенетычная рознiца пры гэтым узмацняецца разам з геаграфiчнаю дыферэнцыяцыяй. У сваю чаргу, iнбрыдынг, не мяняючы генных канцэнтрацый, мяняе генетычную дысперсiю папуляцый.

Утварыўшы сваю агульную этнiчную супольнасць, беларусы – былыя лiцвiны – у ХІІІ ст. заснавалi вялiкую дзяржаву – Княства Лiтоўскае. Нашых асветнiкаў Кiрылу Тураўскага, Францiшка Скарыну, Льва Сапегу ведалi далёка за межамi Вялiкага княства Лiтоўскага, Рускага i Жамойцкага. На вялiкi жаль, у часы росквiту гiстарычнай навукi вялiкарускiя гiсторыкi В.Карамзiн, В.Ключэўскi, В.Салаўёў у першую чаргу, калi не заўсёды, вывучалi гiсторыю ўсходнiх рускiх, амаль не ўпамiнаючы пра заходнiя [доказ таго, што “заходніх русінаў – беларусаў” яны рускімі-маскоўцамі не лічылі; і правільна рабілі – Рэд.]. У найноўшы час Леў Гумiлеў па-свойму развiў сваiх папярэднiкаў. Так, у працы “Древняя Русь i Большая степь” ён згаджаецца з “чистотой” беларусаў са старажытных даславянскiх часоў. Цытую: “Великороссия обновилась за счет христианских монголов и крещёных литовцев, Малороссия – за счет половцев, но ЧИСТЫМ ДРЕВНЕРУССКИМ ПЛЕМЕНЕМ ОСТАЛИСЬ БЕЛОРУСЫ. Их не задели ни ордынские чамбулы (отряды, совершавшие набеги), ни малочисленные литовцы… ни немецкие рыцари…” Працяг цытаты гучыць насуперак праўдзе: “В Восточной Европе пассионарный толчок поднял к исторической жизни два этноса: литовцев и великороссов”. Вядомая тэза гiсторыкаў iмперскага кола працягваецца.

Тут патрэбна звярнуцца да прац М.М.Улашчыка (“Белая и Черная Русь в “Хронике Матвея Стрыйковского” i iнш.), дзе падкрэслiваецца немагчымасць заваёвы лiтвою нашых густанаселеных зямляў з высокiм узроўнем эканомiкi i культуры. Спаслаўшыся на летапiсцаў сярэднявечча, М.Улашчык НЕ ЗНАХОДЗIЦЬ ЭТНIЧНАЙ РОЗНIЦЫ ПАМIЖ ЛIТВОЮ I РУССЮ, за выключэннем iх канфесiйнасцi. Князi нiколi не называлiся нi лiтоўскiмi, нi жамойцкiмi, а заўсёды наваградскiмi, полацкiмi, турава-пiнскiмi. Як слушна пiша А.Кажадуб у тыднёвiку “ЛiМ” у чэрвенi 1996 г., лiтоўскiя князi, сеўшы на прастол, абавязкова прымалi хрысцiянства (каталiцкае або праваслаўнае – у залежнасцi ад кан’юнктуры) i праводзiлi палiтыку феадальнай вярхушкi гарадоў Наваградка, Полацка, Турава, Пiнска i iнш. (“Беларусы: “легалiзацыя” ў сусветнай гiсторыi”). Як вiдаць з двухтомнiка “Полное собрание русских летописей”, выданых М.Улашчыкам, БЕЛАРУСЫ МОГУЦЬ ГАНАРЫЦЦА СВАЁЙ ГIСТОРЫЯЙ.

У свой час iснавала балта-славянская моўная агульнасць. Асобныя знаўцы па частаце ўжывання гука “а” заводзяць старажытнабеларускую мову ў iндаеўрапейскi час (напрыклад, Я.Станкевiч) [гл.таксама матэрыял Станіслава Судніка на нашым сайце – Рэд.]. Фалькларысты па матэрыялах вусна-паэтычнай творчасцi i музычна-песеннага фальклору беларусаў знаходзяць iх аўтэнтычную ўнiкальнасць У ГЛЫБОКАЙ СТАРАЖЫТНАСЦI. Працягваецца вывучэнне балта-славянскiх сувязяў археалагiчнай навукай. Курганныя матэрыялы сведчаць, што славянская мiграцыя на землi балтаў не пацяснiла апошнiх. З моманту iх кантактаў пачалося фармаванне новых культур. Па звестках В.Сядова, балцкiя элементы на Беларусi i Смаленшчыне выяўляюцца ў гiдранiмii, дыялекталогii, палеаантрапалогii. Наконт таго ж самага можна спаслацца таксама на кнiгу ўкраiнскага мовазнаўцы I.Непакупнага “Балты – ближайшие родичи славян”. А.Рогалеў з Гомеля прыводзiць дадатковыя звесткi аб балтызмах у беларускай мове, аб балцкiм кампаненце ў этнагенэзе радзiмiчаў.

Перш чым перайсцi да антрапалагiчных матэрыялаў, нагадаю, што першапачатковае засяленне чалавекам тэрыторыi нашай краiны, у адпаведнасцi з археалагiчнымi звесткамi, адбылося не меней за 30 тысячагоддзяў таму. Пачынаючы з эпохi нэалiту, дзе-небудзь у 4-м тысячагоддзi да Раства Хрыстова, г.зн. за сотнi пакаленняў да нас, ужо сфармавалiся рэгiянальныя асаблiвасцi матэрыяльнай культуры, калi роднасныя плямёны на нашай i сумежных паўночнай i ўсходняй тэрыторыях выпрацоўвалi розныя вiды рэчаў штрыхаванай керамiкi. Наступныя (пасля палявання i збiральнiцтва) земляробства i жывёлагадоўля спрыялi аседласцi i новай, ландшафтнай адаптацыi, што, у сваю чаргу, замацавала рэгiянальныя антрапалагiчныя асаблiвасцi.

Культура шнуравой керамiкi лiчыцца этнiчна хутчэй балцкай, чым славянскай (В.Iсаенка, Г.Штыхаў, М.Чарняўскi). Маюцца звесткі, што на пачатак 2-га тысячагоддзя адбылося iнтэнсiўнае змешванне прышлых славян з карэннымi балтамi, пры гэтым генафонд абодвух этнасаў узбагацiўся адпаведнымi субстратамi. Так, на канец ХІІ – пачатак ХІІІ стст. Вялiкае княства Лiтоўскае, Жамойцкае i Рускае аб’яднала землi лiтоўцаў (жамойцi), беларусаў (лiцвiнаў), маларосаў (паўночных украiнцаў) i заходнiх рускiх у адзiную дзяржаву з агульным старажытнабеларускiм пiсьмом.

Матэрыялы доктара I.I.Салiвон па палеаантрапалагiчных раскопах (каля 300 адзiнак) сведчаць, што на працягу 40 АПОШНIХ ПАКАЛЕННЯЎ [а гэта каля 1000 гадоў часу – Рэд.] IСНУЕ БЕЗУМОЎНАЯ ПЕРАЕМНАСЦЬ АСНОЎНЫХ РАСАВЫХ АСАБЛIВАСЦЯЎ. Ёю, на выснове абагульненых адлегласцяў, адкрыты сведчаннi ўзаемапранiкнення славянскiх i балцкiх групаў насельнiцтва на сумежных тэрыторыях. Яшчэ у 1992 г. намi разам з I.I.Салiвон быў апублiкаваны навуковы артыкул “Месца беларусаў сярод усходнiх славян па даных антрапалогii” ў часопiсе “Весцi АН Беларусi”. Там жа мы дадаткова прааналiзавалi марфалагiчны матэрыял Т.I.Аляксеевай, папярэдне вылучыўшы ў кожным этнасе па два субэтнасы. Такi падыход дазволiў з дапамогаю абагульненых фенатыповых характарыстык выявiць верагодную рознiцу па вывучаных антрапалагiчных прыкметах у першую чаргу памiж паўднёвымi ўкраiнцамi i паўночнымi рускiмi. Беларускiя паўночныя групы разам з заходнiмi рускiмi паводле морфатыпу фактычна ўпiсваюцца ў кола формаў прабацькоўскай папуляцыi. Асаблiвую ўвагу звяртаем на наступную акалiчнасць: паўднёвыя беларусы паводле абагульненага антрапалагiчнага тыпу зусiм ёй iдэнтычныя.

Зараз пяройдзем да пошуку ў галiне этнiчнай гiсторыi народанасельнiцтва сучаснай Беларусi на выснове асабiста атрыманых арыгiнальных антрапагенетычных i генадэмаграфiчных матэрыялаў, здабытых у экспедыцыйных умовах на працягу шматгадовых антрапалагiчных вандровак па Беларусi i сумежных з ёю краiнах. Рознiца памiж папуляцыямi фiксавалася па вынiках комплекснага даследавання беларускага сельскага насельніцтва i iншаэтнiчнага на сумежных тэрыторыях. Былi рэканструяваны гiстарычныя сувязi папуляцый памiж сабою, а таксама геаграфiя iх стасункаў з навакольным асяроддзем. Публiкацыi Ю.Р.Рычкова (1973, 1990) даказваюць, што ЛЮБАЯ ЭЛЕМЕНТАРНАЯ ЛЮДСКАЯ ПАПУЛЯЦЫЯ З’ЯЎЛЯЕЦЦА ПРАДУКТАМ ГIСТОРЫI ЭТНАСУ, а значыцца, i часткаю яго сiстэмы. У такiм выпадку АНТРАПАЛАГIЧНЫЯ АСАБЛIВАСЦI ЛАКАЛЬНЫХ ПАПУЛЯЦЫЙ ПРАДВЫЗНАЧАЮЦЦА ГЕНЕТЫЧНАЙ ЯКАСЦЮ САМОГА ЭТНАСУ. Па паказчыках абагульненых бiялагiчных адлегласцяў, з улiкам выяўленай рознiцы памiж сучаснымi сельскiмi групамi насельнiцтва з’явiлася магчымасць пошуку следу генетычнай памяцi папуляцый у гiстарычным аспекце.

Працэс упарадкавання генетычных структур ад iх максiмальнай стахастычнасцi да аптымальна поўнай гармонii мае сваю храналогiю. Напрыклад, сярод этнатэрытарыяльных груповак яшчэ не назiраецца геаграфiчна скiраванай папуляцыйна-генетычнай адпаведнасцi. На гэтую неадпаведнасць уплываюць адрозныя адзін ад другога антрапагенетычныя тыпы насельнiцтва заходняй i ўсходняй частак беларускага Палесся. Адназначная ж адпаведнасць выяўляецца толькi ў выпадку трохкампанентнай iерархii папуляцый у межах экалагiчных правiнцый. Магчымасцi папуляцыйнай генетыкi дазваляюць вызначыць храналогiю генадэмаграфiчных працэсаў. На эвалюцыйную дынамiку аднолькава ўплываюць як фактары стабiльнасцi, так i фактары развiцця. Хуткасць зменлiвасцi залежыць ад эфектыўна-рэпрадукцыйнага памеру папуляцый, генных мiграцый i ўзроўню генетычнай дыферэнцыяцыi. Пасля нармавання вывучаных генадэмаграфiчных параметраў зменлiвасцi i iх мапавання ў выглядзе абагульненых паказчыкаў iзагенлiнii атрымалi рэгiянальную ўпарадкаванасць з паўднёвага захаду на паўночны ўсход.

Спачатку па дзвюх генетычных сiстэмах (АВО i РэзусD) вылучана 9 абагульненых групаў лакальных папуляцый з пераходам на памежныя этнасы. Адначасова добра праглядваецца, згодна з канцэпцыяй В.В.Бунака, старажытны антрапалагiчны пласт папуляцыйных асаблiвасцяў на вывучанай тэрыторыi. Генетычныя адлегласцi, пабудаваныя па васьмi локусах, дазваляюць прасачыць больш плаўныя пераходы памiж папуляцыямi ў тым самым кірунку з паўднёвага захаду на паўночны ўсход. Фактычна тут захоўваецца агульнаеўрапейская тэндэнцыя клiнальнай зменлiвасцi антрапагенетычных структур. Абагульнены аналiз дапамагае высветлiць, што генафонд беларусаў, лiтоўцаў i заходнiх рускiх блiжэй за iншых знаходзiцца да сярэднееўрапейскага [таму, што “заходнія рускія” – гэта фактычна беларусы – Рэд.]. ПАЛЯКI I ЎКРАIНЦЫ БОЛЕЙ АДДАЛЕНЫЯ i займаюць свае адпаведныя месцы ў генетычнай прасторы.

Зыходзячы з канцэпцыi А.Любiшчава i Ю.Рычкова аб захаваннi ў пакаленнях структурных кампанентаў папуляцыйнай сiстэмы ад продкавай агульнасцi, з’явiлася магчымасць даказаць БОЛЬШ ЗНАЧНУЮ СТАБIЛЬНАСЦЬ ГЕНАФОНДУ ў параўнаннi з моваю i культурай. Аднак у выпадку з беларускiм этнасам i назiраннi за фальклорам, i палеаэтнаграфiчныя крынiцы дазваляюць таксама меркаваць аб аўтахтоннай пераемнасцi ды глыбокай старажытнасцi i традыцыйнай беларускай культуры.

Максiмальна выкарыстаныя намi магчымасцi матэматычнай статыстыкi дазволiлi дысцыплiнаваць антрапалагiчнае даследаванне папуляцый. Сярэднiя паказчыкi якасных прыкмет лiчацца болей ёмiстымi ў параўнаннi з сярэднiмi паказчыкамi колькасных. У адпаведнасцi з такiмi высновамi намi падлiчаны магчымыя тэрмiны першапачатковага засялення тэрыторыi нашай краiны. Адбылося гэта не пазней за 19+/-3 тысячы гадоў таму ў межах Заходняга Палесся і 14+/-2 тысячы – у межах Усходняга Палесся. Уся тэрыторыя Беларусi, па звестках аб 8 генетычных сiстэмах i сярэднеўзважаных эфектыўна-рэпрадуктыўных памерах, цалкам была заселена продкамi сучаснага насельнiцтва 9+/-1 тысяча гадоў таму.

Такiм чынам, з усяго сказанага вынікае наступнае. Даследаваннямi беларускiх антраполагаў устаноўлена антрапагенетычная i генадэмаграфiчная структура беларускага этнасу, мiжэтнiчныя асаблiвасцi антрапалагiчных тыпаў, геаграфiчная залежнасць у размеркаваннi большасцi вывучаных прыкмет i абагульненых бiялагiчных характарыстык. Шматгадовае антрапагенетычнае i генагеаграфiчнае даследаванне сельскага насельнiцтва на тэрыторыi Беларусi i яе памежжы дазволiла з высокай ступенню iмавернасцi лiчыць СУЧАСНЫХ БЕЛАРУСАЎ НЕПАСРЭДНЫМI НАШЧАДКАМI МЯСЦОВАГА СТАРАЖЫТНАГА НАСЕЛЬНIЦТВА [карацей, засяленьне тэрыторыі Беларусі людзьмі пачалося каля 19.000 гадоў таму, а завяршылася каля 9.000 гадоў таму; і гэтыя людзі былі продкамі нас – беларусаў… – Рэд.]. Фактычнае фармаванне адаптыўнага тыпу хутчэй за ўсё адбывалася разам з эпахальнымi зменамi на працягу не меней 200 пакаленняў, што дазваляе прасачыць яго пачатак да палеаеўрапеоiднай расавай супольнасцi. Зараз пачата даследаванне геаэтнiчнага размеркавання высокапалiморфных маркёраў ДНК на малекулярным узроўнi сярод лакальных i рэгiянальных папуляцый, якiя, магчыма, дазволяць вызначыць долю стасункаў памiж балтыйскiм i славянскiм субстратамi ў складзе сучаснага карэннага насельнiцтва Беларусi.

Аляксей Мiкулiч 

Скарыстаныя лiтаратурныя крынiцы:

1) Алексеев В.П. Происхождение народов Восточной Европы.- М., 1969.
2) Алексеева Т.И.Этногенез восточных славян по данным антропологии.- М., 1973.
3) Bastian A. Ethnische Elementargedanken in der Lehre vom Menschen. –Berlin, 1895.
4) Брук С.И. Основные проблемы этнической географии.- М., 1964.
5) Бунак В.В. Род Homo: Его возникновение и последующая эволюция. М. 1980.
6) Гумилев Л.Н. Древняя Русь и Великая степь.- М., 1989.
7) Deniker J. The races of man. An outline of anthropology and ethnography.- London, 1900.
8) Дебец Г.Ф. Палеоантропология СССР.- М.-Л., 1948.
9) Итс Р.Ф.  Этнос в доклассовом и раннеклассовом обществе.- М., 1982.
10) Исаенко В.Ф. Неолит Припятского Полесья.- Мн., 1976.
11) Кажадуб А. Беларусы: “легалiзацыя” ў сусветнай гiсторыi // ЛiМ.- 1996.- №24.
12) Карамзин Н.М. Избранные сочинения. Т.1-2.- М.-Л., 1964.
13) Ключевский В.И. Русская история. Полный курс лекций. Кн.1.- М., 1993.
14) Козлов В.И. Что же такое этнос? // Природа.- 1971.- N2.
15) Козлова К.И. Этнические процессы в странах Зарубежной Европы.- М., 1970.
16) Кушнер П.И. Этнические территории и этнические границы // Труды Института этнографии, новая серия.- М., 1951.- Т.15.
17) Лашук Л.П. Концепция специфического начала теории этнической общности, // Вестник Московского университета. Серия 8, История, – 1981.- N6.
18) Ли Ч. Введение в популяционную генетику.- М., 1978.
19) Любищев А.А. Проблемы формы, систематики и эволюции организмов.- М., 1982.
20) Микулич А.И. Геногеография сельского населения Белоруссии.- Мн., 1989.
21) Микулич А.И. Наша генетическая память.- Мн., 1987.
22) Рогинский Я.Я., Левин М.Г. Антропология.- М., 1978.
23) Рычков Ю.Г. Антропология и генетика изолированных популяций.- М., 1969.
24) Салiвон I.I. Фiзiчны тып беларусаў.- Мн., 1994.
25) Седов В.В. Славяне Верхнего Поднепровья и Подвинья.- М., 1970.
26) Станкевiч Ян. Аканьне – балцкая рыса ў мове вялiкалiтоўскай.- Мюнхен, 1971.
27) Токарев С.А. К методике этнографического изучения материальной культуры // Советская этнография.- 1970.- N4.
28) Топинар П. Антропология.- СПб., 1879.
29) Улащик Н.Н. Введение в изучение белорусско-литовского летописания.- М., 1985.
30) Чебоксаров Н.Н., Чебоксарова И.А. Народы, расы, культуры.- М., 1971.
31) Чарняўскi М.М. Бронзавы век на тэрыторыi Беларусi.- Мн., 1981.
32) Чистов К.В. Этническая общность, этническое сознание и некоторые проблемы духовной культуры. // Советская этнография.- 1972.- N3.
33) Штыхаў Г.В. Крывiчы.- Мн., 1992.
34) Этнаграфiя беларусаў.- Мн., 1985.
35) Якимов В.П. О некоторых факторах среды на начальном этапе антропогенеза // Вопросы антропологии.- 1974.- Вып.48.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы