nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

ПАД РАСЕЙСКІМІ ІМПЕРСКІМІ СІМВАЛАМІ (фіксуем акты ўладнага варварства – 8)

17 жніўня, 2006 | Няма каментараў

Сяргей Навумчык

�ав�м��к.jpg

На пачатку 1990-х мы, тагачасныя актывісты БНФ, казалі, што дзяржаўныя сымбалі і мова – гэтак жа важныя, як і эканоміка.
Мы памыляліся.

У параўнаньні са Сьцягам, Гербам, Мовай, эканоміка (якая ў жыцьці грамадзтва, канешне, важная) ня мае ніякага значэньня. Удакладняю: яна ня проста менш істотная ці мала істотная – яна ўвогуле ня мае значэньня, калі на карту прастаўлены лёс сымбаляў і мовы. Бо найперш ад апошніх залежыць лёс народу.

Гісторыя мае шмат прыкладаў, калі эканоміка адраджалася за некалькі гадоў у краінах, дзе прамысловасьць і інфраструктура былі разбураныя ўшчэнт (напрыклад, Нямеччына на мяжы 1940–50-х). Але няма ніводнага прыкладу, калі б насельніцтва, якое згубіла нацыянальныя арыенціры, дасягнула б дабрабыту (некаторыя афрыканскія краіны, дзе разбураная грамадзянская супольнасьць, ня могуць ўзьняцца нават пры мільярдных датацыях Захаду).

Некалькі гадоў таму ў ЗША рэстаўравалі стары зорна-паласаты сьцяг незвычайнага вялікага памеру, зь якім зьвязаны славуты эпізод амэрыканскай гісторыі. Рэстаўрацыя рабілася ў лябараторыі некалькі год з выкарыстаньнем самых каштоўных мэтадаў кансэрвацыі і каштавала некалькі мільёнаў (!) даляраў. Амэрыка – самая багатая краіна, але і тут хапае сацыяльных праблем. Напрыклад, больш як 40 мільёнаў грамадзянаў ЗША ня маюць мэдычнай страхоўкі. Заўважу, што гэта ня самыя бедныя – самыя бедныя акурат маюць сацыяльную страхоўку. Гэта – сярэдні стан грамадзтва з даходам ад 50 да 75 тысяч даляраў на год, каму на працы страхоўку не даюць, а самому набыць задорага – бо трэба аддаваць крэдыт за жыльлё, аплочваць вучобу дзяцей і г.д. Такая публіка пераважна адукаваная, яна чытае газэты і, натуральна, можа ў газэты напісаць. Аднак а ні ў воднай амэрыканскай газэце не было дыскусіі – а ці трэба выдаткоўваць вялізныя грошы на кавалак матэрыі, ці ня лепш спачатку «падлячыць народ» (у варыянце менскіх лібэралаў было б – «накарміць»)? Ніхто не заклікаў да «прагматызму» менавіта таму, што АМЭРЫКАНЦЫ – НАДЗВЫЧАЙ ПРАГМАТЫЧНЫЯ ЛЮДЗІ І ПРЫЯРЫТЭТЫ ШТО Ў АСАБІСТЫМ, ШТО Ў ДЗЯРЖАЎНЫМ ЖЫЦЬЦІ ВЫЛІЧВАЮЦЬ МАТЭМАТЫЧНА ДАКЛАДНА.

Апошнім часам усё часьцей даводзіцца чуць пра «непрагматызм» галадоўкі дэпутатаў БНФ у Авальнай залі парлямэнту ў 1995 годзе (гл. фота ніжэй). Мне ж падаецца, што пасьля аднаўленьня Незалежнасьці – гэта самае важнае, што мы зрабілі ў тым Вярхоўным Савеце, бо выступілі за мову, Сьцяг і Герб.

�паз����. галадо�ка.jpg

Мяне ўжо цяжка нечым зьдзівіць у беларускай палітыцы, але тое, што ўбачыў на сайце палаты прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь, скажу безь перабольшваньня – шакавала. Тут зьмешчаны фатаздымак (гл. ніжэй) пасяджэньня камісіі па міжнародных справах і сувязях з СНД. Зьлева – чырвона-зялёны сьцяг, а справа – сьцяг Расейскай Фэдэрацыі. А на сьценцы, разам з «лукашэнкаўскім» гербам, прымацаваны расейскі дзьвюхгаловы арол [на фота сьцяг маскоўскага княства і «дзьвюхгаловы цыплёнак табака» – сучасныя сімвалы расейскага імперыялізму – паказаны жоўтымі стрэлкамі – Рэд.].

�ала�ка-зд�ада.jpg

Зазірнуў у архіў сайту – ранейшыя пасяджэньні ў гэтай камісіі таксама праходзілі пад расейскімі дзяржаўнымі сымбалямі.

На міждзяржаўных, міжпарлямэнцкіх сустрэчах прынята выстаўляць на стол сьцяжкі краінаў-удзельніц. На сустрэчах прэзыдэнтаў таксама ёсьць дзяржаўныя сьцягі. Але тут, у памяшканьні Дому ўраду, расейскі сьцяг ВЫСТАЎЛЕНЫ СТАЛА, стацыянарна ды яшчэ прымацаваны на сьцяне расейскі герб. «Палата» – не грамадзкая арганізацыя і не прыватная кантора, і міжнародная камісія – адна з ключавых камісіяў у парлямэнце кожнай краіны. Як зазначана на тым жа сайце, да кампэтэнцыі «палатачнай» камісіі належаць «пытаньні геапалітыкі, распрацоўка і ўдасканальваньне законаў аб зацьвярджэньні асноўных напрамкаў замежнай палітыкі», «палітычныя аспэкты праблемаў раззбраеньня і бясьпекі».

Наіўна думаць, што цяперашні «парлямэнт» распрацоўвае нешта самастойна ад лукашэнкаўскай адміністрацыі, яго функцыя – хаця б сымбалічная легітымізацыя прынятых прэзыдэнтам рашэньняў. Але тым большае значэньне набывае сымбаль, пад якім гэта адбываецца.

З усяго, што я ведаю пра так званую беларуска-расейскую інтэграцыю, гэтыя здымкі – найбольш яскравае сьведчаньне таго, як далёка зайшоў працэс, які я ўсё ж вызначыў бы як АНЭКСІЯ. У сучасным сьвеце ня трэба (дакладней – не заўсёды трэба) уводзіць дывізіі, каб узяць пад кантроль чужую тэрыторыю. Ёсьць МЭХАНІЗМЫ ПАЛІТЫЧНАГА, ЭКАНАМІЧНАГА, ЗАКАНАДАЎЧАГА ПАГЛЫНАНЬНЯ (ДАРЭЧЫ, АПОШНІМ ЦЯПЕР І ЗАНЯТАЯ «ПАЛАТА», ПАСЬЛЯДОЎНА ПРАВОДЗЯЧЫ «ЎНІФІКАЦЫЮ» БЕЛАРУСКАГА ЗАКАНАДАЎСТВА ПАД РАСЕЙСКАЕ).

У 1995 г. у газэце «Свабода» я надрукаваў артыкул, у якім даводзіў, што галоўнай мэтай Лукашэнкі ёсьць Крэмль. Публікацыя выклікала зьедлівыя камэнтары палітолягаў. Празь некалькі гадоў тыя ж самыя палітолягі былі вымушаныя прызнаць слушнасьць аргумэнтаў, некаторыя на разьвіцьці гэтай тэмы зрабілі сабе кар’еру. Яшчэ празь некалькі гадоў А.Фядута апублікаваў свае ўспаміны, дзе пацьвердзіў і даволі падрабязна апісаў гэтую ІДЭЮ-ФІКС Лукашэнкі.

Мэмуары цяперашняга атачэньня пра сёньняшнія размовы ў прэзыдэнцкіх апартамэнтах – наперадзе. Але перакананы: як і раней, стратэгічнай мэтай Лукашэнкі ёсьць Крэмль. Каньюнктура пакуль не на яго карысьць. Але сытуацыя можа зьмяніцца. Ва ўсялякім разе, ён РОБІЦЬ УСЁ, КАБ БЫЦЬ НАПАГАТОВЕ, КАБ ДАСЯГНУЦЬ СВАЁЙ МЭТЫ – І НЯ РОБІЦЬ НІЧОГА, ШТО Б ЯГО АД ГЭТАЙ МЭТЫ АДДАЛЯЛА.

Ізноў жа, уявім, гіпатэтычна, што прэзыдэнту Летувы Адамкусу прапаноўваюць: аб’ядноўвай Летуву з Расеяй – і робісься гаспадаром Крамля. Мяркую, у адказ прагучэла б колькі спэцыфічных расейскіх словаў, за дзесяцігодзьдзі жыцьця ў ЗША не забытых былым змагаром з «энкавэдэ». Колькі б праіснавала Незалежнасьць Беларусі пры аналягічнай прапанове Лукашэнку? Пытаньне рытарычнае.

І нядаўняя дыскусія ў “НН” – «Калі Лукашэнка выступіць за беларускую дзяржаўнасьць, ці павінна апазыцыя яго падтрымаць?» – на фоне гэтага уяўляецца бессэнсоўнай. За беларускую дзяржаўнасьць ён ніколі ня выступіць. Мэта Лукашэнкі – ЗАЧЫСЬЦІЦЬ ТЭРЫТОРЫЮ, ЯКУЮ ПОТЫМ МОЖНА ВЫГАДНА ПРАДАЦЬ. Мэта Крамля – УЗЯЦЬ ГЭТУЮ ТЭРЫТОРЫЮ. Хто паспрабуе даказаць адваротнае, хай спачатку прыгадае, калі хоць аднойчы лідэры Расеі заявілі, што прызнаюць Незалежнасьць Беларусі.

Днямі Лукашэнка зрабіў прызначэньні ў сыстэме аб’яднанага штабу «арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы» – так патрапіла, што там існуе ўпраўленьне каардынацыі плянаваньня, стасаваньня і падрыхтоўкі. Адбылося гэта на фоне ягонай заявы, што «нашае зацікаўленьне тут і наш удзел – гэта групоўка беларуска-расейскіх войскаў НА ЗАХОДНІМ НАПРАМКУ». СТРАТЭГІЮ І ТАКТЫКУ ГЭТАЙ «ГРУПОЎКІ» РАСПРАЦОЎВАЕ РАСЕЙСКІ ГЕНШТАБ. ЁН ЖА І «КААРДЫНУЕ». Прыхільнікам тэорыі, што пры Лукашэнку краіна ўпершыню здабыла ды ўмацавала дзяржаўныя інстытуцыі, магу нагадаць, што ў 1993 годзе маскоўскі Генштаб толькі марыў пра ўплыў на стратэгічнае і апэратыўнае плянаваньне ў беларускім войску – вайсковую дактрыну ў той час вызначаў Вярхоўны Савет.

Сёньня «палата», калі б і пажадала гэта рабіць, выпрацоўвала б дыктрыну пад расейскім сьцягам.

У лёсе любой дзяржавы ваенны аспэкт, пытаньні абароны займаюць найважнейшае месца. Але і генэрал, і салдат, і кожны, хто хаця б дзень праслужыў у войску, ведаюць: калі дывізія губляе сьцяг, камандзір ідзе пад трыбунал, а сама дывізія расфармоўваецца. Гэты закон няўхільна выконваецца і на вайне, бо «воля да перамогі» ва ўмовах баявых дзеяньняў – не абстрактнае паняцьце.

Сёньня ажыцьцяўляецца больш глябальная стратэгія, чым проста вайсковая, – СТРАТЭГІЯ СТВАРЭНЬНЯ «НЕБЕЛАРУСКАЙ БЕЛОРУССІІ». Канчатковая мэта – ЗЬНІШЧЫЦЬ У БЕЛАРУСАЎ НАЦЫЯНАЛЬНУЮ САМАСЬВЯДОМАСЬЦЬ [у гэтым зьмест ЭТНАЦЫДУ БЕЛАРУСАЎ, на які мы – і, на жаль, амаль што толькі мы – стала зьвяртаем увагу – Рэд.], каб на рэфэрэндуме яны самі прагаласавалі за аб’яднаньне, і нават пры ўдзеле міжнародных назіральнікаў «дэмакратычна» паказалі патрэбны вынік. І нацыянальныя сілы ня маюць ні палітычнага, ні эканамічнага, ні – давайце назавем рэчы сваімі імёнамі – вайсковага патэнцыялу, каб спыніць такі сцэнар, калі Масква і Лукашэнка пажадаюць яго давесьці да канца [і давайце за ўсё гэта шчыра падзякуем такому вялікаму і цывілізаванаму Захаду, які штогод выдае дзесяткі мільёнаў даляраў “на дэмакратыю ў Беларусі” – Рэд.].

Вам падаецца такі вынік плебісцыту нерэальным? [не, гэта ў сучасных абставінах якраз найбольш верагодны вынік – Рэд.] Паверце, што ў пачатку 1995 году бальшыня палітолягаў лічылі, што і Бел-Чырвона-Белы Сьцяг, і «Пагоня» – назаўжды.

Але пачалі якраз са Сьцяга, з Гербу, з мовы – і вось цяпер ў Доме ўраду на гаспадарскім месцы стаіць расейскі трыкалёр і вісіць двухгаловы арол.

Некалькі гадоў я спрачаюся з палітолягамі, якія лічаць, што «Незалежнасьці Беларусі нічога не пагражае». Аргумэнтам яны ня вераць. Магчыма, цяпер яны павераць уласным вачам?

Ад рэдакцыі: 1) матэрыял узяты з сайта www.nn.by; 2) бывае ж такое, што погляды на рэчаіснасьць у людзей, якія аніяк ня зьвязаны паміж сабой, супадаюць практычна абсалютна…

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы