nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

ФРОНТ ВЫСТАЯЎ і РАЗГОРТВАЕ СЬЦЯГІ (такая «апазіцыя» – 9)

19 жніўня, 2006 | Няма каментараў

Валеры Буйвал (з сайта: www.bielvied.com)

Памятаю расповяд аднаго актыўнага ўдзельніка польскай “Салідарнасьці” – змагарнага руху 1980-х гадоў. Войтэк казаў, што пасьля абвяшчэньня генэралам Ярузэльскім ваеннага становішча ў сьнежні 1981 г. арыштаваныя змагары “Салідарнасьці” убачылі некаторых са сваіх нядаўніх паплечнікаў у мундзірах з пагонамі. Вядома, што польскі камуністычны рэжым і ягоныя спэцслужбы меркавалі стварыць прафсаюзік пад назвай “Салідарнасьць” і псэўдаапазыцыйнымі дзеяньнямі завесьці пратэст польскага народу ў тупік. Нічога ў іх ня выйшла. У “Салідарнасьць” у 1980 г. на працягу лічаных дзён запісалася 10 мільёнаў чалавек, вызначыліся сапраўдныя, а не падстаўныя лідары – і паліцэйская порхаўка ляснула, пачалося сапраўднае змаганьне супраць камуны і савецкай акупацыі.

У Беларусі рэжым і спэцслужбы хацелі пракруціць такі ж сцэнар. Калі ўлетку 1988 г. пачалося стварэньне народных франтоў у Прыбалтыцы, камуністы БССР вырашылі стварыць свой “нарфронцік”. На гэта ёсьць дакумэнтальныя сьведчаньні. Калі пасьля правалу путчу ў жніўні 1991 г. дэпутаты Апазыцыі БНФ Зянон Пазьняк і Сяргей Навумчык увайшлі ў будынак ЦК КПБ у Менску, то пад нагамі сярод цэкоўскіх дакумантаў валяліся таксама пратаколы з паседжаньня, дзе цэкоўцы прынялі рашэньне “о созданіі народного фронта Белоруссіі”. Але ў кастрычніку 1988 г. ворагаў апярэдзілі Зянон Пазьняк, Васіль Быкаў і тысячы іншых патрыётаў, якія заснавалі і павялі на змаганьне сапраўдны Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне”.

Кантора вымушана была дзейнічаць наўздагон. Сярод іншага партыйная камуністычная арганізацыя Акадэміі навук БССР накіравала ў БНФ свайго актыўнага дзеяча прафэсара Ю. Хадыку. Прафэсар і шэраг іншых таварышаў на працягу шэрагу гадоў спрабавалі шкодзіць народнаму руху, блытаць людзей, праваліць сьвятую справу. Але доўгі час ім гэта не ўдавалася. Энэргія тысячаў патрыётаў, якія змагаліся па ўсёй краіне, упэўненае кіраўніцтва лідэра Фронту Зянона Пазьняка гасілі марныя спробы агентуры. Фронт дамогся вялікіх перамогаў, галоўная зь якіх – аднаўленьне незалежнасьці Беларусі ў 1991 г.

Хадыка запомніцца фронтаўцам як архетып Юды-здрадніка, як “засланы казачок” ад КПБ. Ён засьвяціўся ў безьлічы эпізодаў. Калі ў 1994 г. да ўлады прыйшоў шклоўскі дзеяч, Хадыка заклікаў на нарадзе сяброў Сойму БНФ “падтрымаць Лукашэнку”. Калі ў красавіку 1995 г. група дэпутатаў Фронту начале з Зянонам Пазьняком распачала галадоўку пратэсту ў залі Парляманту, сп. Пазьняк прасіў па тэлефоне Хадыку (свайго намесьніка) вывесьці на плошчу перад Парлямантам людзей і падтрымаць галадоўшчыкаў, якія патрабавалі спыніць парушэньне законаў і антыканстытуцыйную дзейнасьць рэжыму і ў першы ж дзень правалілі пляны Лукашэнкі аб незаконным рэфэрэндуме, Хадыка публічна заявіў, што “у фронце у нас дэмакратыя, а не дыктатура”, людзей не склікаў і пайшоў дадому спаць. Як вядома, у ноч на 12 красавіка 1995 г. рэжым увёў у Парлямант войскі, дэпутатаў жорстка зьбілі. Адсутнасьць публічнай падтрымкі была расцэнена ў дэмакратычным сьвеце як згода грамадзтва з дзеяньнямі рэжыму.

Пасьля таго, як Зянон Пазьняк вымушаны быў выехаць за мяжу ў 1996 г., раскольнікі рэзка актывізавалася. Хадыка, Вячорка, Бяляцкі пачалі раптам езьдзіць у Маскву, сустракацца з крамлёўскімі прадстаўнікамі, падпісваць нейкія паперы без якой-кольвечы санкцыі Сойму, кіраўніцтва і сяброў Фронту. На запытаньні Сойму яны цынічна адказвалі: “Так, у Маскве мы падпісалі паперы аб супрацоўніцтве з правымі сіламі Расеі. У тэксьце пагадненьня няма згадкі пра незалежнасьць Беларусі. Маскоўскія калегі сказалі нам, што такая згадка азначала б для іх палітычную сьмерць у Расеі…” Усё правільна, толькі адсутнасьць згадкі пра незалежнасьць Беларусі ў такіх дакумантах азначала таксама палітычную сьмерць для Беларусі гэтых беларускіх прадстаўнікоў. Аднак, згаданыя асобы ўжо не прадстаўлялі Беларусь, яны раздвоіліся, бо пераходзілі пад дах і пад спрыяньне лютага ворага Беларусі – маскоўскай імпэрыі.

І ўсё ж агентура і раскольнікі ня здолелі павесьці за сабой Народны Фронт. У 1999 г. пасьля правалу авантуры з “адзіным кандыдатам” Чыгіром хадыкі-вінцучкі пайшлі на сробу развалу Фронту. На зьезьдзе Фронту і Партыі БНФ яны не прызналі абраньне бальшынёй галасоў (бальшыня была ў чатыры голасы) сп. Зянона Пазьняка на пасаду Старшыні (што адпавядала патрабаваньням Статуту) і абвесьцілі сваім “старшынёй” Вінцука Вячорку. Потым яны захапілі сядзібу БНФ на вул Варвашэні ў Менску і пачалі абяцаць мясцовым кіраўнікам Фронту ў розных рэгіёнах краіны грошы дзеля пераходу на “прафэсійную палітычную дзейнасьць з офісамі, кампутарамі, сакратаркамі, стабільнымі заробкамі” і г.д. Некаторыя паверылі абяцанкам, аднак іншыя сьведама пайшлі на здраду ідэялам Народнага Фронту. Справа ў тым, што напярэдадні гэтых падзеяў Хадыка абвясьціў (і напісаў у “грантаўскім” часопісе “Ізбіратель” № 9, чэрвень, за 1999 год), што “нацыянальная ідэя вычарпала сябе, Фронту трэба зьлівацца з АГП і разам весьці прагматычную палітыку”. Маральнасьць нацыянальнага змаганьня гэтая публіка замяніла прагматызмам і палітычным бізнэсам (модны тады тэрмін). Вакол новага “старшыні” Вячоркі засталіся раскольнікі-хадыкі, а таксама функцыянэры спэцслужбаў (накшталт Януковіча). З часам шэраговыя сябры ад іх паразьбягаліся. Але псэўдафронт узяў пад сваё крыло сумнавядомы Ганс Вік, які пад шырмай АБСЭ шэраг гадоў зьдзяйсьняў у Менску сумесна з КГБ подлыя маскоўска-бэрлінскія пляны па здачы Беларусі ў расейскі палон ( і адкрыта пра гэта заяўляў, напрыклад у 2000 годзе на канфэрэнцыі ў Беластоку). Менавіта Вік праз свае сувязі прадстаўляў Вячорку па ўсёй Эўропе як кіраўніка апазыцыі і гераічнага змагара. (Дзе цяпер гэты змагар!?) Вінцукоўскі псэўдафронт даўно зрабіўся часткай падстаўной псэўдапаазыцыі. Прыкрываючыся імем вядомай усім беларусам змагарнай арганізацыі, калябаранты-прагматыкі спрабуюць увесьці ў зман беларускае і міжнароднае грамадзтва. Але нічога ў іх не атрымліваецца. Выкарыстаўшы іх, маскоўскія гаспадары перавялі халуёў на пятыя-дзесятыя ролі. На першых ролях на цяперашнім этапе падстаўной дзейнасьці прамаскоўскі камуніст Калякін, былы лукашыст Лебедько, Бухвостаў потым бесхрыбетны Мілінкевіч ды інш.
������.jpg
Фронтаўцы на Крапіўным полі пад Воршай. 2003 г. (Фота А. Масюты)

Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне” і ягоная Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя – БНФ (скарочаная назва – Партыя БНФ) дзейнічаюць пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка. Змагарныя арганізацыі ніколі ня здрадзяць ідэялам Беларускага Адраджэньня, ня купяцца на палітычны бізнэс, на юдавы гранты. Марныя намаганьні падстаўных псэўдаапазыцыянэраў і спадзяваньні на выгаду. Беларускі народ пераможа варожую навалу.

2 лістапада 2005 г.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы