Працягваем прадстаўляць матэрыялы міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Беларуская нацыянальная ідэя» (Гародня, 18-19 красавіка 1999 г.). На гэты раз гэта будуць тры артыкулы з раздзела «Сучасная сацыяльна-псіхалагічная сітуацыя». Першы зь іх (пададзены зь некаторымі скарачэньнямі) належыць пяру Сяргея Кавалёва. У час правядзеньня канферэнцыі ён адрэкамендаваўся кандыдатам гістарычных навук, дацэнтам кафедры беларусазнаўства Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага універсітэта (Віцебск).
Дадаткова зьвяртаем увагу, што зыходзячы з самых шырокіх дэмакратычных пазіцый, рэдактары зборніка надрукавалі ўсе матэрыялы, якія былі дасланыя для ўдзелу ў канферэнцыі. Магчыма, гэта было памылкай, а, магчыма, і не… Каб уладкаваць сітуацыю – і выставіць артыкул на нашым сайце, і падкрэсьліць нязгоду з шэрагам аўтарскіх пасылаў і кантэкстуальных тэндэнцый – мы дазволілі сабе даволі шматлікія каментары [як заўсёды, у квадратных дужках]. Іх аўтары Алесь Астрўскі й Віталь Хромаў. І хаця гэтыя каментары істотна абцяжарваюць чытаньне, гэта менш важка ў параўнаньні з магчымасьцю атрыманьня досьведу крытычнага аналізу тэкстаў з сумніўнымі якасьцямі.
Рэдакцыя.
Хто яны, сучасныя Беларусы? [а чаму беларусы – яны? – Рэд.]. Адказваючы на гэтае пытаньне, з нашых духоўных складнікаў мы звяртаемся найперш да гісторыі і сацыяльнай псіхалогіі. Праз іх нам дадзена разгледзець наш грамадскі арганізм углыб і ўшыр. Бо, з аднаго боку, мы – працягальнікі сваіх папярэднікаў, якія ўжо даўно падрыхтавалі нас вось такіх, сённяшніх. А з другога – кожны з нас у асобнасці ці ў пэўнай сацыяльнай групе з’яўляецца часткай вялікай нацыянальнай душы, нацыянальнага характару беларусаў, наконт чаго так многа спрачаюцца сёлета. І ў гэтым сэнсе нас не зблытаць нават з бліжэйшымі нашымі суседзямі.
***
СУВЕРЭНІТЭТ
Усё ж для большасьці з нас беларускі суверэнітэт прыйшоў вельмі раптоўна і нечакана. Для нармальнага яго ўспрыняцьця быў неабходны нейкі мінімум усведамлення асаблівасці беларускага шляху, яго прынцыповай самастойнасьці пры ўсёй знешняй нябачнасці. Але лепей «памяталася», што заўсёды ў беларускай крыві быў магутны аб’яднаўчы славянскі дух і мала гуляла там жвавая віхура вольнасці і сепаратызму [рэдакцыя выказвае катэгарычную нязгоду з дадзенай тэзай аўтара; «ў беларускай крыві» няма ніякага «заўсёднага» «магутнага аб’яднаўчага славянскага духу», па крайняй меры, у якасьці першаступеннага; зьместам гісторыі беларускага народу заўсёды было і застаецца, нават, не «сепаратызм», а імкненьне да самастойнай, незалежнай беларускай дзяржаўнасьці; іншая справа, што ва ўмовах шматсотгадовага імперскага ціску (то з аднаго боку – польскага, то з другога – расейскага, і ва ўсіх яго формах) для таго, каб выжыць – а спачатку трэба выжыць – гэтыя імкненьні заўсёды хаваліся ўглыб. Больш за тое – углыб, але заўсёды ў выглядзе сьціснутаў спружыны… – Рэд.].
Калі мы гаворым аб залежнасці ад сыравіны і энэргарэсурсаў Расіі, яе ўнутранага рынку і ўзброенай сілы, мы неяк забываем дадаць, у той жа час добра гэта ўсведамляючы, што мы ўжо значна працятыя рускім ладам мыслення, рускімі ж духоўнымі традыцыямі з іх адпаведным моўным выяўленнем; у нас “у крыві” – той жа савецка-праваслаўны імперскі светапогляд [прыпісваць беларусам савецкі сьветагляд яшчэ можна, праваслаўны – ужо ў абсалютнай больнасьці нельга, а імперскі сьветагляд – гэта ўжо абсалютная хлусьня! – Рэд.], многія з нас да гэтага часу захлынаюцца свяшчэнным пралетарскім гневам супраць каварнага і жорсткага Захаду [аўтар, відавочна, яшчэ не выйшаў з-пад уплыву прапаганды камуна-фашыстоўскай імпербюракратыі й пры гэтым ужо падпаў пад уплыў хлусьлівай прарасейскій імперскай прапаганды й стаў яе ж рэтрансьляваць; ён элементарна блытае другаснае зь першасным, фармальнае і зьмястоўнае (блытае сьвядома ці не, невядома) – Рэд.]. Якая ж тут асаблівасць, які суверэнітэт – мы звязаныя па руках і нагах, прыкутыя – мацней не бывае [гэтую тэзу можна было б прыняць, калі б дадаць слова “здавалася б”; а так, у чыстым выглядзе, такі падыход да жыцьця звычайна характэрны для невялікай групы ўнутрана зусім слабавольных людзей – Рэд.].
Многіх з нас даўно адвучылі думаць аб панскім і высокім, недаступным нам і непатрэбным і найперш зрабілі гэта тым, што ўбілі ў галовы думку аб правінцыйнасці, мізэрнасці ўсёй нашай беларушчыны ў яе першародным чыстым разуменні. Нас амаль пераканалі ў тым, што яе месца – у дэкарацыйным запаведніку, этнаграфічным музеі і літаратурна-тэатральнай міфалогіі, і ці не занадта будзе, так бы мовіць, лезці ёй са свіным рылам у калачны рад? [увага, гэты пасаж аўтара нагадвае класічную НЛПшную формулу намаўленьня, на справе скіраваную супраць «беларусчыны»; сьвядома ён так робіць ці не, зноў невядома – Рэд.].
У той жа час у нашай урачыста абвешчанай незалежнасці нельга было не адчуць пэўнага фальшу і тэатральнасці, і вельмі чуйны да такіх рэчаў беларускі народ [та-а-ак, беларускі народ усё ж такі ёсьць ды яшчэ чуйны… – Рэд.] у сваёй большасці не спяшаўся выказацца занадта радасна і ўсхвалявана. Што зробіш – у яго мысленні ідэйна-патрыятычныя меркаванні ніколі не ставіліся перад практычна-гаспадарчымі разважаннямі [гэта ня дзіва: так ёсьць ва ўсіх “народаў” сьвету; дзіва ў іншым, што гэта невядома аўтару – Рэд.]. За суверэнітэтам ён “бачыў” найперш адасабленне, раскол, страту вялікага дзяржаўнага супольніцтва [па-першае, у аўтара сапраўды так: “вялікае дзяржаўнае супольніцтва” – без дзьвюкосьсяў; а, па-другое, трэба прызнаць, што сапраўды некаторыя, асабліва няўпэўненыя ў сабе істоты адчулі нейкую няёмкасьць, няўпэўненасьць, калі зь іх рук, ног, шыі ды карку зваліліся імперскія кайданы ды калодкі, але каб увесь беларускі народ адчуў бескайданкавую няёмкасьць раба, гэта ўжо яўнае перабольшваньне; большасьць беларускага народу – бо ў любым грамадстве нармальных людзей заўсёды большасьць – адчулі палёгку і вялікую радасьць вызваленьня… – Рэд.], а ўжо потым волю, свабоду і г.д. ды, напэўна, і тады прадчуваў той развал, у які ператворыцца гэтая паспешлівая свабода [па-першае, ніякага асаблівага “развалу” не было, тым больш не было “пасьпешлівай свабоды”; па-другое, калі й было нешта развалападобнае, дык найперш у некаторых галовах, а таксама з-за таго, што ва ўладзе і ў час, і пасьля падзеяў 1990-01 гг. у абсалютнай большасьці заставаліся прадстаўнікі посткамуністычнай бюракратыі; больш за тое, беларускія дэмакраты ўвесь гэты час ня мелі ўлады ў Беларусі ніводнага дню – Рэд.]. Ды і чаму так крута змянілі палітычную арыентацыю нашыя кіраўнікі – ад рэзкага непрыняцця беларускай незалежнасці да нават братання на гэтай глебе са сваімі апанентамі з БНФ? [значыць, такі ўзровень быў у гэтых “кіраўнікоў” – Рэд.]. Не, так проста і аднадушна сапраўдная свабода ніколі не дасягалася. За ўсім гэтым бачылася нейчая далёкасягальная палітычная гульня.
Для тых жа, хто верыў у сапраўдную дзяржаўнасць і самастойнасць сваёй рэспублікі, яны прынеслі сапраўднае свята, але далёка не безагляднае і бесклапотнае. Знешне гэта быў час пачатку будаўніцтва беларускага дома, канцэнтравання цудоўных магчымасцяў для адраджэння нацыянальнай духоўнасці, але ў ім жа рэльефна ўсведамляліся магутныя рыфы і бар’еры. І нават гэтак сказаць будзе вельмі слаба. Побач існавала зусім іншая, далёкая ад сваёй аўтэнтычнасці Беларусь – у значнай ступені савецкая і заходнеруская [апошняя – толькі на ўсходзе Віцебшчыны – Рэд.], бяспамятная і абыякавая [прыкінуцца абыякавым – адзін з галоўных спосабаў выжываньня масы ў цяжкія часы – Рэд.], падробная [у цяжкія часы натуральнасьць заўсёды хаваецца, а на паверхню выстаўляецца падробнасьць; прычына тая ж – спачатку трэба выжыць – Рэд.] і чужая. Цяжка было з ёю зацвердзіць беларускую дзяржаўную волю, проста дамагчыся яе рукамі тых жа, ранейшых савецкіх чыноўнікаў-напаўбеларусаў [гэта абсалютна так; кадры, як вядома “выраюць усё”, а кадры ж засталіся старымі! – Рэд.], для якіх і зараз нацыянальны суверэнітэт быў толькі папулісцкім сродкам у барацьбе за ўладу. Але, абвешчаны афіцыйна, суверэнітэт, хоць і не стаўшы сапраўднай рэальнасцю, ужо з’яўляўся магутнай зброяй барацьбы за новую Беларусь, якую трэба было выкарыстаць да канца [!!! – Рэд.].
Пытанне аб суверэнітэце непасрэдна перакрыжоўвалася з праблемай беларуска-расейскіх дачыненняў. І зразумела, што іх узровень вызначаў для грамадзян рэспублікі разуменне новага незалежнага статусу Беларусі. Калі адны бачылі ў ім менш палкія інтэрнацыянальна-братэрскія эмоцыі [мы б ніколі не назвалі імперска-зьнішчальны паразітычны ціск на Беларусь з боку расейскай імперскай бюракратыі “палкімі інтэрнацыянальна-братэрскімі эмоцыіямі”; аўтар бясспрэчна знаходзіцца пад уплывам савецка-імперскіх прапагандысцкіх клішэ – Рэд.], больш улічаныя непасрэдна нацыянальныя інтарэсы, незалежную ад ідэйных меркаванняў роўнасць перад нормамі міжнароднага права [роўнасьць перад агульналюдскімі гуманістычнымі “нормамі міжнароднага права” ёсьць вышэйшай ідэйнасьцю – Рэд.], цывілізаваны плюралізм у пошуках лепшых варыянтаў знешнепалітычнай дзейнасці, то для іншых грамадзян больш кансерватыўнага гарту [мы б такіх “грамадзян” назвалі альбо кантужанымі паразітычнай імперскай дактрынай (першая група), альбо непасрэдна сацыяльна-паразітычнай групай, якая чэрпае сваю паразітычную, гнюсна-эксплуатацыйную карысьць са стану падпарадкаваньня Беларусі й яе народа расейскай імпербюракратыі – Рэд.] крамольнае ненавіснае слова “суверэнітэт” атаясамлялася з пэўным разрывам з Расеяй [ясна, глісты таксама незадаволены, калі іх гоняць, яны ненавідзяць сваіх ганіцеляў; але, што, улічваючы незадаволенасьць глістоў, давайце будзем пакідаць іх у нашых жыватах? – Рэд.] і з вядомай пераарыентацыяй на Захад [ну, тут якраз было па-рознаму; некаторыя па-мазахісцку арыентаваныя асобы, сапраўды так, здольны разьлічваць толькі на Захад ці толькі на Расею, але большасьць нармальных людзей на базе суверэнітэту разьлічвала на САМАСТОЙНАСЬЦЬ, на СВАЮ ВОЛЮ, на СВАБОДУ ЎЛАСНАЙ СТВАРАЛЬНАЙ ЖЫЦЬЦЯДЗЕЙНАСЬЦІ – Рэд.].
ЗАХАД
Калісьці Беларусь сапраўды была пэўнай сярэдзінай паміж Еўропай і Азіяй [прыемна, што аўтар разумее азіяцкасьць г.зв. Расеі – Рэд.], зямлёю на памежжы дзвюх духоўных стыхій, змяшчаючы ў сабе элементы абедзвюх і ў той самы час з’яўляючыся месцам іх жорскай спрэчкі. З канца XVIII стагоддзя яна ўсё больш пэўна адыходзіць ад цэнтра ва ўсходнім кірунку [не “Беларусь адыходзіць”, яе анэксуе крыважэрна-паразітычная ўсходняя імперыя; гэта вельмі істотна: ніколі ня браць чужой віны на сябе – Рэд.], поўнячыся руска-праваслаўнымі духоўнымі каштоўнасцямі [а гэта, зноў жа, элемент штучнай палітычнай тэхналогіі, а не элемент працэсу ўласнага натуральна-гістарычнага разьвіцьця – Рэд.] і страчваючы апошнія патэнцыйныя магчымасці сваёй інтэграцыйнай місіі [ня трэба было брацца за нікому не патрэбную “інтэграцыйную місію”; дакладней, інтэграцыя чалавецтва, несумніўна, патрэбная, але ня ў той плоскасьці, ня ў тым кірунку і ня з тымі мэтамі, якія “прапануе Расея” і, нават, “цывілізаваны Захад” у яго цяперашнім выглядзе – Рэд.]. Беларусь становіцца адназначна краем Усходу, што найбольш ярка выявілася ў час мураўёўскай русіфікацыі 1860-80-х гг. і існавання беларускай савецкай дзяржавы, у якой процістаянне капіталістычнаму Захаду было адным з найбольш моцных духоўных матываў [супрацьстаяньне Захаду – гэта матыў штучна-ідэалагічны, а не натуральны сьветглядна-духоўны – Рэд.]. У той самы час геаграфічная блізкасць за Заходняй Еўропы, рэшткі польска-каталіцкіх каранёў на нашай зямлі стваралі ёй пэўную спецыфіку, якая так ці інакш адбівалася на нацыянальным менталітэце.
Доўгі час Беларусь з’яўлялася менавіта ўсходняй, савецкай дзяржавай [доўгі час Беларусь не зьяўлялася ніякай дзяржавай, а была калоніяй расейскай імперыі; апошняя пры гэтым існавала як у выглядзе царска-манархічнай, так і камуна-савецкай; у прамежкавы перыяд 1917-20 гг. беларускаму народу (у аднозьненьне, напрыклад, ад польскага ці прыбалтыйскіх народаў) не ўдалося вырвацца да самастойнага дзяржаўнага існаваньня на дастаткова працяглы час; прычына відавочна: наша зямля знаходзіцца бліжэй за ўсё да імперскага цэнтру – Масквы – Рэд.]. Тая празмерная руская заангажаванасць [немагчыма не дадаць: штучная, гвалтоўна навязаная сіламі расейскага імперыялізму – Рэд.], якая цяжка вісіць на ёй, не дазваляе рэспубліцы ні прыбалтыйскай, ні ўкраінскай вольнасці ў пытаннях нейтралітэту і прымушае да канца выпіваць аднойчы налітае віно [усё гэта не дазваляе рабіць не абстрактная “руская заангажаванасьць”, а канкрэтныя імперскія сілы, якіх у сваю чаргу штурхае канкрэтны, іх уласны паразітычны інтарэс, у адпаведнасьці зь якім усё тая ж “руская заангажаванасьць” навязваецца беларускаму народу звонку, зьяўляючыся канкрэтнай тэхнічнай прыладай імперскай палітыкі дадзеных сілаў; акрамя таго, дзяржаўная незалежнасьць беларускага народу не зьяўляецца нейкай “вольнасьцю”, гэта – ГІСТАРЫЧНАЯ НОРМА, АГУЛЬНАЛЮДСКІ ГУМАНІСТЫЧНЫ ІМПЕРАТЫЎ; гэта іншыя – імперцы – дапускаюць пэўныя “вольнасьці”, ігнаруючы яго; але, нічога, з аднаго боку, як кажуць, да пары…, а, з другога боку, будзем памятаць, што нішто пад Месяцам не праходзіць бяссьледна… – Рэд.]. Аб’ектыўна зараз Беларусь разам з Расеяй – супераемніца пераможанага боку ў “халоднай вайне” [па-першае, не трэба прыпісваць Беларусі ніякай чужой віны – гэты фінт у нас ня пройде; а, па-другое, не можа Беларусь быць нічыёй “супераемніцай” ПА АБ’ЕКТЫЎНЫХ ПРЫЧЫНАХ, бо Беларусь – гэта Беларусь, а не нейкай бандыцкая зграя, якая нібыта здольная разам са зграяй расейска-сіянісцкіх камуна-фашыстаў зь некім канкураваць і змагацца… – Рэд.], ці, гаворачы інакш, не вельмі моцная стрымальная сіла на шляху чарговай экспансіі Захаду [для некаторых гэта ня важна, што мы “не вельмі моцная стрымальная сіла”; расейскія імперыялісты гатовы пакласьці “ў змаганьні з Захадам” у імя ўласных інтарэсаў усіх беларусаў да адзінага; ім нас не шкада, яны шкадуюць толькі сябе… – Рэд.]. Прынамсі, такую палітычную ролю адводзіць сучаснае кіраўніцтва рэспубліцы [гэта так – Рэд.], і ёй адпавядае ўся логіка сучаснай знешняй беларускай палітыкі, становішча Беларусі як фарпосту ўсходняй, постсавецкай сістэмы [гэта зноў так; паразіты (сацыяльныя яны ці біялагічныя, ня важна) яны заўсёды імкнуцца кагосьці выкарыстаць; на тое яны і паразіты; а дзе мы – беларусы – самі? у чым наш беларускі інтарэс? – Рэд.].
Тэндэнцыя шукаць на Захадзе карані нашых бедаў не знайшла ўсеагульнай падтрымкі ў Беларусі і сустрэла ў лепшым выпадку абыякава-іранічнае стаўленне да сябе [ну, гэта даводзіць, што беларусы не дэбілы; што, нягледзячы на шматгадовую пракамуністычную і антызаходнюю прапаганду, яны, як усе нармальныя людзі, разабраліся хто вінаваты ў іхных бедах і бачылі, што Захад у іхных праблемах па крайняй меры НЕ ВІНАВАТЫ; да-а-а, тут прапагандысцая агентура расейскага імперыялізму пацярпела поўнае фіяска… – Рэд.]. Яна і раней не вельмі прыжывалася ў рэспубліцы, зараз жа ва ўмовах больш-менш адкрытага грамадства, патоку рознабаковай інфармацыі, пад бокам у дзелавой Польшчы беларусы тым больш вельмі хутка з былых выкрывальнікаў «загнивающего» і «умирающего» капіталізму становяцца яго стараннымі вучнямі – папаўняюць шэрагі “чаўнакоў”, імкнуцца выкарыстаць любую магчымасьць для выезду за мяжу, ахвотна пераймаюць многія “цывілізаваныя заганы”, якія пахнуць добрымі далярамі.
Зразумела, нямала і такіх, якія прыходзяць у жах ад агульнага ўзроўню заходняй маскультуры [гэта нармальная рэакцыя нармальных людзей на “культуру”, сфармаваную ў адпаведнасьці зь ідэалогіяй псеўда-лібералізму й інтарэсамі чарговай групы сацыяльных паразітаў – фінансавай алігархіі; у будучай Беларусі ні такой “культуры”, ні гэтага “ культурнага жаху” таксама не будзе – Рэд.], што абрынулася на нас, каму сорамна за нашу працягнутую жабрацкую руку, хто не можа прыняць бесчалавечнага твару “першапачатковага накаплення” [усё пералічанае – гэта нармальныя рэакцыі нармальных людзей – Рэд.], але ўсё гэта – бяссільныя эмоцыі, размахванне кулакамі пасля накаўту [каб усё гэта не было “бясьсільнымі эмоцыямі”, трэба аб’ядноўвацца і арганізоўвацца, фармуляваць і праводзіць у рэчаіснасьць СВОЙ БЕЛАРУСКІ ІНТАРЭС…; чуеце, беларусы? ніхто за нас нашую справу нам ня зробіць; толькі самі, уласнымі галовамі й уласнымі рукамі, нагамі, пальчыкамі… – Рэд.]. Выцверажальным маўчаннем напоўнены гэты час і марудным ачуняннем, пошукам крыніц аднаўлення. Адна з іх адназначна бачыцца ў плённым супрацоўніцтве з заходнім дзелавым светам, але на яго шляху – цяжкія палітычна-ідэалагічныя перашкоды нашай нестабільнай пераходнай эпохі.
У апошні час Беларусь быццам зноў пашырылася на Захад у сэнсе знаходжання сваіх блудных дзяцей-эмігрантаў (ці наадварот – знаходжання імі сваёй няшчаснай маці-вандроўніцы?). Як жа раздаліся ўшыр мы, раней сціснутыя беларусы, усвядоміўшы сваё ўсепланетнае значэнне ў міжнародным гучанні! Цераз прастору і час у адзіны магутны арганізм сышліся калісьці пасечаныя карані жывога беларускага дрэва. І даведаліся мы пра нашых далёкіх суайчыннікаў, многія з якіх былі жывым дакорам нам: яны захавалі і данеслі да нашчадкаў сваю беларускасць за тысячы кіламетраў ад роднага кутка, у той час як мы страцілі яе ва ўласным беларускім доме [дык вось, па-першае, аказалася – гэта не эмігранты ёсьць “блуднымі дзецьмі” Беларусі, а мы!; а, па-другое, зноў зьвяртаем увагу, “страціць сваю беларускасьць” немагчыма, калі знаходзішся “ва ўласным доме”; падобная справа – у такой жа ступені дзіўная, як і ненатуральная – можа быць (і ёсьць) толькі вынікам адмысловага штучнага ўзьдзеяньня варожых і паразітычных у адносінах да Беларускага народу сілаў, прычым, ужо 100 разоў вядома якіх – Рэд.]. Таму і не маглі зараз не хваляваць да глыбіні душы, напрыклад, песні – свае ж, родныя, але прынесеныя ў Беларусь з-за акіяна Данчыкам.
Мы сустрэліся з тымі людзьмі, якіх у нас доўгі час называлі здраднікамі і калабарантамі, раўнуючы ўсіх пад адзін грэбень. Але з іншымі з іх нас звязвае наша родная Беларусь, якую яны калісьці страцілі, жадаючы перабудаваць яе, зрабіць несавецкай, і ў якой мы, у сваю чаргу, развіталіся са сваімі камуністычнымі ілюзіямі, падышоўшы да агульналюдскага мыслення [зьвернем увагу, прыклад беларусаў, якія ў замежжы захавалі свае агульнанацыянальныя каштоўнасьці, яскрава паказвае, што выбар паміж гэтымі каштоўнасьцямі і камуна-імперскімі ілюзіямі адпавядае выбару БЕЛАРУСКАГА НАРОДУ паміж жыцьцём у ЯГО ЎЛАСНАЙ ДЗЯРЖАВЕ і сьмерцю… Такім чынам, усё залежыць ад поглядаў, сьветаглядаў людзей. – Рэд.].
Сяргей Кавалёў