nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

СУЧАСНЫЯ БЕЛАРУСЫ: ПОШУКІ САЦЫЯЛЬНА-ПСІХАЛАГІЧНЫХ АДМЕТНАСЦЯЎ (кБНІ; частка ІІ; Д пр-п 21)

22 жніўня, 2006 | Няма каментараў

Сяргей Кавалёў

УЛАДА

Сучасная беларуская палітычная і эканамічная кансерватыўнасць [“кансерватыўнасьць беларусаў” – міф, які распаўсюджваюць антыбеларускія сілы – Рэд.] у значнай ступені з’яўляецца вынікам сялянскай псіхалогіі [“сялянскасьць беларусаў” і “сялянскасьць іх псіхалогіі” – гэта тое самае; усе нацыі сьвету паходзяць зь сялянаў, і ніводная не паходзіць з багоў, тытанаў, рыцараў і г.д. – Рэд.], якая на працягу доўгага часу вызначала, ды і пэўным чынам вызначае зараз духоўнае аблічча нашага грамадства з яго глыбокімі менавіта сялянскімі каранямі [ох, як яшчэ зьдзівяць, прыдзе час, гэтыя “сялянскія карані” – Рэд.]. Стаўшы рэгіёнам з развітай прамысловасцю, Беларусь, аднак, псіхалагічна ў многім засталася сялянскай, захаваўшы ў сабе прыкметныя сляды “вясковага ідыятызму”, скажам, у выглядзе прынцыповага апалітызму, недаверлівасці да любых пераўтварэнняў, беззапаветнае веры ў правадыра-цудатворцу [такое ёсьць ва ўсіх без выключэньня (!) народаў, якія падпадаюць пад узьдзеяньне імперскіх сіл і таталітарнай прапаганды – Рэд.].

Прэзідэнт Беларусі А.Лукашэнка пакуль імпануе беларускай кансерватыўнасці на сяле і ў горадзе як моцны антыпод рознай баламутнай альтэрнатыўнасці нядаўніх часоў, як ідэал той звычайнай, без ваганняў пэўнасці [прычынай якой у значнай ступені зьяўляўся настаўнік Лукашэнкі й, адначасова, кіраўнік выведкі расейскам імперыі – пан-таварыш Прымакоў – Рэд.], без якой не ўсталяваць здаровы працоўны рытм. Ён прыцягвае многіх як жывое ўвасабленне цвёрдай рукі ў наш расхістаны час [ён прыцягвае ня проста многіх, а ўсіх (!) несамастойных, скалечаных у мазахісцкі бок людзей, усіх носьбітаў таталітарнага менталітэту, які стагоддзямі адмыслова гадаваўся расейскай імпербюракратыяй у калоніі пад назовам Заходні край; дарэчы, пра таталітарны менталітэт, навязаны беларусам, пазьней будзе адмысловы артыкул Ул.Падгола – Рэд.]. У ім іншыя беларусы знаходзілі тое, чаго, на іх погляд, не хапае нашаму нацыянальнаму характару – рашучую бескампраміснасць у адстойванні лепшых савецкіх традыцый. І суровыя выдаткі яе ім уяўляюцца на сённяшні дзень значна меншым злом, чым хвалёная беларуская мяккасць [аб’ектыўна праведзеныя навуковыя дасьледваньні паказалі, што і “хвалёная беларуская мяккасць”, і славутая “ТАЛЕРАНТНАСЬЦЬ”, і “недахоп у беларускім характары рашучай бескампраміснасьці” ёсьць ня больш, чым чарговыя міфы, адмыслова прыдуманыя для больш утульнага паразітаваньня расейскай імпербюратыі на беларускім народзе – Рэд.].

Прэзідэнт з’явіўся блізкім сярэдняму беларусу сваім неардынарным дэмакратычным абліччам, іміджам чалавека з глыбіні народнай, у якім ярка адлюстраваліся ўласцівыя нашаму суайчынніку яго вартасці і заганы [Лукашэнка аказаўся “блізкім” з-за таго, што на яго працавала ўся прапагандысцка-піараўская машына суседняй імперыі, якая і не на такое здатная (узгадайце хаця б пераабраньне Ельцына прэзідэнтам Расеі на другі тэрмін пры яго зыходным рэйтынгу ў 4-6%); аказаўся “блізкім” тым, што абяцаў вядомую зь дзяцінства казку: “рабіць нічога ня трэба будзе, а ўсё будзе…”. Памятаеце? “Усіх пасаджу”, “усё запушчу” і г.д.; а з-за таго, што ў Лу-кі былі “заганы”, яго б ніхто не абраў – Рэд.]. Ён выступаў у ролі аголенага нерва народных патрэб – самых балючых і неадкладных, для выказвання якіх падыходзіла не паважная афіцыйная прамова, а хутчэй распаленая эмацыйная скарагаворка. Тых эмоцый – хвалюючых і праніклівых, сярдзітых і нецярплівых, што ідуць літаральна горлам, – не пазычаць А.Лукашэнку, таленавітаму прамоўцу і непераўзыдзенаму заваёўніку пакутных душ [кожны звычайны паранаяльны псіхапат з маніямі вялікасьці й перасьледу, нясьцерпным імкненьнем да ўлады і страхам сьмерці, які мае элементарныя акторскія дадзеныя і якому пагражае набыць альбо страціць уладу, здатны і не на такое…; аўтару яўна не дастае ці то жыцьцёвага досьведу, ці то псіхалагічных ведаў, ці то нечага іншага?…  – Рэд.]. Ён гаварыў сапраўды ад імя вельмі многіх абураных сваім сённяшнім лёсам, прычым іх жа мовай і думкамі [пра гэтых “вельмі многіх” з таталітарна-мазахісцай псіхічнай арыентацыяй мы ўжо казалі – Рэд.].

Перад грамадзянамі рэспублікі А.Лукашэнка выступіў як грамадскі дзеяч, які стаяў над усімі палітычнымі партыямі, мітуснёй і перыпетыямі барацьбы за ўладу [вось ён, прыклад, магчымасьцяў чорнай расейскай піараўшчыны, якія ўвесь час будзе мець імперыя, пакуль будзе прадстаўлена ў нашай інфармацыйнай прасторы так татальна, як цяпер: псіхапат-параноік, які заўсёды (!) маніякальна ірваўся да ўлады любым коштам, які заўсёды быў нулявым працаўніком, тыповым “летуном”, ня здольным нідзе сагрэць месца, які за час, пакуль стаў дэпутатам ВС РБ зьмяніў столькі ж месцаў працы (больш 10), колькі меў гадоў працоўнага стажу – і ўсё ГЭТА НІШТО раптам пераўтвараецца ва ўяўленьнях некаторых у чалавека, які стаіць па-над “барацьбой за уладу”, па-над усёй гэтай “мітусьнёй”… – Рэд.]. Гэта была псіхалагічна дакладная лінія паводзінаў у сучаным расчараваным рознымі палітыканамі грамадстве, у Беларусі з апалітычнасцю яе насельніцтва, яго скептычнай стрыманасцю і грубаватым сялянскім гумарам у стаўленні да розных акцёраў ад палітыкі – у асаблівасці [па-першае, можна не сумнявацца, што ўся гэтая “псіхалагічна дакладная лінія паводзінаў” была вынікам кансультаваньня з боку расейскіх сьпецслужбаў, а, па-другое, шкада, што аўтар не называе прозьвішчаў “розных палітыканаў і акцёраў ад палітыкі”; мы б мелі тады магчымасьць параўнаць гэтых людзей – у тым ліку іх людскія якасьці – зь “народным геніяльным героем” А.Лукашэнкам – Рэд.]. Яму паверылі як выразніку агульных надзей [мы ўжо адзначалі, што многія лёгка вераць у абяцаньні халявы; у свой час на тым жа (памятаеце? “экспрапрыяцыя экспрапрыятараў”) згулялі бальшавікі; толькі жаданьня працаваць (без якіх грамадскі прагрэс немагчымы, а захоп улады якраз наадварот – магчымы) такія абяцаньні не ствараюць – Рэд.], народнаму трыбуну, які выгадна адрозніваўся ад партуладароў нядаўняга часу [дык гэта ж іх выхаванец, іх кадр! – Рэд.]. Менавіта таму, што ў Аляксадра Рыгоравіча ўбачылі стваральніка і будаўніка на руінах [у ім убачылі найперш не стваральніка-будаўніка, а тэрмінатара-разбуральніка, які павінен быў пасадзіць “70 чыноўнікаў вышэйшага рангу”, у якога былі “цэлыя чэмаданы кампамату на Кебіча і яго акружэньне” і г.д. – Рэд.], яму была дадзена вялікая ўлада для вялікай справы – а болей надзеі ўжо не заставалася.

Расплюханыя, анархісцкія эмоцыі натоўпу сабраліся ў блізкае ім рэчышча, у грамадскую волю электарату будучага прэзідэнта [ня дзіва, гэта класічная зьява, калі анархія спараджае дыктатуру – Рэд.]. Улічваючы кебічаўскую партыю ўлады і “бэнээфаўскую” апазіцыю, гэта была трэцяя сіла – моцная, кансалідаваная, народная [Лукашэнка – гэта быў фармальна іншы варыянт, але ўсё той жа “кебічаўскай”, усё той жа прамаскоўскай, імперскай сілы, аформленай  інакш, але з усё тым жа зьместам – беларуская дзяржава на думку гаспадароў і Кебіча, і Лукашэнкі (Масква ў 1994 годзе падтрымлівала абодвух – вядомы з азоў “паліталогіі” бяспроігрышны варыянт) не павінна была стаць суб’ектным фактарам міжнароднай палітыкі й агульналюдскай гісторыі; людзям, хворым на расейскі імперыялізм, САМАСТОЙНАЕ І ПАСЬПЯХОВАЕ ДЗЯРЖАЎНАЕ ІСНАВАНЬНЕ БЕЛАРУСКАГА НАРОДУ псіхалагічна, а затым і палітычна, было б проста не вытрываць; таму іх цікавіла і цікавіць толькі адно – анэксія Беларусі, пад любым антуражам: ці то “інтэграцыі”, ці то вайсковага аншлюсу, ці чаго-небудзь яшчэ; у асобе Лукашэнкі расейская імпербюракратыя знайшла вельмі ўдзячнага кампаньёна: Масква давала Лукашэнку ўсебаковую падтрымку (палітычную, псіхалагічную, фінансавую, кадравую, інфармацыйна-прапагандысцкую), ён абяцаў Маскве ў адказ “інтэграцыю”; ГЭТА ЗЬМЕСТ, СУТНАСЬЦЬ; усё іншае – малаістотныя, фармальныя дробязі, своеасаблівая геапалітычная “Санта-Барбара” для расейскага і беларускага электарату, у апошняй серыі якой па задуме сцэнарыстаў-імперцаў  Беларусь павінна канчаткова зьнікнуць з палітычна-гістрычнай мапы сьвету – Рэд.]. Яе поспех на выбарах быў прадвызначаны. Тое, што яна нечакана ўмяшалася ў барацьбу, заблытаўшы карты артадоксаў [цікава, каго канкрэтна аўтар мае на ўвазе, калі гаворыць пра артадоксаў? – Рэд.], вырвашыўся з лейцаў, стварыўшы ілюзію ледзь не народнай рэвалюцыі [вось-вось, на конт “ілюзіі” – гэта дакладна – Рэд.], было адной з найбольш прыкметных і цікавых асаблівасцяў беларускага палітычнага руху на сучасным этапе [так аўтар эмацыйна-пафасна ўспрыняў рацыянальна-сухія, навукова распрацаваныя сучасныя палітычныя тэхналогіі (па абвядзеньню вакол пальца “саўковай масы”, “піпла”, і г.д., як завуць грамадства “паліттэхнолагі”), якія ўсяго толькі гучна і ярка афармляюцца; на самай справе 1994 г. для беларускага народу быў АДНЫМ З САМЫХ ТРАГІЧНЫХ У ЯГО ГІСТОРЫІ – высокадухоўныя, шчырыя, ахвярныя людзі – па сутнасьці, сапраўдныя прадстаўнікі нацыянальнай эліты – якія, як ніхто іншы, заслугоўвалі нарэшце кіраваць лёсам уласнага народу і якія разьлічвалі на сумленнае змаганьне ў час выбарчай кампаніі, на адкрытыя дыскусіі, дзе суддзёй будзе “яго вялікасьць народ”, былі груба адціснуты на ўзбочча, у цень беларускай палітыкі цынічнымі, праімперскімі паліттэхнолагамі, якія “проста працуюць за бабло”; дзіўна, што аўтар не заўважыў як пасьля так званых “найбольш прыкметных і цікавых прэзідэнцкіх выбараў 1994 г.” у Беларусі ня стала ні дэмакратыі, ні палітыкі, ні сапраўдных выбараў, не заўважыў, як пасьля “народнай рэвалюцыі” пад пытаньне была пастаўлена ўвогуле будучыня беларускага народу, яго існаваньне як такога…; захапленьне сатанізмам ёсьць злачынства большае, чым проста быць сатаністам… – Рэд.].

Новая ўлада, аднак, не была чароўнай палачкай і не прыносіла вынікаў так хутка, як бы хацелася. Больш непакоіла ўсё ж не гэта, а тое, што было абрана ў якасці сродку духоўнага аб’яднання нацыі. Далёка не ўсе падтрымлівалі курс на перманентную напружанасць грамадскай думкі ледзь не да ўзроўню франтавой псіхалогіі і ўзмацненне прэзідэнцкіх паўнамоцтваў у параўнанні з правамі заканадаўчага вярхоўнага органа. Але абраўшы аднойчы свой шлях, не маглі так проста звярнуць з яго [апошні сказ, калі па-праўдзе, дык трэба было пісаць так: “Але грамадства, памылкова ЛІЧАЧЫ, што аднойчы “абрала” шлях, ДУМАЕ, што ня так проста зьвярнуць зь яго”. А, затым, варта было б дадаць: “І, нягледзячы на ўсю ўяўную нематэрыяльнасьць памылковых меркаваньняў, яны – сур’ёзныя перашкоды ў рэальным змаганьні за вольную Беларусь і аб’ектыўныя інтарэсы беларускага народа – Рэд.].

Многія з нас зноў сталі ахвярамі свайго рэлігійнага мыслення, таго самага, што мае глыбокія карані ў нашай гісторыі, пакінуўшы на розных этапах свае пуцяводныя зоркі – Хрыста, цара [якога? – Рэд.], Леніна, Сталіна [у рэдакцыі мы палічылі ўзгадваньне Хрыста ў адным шэрагу зь Леніным і Сталіным блюзьнерскім; дзіўна, што ў адпаведнасьці з логікай аўтара ў гэтым жа шэрагу няма Гітлера; недагляд? ці не хапіла сьмеласьці? – Рэд.]. Не так цяжка жыць без ежы, як без веры [без ежы жыць не цяжка, а немагчыма – Рэд.], якая яшчэ трымае на нагах, дае нейкую надзею на заўтрашняе святло. І ёсць выпадкі, калі розум адступае перад сэрцам, калі ўсімі трыбухамі – о сэрца! – чалавек аддаецца пачуццю дзіўнаму і неадчэпнаму, як першаму каханню свайму. А.Лукашэнка ж для многіх беларусаў сёння – апошняя вера на зямлі [мы лічым, што сапраўдная любоў і вера ў Бога і ў Хрыста мае якасна іншую прыроду, чым любоў і вера ў такіх асоб, як Ленін, Сталін, Лукашэнка; апошні гатунак “любові-веры” больш адпавядае любові й веры ў сатану…; аднак, заслуга аўтара тут ёсьць, яна ў тым, што ён дазволіў паставіць пытаньне пра істотна розныя гатункі веры – Рэд.], выратавальны мост, які і добрага старога не растрасе, і ў невядомае новае, дасць Бог, без вялікіх стратаў перавядзе. Але ўжо новага расчаравання розум не вытрымае: што ж тады застанецца за душой? [расчараваньне Лукашэнкам да тых, хто ў яго “шчыра верыць”, прыдзе немінуча… Што будзе зь іхнымі душамі? Тое, што такія душы  заслугоўваюць за такую “веру”… ПРАРОКАЎ ТРЭБА СЛУХАЦЬ! СВАІХ НАЦЫЯНАЛЬНЫХ МУДРАЦОЎ-ПРАРОКАЎ, а не розную шпану і прайдзісьветаў! – Рэд.]. Надзея, як гаворыцца, памірае апошняй. Веру раптоўна не забіваюць, ёй наканавана пакутаваць і крывавіць да самай чорнай сваёй гадзіны [сапраўды, пакуты лукашэнкавым вернікам наканаваныя – Рэд.], а пакуль…

Казыр прэзідэнта – “падтрымка народа”, да якога ён раз-пораз “звяртаецца па параду”. Не час звяртацца да характарыстыкі сацыяльнай апоры нашай вярхоўнай улады [якраз наадварот, гэта магло б быць ці не самым цікавым – Рэд.], але нельга, як бяспрыкладны факт [так у аўтара, “бяспрыкладны факт” – Рэд.], не назваць апазіцыю, відавочна, большай часткі беларускай інтэлігенцыі да палітыкі прэзідэнта. Цяжка лічыць добрымі справы ў дзяржаве, ПРЫЗНАНЫЯ ПРАРОКІ ЯКОЙ [ёсьць прарокі народа, але не бывае прарокаў дзяржавы; але ня важна, мы да формы чапляцца ня будзем; мы зразумелі, што гаворка ідзе пра беларускіх нацыянальных прарокаў, якія, аказваецца, таксама ёсьць… – Рэд.] не хаваюць свайго непрыязнага стаўлення да палітычнага лідара нацыі [Лу-ка можа быць кім заўгодна, але толькі ня “лідарам нацыі” – Рэд.], інтэлігенцыя якой складае асноўную баявую моц галоўнай апазіцыйнай палітычнай арганізацыі – Беларускага Народнага Фронту; у дзяржаве, дзе сярод працаўнікоў духоўнай сферы [а гэта хто? папы РПЦ? ксяндзы Ватыкану? – Рэд.] ацэнка найбольш “лёсавызначальных” крокаў прэзідэнта носіць, мякка кажучы, мінусовы характар.

[Што мы можам адказаць на кантэкстныя панігірыкі аўтара ў адрас Лу-кі? Пакуль, толькі фармулёўкай нашага чарговага дактрынальнага прынцыпу (Д пр-п 21).

З гэтага часу мы ў рэдакцыі будзем лічыць так: Аляксандр Лукашэнка – гэта па сваім зьмесьце (форма ў кожнага палітыка ці палітыкана можа быць самай рознай – яна малаістотная і нас цікавіць мала; галоўнае – гэта грамадска-палітычная накіраванасьць чалавека) бескультурны і малаадукаваны (нягледзячы на “дзьве вышэйшыя адукацыі”), паранаяльны псіхапат-прайдзісьвет – г.зн. выключна дэструтыўная асоба; які маніякальна скіраваны на атрыманьне, утрыманьне асабістай улады і карыстаньне ёю; які наняты і падтрымліваецца расейскай імпербюракратыяй, як яе агент, і які люта ненавідзіць усё беларускае – нашы мову, культуру, гісторыю, сімвалы, сьветагляд, дзяржаву, магчымую сьветлую будучыню нашага народа, іншае – і таму з маніякальнай упартасьцю імкнецца ўсё гэта растаптаць, апляваць і зьнішчыць. Г.зн. вынішчыць якраз тое, што зьяўляецца нашымі сьвятымі каштоўнасьцямі. Яго галоўнай марай, ідэяй-фікс зьяўляецца імкненьне выгадна, як ён лічыць, прадаць Беларусь узамен за прэзідэнцкае крэсла ў Крамлі. І дэструктыўная сутнасьць Лукашэнкі зь яго асаблівай нянавісьцю да ўсяго беларускага, і яго гатоўнасьць здаць Беларусь у Расею (беларускую дзяржаўнасьць ён разглядае толькі як прадмет гандлю) абсалютна задавальняюць яго крамлёўскіх гаспадароў – усю гэтую зграю пажыцьцёва кантужаных імперскай ідэалогіяй й імперскімі інстынктамі цынічных ублюдкаў. Іх (і жыхароў Крамля, і Лукашэнкі) узаемная кампліментарнасьць у сваіх па сатаніцку чорных справах-дзялішках зьяўляецца практычна абсалютнай. Таму хутчэй за ўсё імперская Масква будзе падтрымліваць дыктатарскі рэжым Лукашэнкі, які яна навязала Беларусі, сколькі зможа – г.зн. у аптымістычным для імперцаў варыянце да самага старэчага ўзросту Лукашэнкі, калі ўжо ён проста “за ненадабнасьцю” і  ратуючыся ад магчымага пакараньня за ўсё зло, якое персанальна ён зрабіў беларускаму народу, здасьць яе пад анэксію расейскай імпербюракратыі. Пакуль жа Лукашэнка захоўвае дзяржаўнасьць Беларусі, як адзіную каштоўнасьць-прыладу, якая можа зрэалізаваць яго трызьнёвую “крамлёўскую мару”. Усё гэта ўяўляе велізарную патэнцыйную небясьпеку для лёсу найперш беларускага народа. Але “палітыка” Лукашэнкі можа прынесьці бяду нашаму народу ня толькі ў аддаленай будучыні, яна прыносіць беларусам і штодзённыя страты. Гэта – самы сапраўдны ЭТНАЦЫД, які працягваецца з 1995 году. Гэта – ГЕНАЦЫД (кожны год пад «уладай» Лукашэнкі колькасьць беларусаў, нават па афіцыйных даных, памяншаецца прыкладна на 0,5%). Гэта такія зьмены ў палітычнай сістэме краіны (найперш кадрава-адукацыйныя, якія ў дадатак яшчэ і паступова накопліваюцца), якія з кожным годам усё больш абцяжарваюць будучую задачу вяртаньня нашай дзяржавы ў нармальны цывілізавана-дэмакратычны стан, якая (задача), натуральна, можа пачаць вырашацца пасьля адыходу ў нябыт дэгенератыўна-пачварнага рэжыму Лукашэнкі. Тады, нават у самых спрыяльных гістарычных варунках спатрэбіцца шмат часу, каб аднавіць нармальнае, здаровае жыцьцё беларускага народу, а працэс ачуньваючага адраджэньня будзе вымушаны зноў адбывацца пакутліва і праз вялікія выпрабаваньні.

І яшчэ адно. Улічваючы прадстаўленыя вышэй аб’ектыўна-зьмястоўныя ўласьцівасьці Лу-кі, відавочна, што той хто любіць беларускі народ, ня можа адначасова любіць і самаго Лу-ку, яго рэжым, захапляцца яго “палітыкай”. І, наадварот, той хто любіць Лу-ку, ня можа любіць беларускі народ… Адзіным выключэньнем зьяўляецца хворы стан псіхікі, які ў псіхалогіі й псіхіятрыі завецца шызафрэніяй… Рэд.]

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы