nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

СУЧАСНЫЯ БЕЛАРУСЫ: ПОШУКІ САЦЫЯЛЬНА-ПСІХАЛАГІЧНЫХ АДМЕТНАСЦЯЎ (кБНІ; частка ІІІ)

23 жніўня, 2006 | Няма каментараў

Сяргей Кавалёў

СУПРАЦІЎЛЕННЕ

Іншадумства гістарычна мела глебу на Беларусі: у нашым аглядным мінулым тут амаль не было моцнага і афіцыйна аформленага беларускага апазіцыйнага руху [канешне, усё было панішчана ў пыл і попел на той час магутнымі ворагамі беларускага народу… Рэд.], чаго і нельга было чакаць ва ўмовах імперскай русіфікацыі і савецкай палітычнай сістэмы [дакладна так – Рэд.]. Дысідэнцкі рух у расейскіх памерах абмінуў Беларусь, абмежаваўшыся хіба што асобнымі выступамі ў абарону беларускай мовы [гэта не зусім так; нават на нашым сайце мы ўжо неаднаразова выстаўлялі артыкулы вядомага дысідэнта “ўсесаюзнага маштабу”, беларуса Міхася Кукабакі – Рэд.].

Высвятляючы карані пэўнага беларускага канфармізму [пра міфалагічнасьць дадзенай тэзы мы ўжо казалі – Рэд.], нельга не адзначыць апрача вядомага сялянскага кансерватызму, значны аўтарытэт камуністычных ідэалаў і Савецкай улады ў рэспубліцы [аб’ектыўна, гэты аўтарытэт быў а ні трохі ня большы за тое ж у іншых рэспубліках СССРа – Рэд.]. Яны тут атаясамляліся з той сілай, якая была прычынай сапраўды ўражлівага прагрэсу беларускай нацыі за апошняе стагоддзе [калі б Беларусьсю без перашкод дазволілі кіраваць нацыянальнай эліце, ды яшчэ  цэлае стагоддзе – вось тады б усе ўбачылі “сапраўды ўражлівы прагрэс беларускай нацыі” – Рэд.]. Менавіта з савецкім ладам было звязана стварэнне і далейшае развіццё беларускай дзяржавы, выйсце яе культуры “на высокія пазіцыі” [а галоўным механізмам выйсьця беларускай культуры на высокія пазіцыі паслужылі адпраўкі лепшых зь беларусаў у ГУЛАГ, як з Ларысай Геніюш, растрэлы іх жа ў Курапатах, як з сотнямі сябраў Саюзу пісьменьнікаў Беларусі ў канцы 1930-х, скідваньне ў лесьнічны пралёт гатэля, як зь Янкам Купалам і г.д., і да т.п. – Рэд.], заняцце рэспублікай дастойнага месца сярод міжнароднага супольніцтва. Пад савецкім сцягам беларусы выратаваліся ад фашысцкага генацыду [страціўшы кожнага 4-га, так што колькасна не аднавіліся і праз 60 гадоў – Рэд.], аднавілі сваю эканоміку, дамагліся сацыяльна-эканамічных поспехаў на фоне іншых рэспублік [апошняе важна было б аналітычна дасьледваць: ці то “сацыялізм” так спадабаўся беларусам, ці то беларусы так спадабаліся “сацыялізму” – Рэд.].

У Беларусі склаўся [што значыць “склаўся”? – Рэд.] значны слой ветэранаў-удзельнікаў вайны [тое самае, варта адмыслова дасьледваць гэты фэномен: чаму гэта ветэраны-удзельнікі вайны – у значнай частцы былыя “штабісты” і НКВДшнікі з “заградатрадаў” часоў ВАВ – так упадабалі Беларусь; наколькі вядома, зь ніякім сьпецыяльным запрашэньнем прыязджаць сюды беларускі народ да іх не зьвяртаўся… – Рэд.], чыімі святымі ўспамінамі былі гады адзінай усенароднай бітвы за справу Леніна-Сталіна [у аўтара ўсё дакладна так – узгадваньне сатанінскай справы адбываецца ў станоўчым сэнсе, бязь дзьвюкосьсяў – Рэд.]. Яны былі кіраўнікамі ў рэспубліцы  і, як былыя франтавікі, партызаны, змагары за сваю радзіму, карысталіся павагай [па-першае, павага спачатку сапраўды была, але пасьля таго, як мы ўбачылі, як прадстаўнікі гэтай групы, нібы войчая зграя, у перабудовачныя і першыя пасьляперабудовачныя гады змагаліся супраць ўсяго беларускага ў Вярхоўным Савеце Беларусі (!), павага цалкам зьнікла і яе месца заняло зусім іншае пачуцьцё…; па-другое, маладому пакаленьню беларусаў варта ведаць, што пасьля ВАВ абсалютная большасьць “кіраўнікоў рэспублікі” (ад кіраўніка бібліятэкі да міністра і сакратара беларускага ЦК) зноўку была прывезена ў Беларусь з Расеі, і гэта нягледзячы на “беларусаў-франтавікоў-герояў”, “беларусаў-партызан”, “рэспубліку-партызанку” – Рэд.]. Наогул, можна сказаць, што аўтарытэт партыйнага кіраўніцтва ў рэспубліцы [несумніўна, у асноўным распрапагандаваны – Рэд.], дзякуючы, у прыватнасці, такім неардынарным фігурам, як Мазураў і Машэраў, не заняпаў да такой ступені, як у іншых рэгіёнах СССР [пры Кісялёве і Сьлюнькове – заняпаў да такой жа ступені – Рэд.]. Галоўнай беларускай крамолай заўсёды лічыўся мясцовы “нацыяналізм”, але і з ім у асноўных яго праявах было скончана ў 1930-х гадах [і мы ведаем як – у асоўным з дапамогай такіх “сродкаў”, як стрэлы ў патыліцу  ў цяпер ужо сусьветнавядомых Курапатах…; але чаму пра гэта ня піша аўтар? гэта ж надзвычай істотна, бо без ПРАЎДЫ сапраўднай карціны аніяк не атрымліваецца – Рэд.].

Падтрымка ў розных колах прэзідэнцкага курсу [усе ведаюць, якая гэта “падтрымка”; людзей ставяць перад выбарам: падтрымліваеш прэзідэнта – так-сяк жывеш, не падтрымліваеш – звальненьне, штрафы, турмы і г.д.; абірай, але не памыліся… – Рэд.], натуральна, вызначыла слабасць апазіцыйных сіл у сучаснай Беларусі. Перацягнуўшы на свой бок большасць незадаволеных уладай, А.Лукашэнка надаў ім грамадска станоўчы патэнцыял у процівагу тым “крыкунам”, што патрабавалі радыкальных пераменаў [па-першае, у 1994 г. Лу-ка быў канешне ж не крыкуном (іронія); па-другое, усе перамены, якія тады ж прапанавала апазіцыя, можна ахарактарызаваць адной фразай – “жыць па-людску”; і гэта аўтар называе “радыкалізмам”? – Рэд.]. Не трэба забываць і афіцыйную прапаганду, яна на поўную моц выкарыстала сумнеўную вартасць БНФ сярод нефанатычных беларусаў [а ў БНФ, такім чынам, былі толькі “фанатыкі” й падтрымлівалі БНФ толькі фанатыкі (іронія); у аднім з папярэдніх абзацаў аўтар пісаў, што там былі прадстаўнікі лепшай часткі інтэлігенцыі – “прызнаныя прарокі” беларускай нацыі; дзе ж тое, што аўтар лічыць на самай справе – Рэд.], – рэзкасць і ваяўнічасць у адстойванні сваіх мэтаў [а яшчэ ў адным са сваіх папярэдніх абзацаў аўтар сам пісаў пра тыя ж уласьцівасьці ў Лу-кі; якую ж вартасьць можа мець артыкул (а яго аўтар – які аўтарытэт), дзе АДНІ Й ТЫЯ Ж уласьцівасьці ў адных палітыкаў прадстаўляюцца, як станоўчыя, а ў другіх – як адмоўныя? – Рэд.].

Гэтыя рысы найбольш ярка адлюстраваліся, стварыўшы своеасаблівы сімвал-увасабленне, у дзейнасці З.Пазьняка – лідара БНФ [пра якую “дзейнасьць Пазьняка” можна весьці гаворку, калі чалавек ніводнай хвіліны ня быў пры дзяржаўнай уладзе; адзінае, што ён паспрыяў “адкрыцьцю”і вядомасьці Курапатаў, стварыў БНФ, ініцыяваў думкі пра беларускую нацыянальную ідэю і беларускія інтарэсы, актыўна удзельнічаў у адраджэньні беларускай дзяржаўнасьці, мовы, культуры, гісторыі, сімвалаў…; няўжо гэта кепска, давайце прасочым за думкамі аўтара. – Рэд.]. Постаць гэтага чалавека не пакідае нікога абыякавым у рэспубліцы, прычым стаўленне да яе з розных бакоў цалкам процілеглае [дакладна, як да Лу-кі. – Рэд.] – ад мянушак “нацыяналіст”, “экстрэміст”, “фашыст” [ну, адкуль усе гэтыя “мянушкі” ўзяліся, мы ведам; нават маскоўскі адрас можам назваць… – Рэд.] да вызначэння “духоўны правадыр нацыі, якая пакуль што яго не заслужыла”. Здаецца, усе сабакі свету павешаны на яго шыю прапагандысцкай машынай, і для большасці простага народа створаны ўстойлівы адназначны вобраз палітыка, які лезе напралом цераз любыя перашкоды [дакладна тое ж, толькі у станоўчым сэнсе, вышэй было пра Лу-ку. – Рэд.], які апаляе нацыяналістычнай нянавісцю нават на адлегласці. У той самы час і сам Пазьняк сапраўды робіць усё, каб, здаецца, падбухторыць супраць сябе большасць народа: ніякіх кампрамісаў, ніякіх выратавальных агаворак ці паўвызначэнняў – усё адкрытым тэкстам і дастаткова гучна [усё, як у свой час было ў Лу-кі. – Рэд.].

Яго рэзкасць і ваяўнічасць маюць маральнае апраўданне, яны – натуральная рэакцыя нацыянальнай патрыятычнай інтэлігенцыі, якая была жывым сведкам духоўных і крымінальных злачынстваў у Беларусі. На яе вачах знішчаліся лепшыя дзеячы беларускай культуры, выводзілася з душы народа родная мова, самі беларусы паглыбляліся ў стан анабіёзу [!!! аказваецца, аўтар пра ўсё гэта ведае; ведае праўду, імперскія “тэхналогіі й механізмы”, але пра зьмест і механізмы чамусьці маўчыць… – Рэд.]. Бачыць насупраць сябе  канкрэтных віноўнікаў гэтага працэсу, сучасных згубіцеляў беларускай зямлі і гуляць з імі ў палітычную дыпламатыю – звыш сіл Пазьняка [гэта звыш сілаў любога НАРМАЛЬНАГА ЧАЛАВЕКА – бачыць дзейнасьць зла і маўчаць; кожны, каму гэта ўдаецца, ці чалавек? – Рэд.]. Можна спрачацца аб тым, наколькі эфектыўная ў палітыцы гэтая тактыка, але нельга не прызнаць, што яна адпавядае поглядам ВЯЛІКАЙ ЧАСТКІ беларусаў [а хто раней пісаў пра “рахманасьць”, “талерантнасьць” і г.д. беларусаў – Рэд.].

Старшыня БНФ уяўляе сабой даволі рэдкую ў палітычным жыцці фігуру сумленнага палітыка [!!! а, можа, сумленьне і ёсьць галоўнай прычынай яго “радыкалізму”? калі так, дык няхай вечна жыве такі “радыкалізм”! – Рэд.], які гаворыць менавіта тое, што думае, і дзейнічае адкрыта, адпаведна сваім галоўным прынцыпам. Яму няма сэнсу баяцца за адмоўны бок сваіх паводзін: як бы яго ні цкавалі [а цкаваць яго могуць толькі тыя, у каго сумленьня няма – Рэд.], нічога ўжо больш горшага не прыдумаць. І як бы ён ні спрабаваў паказаць свой лепшы твар – абавязкова абылгуць і перайначаць. З гэтай прычыны застаецца адно: не пошукі магчымасці аб’яднання на сваёй платформе (гэта ў постсталінскай Беларусі пакуль нерэальна), а правядзенне сваёй, пазбаўленай зігзагаў лініі шляхам цярплівай і ўпартай прапаганды-выхавання сярод патэнцыйна магчымых прыхільнікаў і рашучага выкрыцця мясцовых чужынцаў [дакладна так – Рэд.]. Гэтая праграма разлічана на доўгі тэрмін, і чакаць ад яе хуткіх вынікаў – занадта аптымістычна. Пазьняк – няўдалы, слабы тактык, але выдатны стратэг. Яго фанатызм і апантанасць – працяг у беларускім менталітэце таго менш прыкметнага адгалінавання, якое выяўлена постацямі Афанасія Філіповіча, Іосіфа Яленскага, Кастуся Каліноўскага.

ГІСТОРЫЯ

Ніколі не адыгрывала гістарычная навука такую актыўную грамадскую ролю ў лёсе беларусаў, як на пачатку нашай сувярэннай дзяржаўнасці. Ніколі не з’яўляліся мы з мінуўшчыны ў такой паўнаце свайго аблічча. У пэўным сэнсе можна сказаць, што ўпершыню масавая свядомасць суайчыннікаў прыйшла да СВАЁЙ САПРАЎДНАЙ ГІСТОРЫІ, як ніколі рэльефна адчула глыбіню і моц нашых каранёў.

Сённяшні ўрок гісторыі БЯСЦЭННЫ ўжо толькі ВЯРТАННЕМ КАЛІСЬЦІ СТРАЧАНАГА ГОНАРУ ЗА СЛАВУТЫЯ СПРАВЫ ПРОДКАЎ.

Як было неймаверна скажона савецкай гістарычнай думкай наша масавае ўяўленне аб дакастрычніцкім мінулым Бацькаўшчыны! Хіба ж не для таго нам увесь час тыцкалі ў вочы нашай шэрасцю і забітасцю [варта было б дадаць “уяўнымі” і “намоўленымі” – Рэд.], каб ведалі сваё сціплае месца на зямлі, каб былі ўдзячныя на векі вечныя і разумелі, што самі па сабе мы – нішто? [зноў, нібы НЛПшная формула намаўленьня – Рэд.]. Лепшыя старонкі нашай гісторыі сёння абараняюць нас ад абвінавачвання ў самазванстве суконнага рыла, яны сцвярджаюць нашы законныя правы дастойных працягвальнікаў [сваіх славутых продкаў – Рэд.]. Хай і не дадзена ім пазбавіць нас пачуцця вострага жалю (дзе мы былі і дзе апынуліся), аднак іх горы за спіною падтрымліваюць і натхняюць сярод сучасных нізінаў, пераконваючы ў часовасці бедаў.

Менавіта гісторыя дазваляе шукаць (і знаходзіць) у сабе разбаўленаму беларускаму розуму сваю асаблівасць. Яна адмаўляе нашу праваслаўную адназначнасць і адкрывае перад уважлівым даследчыкам элементы ліцвінскай упэўненасці, высакародныя спробы выканання беспрыкладнай місіі – прымірэння і з’яднання двух варожых светаў. У той самы час духоўны матыў нашай пэўнай еўрапейскасці часам становіцца ў нас залішне настойлівым. Так, МЫ МЕЛІ ФЕАДАЛЬНУЮ ПРАВАВУЮ ДЗЯРЖАВУ, бліскучыя праявы рэнесансавага мыслення, традыцыі заходняга вальнадумства, але [вось і зноў гэтае знакамітае “але”, якое паклікана ўсё папярэдняе высока-патрыятычнае, ледзь не паэтычнае перакрэсьліць; справа ў тым, што гэтых “але” заўсёды поўна ў гісторыі КОЖНАЙ ДЗЯРЖАВЫ, ЛЮБОГА НАРОДА, бо сьвет, у якім мы жывем – рэальны, а не ідэальны; па гэтай прычыне ў час гістарычных адлюстраваньняў, калі трэба паказаць асаблівае, найбольш важкае, калі трэба прадэманстраваць дасягненьні продкаў, якімі можна ганарыцца, калі неабходна перадаваць эстафету гонару і годнасьці чарговаму маладому пакаленьню прадстаўнікоў адпаведнага этнаса, усялякія “але” проста апускаюцца ці, як мінімум, не выпячваюцца, як агульнавядомае, універсальнае месца (за выключэньнем пэўных сьпецыфічных выпадкаў); тут, у аўтара, мы бачым іншае – тое мазахісцкае імкненьне да самабічэваньня, да выкалупваньня са славутай гісторыі нашых продкаў абавязкова чаго-небудзь адсталага, непрыстойнага, нізкага, што – такое выкалупваньне – зноў такі, несумніўна, намоўлена рознымі ворагамі нашага народа – Рэд.] усё ж  гэта аніяк не тычылася пераважнай большасці сялянскай народнасьці [ва ўсіх народаў так – Рэд.], было неглыбокім і хутка адступала перад магутным імперска-камуністычным ладам і светапоглядам [ні перад “ладам і сьветаглядам”, а, як мы ўжо дастаткова нагадвалі, – перад гвалтам, грубай нахрапістай сілай, паразітычнай хцівасьцю і г.д. канкрэтных сіл й іх непасрэдных прадстаўнікоў.  – Рэд.]. Шчыра і страсна цягнулі нас славутыя асветнікі ў свет еўрапейскага прагрэсу, у той жа час абараняючы наша нацыянальнае першародства, не жадаючы аддаць палітычныя фарпосты, заваяваныя Альгердам і Вітаўтам. Але ўсё ж са сваёй небяспечнай, непадуладнай нашым сілам акцыі сватання двух светаў, якія ў сваім жорсткім суперніцтве амаль пазбавілі нас усяго – дзяржавы, мовы, веры, свабоды – мы выйшлі расціснутымі [хто “расьціснутым”, а хто – загартаваным і набылым неацэнна каштоўны гістарычны досьвед, якія яшчэ шмат разоў прыдасца і паслужыць чарговым пакаленьням беларусаў; галоўнае, не ленавацца яго вывучаць й ім навучаць… – Рэд.].

Няма чаго і казаць, наш сённяшні зварот да мінулага вельмі шчыльна звязаны з сучаснай палітыкай, з беларускім суверэнітэтам. Ён, што непазбежна, у пэўным сэнсе аднабаковы, бо мае на мэце ўзбагачэнне нашай свядомасці інфармацыяй, якая працуе на беларускую ідэю. Тут ёсць небяспека парушэння ўраўнаважанай аб’ектыўнасці [правільна, маятнік ПАВІНЕН пайсьці ў іншы бок – Рэд.], і адчування яе нельга пазбавіцца, напрыклад, пры перабольшванні некаторымі аўтарамі самастойнасці ВКЛ у XVII-XVIII стст., іх храналагізацыі генэзісу беларускай народнасці, вольнай трактоўцы нацыянальнага калабаранцкага руху. Але гэтыя выдаткі зваротнай хады маятніка ні ў якае параўнанне не ідуць з заганамі яго ранейшага руху, якія істотна сказілі аблічча нашай Бацькаўшчыны [прычым, “не ідуць ні ў якое параўнаньне” ня толькі ў колькасным памеры, а ў прынцыповым, якасным – у тым, што “істотнае скажэньне аблічча нашай Бацькаўшчыны” – гэта СПРАВА РЭАЛЬНА-ПАКУТНАГА ЖЫЦЬЦЯ МІЛЬЁНАЎ БЕЛАРУСАЎ НА ПРАЦЯГУ СТАГОДДЗЯЎ, а “перабольшваньні некаторымі аўтарамі самастойнасці ВКЛ” у нейкія там стагоддзі – усяго толькі праблема ўяўная, псіхалагічная, навукова-аўдыторная; сябры рэдакцыі гэтую розьніцу выдатна бачаць і для іншых падкрэсьліваюць! – Рэд.].

Трэба прызнаць, нават старажытная беларуская гісторыя і сёння як ніколі гарачая, у ёй цяжка ступіць нават кроку, каб не натыкнуцца палітычным апанентам на падставу для спрэчкі. Наша мінулае і зараз падзяляе нас аж ад пачатку нашай эры [дзіўна, чаму сябраў нашай рэдакцыі й усіх нашых знаёмых, якіх мы ведаем, як добрасумленных беларусаў, мінулае нашага народу нас толькі аб’ядноўвае? – Рэд.]. Падзяляе паміж славянамі і балтамі, крывічамі і “старажытнарускай народнасцю”, Літоўскім Статутам і маскоўскай апрычнінай, “Пагоняй” і савецкім гербам з калоссем [ну, гэта зусім іншая справа: гэтыя падзелы не ўнутрыбеларускія, гэта натуральныя падзелы, такія ж, як паміж працоўнымі й эксплуататарамі, імперыялістамі й барацьбітамі за свабоду сваіх народаў, у цэлым – паміж дабром і злом; з гэтых падзелаў пачынаецца барацьба за лепшае жыцьцё, у якой дабро ўрэшце рэшт абавязкова перамагае, а людскае грамадства пераходзіць на больш высокі ўзровень гуманістычнага разьвіцьця. – Рэд.]. Можа, сэнс нашага нацыянальнага бяспамяцтва і гістарычнай абыякавасці – у сённяшнім грамадскім супакоі? [у бяспамяцтве няма сэнсу, а “супакой” – так, пакуль ёсьць (тут адзін з дапамогай яшчэ адных трохі пасупакойваў); часова… – Рэд.]. Бо калі б на нашай перарэзанай шрамамі зямлі ды яшчэ сёння ўспыхвалі з кожнай нагоды свае карабахі [адкуль аўтар узяў пагрозу ў Беларусі “карабахаў”? такое можа быць арганізавана толькі  Масквой; унутраных прычын для разборак карабаскага тыпу ў нас няма – ворагі беларускага народу яшчэ ці не здагадаліся стварыць, ці не пасьпелі…– Рэд.] – што б гэта з намі ўсімі было?

Але ЦІ ЛЕПШАЯ ІНШАЯ ФОРМА САМАГУБСТВА – ПРАЗ СЛЯПЫ І ЦІХМЯНАМУДРЫ, ЗДРАНЦВЕЛЫ АНАБІЁЗ МАНКУРЦТВА?! [вось тут, мы ўсёй рэдакцыяй пляскаем у ладкі! – Рэд.].

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы