nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

СУЧАСНЫЯ БЕЛАРУСЫ: ПОШУКІ САЦЫЯЛЬНА-ПСІХАЛАГІЧНЫХ АДМЕТНАСЦЯЎ (кБНІ; частка ІV; Д-пр-п 3а, 22, 23)

24 жніўня, 2006 | Няма каментараў

Сяргей Кавалёў

МОВА

Эпахальнай падзеяй апошніх гадоў стала пэўнае вяртанне ў наша жыццё беларускай мовы [сапраўды, гэта цуд, што мова перажыла стагоддзі этнацыду і ў гістарычным маштабе вельмі хутка вярталася – Рэд.]. Яно было непазбежным вынікам нацыянальнага руху ў рэспубліцы, нашай дэмакратызацыі і суверэнітэту [вяртаньне мовы стала вынікам, найперш, распаду паганай расейскай імперыі ў савецкім абліччы і ўпартай працы беларускіх рупліўцаў – сапраўднай эліты беларускага народу і грамадства. – Рэд.]. Мы вярталі мову – сімвал нашай свабоды, які вельмі доўга быў адабраны ў беларусаў, а потым дадзены ім у вельмі сціплых дэкарацыйных памерах. Так ужо здарылася ў нашай гісторыі, што родная мова стала ўвасабленнем беларускай крамолы, свабоднага голасу беларусаў [дзіўна, што аўтар гісторык, а ня ведае, што ўсе імперыялісты ўсіх часоў для забеспячэньня працэсу каланізацыі карэннага этнасу-гаспадара заўсёды імкнуліся адабраць родную мову ў паняволенага народу і навязаць яму чужую, часьцей за ўсё сваю; такім чынам, імкненьне зьнішчыць беларускую мову расейскімі імперыялістамі – гэта не выпадак, а найбольш відавочны, агульны і вядомы ЭЛЕМЕНТ КАЛАНІЯЛЬНАЙ ТЭХНАЛОГІІ; натуральна, што ў абставінах каланізацыі з пазіцый паразіта-акупанта беларуская мова будзе разглядацца, як “крамола” – Рэд.]. Яна неяк выбівалася з таталітарнага ладу [як і чаму яна так “выбівалася”, разгледжана толькі што – Рэд.], была абуральна неаднакаляровай і загадзя – занадта вальнадумнай [тое самае, гл. вышэй – Рэд.].

Рух за беларускую мову быў АБ’ЕКТЫЎНА рухам за ДЭМАКРАТЫЗАЦЫЮ ГРАМАДСТВА [вось гэта, у дзясятку!!! Варта гэта палажэньне захаваць, як удакладненьне аднаго з нашых дактрынальных прынцыпаў (Д пр-п 3а) – Рэд.], супраць панавання камуністычнай сістэмы і на пачатку перабудовы меў вялікі аўтарытэт на Беларусі, захлынуўшы нават прыроджаных русафілаў. ТАДЫ ЦУДОЎНЫМ ЧЫНАМ З’ЯДНАЛАСЯ БАРАЦЬБА ЗА САЦЫЯЛЬНАЕ І НАЦЫЯНАЛЬНАЕ ВЫЗВАЛЕНЬНЕ [барацьба за сацыяльнае і нацыянальная вызваленьне – гэта АДЗІНАЯ АГУЛЬНАСІСТЭМНАЯ БАРАЦЬБА супраць зьявы сацыяльнага паразітызму як такой, і канкрэтных сацыяльных паразітаў у прыватнасьці; проста ў той час сацыяльныя зьмены ў грамадстве былі настолькі хуткімі і маштабнымі, што соцыя-паразіты не пасьпелі раскалоць агульную барацьбу супраць іх на два “асобныя”, “канкуруюча-варагуючыя” – натуральна, ў іх формулах намаўленьня – кірункі. – Рэд.], беларускія і рускія перабудоўшчыкі ўсё ж гаварылі на адной мове дэмакратычных пераўтварэнняў [але мелі ў падсьвядомасьці прынцыпова розныя канчатковыя мэты: адныя змагаліся за незалежнасьць і свабоду сваіх народаў, за дамінацыю ў іх грамадствах НАЦЫЯНАЛЬНАЙ І САЦЫЯЛЬНАЙ СПРАВЯДЛІВАСЬЦІ, а другія – толькі за тое, каб зрынуць дыскрэдытаваную форму імперскай сутнасьці Расеі – камуністычную імперскую сістэму – і на яе месца паставіць нейкую новую, “лепшую” ІМПЕРСКУЮ СІСТЭМУ; гэтыя адрозьненьні ў асаблівасьцях разуменьня КАНЧАТКОВЫХ МЭТАЎ “перабудовы” забясьпечылі й яе канец на тэрыторыі былога СССР, і пачатак барацьбы – хто за, хто супраць – вакол аднаўленьня старой імперыі ў новай форме – Рэд.]. Але на першы план выступала тое, што было найбольш вострай, балючай праблемай рэспублікі – МЕНАВІТА СТАНОВІШЧА РОДНАЙ МОВЫ. Вялікімі нецярпліўцамі, ваяўнічымі рухавікамі нацыянальнага Адраджэння выступілі прадстаўнікі патрыятычнай інтэлігенцыі, беларускія дон-кіхоты застойнага перыяду, падобныя да Ніла Гілевіча і заснавальнікаў БНФ.

Іх намаганнямі змяніўся дзяржаўны статус нашага асноўнага духоўнага сродку зносін [нацыянальная мова, мова продкаў – гэта не “асноўны духоўны сродак зносін”, а СЬВЯТАЯ АГУЛЬНАНАЦЫЯНАЛЬНАЯ КАШТОЎНАСЬЦЬ, за кошт якой адбываецца яднаньне нацыі, забясьпечваецца яе самастойнае існаваньне і разьвіцьцё; таму мова – адзін з галоўных, калі ня самы галоўны ў беларускай рэчаіснасьці, інструмент, здольны забясьпечыць існаваньне ў беларускага народу ўвогуле хоць якой БУДУЧЫНІ; іначай, са зьнікненьнем беларускай мовы ў нашага народа зьнікае і будучыня… – Рэд.], нацыянальны характар набыла адукацыя, роднае слова выйшла на шырокі грамадскі прастор. У гэтай натхнёнай хвалі нецярплівай выратавальнай ініцыятывы не абышлося без пэўнага “галавакружэння ад поспехаў” – спробаў паскоранымі тэмпамі вылечыць застарэлую хваробу [дакладна так: біялагічныя паразіты выклікаюць хваробу арганізму, сацыяльныя – хваробу грамадскую – Рэд.]. Магчыма, яны былі прымальнымі і натуральнымі для тых, хто лічыў злачынствам доўгае разгойдванне [шматсотгадовы ТЭРОР над мільёнамі буларусаў ЗА ІХ БЕЛАРУСКАСЬЦЬ з мэтай пераўтварэньня іх – натуральных гаспадароў свайго краю – у абстрактнае грамадства, у сацыяльнае нішто, у звычайны хаатычны натоўп, масу, і ўсё толькі для таго, каб нейкія паразіты-дэгенераты ў чалавечым абліччы пачуваліся ўтульна на карку беларуса – гэта не “разгойдваньне”, гэта класічнае ЗЛАЧЫНСТВА супраць чалавечнасьці, якое істотна горшае за любое крымінальнае злачынства і ня мае тэрміну даўніны… Рэд.], але не з’яўляліся гэткімі для прарасейскага кансерватыўнага слою беларусаў [а што тут зьдзіўляцца, што пасьля ТАКОГА ТЭРОРУ зьявіліся людзі, ня проста ідэалагічна кантужаныя, а такія, якіх у медыцыне завуць “з арганікай у галаве” – Рэд.], якія ў штыкі прынялі чарговую беларусізацыю з яе дзяржаўным аднамоўем [“дзяржаўнага беларускага аднамоўя” ў нас не было; гэта чарговы міф расейскай імперскай прапаганды – Рэд.], з суцэльна беларускамоўным школьным навучаннем аж да пятага класа [такі ж міф і тая ж яго крыніца – Рэд.], з графікамі пераходу канкрэтных устаноў на гэтую “матчыну” [цяпер беларуская мова не заўсёды “матчына”, але заўсёды была і будзе МОВАЙ БЕЛАРУСКАГА НАРОДУ, НАШАЙ МОВАЙ!!! – Рэд.] мову.

У выніку мова таксама падзяліла беларусаў [мы ўжо адзначалі, што ўніверсальны сродах для аб’яднаньня ЎСІХ беларусаў – МОВА, ня можа “падзяляць беларусаў”; што-што, але перакідваць з хворай галавы на здаровую ў нашай рэдакцыі мы не дазволім; падзяляць беларусаў заўсёды імкнуліся і імкнуцца РАСЕЙСКІ і польскі імперыялізмы (апошнім часам далучаецца і сіянізм, выкарыстоўваючы тэхналогіі, заснаваныя на псеўда-ліберальнай ідэалогіі, – лічыць, што на халяву і яму нешта абломіцца ад напаўразбуранай нацыі…), а дакладней, канкрэтныя носьбіты гэтых паразітычных сьветаглядных ідэй – Рэд.]. Больш свядомай і патрыятычнай часткай народа яна была прынята з натуральным пачуццём самазнаходжання нацыі, раней бяздомнай, безгалосай і бяспраўнай. Калісьці абрабаваны ва ўласным доме, паселены пад чужымі абразамі ды атрымаўшы не свой радавод [!!! – Рэд.], наш народ зараз прымаў пачэсны духоўны капітал, без якога цяжка разлічаць на прызнанне ў свеце самастойных незалежных нацый. Ён атрымаў свой паўнапраўны пашпарт на асаблівасць, а не жаласлівы эрзац-дакумент на права пражывання. З УЛАСНАЙ МОВАЙ БЕЛАРУСЫ НАБЫВАЛІ СВАЁ ВАЖКАЕ СЛОВА, НЕПАДРОБНЫ СУВЕРЭНІТЭТ, САПРАЎДНУЮ ДЗЯРЖАЎНАСЦЬ [!!! – Рэд.].

Беларуская мова паглыбляла запаветныя  таямніцы беларускага духу, напаўняючы ім клеткі і поры цела. Скажам, язычніцкія скарбы фальклору гучалі па-свойму зусім інакш, чым на рускай мове – гэтак жа немагчыма было слухаць у перакладзе купалаўскую “Паўлінку” ці “Пінскую шляхту” В.Дуніна-Марцінкевіча. Расказы аб падзеях роднай гісторыі – і тыя набывалі сваю афарбоўку, у іх упляталіся легенды і песні продкаў, казкі мацярок, галасы беларускіх лясоў, дух да болю СВАЁЙ ЗЯМЛІ. Цераз родную мову мы лепш разумеем свой нацыянальны характар, якім зараз асабліва зацікавіліся. Хіба ж не праўда, што ЗА АСОБНЫМІ НАШЫМІ СЛОВАМІ – ЦЭЛАЯ БЕЛАРУСКАЯ ПСІХАЛОГІЯ? Чаго толькі варта, напрыклад, параўнанне двух разнамоўных эквівалентаў – слоў “пусть” і “няхай”… [цяпер, чытач, вы, напэўна, зрузумелі, чаму мы ўсё ж такі рашыліся выставіць гэты артыкул на нашым сайце; аўтар – наш чалавек, толькі трохі заблытаны, няўпэўнены і недасьведчаны ў грамадска-палітычных працэсах і баталіях… – Рэд.]

Можна спрачацца аб тым, наколькі згубным было ў рэспубліцы беларускае нецярпенне і ці не лепш бы з’явіўся марудны паступовы шлях, разлічаны на няпэўныя дзесяцігоддзі [якія “дзесяцігоддзі”? расейская імпербюракратыя “перабудавалася” і ачуняла за нейкія 2-3 гады, так што ўжо ў 1994 годзе мы ўбачылі яе “зацікаўленасьць” Беларусьсю ва ўсім маштабе яе драпежна-паразітычнага аблічча, і па-бандыцку “наехала” на нашу бацькаўшчыну са ўсёй фінансавай і тэхналагічнай мэтанакіраванасьцю – Рэд.]: усё ж тут гаворка ішла не аб пераадоленні магутнай кітайскай сцяны, а аб плённым спалучэнні дзвюх блізкіх моўных стыхій [для супрацоўніцтва заўсёды патрэбна добрая воля абодвух бакоў, а расейская імпербюракратыя, як і ўсякі соцыя-паразіт, у сваіх уяўленьнях пра сьвет і сваю ролю ў ім паняцьця ня мае пра якое б там ні было “супрацоўніцтва” ці “плённае спалучэньне” і г.д.; яе дзіскурс – гэта “захопліваць”, “душыць”, “навязваць”, “гвалціць”, “трымаць і не пушчаць”, “падзяляць”, “ціснуць”, “прымушаць”, “рваць”, “пацыфікаваць”, “зьністажаць”, “адбіраць”, “забараняць” і г.д.].

[З нагоды ўзьнятага аўтарам пытаньня пра тэмпы беларусізацыі, варта дадаць: у будучай Беларусі ўвядзеньне ўсіх нормаў, прынцыпаў, умоў, рысаў, нармалізуючых стан беларускага грамадства (УКЛЮЧАЮЧЫ БЕЛАРУСІЗАЦЫЮ), будзе адбывацца не “марудна” і ня “хутка”; такія крытэры ў апісаньні нармалізуючых падзей будуць адсутнічаць; беларусізацыя, дэмакрызацыя, прыватызацыя, культурызацыя, экалагізацыі і г.д. грамадства будзе адбывацца, зыходзячы з адзінага крытэру ЭФЕКТЫЎНАСЬЦІ (сін., ВЫНІКОВАСЬЦІ); г.зн., што дадзеныя падзеі будуць адбывацца ў адпаведнасьці з навукова пралічынымі,  АПТЫМАЛЬНЫМІ ТЭМПАМІ, МЕХАНІЗМАМІ й КІРУНКАМІ. Давайце лічыць гэтае палажэньне нашым чарговым дактрынальным прынцыпам (Д пр-п 22) – Рэд.].

Аднак натуральная палітыка падтрымкі слабейшай, тым больш сваёй роднай мовы, стварэння ёй “зялёнай вуліцы” на шляху да народа была недарэчна зразуметая пэўнымі слаямі насельніцтва як зашчамленне правоў рускай культуры, як мясцовы нацыяналізм [пра нейкія “правы рускай культуры і мовы” НА БЕЛАРУСКАЙ ЗЯМЛІ могуць думаць і заяўляць толькі класічныя імперыялісты ці канчаткова хворыя на расейскі імперыялізм асобы; сапраўднай прычынай чарговага імперскага нападу на Беларусь стала тое, што ў Крамлі ўбачылі, якімі шпаркімі тэмпамі, нават пры іх Кебічы, і, дарэчы,  БЕЗ АСАБЛІВЫХ ЭКСЦЭСАЎ у Беларусі адбываецца беларусізацыя; яны былі й зьдзіўленыя – столькі стагоддзяў вынішчалі ўсё беларускае, а тут такое… – і ўсур’ёз перапужаныя; расейская імпербюракратыя ўбачыла, што калі дазволіць беларусізацыі працягнуцца яшчэ гадоў 5-7, расейская паразіт-эліта можа поўнасьцю страціць кантроль над Беларусьсю з непрадказальнымі для яе наступствамі; і ўсе варыянты гэтых наступстваў на іх, канешне, паразітычнае разуменьне былі толькі негатыўныя. – Рэд.]. Майскі 1995 г. рэферэндум у рэспубліцы “паказаў”, што для большасці яе кіраўнічкоў і насельніцтва фармальнае (і, безумоўна, ФІКТЫЎНАЕ) раўнапраўе моваў аказалася даражэйшае за рэальнае вяртанне роднай духоўнасці, што яны не пажадалі так рэзка і хутка станавіцца беларусамі, калі для гэтага патрабавалася пэўная ахвяра на карысць беларускага голасу [так, у пэўнай ступені “рэферэндум” 1995 г. паказаў ляноту беларускага разбурана-амасаўлёнага грамадства, якое не жадала хоць трохі напружвацца, каб стаць людзьмі…; але гэта ўласьцівасьць любой масы!; галоўнае ж – ён упершыню з шакуючай відавочнасьцю паказаў для большасьці маладасьведчаных у палітычных справах патрыётаў, але палітыкаў-напаўаматараў, усю моц сучасных інфармацыйна-псіхалагічных тэхналогій, калі для іх рэалізацыі можна напоўніцу скарыстаць (ва ўсім аб’ёме і без малейшай канкурэнцыі ды маральных тармазоў) інфармацыйную прастору дзяржавы; падзеі 1995 года паказалі таксама вядомыя ўласьцівасьці мясцовай бюрактарыі, якая ў асноўным яшчэ засталася зь недалёкай савецкай мінуўшчыны і ўсяго за год “пастроілася” пад новага таталітарнага “правадыра”, абы ёй было добра (“нічога, раз у гаду пацярплю гэтага самадура – апушчу галаву, хай буду чырванець на тэлеэкранах па ўсёй Беларусі, галоўнае маўчаць, не сарвацца – затое цэлы год потым буду адрывацца па поўнай…”) – Рэд.]. Неабходнасці ў гэтай ахвяры да такой ступені, каб трохі ўскладніць сваё духоўнае жыццё, нашы суайчыннікі не адчулі, відавочна пераконваючы сябе і іншых, што можна быць і рускамоўнымі беларусамі ці што нікуды ад нас наша мова не дзенецца – няхай усюды гучыць у газетах, тэатрах, па тэлебачанні, але навошта такія рэзкія ператрусы ў нашым жыцці?

Будзем мужна называць рэчы сваімі імёнамі: беларускасць пакуль з’яўляецца чымсці чужым, несваім для вельмі значнай часткі беларусаў, і прызнанне беларускай мовы той жа большасцю сваёй роднай – хутчэй даніна нейкай унутранай годнасці, чым канстатацыя неабвержнага факту [такім чынам, нават такі аўтар, як Сяргей Кавалёў вымушаны канстантаваць, што БОЛЬШАСЬЦЬ БЕЛАРУСАЎ, нягледзячы на ўсе гістарычныя выпрабаваньні, якія выпалі на наш народ, працягваюць прызнаваць беларускую мову СВАЁЙ, РОДНАЙ з-за пачуцьця ўнутранай годнасьці, якое прысутнічае, зноў жа, у БОЛЬШАСЬЦІ БЕЛАРУСАЎ; а глыбіннай прычынай усяго гэтага – тут мы з аўтарам мусім не пагадзіцца – ёсьць тое, што беларускасьць для беларусаў зьяўляецца іх уласнай, сваёй (а не “чужой”) каштоўнасьцю – Рэд.].

АДРАДЖЭННЕ

Праблема пераўтварэнняў у рэспубліцы шчыльна звязана са знаходжаннем яе народам сваёй першароднай існасці, свайго непадробнага нацыянальнага аблічча як духоўнай асновы той жа асаблівасці і самастойнасці шляху Беларусі. Сярод суайчыннікаў ёсць адносна невялікі, але высакародны слой грамадзян, для якіх вяртанне беларускасці ў яе лепшым разуменні на сваё пачэснае месца ўяўляе асаблівы боль і вастрыню, можна сказаць, сэнс жыцця. У большасці сваёй гэта частка інтэлігенцыі, пераважна працаўнікі духоўнай сферы [і ўсё ж такі, інтэлігенцыя – хутчэй працаўнікі й прадстаўнікі інтэлектуальнай сферы… – Рэд.], блізкія да нацыянальных формаў культуры – мастацкая, навуковая, педагагічная інтэлігенцыя, працаўнікі сродкаў масавай інфармацыі, культурна-асветных устаноў, вучнёўская моладзь.

Іх праца – грамадская праява нашай агульнай выразнай ці напаўсвядомай неабходнасці ў самаідэнтыфікацыі. Нешта алагічнае трэба бычыць у тым, што чалавек часта з’яўляецца АБСТРАКТНЫМ ГРАМАДЗЯНІНАМ свайго краю, усяго толькі ўліковай яго адзінкай, а не паўнакроўнай кропляй, напоўненай усім мясцовым водарам [зноў, гэта відавочныя наступствы штучнага некрафілізуючага (па Э.Фрому) узьдзеяньня на грамадства соцыя-паразітычных сілаў. – Рэд.]. Адраджэнцы заклікаюць усіх нас больш канкрэтна вызначыцца не толькі наконт пятай графы ў пашпарце [бюракраты-некрафілізатары, лоўка выкарыстаўшы “сусьветную” псеўда-ліберальную каньюнктуру, зьнішчылі й гэты элемент арганізаванага, структуравага, а значыць і жывога, самастойна-суб’ектнага грамадства. – Рэд.], але і ў  дачыненьні да сваёй мовы, веры, традыцый, культуры, маралі, прыхільнасцяў сэрца: на чыім мы баку – сваёй роднай беларускай культуры ці масавага мяшчанскага яе сурагату? [! – Рэд.]

[З нагоды ўзьнятага аўтарам пытаньня пра беларускага грамадзяніна і грамадства.
БЕЛАРУСКАЕ ГРАМАДСТВА ёсьць РЭАЛЬНАЙ, а не абстрактнай катэгорыяй. Беларускае грамадства – гэта СІСТЭМА грамадзян Беларусі, аб’яднаных вакол свайго ядра, якім зьяўляецца беларускі народ, аб’яднаная ўнутранымі сувязямі, як клеткі ў целе чалавека, а ня вонкавымі межамі, як ікра рыбы ў дубовай бочцы. (Дарэчы, такі аб’ект нашай рэчаіснасьці, як “сістэма”, адрозьніваецца ад такаго аб’екту, як “сукупнасць, сума” тым, што кампаненты-элементы сістэмы заўсёды зьвязаны паміж сабой узаемапрыцягальнымі, станоўчымі сувязямі, якія і ўтвараюць цэласнасьць больш высокага ўзроўню (г.зн. сістэму), чым асобна ўзятыя яе кампаненты-элементы; пры аб’яднаньні асобных аб’ектаў у сістэму ў апошняй узьнікаюць новыя ўласьцівасьці, істотна больш высокага парадку – г.зн. функцыі, магчымасьці, якія да таго ў асобных аб’ектаў былі толькі ў патэнцыяле; адсюль узьнікае істотная карысьць да таго асобным элементам аб’яднацца ў цэласную сістэму). Такім чынам, беларускае грамадства – гэта рэчаіснасьць, якая можа існаваць толькі дзякуючы гэтаму свайму ядру – народу. Адсюль пытаньне існаваньня альбо неіснаваньня беларускага грамадства ёсьць пытаньнем існаваньня альбо неіснаваньня БЕЛАРУСКАГА НАРОДУ. Кожны, хто імкнецца гаварыць пра беларускае грамадства, абыходзячы праблему беларускага народу, на справе ці падсьвядомасна, ці хлусьліва “клапоціцца” не пра наша грамадства, а пра тое, каб зьнішчыць ці яго самога, ці забіць у ім уласьцівасьць яго рэальнасьці. У сваю чаргу беларускі народ – гэта таксама сістэма грамадзян і неградзян Беларусі, якія ЛІЧАЦЬ СЯБЕ БЕЛАРУСАМІ і Ў ЯКІХ, ХАЦЯ Б АДЗІН З БАЦЬКОЎ – БЕЛАРУС. Аб’яднаньне беларусаў у сістэму больш высокага ўзроўню – беларускі народ (і,  такім чынам, выкананьне ім функцыі ядра беларускага грамадства) адбываецца за кошт усёй сукупнасьці АГУЛЬНАНАЦЫЯНАЛЬНЫХ КАШТОЎНАСЬЦЯЎ, да якіх належаць БЕЛАРУСКАЯ МОВА, КУЛЬТУРА, ГІСТОРЫЯ, НАЦЫЯНАЛЬНЫЯ СІМВАЛЫ; СЬВЕТАГЛЯД й ІНШЫЯ КАШТОЎНЫЯ АСАБЛІВАСЬЦІ БЕЛАРУСКАЙ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ПСІХАЛОГІІ; ЭТНІЧНАЯ ТЭРЫТОРЫЯ І НЕЗАЛЕЖНАЯ, САМАСТОЙНАЯ БЕЛАРУСКАЯ ДЗЯРЖАВА, ПАБУДАВАНАЯ Ў ЯЕ МЕЖАХ; АБ’ЕКТЫЎНЫЯ НАЦЫЯНАЛЬНЫЯ ІНТАРЭСЫ, СКІРАВАНЫЯ Ў НЕАБМЕЖАВАНУЮ БУДУЧЫНЮ; іншае. Зыходзячы з усяго прадстаўленага, літаральна з матэматычнай дакладнасьцю відавочна, што захаваньне беларускага народу, выкананьне ім функцыі ядра беларускага грамадства і, такім чынам, захаваньне персьпектывы прагрэсіўнага разьвіцьця самога беларускага грамадства магчыма толькі тады, калі ў беларускай дзяржаве будзе культывавацца атмасьфера стаўленьня да ўсёй сістэмы агульнанацыянальных каштоўнасьцяў, як да СЬВЯТЫХ КАШТОЎНАСЬЦЯЎ усяго беларускага грамадства і кожнага асобнага грамадзяніна Беларусі.
Давайце лічыць дадзенае палажэньне нашым дактрынальным прынцыпам (Д пр-п 23)].

Асаблівасцю нашай сітуацыі з’яўляецца тое, што гэтая вострая заклапочанасць скрозь не ўспрымаецца як прадмет для сур’ёзнай размовы [аўтар не разумее, што гэта штучна так зроблена – так “рэарганізавана” беларуская інфармацыйная прастора – каб адэкватнае, нармальнае, паважнае стаўленьне ДА ЎСЯГО СВАЙГО “не ўспрымалася прадметам для сур’ёзнай размовы” – Рэд.]. Для значнай часткі нацыі слова “адраджэнне” не напоўнена свяшчэнным сэнсам, але хутчэй з’яўляецца даважкам, другасным дапаўненнем да мэты аднаўлення эканомікі, а многія з радасцю ажыццявілі б яе і пад любым іншым сцягам. Сярод агульнага сучаснага крызісу духоўнасці нацыянальныя каштоўнасці ў нас у самым горшым становішчы, і ў гэтым нічога дзіўнага няма: папярэднія антыбеларускія стагоддзі зрабілі сваю справу [зноў тое самае, “стагоддзі” ня могуць рабіць ніякай справы; любую справу робяць людзі, групы людзей, а чорныя справы робяць, як правіла, цэлыя арганізаваныя зграі ДРАПЕЖНА-ПАРАЗІТЫЧНЫХ ЧАЛАВЕКАПАДОБНЫХ ІСТОТАЎ – Рэд.]. Яны стварылі бездань паміж гарачымі адэптамі беларушчыны і астатнім народам – сельскай абыякавасцю, гарадской мітуснёю, рускай славянскай ваяўнічасцю, савецкім “інтэрнацыяналізмам” [аўтар зноў кантэкстна паказвае ўніверсальны элемент тэхналогіі ўсіх сацыяльных паразітаў, якія рыхтуюцца апанаваць грамадства – “падзяляй і уладар”, а таксама называе асноўныя ідэалагемы й прапагандэмы, карысныя паразітам, і навязаныя імі беларускаму грамадству; але чаму ён весь час імкнецца “зкінуць цень” з гэтых паразітаў то на “стагоддзі”, то на “ўмовы”, то на “падзеі-працэсы” і г.д.? падсьвядомасна жадае схаваць іх злачынствы? баіцца называць рэчы сваімі імёнамі?.. – Рэд.].

Тым не менш гэтак званы “нацыянальны” дух, магутная беларуская хваля ў канцы ХХ стагоддзя не з’яўляецца тым, ад чаго можна з лёгкасцю адмахнуцца рукой. Гэтая сіла мае бліскучы кадравы патэныял, яна моцна арганізаваная, карыстаецца пэўнай падтрымкай дзяржаўных структур – ад гэтых важных заваёваў нельга павярнуць назад [аказваецца, можна; трэба толькі “ўкласьці” шмат мільярдаў даляраў (!) – і ўсё атрымаецца, у Беларусі зноў настане “чорная ноч” – Рэд.]. Беларускі дух паступова авалодвае больш свядомымі і таленавітымі слаямі насельніцтва, на якія вялікае ўздзеянне аказвае чыстая сакавітая родная мова ў дасканалым вусным і пісьмовым яе выкананні, неперадавальна прыгожая беларуская песня, аўтарытэт якой ніколі не апускаўся ніжэй адзнакі шчырага захаплення, хвалюючая праўда аб выдатных гістарычных дзеячах Бацькаўшчыны, лепшыя дасягненні нашага сапраўды нацыянальнага мастацтва. Беларускасць запаўняе нашы розумы найперш творамі сваіх лепшых, прызнаных талентаў. І пакуль яны ёсць – у асобах В.Быкава, Р.Барадуліна, А.Дударава, Г.Вашчанкі, А.Марачкіна, С.Станюты, В.Елізар’ева і многіх іншых, – справу беларускага Адраджэння нельга назваць пустым гукам [нічога падобнага, усю беларускую інфармацыйную прастору пры “добрым прэзідэнце” можна, як паказвае практыка, татальна заваліць-загадзіць рускамойнай папсой, замаўчаць знакамітыя постаці й іхныя дасягненьні, і тады пытаньне беларускай мовы, песьні, гісторыі, культуры, аўтарытэтаў і г.д. “элементарна вырашаеца”; усе нацыянальныя дасягненьні й каштоўнасьці можна элементарна пераўтварыць у “пусты гук” у поўную АДСУТНАСЬЦЬ… – Рэд.].

Нельга, аднак, гаварыць аб перамозе беларускай самасвядомасці ў амаль рускамоўнай краіне. І час не памочнік у справе, калі для яе не створаны нармальныя ўмовы, калі няма па-сапраўднаму добрай волі для вяртання беларускасці, калі ёсць замест яе нешта накшталт езуіцкай тактыкі – гаварыць адно, а рабіць зусім іншае. Нашы вядомыя зігзагі  ў культурнай палітыцы [гэта НЕ нашыя зігзагі!!! – Рэд.] могуць мець вынікам тое ж доўгае рэчышча памяркоўнага суіснавання руска-савецкай існасці і беларускай музейна-дэкарацыйнай РЭЗЕРВАЦЫІ.

Як важна тут мець разуменне і дапамогу на ўзроўні нашай улады! Чаго б быў варты адзін толькі знешні прыклад дзяржаўных кіраўнікоў рэспублікі, беларуская мова ў іх вуснах! [менавіта для таго, каб ня даць узьняцца, аб’яднацца і арганізавацца беларускаму народу, сярод сучасных кіраўнікоў няма такіх, “у вуснах якіх” была б беларуская мова; такім людзям – з правільнымі, прыгожымі вуснамі – шлях ва ўладу цяпер СЬВЯДОМА заказаны! – Рэд.]. Пытанне гэтае ўяўляецца прыцыповым – на якой мове гаворыць са сваім народам яго дзяржаўны лідар, яго правадыр [вось, здаецца, і прааналізаваў бы аўтар гэтае пытаньне: чаму “правадыр” А.Лукашэнка, у якога аўтар нібы-та ўлюбёны, НЕ гаворыць з народам на мове народа?! Якія б цікавыя вынікі ад спробы прааналізаваць і вырашыць гэтую вельмі надзённую і, здавалася б, абсалютна элементарную задачку менавіта ў дадзенага аўтара маглі б атрымацца… – Рэд.].

ЧАРНОБЫЛЬ

Сёння нас, беларусаў, немагчыма ўявіць асобна ад гэтай назвы. Не ўсе, аказваецца, выпрабаванні прайшлі мы ў гэтым трагічным дваццатым стагоддзі – яно падрыхтавала напаследак яшчэ адно з самых страшэнных і каварных [у параўнаньні з выпрабаваньнем расейскім імперыялізмам, усе іншыя “страшэнныя і каварныя выпрабаваньні” стаяць у другім радзе. – Рэд.]. І тым самым яшчэ раз прыгадала вялікі кошт самага, здаецца, звычайнага – спакойнага нескажонага жыцця.

Нават прырода выбрала выпадак узнагародзіць нас у нашым лёсе сапраўды езуіцкім каварствам. Вось яна – бліскучая і прыгожая, шчодрая і духмяная. Але сцеражыцеся яе: вакол усюды стрэлы смерці, якія пранізваюць цябе з усіх бакоў [зноўку класічнае “скідваньне ценю”; пры чым тут “прырода”? у чарнобыльскай катастрофе ва ўсім віна чалавека, а яшчэ дакладней, канкрэтнай групы людзей, якія праектавалі такія АЭС і так “катастрафічна” эксплуатавалі канкрэтную ЧАЭС… – Рэд.]. Якія могуць быць пачуцці ў жыхароў гэтай ласкавай апраметнай? Аб іх гаворыцца ў С.Алексіевіч: “Людзі менш усміхаюцца, не спяваюць, як раней спявалі на святы. Не толькі краявід змяняецца, калі замест палёў зноў узнімаюцца лясы, хмызнякі, але і нацыянальны характар. Ва ўсіх дэпрэсія… пачуццё асуджанасці. Чарнобыль – метафара. Сімвал. І наш побыт, склад мыслення…”

Красавік 1986 нахлынуў зноў на нас [цяпер ужо “красавік” вінаваты, зноў не канкрэтныя людзі-злачынцы… – Рэд.] хваляй знакамітай беларускай ахвярнасці, асуджанасці перад вечнай бядой, адабранай для нашага краю дзесьці на небе. Яна была вынаходліва разнастайная ў сваім доўгім пачварным абліччы: генацыд войнаў, праклён бязмоўя, абцугі жабрацтва, вар’яцтва «антынацдэмаўшчыны», летаргія беспамяцтва, нарэшце, гэты чарнобыльскі сюррэалізм. За што яно ўсё беларусам, за якія грахі? [пакуль мы – беларусы – не зьбярэмся разам, ні арганізуемся, не надаем па пысе аднаму-другому засранцу, які «на небе» «вечна адбірае і насылае гора на наш край», да той пары, сапраўды, розныя беды і далей рэгулярна будуць прыходзіць у наш беларускі дом… – Рэд.]

Пачаўшыся з жорсткага «знака бяды», перабудова з самага пачатку набыла ў рэспубліцы трывожную духоўную афарбоўку, быццам прадбачачы ўсе далейшыя тут няшчасці [аўтар сам распавядаў пра адну з галоўных прычынаў гэтага: Беларусь як аазіс-адстойнік для ўсялякіх адстаўнікоў – Рэд.]. Вялікай кроўю абыходзілася нам наша свабода, галоснасць, Адраджэньне – усе яны нагадвалі баляванне сярод чумы [ну, як можна пра гэта пісаць, не называючы прычын такога “баляваньня сярод чумы”? – Рэд.]. Нацыя зноў апынулася пад пагрозай гібелі. Яна б і гэта, напэўна, сцярпела ў застойны час хлусні і маўчання (маўчала ж з 1986 па 1988!), але прыйшоў перыяд праўды, яго мужных і моцных людзей. Народ паступова пазнаваў сваіх “герояў” –  замоўчвальнікаў і лгуноў, асэнсоўваў маштабы таго злачыннага эксперыменту, які рабілі з ім. Тыя, каму была агідная беларуская санлівасць, уздымаліся на барацьбу, разварушваючы і астатніх. Грымỳчы беларускі звон і зараз, цераз 13 гадоў пасля катастрофы, агалошвае мінскія вуліцы непакоем і трывогай.

***

Само геапалітычнае становішча беларусаў адмаўляла іх адназначную пэўнасць і дакладны сэнс знешняга аблічча [цяпер ужо “геапалітычнае становішча” вінаватае… – Рэд.]. Мяжа паміж двума светамі праходзіла праз іх зямлю, і яна ж пакідала ў іх розумах псіхалогію размытай дваістасці і прамежкавага вагання [а цяпер, “мяжа”… – Рэд.]. Ідэалам нашых суайчыннікаў была сярэдзіна [“залатая сярэдзіна” ёсьць амаль процілегласьцю “дваістасьці”, “мяжы”, “ваганьню” – Рэд.], унія, сінтэз іншы раз вельмі супярэчлівых элементаў. Яны, беларусы [чаму ня “мы, беларусы”? – Рэд.], і сёння – на мяжы, якая мае, аднак, хутчэй унутраны характар, не даючы ніяк прывесці грамадства да адной роўнасьці [“мяжа” тут ні пры чым – Рэд.]. Яны не чыесьці, не на нейчым баку, але, як ніхто іншы, паміж – сацыялізмам і капіталізмам, дэмакратыяй і дыктатурай, кабалой і суверэнітэтам, бяспамяцтвам і Адраджэннем. Але “паміж” – гэта няўстойлівая катэгорыя, бо яна, як правіла, мае і другі сэнс – “напярэдадні”!

Мы завяршаем гэтай абнадзейлівай трактоўкай, якая вельмі адпавядае СЛЫННАМУ БЕЛАРУСКАМУ АПТЫМІЗМУ [і гэта словы сапраўды самаго аўтара. – Рэд.].

Літаратура: 
1. Астапенка А. Талерантнасць беларусаў: міф ці рэальнасць // Маладосць. – 1994. – N 1.
2. Дубянецкі Э. Унікальны менталітэт беларусаў //  Беларуская думка. – 1994. –  N 12.
3. Зам А. Белорусы: опыт самоидентификации // Неман. – 1995. –  N 5.
4. Землякоў Л. На пераломе. Рэлігія ў сучасным беларускім грамадстве // Полымя.– 1996.–  N 11.
5. Казанцев А. Объединитель. Три дня в Беларуси, или Портрет героя на фоне схватки // Беларуская думка. – 1996. –  N 8.
6. Козляков В. Идеи социализма и белоруское национальное Возрождение // Беларуская думка. – 1996. –  N 2.
7. Конан У. Беларуская ідэя і місія Беларусі // Беларуская думка. – 1992. –  N 11-12.
8. Конон В. О белорусской идее  // Неман. – 1993. –  N 3.
9. Кулікоўскі І. Пранікаючы ў “таямніцы душы беларуса” //  Настаўніцкая газета. – 1997. – 2 ліпеня.
10. Мельнікаў А. Характар і менталітэт беларусаў  // Беларуская думка. – 1997. –  N 7
11. Фурман Д., Буховец О. Парадоксы белорусского самосознания // Дружба народов. – 1996. – N 6.
12. Чарота И. Онекоторых особенностях характера и мироотражения белорусов. // Неман. – 1996. –  N 9.

Ад рэдакцыі:
– па-пераше, мы параіліся і вырашылі, што ўсе асаблівасьці аўтарскага стылю – будзем лічыць, што гэта ўсё ж такі стыль – абумоўлены тым, што менталітэт аўтара не адпавядае 2-му пункту нашай дактрыны (беларуская эліта ў цэлым і кожны яе прадстаўнік павінны быць СУБ’ЕКТНЫМІ). Аб’ектнасьць менталітэту аўтара не дазваляе «выйсьці за тыя сьцяжкі», якія ён сам сабе выставіў у сваім сьветаглядзе, як раз і абумоўліваючы тым самым павярхоўна-фенаменалыгічны, а не глыбінна-зьмястоўны аўтарскі стыль. Затое, з фармальных пазіцый, такі прыгожы…;
– па-другое, мы дуем што знайшлі, калі ня новы рэдактарскі стыль, дык па крайней меры выніковы для такіх, як гэтая, амбівалентных сітуацый…

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы