Аляксей Шырапаеў (паводле сайта http://www.nazlobu.ru)
(+ НАШ КАМЕНТАР. Віталь Хромаў, Алесь Астроўскі)
«Сёньня часта чуеш пра нейкі «рускі фашызм». Сказаць па праўдзе, я ня ведаю, што гэта такое. Калі ўжо і казаць сёньня пра нейкі фашызм, дык пра фашызм расіянскі, які таксама можна называць ПУЦІНІЗМАМ.
На самай справе так. Рэжым, які існуе ў Расеі, усё больш набывае злавесныя фашыстоўскія рысы.
Напрыклад:
– гіперцэнтралізацыя ўлады, прычым да такой ступені, што на яе фоне апошні расейскі імператар выглядае проста ўбога;
– згортваньне дэмакратычных свабодаў, адкрытае прафанаваньне дэмакратычных працэдур і перш за ўсё выбараў усіх узроўняў; яўнае імкненьне насадзіць аднапартыйную сістэму, якая будзе закамуфлявана пад дзьвюхпартыйную, і пры гэтым – поўная адсутнасьць магчымасьці для ўзьнікненьня партый «зьнізу»;
– няўхільны рост ролі дзяржавы [дзяржаўнай улады – Рэд.] на фоне новага “імперскага стылю”; рост культу дзяржавы, які ўвогуле характэрны для фашызма; узмацняецца зьмярцьвелая ўнітарнасьць дзяржавы [крамлёўскай улады – Рэд.], якая ўсё больш абмяжоўвае самастойнасьць рэгіёнаў;
– перадача ўлады ў спадчыну, якая зьдзяйсьняецца ў вузкім элітным коле (у грамадскай сьвядомасьці, у СМІ, у «карыдорах улады» ўжо трывала замацавалася паняцьце «пераемнік», якое чытаецца як «спадкаемец»); у наяўнасьці своеасаблівы ЧЫНОЎНА-АЛІГАРХІЧНЫ ПРАВАДЫРЫЗМ, у персьпектыве, верагодна – пажыцьцёвы;
– існаваньне масавай прарэжымнай моладзевай арганізацыі («Наши»), якая паклікана забясьпечыць сістэме бесперабойную пастаўку паслухмяных функцыянераў.
Акрамя таго, бачна яўная знакавасьць у плане сімвалаў, слоганаў, назваў і г.д. Скажам, назва «Единая Россия» ўтрымлівае ў сабе асноўны фашыстоўскі архетып адзінства, згуртаванасьці, які быў у свой час выяўлены ў вядомым сімвале фашыны. Нарэшце, у Дзень Расеі, 12 чэрвеня, на сьценах дамоў можна бачыць глянцавыя плакаты з лозунгам “СЛАВА РОССИИ!” Як вядома, гэта быў афіцыйны дэвіз Усерасейскай фашыстоўскай партыі К.Радзаеўскага, якая актыўна дзейнічала ў 1930-я гады ў Манчжурыі.
Калісьці, у эпоху позьняга ельцынізму, мой сябра Вадзім Штэпа сказаў мне, што дэвіз Радзаеўскага “Бог, нацыя, праца” хутка стане праграмным лозунгам Крамля. Ну, зараз жа яго ўжо зусім ня дзіўна было б убачыць на расцяжках упоперак вуліц!
“Бог”?
Цяпер, калі ласка, бацюшкі РПЦ мільгаюць у кожнай школе, у кожным офісе. Без іконак не засталося ў Расеі ні аднаго аўтамабіля, ні адной кватэры, ні аднаго працоўнага стала. Вось нядаўна на дзень ВДВ прайшоў малебен на Чырвонай плошчы, а Ільля Прарок аб’яўлены нябесным заступнікам дзесантнікаў. Чым не дзяржаўная рэлігія? Пра што яшчэ марыць праваслаўным патрыётам-дзяржаўнікам? Аб цары? Так цалкам верагодна, будзе і цар, а чарговы пуцін будзе пры ім кімсьці накшталт дуча. Дакладней, цар будзе пры Пуціне.
«Нацыя»?
Зноў жа, калі ласка: ідуць пастаянныя размовы пра «нацыянальныя інтарэсы», «нацыянальныя праграмы», «нацыянальныя праекты», нарэшце, пра «нацыю» як такую. Дарэчы, паняцьце «нацыя» ў Пуціна нічым не адрозьніваецца ад паняцьця «нацыя» ў Радзаеўскага, які таксама шмат казаў і пісаў пра «шматнародную расійскую нацыю» – карацей, пра «расеянаў».
Ну і, нарэшце, «праца».
Тут і даводзіць няма чаго – паўсюль насаджаецца быдлаваты трудагалізм зь яго няхітрай формулай «Добра працуеш – добра жывеш» [у аўтара ўсё дакладна так – Рэд.]. Увогуле, чаго рэжым несумніўна дабіўся, дык гэта ўсеагульнага шалёнага «ўкалываньня», якое не пакідае часу на сапраўднае жыцьцё [у аўтара ўсё дакладна так; ён нават не здагадваецца, што адзін з галоўных жыцьцёвых сэнсаў знаходзіцца ў стваральнай працы, праўда, правільна скіраванай – Рэд.].
Ёсьць і карпаратыўнасьць, якая кьвітнее ў фашыстоўскіх рэжымах.
Роля ў жыцьці дзяржавы такіх карпарацыяў як «Газпрам», «Роснафта» цяжка пераацаніць. Разьвіваючы тэзу пра Расею, як «энэргетычную звышдзяржаву» [на самай справе, піараўскі тэза гучыць так: “энэргетычная імперыя”; дзе галоўнае – гэта “імперыя”, ды яшчэ “энэргічная” – Рэд.], можна сказаць, што ў краіне на пэўны час зацьвердзіўся нафта-газавы фашызм.
На гэтым фоне РУСКІ НАЦЫЯНАЛЬНЫ СУПРАЦІЎ, які РЭЖЫМ АБ’ЯЎЛЯЕ «ФАШЫСТОЎСКІМ», на самай справе ўяўляе вызвольны, дэмакратычны і, калі заўгодна, антыфашыстоўскі дыскурс [супраціў – ня дыскурс. – Рэд.]. Паколькі выступае ў сапраўднасьці за элементарнае біялагічнае выжываньне рускіх, якія выміраюць [настала й іх чарга; калі выміралі іншыя, ім было напляваць – яны былі “вялікай нацыяй” – Рэд.], за іх элементарныя, а не якія-небудзь асаблівыя, выключныя правы. Выступае не за панаваньне рускіх, а супраць дзяржаўнай палітыкі дыскрымінацыі рускіх у Расеі [хутка наша рэдакцыя пачне разбірацца, як на самай справе рускія нацыяналісты-шавіністы выступаюць “НЕ ЗА панаваньне рускіх” – Рэд.].
Ці можна, скажам, рух за прывы паўночнаамерыканскіх індэйцаў называць фашыстоўскім? Хаця ў іх там і свастыкі ў ходзе (напрыклад, у рытуалах індэйцаў Наваха). Вось прыкладана тая ж сітуацыя і ў нас, толькі ў Расеі «індэйцы» складаюць больш 80% насельніцтва [па-першнае, параўнаньне неадэкватнае, таму што індэйцаў у ЗША засталася зьнікомая меншасьць; а, па-даругое, чаму ж, не; вы ж не былі супраць, калі беларускіх патрыётаў, якія ў Беларусі змагаліся за адраджэньне беларускага народу пасьля двух стагоддзяў расейскага імперскага этнацыду, называлі “фашыстамі”; вы гэта нават віталі; вось цяпер і вы сталі фашыстамі… – Рэд.].
Таму «рускі фашызм» – гэта брудны ярлык [гэта не “брудны ярлык”; рускі фашызм – гэта будучыня г.зв.Расеі, чарговы этап яе імперскай рэінкарнацыі – Рэд.], які фашыстоўская сістэма спрабуе наляпіць на рух за правы рускіх.
Прычым трэба адзначыць, што і метады барацьбы рэжыма з г.зв. «рускім фашызмам» становяцца ўсё больш фашыстоўскімі. Так, чутны заклікі адмяніць суды прысяжных па справах аб «ксенафобіі» й «распальваньні» [цяпер у Расеі шэраг судовых працэсаў (калі ня ўсе) з удзелам прысяжных засядацеляў па справах, зьвязаных з “распальваньнем міжнацыянальнай варожасьці”, былі правалены; абвінавачваемыя злачынцы былі апраўданы – Рэд.]. Г.зн. ставіцца пытаньне пра асаблівую, надзвычайную судавытворчасьць, неймаверную ў дэмакратычнай дзяржаве. А нядаўні выбух у рэдакцыі «Русского Вестника» ўвогуле нагадаў пра лацінаамерыканскія «эскадроны сьмерці» [навошта ісьці так далёка, вы, сп-р Шарапаеў, на цяперашнюю Беларусь паглядзіце – Рэд.].
На мой погляд, карціна вычарпальная…»
Каментар рэдакцыі:
Чым знакаміты гэты, на першы погляд невялікі й даволі бляклы артыкул з часьцяком прыцягнутымі за вушы аргументамі?
Па-першае, ён дазваляе сьцьвярджаць (зыходзячы з пазіцыі аўтара), што ў нас у Беларусі таксама фашызм. Але, зьвярніце ўвагу, ні пра лукашызм, ні пра, напрыклад, ніязаўскі фашызм – у аўтара не знайшлося ні слова… Гэта характэрна для так званых «рускіх нацыяналістаў». У свой час мы пакажам, што яны не нацыяналісты, а тыповыя рускія шавіністы, якія маюць ўсе падставы пераўтварыцца ў класічных фашыстаў.
Па-другое, артыкул паказвае, што ў сучаснай сусьветнай інфармацыйнай прасторы (у тым ліку і ў расейскай) зьявіліся дзьве інтэрпрэтацыі такой зьявы, як фашызм, якія разьвіліся зь некалі адзінага разуменьня яго класічнай формы (такой, напрыклад, як нямецкі нацыянал-сацыялізм 1933-45 гг). У адпаведнасьці зь першай інтэрпрэтацыяй, фашызм – гэта тое, што ўзьнікае ў канцы наступнага шляху разьвіцьця грамадска-палітычнага працэса: нацыяналізм – эгаістычны нацыяналізм – шавінізм – фашызм-нацызм. Гэты шлях мае істотна іншы кірунак ад таго, што павінна быць пры нармальным прагрэсіўным разьвіцьці: нацыяналізм – універсальны нацыяналізм – практычны гуманізм. Апошні працэс скіраваны ўвех. У адпаведнасьці з другой інтэрпрэтацыяй, фашызм – гэта стан грамадства і ўлады, які характарызуецца наяўнасьцю правадыра-фюрэра; моцнай, цэнтралізаванай і абагаўляемай дзяржаўнай ўладай; адзінай ідэалогіяй, замкнёнай на каштоўнасьці ўсё той жа ўлады і яе бюракратыі; аднапартыйнай сістэмай (фактычнай ці юрыдычна замацаванай); наяўнасьцю моладзевай арганізацыі, дзе выхоўваюцца і гартуюцца кадры для будучай бюракратыйнай сістэмы; таталітарызмам ў важнейшых грамадскіх сьферах – ідэалагічнай, палітычнай, інфармацыйна-прапагандысцкай (СМІ), часта, эканамічнай. У Нямеччыне ў названыя вышэй гады ўсе пералічаныя рысы былі непарыўна зьвязаны. Цяпер, як бачым, сітуацыя з прымяненьнем паняцьця «фашызм» ускладнілася з-за таго, што розныя палітычныя сілы пачалі па-свойму інтэрпрэтаваць і прапагандаваць розныя наборы яго класічных рыс.
Артыкул Шарапаева правакуе магчымасьць абмеркаваць гэтую сітуацыю на фоне Расеі і спробу адказаць на пытаньне: хто ж цяпер у расейскай імперыі на самай справе фашыст.
Калі сачыць за крытыкамі Пуціна і тых сілаў, якія ён прадстаўляе, можна ўбачыць, што тэндэнцыі называць сучасную расіянскую ўладу «фашыстоўскай», праглядаюцца найчасьцей у тых, хто ў сваіх планах адносна будучыні пасьляельцынскай Расеі прытрымліваўся псеўда-ліберальных поглядаў. Гэта можна зразумець, бо Пуцін ня даў стварыць з Расеі чыста псеўда-ліберальную, фінансавую імперыю з прасіянісцкім ухілам (цяпер група Пуціна пераўтварае Расею з ранейшай чыста тэрытарыяльнай імперыі, дзе галоўную ролю заўсёды адыгрывала вайсковая сіла, у камбінаваны варыянт ТЭРЫТАРЫЯЛЬНА-ФІНАНСАВАЙ ІМПЕРЫІ, дзе ў дадатак да сілавога ціску на каланіяльныя тэрыторыі вялікае значэньне набываюць механізмы фінансава-эканамічнага падаўленьня залежных народаў). Спачатку і ў дадзеным выпадку складалася ўражаньне, што аўтар абзывае «фашызмам» уладу групы Пуціна, зыходзячы з ліберальных поглядаў. Калі ж пачынаецца гаворка пра «прыгнечаны рускі народ» становіцца зразумелым, што ён прытрымліваецца нацыяналістычных поглядаў і крытыкуе «пуцінізм» як рускі шавініст. У сваю чаргу з кантэкста артыкула мы можам уявіць, што так ён робіць з-за таго, што ад прадстаўнікоў улады ў свой адрас і ў адрас людзей, блізкіх яму па поглядах, ня раз атрымліваў «фашыстоўскі ярлык».
Вось і атрымліваецца, што псеўда-лібералы і рускія нацыяналісты называюць уладу Пуціна фашыстоўскай (дакладней, нацыяналісты – «расіянскім фашызмам»), і гэтым жа тэрмінам (а, дакладней, «рускім фашызмам») бюракратыя расейскай імперыі й псеўда-лібералы называюць ідэалогію і практыку рускіх шавіністаў.
Станавіцца на той ці іншы бок ў дадзенай спрэчцы (у сэнсе – хто правы) мы ня будзем. І з-за таго, што выкарыстаньне тэрміну «фашызм» для характарыстыкі расейскай рэчаіснасьці ўсё яшчэ зьяўляецца збольшага прапагандысцкім, і з-за таго, што нас цікавяць ня столькі тэрміны, колькі канкрэтныя грамадска-палітычныя з’явы, і з-за таго, што мы не жадаем удзельнічаць у прапагандысцкіх баталіях на баку ніводнай з пералічаных груп. Усе яны ва ўмовах імперскай Расеі (!) ёсьць зграямі сацыяльных паразітаў, аб’яднаных вакол той ці іншай сістэмы асабістых каштоўнасьцяў… Адзінае, на што мы хацелі б зьвярнуць увагу – гэта тое, што калі мы раней прадказвалі фашыстоўскую будучыню Расеі, мы мелі на ўвазу фашызм, які разьвіваецца на аснове рускага шавінізму ў адказ на ўсе нацыянальныя і сацыяльныя несправядлівасьці ельцынскай «прыватызацыі».
Значна больш важкае, для чаго патрэбны выстаўлены артыкул, заключаецца ў тым, што ён дазваляе назваць асноўныя палітычныя сілы сёньняшняй Расеі й на падставе гэтага прадказаць варыянты яе магчымай бліжэйшай будучыні (гл. малюнак).
Малюнак. Сьхематычна паказаны асноўныя сацыяльныя групы, якія цягнуць расейскае грамадства ў той ці іншы бок (на сьхему мы глядзім нібы зьверху; на ўстаўцы справа ўверсе тая ж сьхема паказана збоку, кірунак прагрэсіўнага разьвіцьця тут прадэманстраваны зялёнай стрэлкай, накіраванай уверх). Сьветла-зялёным колам паказаны гіпатэтычны ідэальны стан грамадства (умоўна, найбольш цывілізаваная, зьмястоўная дэмакратыя), які мог бы быць, калі б інтарэсы ўсіх стваральных сацыяльных груп (а сюды ўваходзяць і бізнесоўцы, і дзяржаўныя служачыя) былі ў ім гарманічна ўладкаваны. Толькі ад гэтага становішча расейскае грамадства можа разьвівацца ўверх – у кірунку далейшага падвышэньня ўзроўню прагрэсіўнай гуманістычнай арганізаванасьці. Але гэтага няма. Розныя сілы навязваюць «дарагім расіянам» свае сістэмы каштоўнасьцяў – тыя, што выгадны ім, цягнучы грамадства ў свой бок (тоўстыя аднаканцовыя стрэлкі). Гэта выклікае самыя розныя грамадскія дэфармацыі. Так, прадстаўнікі бюракратыі (сімвалічна пазначаны брудна-зялёным колерам), якія заселі на ўсіх дзяржаўных пасадах, навязваюць грамадству «каштоўнасьці» таталітарнай дзяржавы; фінансавая алігархія (пазначана сінім) – «каштоўнасьці» псеўда-лібералізму; рускія шавіністы (карычневы) – эгаістычнага нацыяналізму–шавінізму; бюракратыя, гатовая выкарыстаць інтарэсы людзей наёмнай працы (чырвонае кола), разьлічвае на дапамогу лева-сацыянальнай дэмагогіі (напрыклад, камунізм-бальшавізм); клерыкалы РПЦ (цёмна шэры колер) – на рэлігійную ідэалогію і практыку. Тонкія двуканцовыя стрэлкі паказваюць на сьхеме ўзаемныя супярэчнасьці паміж асноўнымі «элітарнымі» групамі расейскага грамадства.
Зь пералічаных сіл галоўнымі – найбольш моцнымі й актыўнымі – у сёньняшняй Расеі зьяўляюцца тры:
– сучасная РАСЕЙСКАЯ ІМПЕРБЮРАКРАТЫЯ, якая навязвае краіне практыку істотна касмапалітызаванай і адначасова жорстка цэнтралізаванай ўнітарна-таталітарнай дзяржавы (дадзеная група зьяўляецца найменш ідэалагізаванай); яна складаецца з людзей, якія выкарыстоўваюць свае пасады ў асноўным для забесьпячэньня асабістых меркантыльных інтарэсаў, для чаго ім дзяржаўная ўлада і патрэбна;
– ФІНАНСАВАЯ АЛІГАРХІЯ, якая зьявілася пасьля перыяду ельцынскай прыхватызацыі; дадзеная група цягне Расею ў бок псеўда-ліберальнай ідэалогіі й стылю жыцьця; яна прапагандуе ў грамадстве індывідуальныя «свабоды і правы чалавека» і разбурае мараль; гэта робіцца для таго, каб анатамаваць ды таксама касмапалітызаваць грамадства, і тым самым забясьпечыць сабе лягчэйшае паразітаваньне, выкарыстоўваючы «сьвяшчэннасьць прыватнай уласнасьці» і адпаведныя фінансава-сьпеклятыўныя механізмы;
– РУСКІЯ ШАВІНІСТЫ, якія жадалі б выкарыстаць унутраны пратэст многіх рускіх, які нарастае ў сувязі зь іх жабрацкім жыцьцём і ў сувязі з тым, што будучы лёс рускага народу выглядае сапраўды жалосна.
Варта дадаць, што галоўнай з гэтых сілаў на сёньня зьяўляецца расейская імпербюракратыя. Але і яна аднаасобна ня можа кіраваць расейскай імперыяй, таму даўно (яшчэ з часоў шалёнага Пятра) уключыла ў склад кіроўнай групы увесь клер РПЦ, а зусім ня так даўно – частку новасьпечанай фінансавай алігархіі (нагадаем, апошняе было зроблена для пераўтварэньня Расеі ў тэрытарыяльна-фінанасавую імперыю). Тое, што толькі частка апошняй групы была ўключана ў склад кіроўнай «эліты», паказвае розьніца ў лёсах такіх асоб, як Беразоўскі, Гусінскі, Хадаркоўкі, з аднаго боку, і, напрыклад, Чубайс і Абрамовіч – з другога. Такім чынам, у склад «кіроўнай эліты» сучаснай Расеі ўваходзяць тыя групы (поўнасьцю ці часткова), якія на сьхеме абведзены лініяй бэзавага колеру.
У заключэньні вельмі важна дадаць, што ніводная з апазіцыйных груп не крытыкуе імперыялізм Пуціна (за выключэньнем адзінкавых асоб і сьпецыфічных сітуацый, пра якія мы маем намер распавясьці ў далейшым). На месцы, якое на сьхеме займае сьветла-зялёнае кола, у Расеі практычна нікога няма! Гэта азначае, што тое, што зьяўляецца зьместам палітыкі й ідэалогіі Пуціна – імперыялізм (найбольш відавочны сёньня ў адносінах да Чачні, Грузіі, Украіны, Малдовы, Латвіі й Беларусі), зьяўляецца ўласнай, хаця і хаваемай каштоўнасьцю ўсіх апазіцыйных сіл! Яны таксама маюць намер тое-сёе паймець зь імперскага статусу Расеі…
Варта адзначыць, што своеасаблівую форму будучага руска-расейскага фашызму яшчэ ў сярэдзіне 1990-х прапанаваў называць РУСІЗМАМ першы прэзідэнт Чачні Джахар Дудаеў (відаць, па аналогіі зь вядомым гістарычным аналагам – гітлерызмам).
Адсюль атрымліваецца некалькі высноваў:
– па-першае, імперская Расея па-ранейшаму застаецца штучным і няўстойлівым дзяржаўным утварэньнем, якое разрываюць нутраныя супярэчнасьці; асноўнай прычынай, якая спараджае дадзеную няўстойлівасьць зьяўляецца імперскі статус краіны, які не дазваляе розным элітным групам гарманічна ўладкаваць свае ўзаемаадносіны вакол сістэмы цэнтрысцкіх агульнацывілізацыйных зьмястоўна-дэмакратычных каштоўнасьцяў;
– па-другое, імперскі статус Расеі па-ранейшаму застаецца каштоўным практычна для ўсіх «элітаў» расейскага грамадства; г.зн, што нават калі ў Расеі на зьмену ўлады сучаснай імпербюракратыі прыйдуць псеўда-лібералы, камуністы ці рускія шавіністы, дадзеная імперыя ўсё-роўна застанецца імперыяй, небясьпечнай для лёсу беларускага і ўсіх іншых суседніх з Расеяй народаў (за выключэннем, відаць, кітайцаў);
– па-трэцяе, прыход да ўлады ў цяперашняй Расеі рускіх шавіністаў і фашыстаў зьяўляецца дастаткова верагодным;
– чацьвертае, стратэгічны рэцэпт прыныповага вырашэньня “галоўных расейскіх праблем”, якія далёка не ўнутрырасейскія, мы прапанавалі раней (гл. Д пр-п 16).
Віталь Хромаў, Алесь Астроўскі.