Дадзеным артыкулам Валера Санько працягваем прадстаўляць матэрыялы раздзела «Сучасная сацыяльна-псіхалагічная сітуацыя» канферэнцыі «Беларуская нацыянальная ідэя» (Гародня, 18-19 красавіка 1999 г.). Аўтар – пісьменнік, доктар народнай медыцыны (Менск).
Рэдакцыя.
Дзве жанчыны, усходніца і заходніца, аднолькава не прымалі гультайства, курэння, мат-перамат, п’янства. Абедзве распаўсюджванне лаянкавай і курава-алкагольнай наркаты ў Беларусі звязвалі з бальшавікамі і ўсходнікамі.
Для маёй маці, Санько (Лысай) Любы Кузьмінічны, ураджэнкі і жыхаркі вёскі Вялікая Сліва Слуцкага раёна, усходнікамі былі магілёўцы, смаленцы, маскоўцы, віцебцы. Для маёй цешчы Усовіч (Гаціла) Наталлі Антонаўны, ураджэнкі і жыхаркі вёскі Малева Нясвіжскага раёна, усходнікамі былі ўсе не з Заходняй Беларусі і расейцы.
Пакуль не пабраліся іх дзеці, жанчыны не ведаліся – і тым не меней з аднолькавай непрыязнасцю казалі пра бальшавіцкую амаралку, неабавязковасць, непрыстойнасць. Бальшавікі ЗНІШЧАЛІ Ў НАРОДЗЕ МАРАЛЬ, не знішчалі – выядалі. Як іржа нішчыць жалезнае вядро, касу ці сячкарню, так мат-перамат і п’янота ніштожаць стрыжань душы беларуса, цвердзілі гарэтніцы. (Яны ўжо ў лепшым свеце).
Курэц, лаяншчык, выпівоха касмічна наносіць сабе заганы. Нізводзіць у пясок высілкі фізічныя і разумовыя, у такога духоўнае можа не расці; нават генетычна атрыманае прападзе.
Слуццанка і нясвіжчанка мелі па чацьвёра дзяцей, у абедзвюх загінулі на фронце мужыкі. Абедзве, медсястра і калгасніца, з аднолькавай малітоўнай прыніжанасцю штодзёнілі дзецям: не выступай супраць улады, ліслівае цялятка дзве маткі ссе, а горда нігодна. Абедзве ў самыя крытычныя сямейныя рэзрухі і грамадскія непаладкі строга-настрага не дазвалялі дзецям лаяцца, курыць, піць. «Бог пакарае, калі ні слухацьмяш».
Гэтае «Бог пакарае» змушала мяне амаль сорак гадоў паездак па Беларусі, размоваў з мноствам людзей, з многіх прачытаных кніг вывуджваць беларускую вусную народную творчасць: казкі, былі, прымаўкі, прыказкі, выслоўі. Асабліва з фальклору роднага народу мне бадабалася самае зладзённае і паэтычнае, фатумнае і сурочнае – прыкметы.
Для тваёй засцярогі, люд беларускі, для абярогі твае фізічнае і духоўнае моцы ўпарадкаваў раскіданыя па многіх блакнотных засеках прыкметы супраць курэння, лаянкі, выпівохніцтва, утрымання сабак у кватэрах.
…Не так даўнонемаладога веку знаёмая інтэлігентка, парапсіхолаг, эніёлаг-лячэбніца штудыявала кнігу замоваў. Не ведае высокадыпламаваная цемра код жэстаў, замовы, код абярэжнай малітвы, слыхам не чула пра ўласны код, а ўжо туды ж – пачытвае кніжачку, будзе лячыць.
Грэшніца не ведала празорнай страшнай сілы старабытнага набытку. Цяпер не адно сама лекуецца, шукае нездалэга лекі для ўласных крэўных, не пнецца вылечыць іх сем’і. Не знае, як адбіцца ад праклёнаў хворых, якіх з бяздумнай лёгкасцю бралася аздараўляць. Аперацыю апендыцыта рабіць не бралася, а душу і цела слабага чалавека паспяшалася лячыць. Расплочваецца.
Кажу для няверкаў: прыкмету мала ведаць, прыкмету неабходна выконваць. Калі хочаш шчасця сабе і родным, а значыць, народу беларускаму, дзяржаве БЕЛАРУСЬ.
КУРЭННЕ, ВЫПІЎКА
Тваё здароўе і твае грошы мяне не цікавяць. Калі і цікавяць, то ў адносным пляне. Гэта ўсё не важна для самога курца – мне тым болей няважна. Закранём язычніцкія, а значыць, шматтысячагадовыя прыкметы, накіраваныя супраць шырока распаўсюджанай звычкі.
1. Абкурваеш дымам космас, неба, бараду Бога, універсум – не чакай спагады і пахвалы за свой пастаянны грэх ад неба, космасу, універсума, Бога.
2. З зямлі прыйшоў твой цялесны воблік, туды і пойдзе, а ты яе, вялікую, жывую і святую, пастаянна абплёўваеш – акуркі, абпалкі сернікаў, каробкі з-пад цыгарэтаў, попел пастаянна кідаеш на зямлю. Грэшыш. Адно не гавары пра інтэлігентнасць. Маўляў, я кідаю ўсё ў попельніцы, сметніцы. Аплёўваць зямлю – як няславіць маці, народ свой. Курэц не можа чакаць поўнай літасцівасці ад сваёй калыскі ў крытычных выпадках. Ад Зямлі. Штодня абплёўваеш яе, а пасля прасіцьмеш. Не будзе паможнасці. Яна, Божая іскра ў касмічнай бясконцасці, як сам чалавек і яго дух на ёй, доўга церпіць. Але сканчэнне ёсць.
3. Кожная просьба да другога, асабліва, марная – прыніжэнне сябе. Просьба, невырашэнне якой не пагражае твайму біялагічнаму існаванню, без якой можна абысціся – разбурае чалавечую ауру, прабівае дзіркі ў біяполі. А курэц бесперапынку назаляе сабе і людзям: дай цыгарэту, пакінь курнуць, дай запалку, схадзі купі цыгарэтаў; давайце прыпынімся, я схаджу куплю… Пастаянна прыніжае сябе. Шкрабеш неба нясконцымі просьбамі – не чакай спагады неба.
4. Абкурваеш дымам лёгкія дзяцей, жонкі, родзічаў – грэшыш. Вынішчаеш генетычна сябе. Выпіў бутэльку піва – 1,5 тысячы нейронаў загінула беззваротна.
5. Жанчына прыбірае на вуліцы курцоўскае смецце, кажа пустадомным заслужаныя словы. Такія злопажаданні адмываюцца цяжка. Як праклёны.
6. Нельга святло з уласнае хаты, ад самога сябе аддаваць другім нават на хвіліну. А курэц зачастую супыняе чалавека, не абавязкова курца, з адзіным – «дайце прыкурыць; запалку, калі ласка». І даюць. Ад самой цыгарэты ці ад запальніцы. Курэц пазычае, гробіць энергетычнае цяпло другога чалавека. Грэшыць, як і сабачнік, што бясплатна раздае сваіх прыгожых вісклаў суседзям і сябрам – і гэтым нішчыць супкой і лад у іхніх кватэрах.
7. У курца болей хваробаў і даўжэй вылечваюцца. Табачная прамысловасць, статыстыка амерыканцаў, за год забівае тры мільёны чалавек на зямлі. Лячэнне хваробаў, ягоны зараны адыход у лепшы свет – страты сям’і, дзяржаве.
8. Дзесяць гадоў пакурыў – на 20% стаў імпатэнтам. А калі яшчэ папіваеш піўцо і вінцо – на ўсе 32%.
9. Жанчына курыць – дзіця калечыць. Утрая часцей знаецца з выкідышамі, утрая цяжэй і даўжэй нараджае. Яе дзіця на 20-25% генетычна няздатнейшае, а калі да цяжарнасці і ў часе цяжарнасці жанчына піла каву, не кажу пра злыбядзенства віна і піва – генетычна заслабіла ўласную крывіну на 30-40%. Яна пры роўных магчымасцях будзе гадаваць троечніка. У лепшым выпадку. Гэта статыстыка не СНГ-эўская – з далёкага замежжа.
10. Мноства жанчын і дзяцей захворваюць на нервовыя і псіхічныя хваробы ў сем’ях курцоў і алкашоў, бо пастаянна мусяць цярпець іхнія выдуркі. Дзеці праклінаюць бацькоў ужо змалку.
11. Мужчыны ўцягваюць у алкагольную наркату, страх падумаць, жонак, дзяцей.
Курцам і выпівохам раім паслухаць курцоў і алкашоў са стажам. Разумных. Ніводзін не скажа добрае слова пра згубныя звычкі.
СВЕЦІЦЬ СОНЦА І ПРЫКМЕТА
Любасць Бога да людзей праяўляецца найперш у дачы людзям святла Сонца і святла прыкметы, дачы права на роўнасць перад судом Сваім, роўнасць у праве заслужыць пашану і прыянне Айчыны і Зямлі, літасць прыроды, роўнасць у мажлівасцях духоўнага росту. У адносінах не аднаго пакалення, а многіх.
Але людзі самі парушаюць вялікую роўнасць – учынкамі, невыкарыстаннем задаткаў, волі, пазбаўленнем традыцыяў, прыкметаў. Усё болей выгукваецца напаўграматных і зацыкленых людзей, асабліва іх шмат сярод аступленых і абпагоненых. Для многіх з іх прыкмета продкаў – лішніца. Жывуць бяздумна.
Грашаць!
Прыкмета мірыць чалавека з мінулым і будучыняй, замірае нават з ашуканцам і неразвітым (дурнем). Прыкмета ў любога народа перайшла ў звычай, каб навучыць і засцерагчы нават прайдзесвета і генетычнага тупака сумленнасці і прыстойнасці. Дабрадзейнасці. Каб заберагчы і развіць асобнага чалавека і нацыю ў цэлым.
Існаванне сярэдняга чалавека ідзе ў прынцыпе па вядомым коле – жыць для сябе; жыць для крэўных і блізкіх; для сваёй нацыі; жыць для лепшых са свайго народа; імкнення самому стаць лепшым, жыць для сумленнасці, філасофіі, Бога.
Ніводнай з гэтых ступеняў не дасягнуць без святла прыкметы, свядомага ці несвядомага імкнення апрача фізічнага існавання займець духоўнае.
Беларусы – адна са старажытнейшых арыйскіх нацыяў. Сярод славянства яны першая нацыя па захаванасці фальклору. Беларус болей ад усіх ідзе па дарозе традыцыі, адданасці радзімаму кутку. Асвятляла яму сцяжыны, памагло выцерпець нягоды, нанесеныя суседзямі і ўнутранымі недальнабачненцамі захаванне прыкметы, развіццё прыкметы, следаванне прыкмеце.
Іх, зорна-ясных і таемных, у беларусаў плоймы.
ЛАЯНКА
1. Хто лаецца, вымаўляе словы на П, Б, Х, Д – засмечвае космас гукавымі нечыстотамі. Грэшыць.
2. Вымавіў лаянкавае слова – плюнуў на самога сябе. Прабіў уласнае біяполе. На перакрыжоўным жыццёвым сутыку аплёваны цяжар пацягне чалавека ўніз, на страты, у цемру.
3. Пачуў лаянкаве слова – сунімі лаяншчыка. Не можаш – адыйдзі. Але лепей зрабі прыстойны ўчынак, заслужы добры ўчынак сабе – супыні маладога ці сталага невука. Застаўся каля яго – атрымаў гукавыя пляўкі, праўда, не на голае цела. Проста зачарняеш ауру, вымазваеш яе.
4. Звычайная лаянка збочвае чалавека з дарогі, цягне да завілага, стратнага. Сабе, родным, грамадству.
5. Асобныя людзі па цемнаце ці свядомай навуцы пэўняцца: мы другой веры, нацыі, нам ня грэх сярод людзей другой веры і нацыі лаяцца, клясціся, навучаць няправільнаму, шкоднаму. Ад чаго засцерагаюць уласных дзяцей, што не робяць ва ўласных храмах і кватэрах. Хітрамудрыя як бы забылі, што Бог – адзін, усюды. Нездарма ў любой рэлігіі і нацыі Ён – Усебачны, Найдобры, Наймоцны. Магутная Яго бясконцасць любы грэх ацэньвае належна. Як усялякае зло, ці навуку на зло.
6. Трэба радавацца, калі вас прабіраюць, на вас крычаць (не брыдкімі словамі). Навука не заўжды спакойная. Нішто так моцна не заганяе чалавека ў сябе, як крыўда. Толькі не дапускайце брыдкаслоўя ні на вас, ні пры вас. Ачышчайце найболей успрыманае і тонкае ў касмічным клубку – ачышчайце паветра, флюіды – ад гукавай нечыстаты. Заслугоўвайце павышаны ўзровень аддзякі сабе і крэўным, ліквідоўвайце жывёльную грахаводнасць людской сістоты ў невыхаванцаў, невукаў, тупакоў.
ВЕРА
Калі якая секта або царква цвердзіць, што адзіна яна прамаўляе ісціну – ілжэ. Бо калі яна права, то астатнія, нязгодныя з ёю цэрквы, няпраўдзяць, хлусяць. Ад замкнутых ва ўласныя думкі і «заўжды правых» сектаў і цэркваў у сусвет сеецца зло. Такія прапаведнікі і выспаведнікі ПРАМАЎЛЯЮЦЬ У ХРАМАХ ДРУГОГА НАРОДА І НА СПОВЕДЗІ НА ЧУЖОЙ МОВЕ і хочуць, каб іх, грэшных, хвалілі.
Ні ў хвальбе, ні ў стогнах такога – праўды не было, няма, не будзе. А калі і бывае, то іх праўда роўная мужчыне, пераробленаму з жанчыны, ці жанчыне, пераробленай з мужчыны. НА ЯКОЙ МОВЕ МАЛІЛІСЯ ТВАЕ ДЗЯДЫ-ПРАДЗЕДЫ, НА ТАКОЙ МОВЕ МАЛІСЯ І ТЫ.
Адракаешся ад іх веры, уступаеш у нейкія секты – значыць, ты не маеш карэння, сам абганьбіў прадзедаў, адрокся ад іх. Не проста адрокся – выклікаў не дапамогу, а іх гнеў на сваю галаву.
Ты жывеш правільна, новы адвентыст, бхаваіст, іегавіст, крышнаіт, а твае прадзеды, выходзіць, жылі няправільна. Ты ім пашкодзіць ужо не можаш, а яны цябе за аплёўванне аддзякуюць…
Выраканцы, як і іншамоўныя святары, не свецяць – засцяць. Болей таго, свядома накіроўваюць чалавека ці народ у супрацьлеглы народнай традыцыі бок. Нават на растварэнне ў чужой нацыі, знікненне з сусветнай планіды.
Менавіта тое ж робяць самаўпэўненыя чужаверныя праведнікі ці лектары, калі намогна даказваюць уласную правату, касмапалітную ці вузкасектанцкую.
Усявышні і Усямоцны чалавеку не слуга і не нянька. Ён не можа займацца тваім штодзённем, вялікімі ці малымі справамі, напаўсправамі, гультайствам, планамі, злыбядзёнствам. Аднак накірунак Ён паставіў і адкрыў дарогу да Яго кожнаму. Шукай, знайдзі, бяры.
Прыкмета, найлепей ад усяго прыкмета пасабляе чалавеку пачуць дапамогу сабе ад Бога. Бо найболей даступная і ясная, стагоддзямі выпрабаваная. Прыкмета асвятляе шлях на сцяжынах пошукаў і здзяйсненняў. На карысць уласных продкаў, народа, а значыць, самога шукальніка.
Валер Санько