nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

ЧЫСЦІ СВАЮ ДУШУ САМ (частка ІІ; кБНІ; Д пр-п 26)

7 верасня, 2006 | Няма каментараў

Валер Санько

САБАКА Ў КВАТЭРЫ – СЯБРА ЦІ ВОРАГ

Нават пытанне, здаецца, так ставіць нельга. Усім вядома, ня раз казана, практыкай даказана: сабака – сябра чалавека, і толькі сябра.

Не спрачаемся. Аднак лічым патрэбным паразважаць над пытаннем. Для ўсеагульнай карысці.

Спецыялістамі і неспецыялістамі ў многіх краінах свету ў розныя часы справядліва і доказна шмат сказана на абарону сабакі. Ён патрэбны хлебаробу каля хаты, ахоўніку, паляўнічаму, воіну, даследчыку ў лабараторыі.

Але ці патрэбны сабака ў гарадской кватэры?

Усю шматграннасць довадаў за і супраць звядзём да трывіяльнага – казыроў. Бытавых і грамадскіх, язычніцкіх і рэлігійных.

Сабаку трымаю ў гарадской кватэры, бо:
1. Люблю прыроду [прырода і сабака ў кватэры – рэчы супрацьлеглыя; відаць, аўтар мае на ўвазе жаданьне многіх людзей мець каля сябе жывую прывязаную істоту, калі яны адчуваюць адзіноту, нават, бывае, у горадзе, у сям’і… – Рэд.].
2. Сабака ахоўвае мяне і сям’ю.
3. Сабака дае грошы (прадаю шчанят, злучваю за грошы).
4. Супакойваюся каля сабакі ад грызні з сямейнікамі, гарадской таўканечы, папрокаў саслужыўцаў і знаёмых.

Калі хто мае дадатковыя казыры, можа не паляніцца, паведаміць дадаткова. Улічым.

Супраць утрымання сабакі ў гарадской кватэры:
1. Любасць да прыроды нельга зводзіць да вузкага промня. Траву, лес, ваду, паветра ты не бачыш з-за сабакі. Болей таго, сабакам абгаджваеш.
2. Карысна асабнаму чалавеку, што карысна многім. Грамадству таксама. Твой сабака ахоўвае цябе і сям’ю. А другіх людзей, суседзяў на паверсе і ў пад’ездзе? Ён іх абгаўквае, пужае… пры кожным замку для сабакаў ёсць псярня. У любым дворышчы для сабакі – будан ля хаты. Народы Поўначы, фіны і угры, ненцы і чукчы, не трымаюць сабаку ў адной юрце ці чуме з сабою. Дык што казаць нам, арыям, славянам, калі ў нашых традыцыях святасць і следаванне традыцыям здавённыя, засведчаныя тысячамі пакаленняў.
3. Атрыманыя за сабаку грошы не ідуць на карысць табе і сям’і. Ідуць на рамонты, куплю згубленага, на лекі.
4. Супакоіўся ля сабакі – не будзеш шукаць шляхоў замірэння з сямейнікамі, знаёмцамі, сябрамі. Ты ўжо каля сабакі заспакайнеўся, табе не хочацца распачынаць захады на замірэнне. То-бок ты плюеш на блізкіх, якія таксама перажываюць зваду. Як правіла, супакой ля сабакі – адрыў ад крэўных і някрэўных. Аддаленне.
5. Распараджаюся чужым часам, хаця не маю на гэта ніякага права – грашу. Прадаў ці падараваў сабаку чужой сям’і – абрабаваў не толькі іх. Сябе таксама. Патрачаны імі час на твой дарунак – скрадзены ў іх і ў цябе самога.
6. Сабакі любяць церціся каля ног. Патрэцца – забірае здаровасць, наносіць слабасць, раздражненне.
7. Жонка шкарпэтні і насоўкі мужу рэдка мые, яшчэ радзей цыруе шкарпы, а на вахлатага раздуру час знаходзіць, больш за тое – чацьвераногай брыдоце-песце ногі мые штодня, пасля прагулкі. Дзеці ўвечары някормленыя, а гаспадыня выводзіць на прагулку сабаку. Як жа, дзеці самі ўправяцца, а сабаку трэба дапамога. І СЛУЖЫЦЬ ТАКАЯ ШКАДОБНІЦА не роўні і крэўнікам, а НАШМАТ ГІДНЕЙШАМУ І НІЖЭЙШАМУ ТВАРЭННЮ ПРЫРОДЫ. Грэх.
8. Жонцы муж не паспагадае, паліцу не прыб’е, у краму не сходзіць, посцілкі і палавікі не выб’е, а на сабаку час знаходзіць – выгульвае. Чым ніжэйшаму служыш, тым ніжэйшы сам. Грэх. Салідны мужчына, прыгожая жанчына пражылі жыццё, каб… у старасці сябраваць з сабакам. Смех, горкі смех.
9. За абасцаныя лесвіцы, пясочніцы і газоны, абгаджаныя сабаччом сцежкі і траву ў двары, вымазаную ў сабачыныя нечыстоты дзятву, гаўканне сабакаў у кватэрах, вонь і раскіданую сабачыную поўсць у калідорах – за ўсё гэта людзі ўладальнікам сабакаў кажуць звонкія словы. Кажуць услых і мысленна, у вочы і завочна. Усе гэтыя праклёны і зламоўі неабвержна падаюць на сабачніка і яго сям’ю. Праклён упаў – ніколі не прапаў. Менавіта таму нармальны чалавек баіцца вымавіць праклён, тым болей яго заслужана атрымаць!
10. Дзеці ўладальнікаў сабакаў меней чытаюць, вяжуць, фізкультурнічаюць, вынаходзяць. Прыблізна на траціну ад мажлівага, ад закладзенага ў генах. За абмежаванне самога сябе (праз дзяцей, іх сілы і здольнасці) сабачніку будзе кара.
11. «Сабака – сапраўдны член нашай сям’і», – заяўляюць дзесяткі ўладальнікаў і ўладальніц. Настойваюць, што сабака паўнапраўна займае месца ў кватэры. Колькі адзінокіх дзяцей выраслі з хібамі ў характары, НЕ ЗАЙМЕЛІ БРАЦІКА ЦІ СЯСТРЫЧКІ, бо абмежаваныя ў сродках і кватэрнай плошчы бацькі не вызвалілі ім – ненароджаным – месца, не пажадалі своечасова разлучыцца з пульхнатым вісклям ці здаравенным сабачышчам [з-за кошак і сабак у кватэры людзі не заводзяць дзяцей ня столькі з-за таго, што гэтыя жывёлы займаюць месца і адбіраюць грошы, колькі з-за псіхічных прычынаў, з-за кампенсацыі кошкамі і сабакамі пэўнага пачуцьця адзіноты, якое ў норме стымулюе да «завядзеньня» дзіцяці – Рэд.]. Пошасць сабачыную, што вужакаю паўзе па славянскай зямлі з яшчэ болей абяздзетненага захаду, нельга вітаць, адабраць, прымаць.
12. Не будзем забываць пра сексуальныя выродствы ў сем’ях некаторых уладальнікаў сабакаў.
13. Чалавек жыве па сабачыным графіку. Абмежаваны ў наведванні тэатру, цырку, гасцей.
14. Чалавек не можа паглядзець уласных унукаў і суседскіх дзяцей, час забірае ліслівае пульхнатае паскудства. Недобразычча ва ўласных сем’ях крэўнікаў, як і з суседзямі, узрастае.
15. А спалоханыя дзеці, жаночыя выкідышы і раннія роды, укушаныя людзі?! Ад грамадства і прыроды, ад Наймагутнага і Найдобрага будзе пакаранне самому і блізкім.
16. За з’едзеныя нашыя – грамадскія! – прадукты, то-бок попусту выкінутыя грошы сям’і тая ж узнагарода. Усемагчымыя апраўданні – «я плачу за прадукты свае грошы; не з’еў бы сабака, у краме ўсё роўна прапала б; не столькі ў нас гіне» – усяго слоўныя выверты. Не прамянтрэжыў бы ты і падобныя з крамы і базару прадукты на сабакаў – не так раслі б цэны.
17. Воўна і вонь псіны па ўласнай кватэры і па калідорах – гэта алергіі, гіпертанія, лішаі, экзэмы ў сябе і родных, суседзяў.
18. У сабакі растуць кіпці і зубы, мусіць іх тачыць на мэблі гаспадара ў хаце і кватэры – ірве. Калі дзіця абалье ці замажа верх мэблі, гаспадар карае. А сабаку даруе, мусіць дараваць. Што возьмеш з неразумнай жывёліны. На чыю карысць няроўнасць?
19. Абараняючы сабаку, які пагрыз рэчы і мэблю, шмат мужыкоў зло зрываюць на жонках, а жонкі на дзецях. Замест міру і суладдзя, замест дома-крэпасці чалавек атрымлівае вакзальны гармідар.
20. Хто даражэй – конь, свіння, аўца ці сабака? У кожнага свая каштоўнасць, кожнаму цана на сваім месцы. Кажаце, нелагічнае параўнанне? Але любы ваяр, шляхціц, хлебароб і гараджанін, інтэлігент і падлетак адкажа сходу – не сабака. Дык чаму шкадуеш каня, свінчо, куру, авечку меней, чым сабаку? Іх з хлява ў хату не бярэш, я сабаку можна?
21. Мноства глістоў прыходзіць да чалавека праз іх натуральных пераносчыкаў – сабаку і кошку [напрыклад, эхінакакоз, таксакароз. – Рэд.]. Сям’я церпіць страты на здароўі, леках. Сабака зараджае блізкіх і няблізкіх людзей, суседзяў, асабліва дзяцей, што мкнуцца пагладзіць ліслівую істоту.
22. Нашыя продкі лічылі, што дзіцё пераступіць цераз сабачыя фекаліі – два-тры дні нэндзіцца, нервуецца, дарослы – дзень месца не знаходзіць, з усімі псіхуе. Жанчына пераступіць – на ўсіх сабакам агрызаецца, усе для яе дрэнныя.
23. Нельга здзеквацца з жывога. Але паглядзіце, як муштруюць, тузаюць, бесперапынна ўшчуваюць сабаку ўладальнікі. Гаспадары мучаюцца каля «чацьвераногіх сяброў» і мучаюць адданыя істоты. Большасць сабак у такіх шкадавальнікаў – прыніжаныя нягеглыя стварэнні. Каб маглі, крыкма крычалі б: людзі, пашкадуйце нас ад болю штодзённага.
24. Мноства страт грамадству ад выкінутых на вуліцу сабак, шчанят, кошак. Страт – значыць, усеагульнага недобразычча на былых шкадобнікаў. У 2000 годзе ў адным Мінску вымусілі адлавіць каля дванаццаці тысяч (!) бязлітасна выкінутых чацьвераногіх істотаў. Хто падлічыць нервовыя стрэсы дзяцей, ад якіх забралі ў кватэры раней хвалёную тварыну? Як ацаніць стрэсы людзей, асабліва цяжарных жанчын, якія бачылі лоўленых на сметніках і ў падваротнях сабак і кошак…
25. Законы Англіі і Германіі не дазваляюць трымаць сабаку ў высотным доме, дзе жыве некалькі чужых сем’яў. У вышынніках ЗША таксама строга забаронена трымаць сабаку. Нельга перашкаджаць жыць іншым па іхнім разуменні і здольнасцях, ЯНЫ НЕ ПАВІННЫ ПРЫСТАСОЎВАЦЦА ДА ТВАЙГО ВЫЖЛЫ.

… Уладальнікі сабак, як правіла, добрыя, чуллівыя людзі. Шкадуюць жывое. Дык шкадуйце правільна (шматдзетныя сем’і, адзінокіх пенсіянераў, затурканую настаўніцу ці медычку, выхавацельку дзіцячага сада і прыбіральшчыцу), шкадуйце жывое не на шкоду самім сабе, людзям, грамадству.

Сабака ў хаце ці кватэры, малой ці вялікай неістотна – гэта павевы бяздзетных замежных багачоў і няшчаснікаў. Сабака ў гарадской кватэры – суцэльныя скаргі ад неўладальнікаў сабакаў у міліцыю, выканкамы і суды. Сабака ў гарадской кватэры – пры мінімуме плюсаў – гэта суцэльныя страты. Для ўсіх: уладальнікаў, суседзяў, дзяржавы.

Нікога не жадаю пакрыўдзіць. Ні-ко-га. Старанных разумных людзей, якія па няведанню завялі сабаччо не ў будцы, а ў кватэры, тым болей. Ісціна ў спрэчцы не нараджаецца. Дзе – асобная размова.

Усебачны, Наймагутны і Найдобры стварыў і любіць усё жывое і нежывое. Сабаку Ён адвёў належнае месца – у будцы каля чалавечага жылля, на дачы, у паляўнічым і міліцэйскім спецыяльна збудаваным памяшканні. Не ў кватэры, не ў хаце. Бог судзіць не па жаданнях, імкненнях, словах – па справах. Хутка і неадхільна Ён вучыць асобнага чалавека і грамадства ў цэлым разумець, дзе сабака – сябра, а дзе – вораг.

Дык давайце ж вучыцца.

Не ўсялякая прыкмета асвятляе, тым болей засцерагае. Не для кожнага чалавека любая прыдатная. Прыкмета, як інстытуцкія веды, усяго ўказальнік на дарозе. Паказвае, куды ісці, што і як несці. Не браць на плечы непадымнае, але і не ісці ўлегцы. Аднак любая з прымет, як дазваляльна-засцерагальны маяк у моры абярэгвае асцярожнага. Не засмечвай уласную душу і дух народа свайго. Курэннем, лаянкай, выпівохніцтвам, развядзеннем непатрэбнага ў кватэры. Можаш – аб’ёмна чысці, можаш – ярка свяці. Не можаш – выкарыстоўвай хатнія прыкметы, змалку вядомыя. Але выкарыстоўвай. Прыкмета твайго племені, народа якмогна дапаможа асвятляць сцяжыны тваім сынам і дочкам, блізкім і сябрам. Беражэш прыкмету – чысцішся і заберагаешся сам, а значыць, паўтаруся – і твае блізкія.

Начальнікі сыходзяць веснавою вадою і травою. Народ застаецца. Служыць і памагаць патрэбна народу, аднаму яму. І… нацыянальнай ідэі ўласнага народа.

Ад рэдакцыі:
Па ўсіх законах PR-тэхналогіі ўзьнімаць пытаньні пра ўсе “брудныя” праблемы нашага агульнаграмадскага існаваньня – мат-перамат, алкагалізм, засьмечаныя гарады й іх ваколіцы, бездаглядных дзяцей, сабач’і фекаліі, раскіданыя на траве і асфальце, і г.д. – скрайне нявыгадная справа. Але, па-першае, мы ня ёсьць сайтам палітычнай арганізацыі, галоўны клопат якой пра ўласны імідж. Мы сайт – ідэалагічны. Наша мэта – сфармаваць прынцыповыя ўяўленьні пра здаровую, паўнавартасную будучыню нашай беларускай дзяржавы і нашага беларускага народа (памятаеце? Праграмны вобраз будучай беларускай дзяржавы, фармаваньне якога мы пачынаем з Беларускай дактрыны, у нас на першым месцы). І тыя пытаньні, якія ўзьняў аўтар (дарэчы, мы яму за гэта вельмі ўдзячныя), раней ці пазьней усё роўна давялося б уздымаць. Па-другое, расчыстка аўгіевых канюшняў – адзін з галоўных подзьвігаў Геракла…

Усе ўзьнятыя сп-ром Санько праблемы сапраўды маюць месца ў нашым грамадстве й істотна труцяць жыцьцё людзям. У сябраў нашай рэдакцыі даўно існуе меркаваньне, што гэта ня проста недагляд сучасных уладаў, а… іх сьвядомая палітыка. Каб грамадства ня думала пра ўладу, якая паразітуе на ім, каб яму было не да рэвалюцыйных зьмен, наўмысна ставараецца такая сітуацыя, калі грамадзяне маюць нагоду ўвесь час сварыцца паміж сабой і ставіцца варожа адзін да аднаго. Тады на думку паразітычных уладаў у людзей ня будзе разуменьня таго, што тое, што іх аб’ектыўна аб’ядноўвае (агульны інтарэс зьмяніць паразітычную ўладу на сапраўды беларускую), ёсьць нашмат важней, чым тое, штоіх адрозьнівае. Яны ў абстаноўцы пастаянных сварак і незадаволенасьці адзін адным – з-за матаў, п’янкі, курава, сабакаў, кошак, шуму, сьмецьця, выхлапных газаў, бескультурна-хамскіх паводзін у грамадскіх месцах, на прыродзе, на транспарце і г.д. і да т.п., якія суправаджаюць існаваньне адмыслова дэмаралізаванага грамадства – хутчэй будуць весьці своеасаблівую грамадзянскую вайну паміж сабой, чым будуць здольны дамовіцца аб арганізаваных і рашучых дзеяньнях, скіраваных на кардынальную зьмену грамадска-палітычнай сітуацыі.

Пра наўмыснае стварэньне агаворанай сітуацыі сьведчыць адсутнасьць “змаганьня за культуру” – таго, што было, нават, у камуністычныя часы. Дадаковым доказам імкненьня “апусьціць” наша грамадства зьяўляюцца “сьвяты”, якія цяпер актыўна праводзяцца ўладамі знагоды і без у форме, якая самі ведаеце якая… Пра тое ж сьведчыць, напрыклад, і дваісты стан міліцыі. З аднаго боку, ёй нібы дадзена заданьне падтрымліваць грамадзянскі парадак, а з другога – ёй відавочна не да таго. Ды й ніхто зь яе нічога (у дадзеным сэнсе) не патрабуе.

Мы ж лічым стан агульнай грамадскай культуры надзвычай важнай праблемай. У Беларусі агульную культуру трэба паступова ўзьняць на максімальна высокі ўзровень і цьвёрда трымаць на ім. Уся палітыка будучай беларускай дзяржавы абавязкова будзе скіравана на гэта. Такі падыход абумоўлены тым, што мы жадаем не аслабляць і дэзарганізоўваць наша грамадства, як гэта робяць цяпершнія ўлады, а, наадварот, максімальна зьяднаць і ўмацаваць яго… У будучай беларускай дзяржаве ЦІШЫНЯ, ЧЫСЬЦІНЯ, КУЛЬТУРА МІЖЛЮДСКІХ УЗАЕМААДНОСІН будуць аб’яўлены агульнанацыянальнымі каштоўнасьцямі (другімі па значнасьці пасьля СЬВЯТЫХ агульнанацыянальных каштоўнасьцяў – мовы, гістарычнай памяці, нацыянальных сімвалаў, этнічнай тэрыторыі й г.д.), якія будуць ахоўвацца і бараніцца на ўсіх узроўнях дзяржаўнай улады ўсімі дзяржаўнымі служачымі. Так, у інфармацыйнай прасторы будзе пастаянна нагадвацца, што кожны чалавек абавязаны ўвесь час памятаць пра тое, як яго дзеяньні ўплываюць на іншага чалавека (напрыклад, заведзеная на працягу паўгадзіны каля шматпавярховіка ў 6-7 гадзінаў раніцы яго машына праз шум і выхлап; яго кошка, якая ходзіць гадзіць у дзіцячую пясочніцу; яго сабака, які зь яго падваротні зьнянацку выскоквае на дарогу – у горадзе, на хутары, на вёсцы – і аббрэхвае ці кідаецца на людзей, якія спакойна ідуць па дарозе – агульным грамадскім месцы; яго громкая гаворка, а тым больш мацюкі пад вокнамі дамоў у спальным мікрараёне ў гадзіну ночы; фекаліі яго сабакі на траве двароў і на ходніках у горадзе; сьмецьце, выкінутаем ім куды-небудзь акрамя сьметніка ці з мышыны ў лесе замест таго, каб быць завезеным на звалку, ці сьмецьце, пакінутае ім на беразе рэчкі ці возера пасьля яго адпачынку і г.д. і да т.п.). У інфармацыйнай прасторы (у выглядзе рэкламы ці адмысловых перадачаў) будзе пастаянна намаўляцца думка, што кожны чалавек можа па-людску жыць толькі ў людскім грамадстве. А там ён можа адчуваць сябе свабодным толькі тады, калі будзе пастаянна думаць пра іншых людзей і АБАВЯЗКОВА будзе выконваць правілы людскага сужыцьця.  Акрамя таго, будуць створаны адмысловыя службы, якія будуць прафесійна займацца ўсімі праблемамі, зьвязанымі з агульнаграмадскай культурай. Так, у прыватнасьці, у будучай беларускай дзяржаве ў шэрагах беларускай міліцыі-паліцыі будзе створана адмысловая служба з асобнымі штатамі прафесіяналаў, якія будуць непасрэдна адказваць за падтрыманьне грамадскага парадку ня ў сэнсе барацьбы са злачынцамі-крымінальнікамі (гэтым будзе працягваць займацца ЗВЫЧАЙНАЯ МІЛІЦЫЯ, праўда, цяпер толькі больш прафесійна, бо зь яе будуць зьняты іншыя абавязкі), а ў сэнсе барацьбы з тымі, хто парушае агульнаграмадскія этыку, мараль – у цэлым, агульную культуру. Няхай дадзены від міліцыі так і завецца ПАЛІЦЫЯЙ ПА КУЛЬТУРЫ. Менавіта ў яе кампетэнцыю будуць уваходзіць пытаньні барацьбы з расьпіцьцем сьпітных напояў у грамадскіх месцах (цяпер справа дайшла да таго, што п’янчугі выпіваюць прама на дзіцячых пляцоўках), з прысутнасьцю ў п’яным выглядзе там жа, з матам-пераматам, з паленьнем цыгарэтаў у любых памяшканьнях, з засьмечваньнем тэрыторыі гарадоў і ваколіц (берагоў рэк, азёр, лясоў, узбоччаў дарог), з няправільным утрыманьнем ды выгулам сабак і кошак у гарадах, іншых населеных пунктах і ў іх ваколіцах, з шумам пад вокнамі дамоў у спальных мікрараёнах, з выхлапнымі газамі там жа і г.д. і да т.п. Хай дадзеная стаўленьне да праблемы агульнай грамадскай культуры будзе нашым чарговым дактрынальным прынцыпам (Д пр-п 26).

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы