nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

МЕНТАЛІТЭТ СУЧАСНАГА НАСЕЛЬНІЦТВА БЕЛАРУСІ: СТРУКТУРА І ТРАНСФАРМАЦЫЯ (частка І; кБНІ)

10 верасня, 2006 | Няма каментараў

Дадзеным артыкулам Уладзіміра Падгола мы завяршаем прадстаўленьне матэрыялаў раздзела «Сучасная сацыяльна-псіхалагічная сітуацыя» канферэнцыі «Беларуская нацыянальная ідэя» (Гародня, 18-19 красавіка 1999 г.).  Аўтар – кандыдат філасофскіх навук, дацэнт. На час правядзеньня канферэнцыі прадстаўляўся таксама «кіраўніком інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Прэзідыюма Вярхоўнага Савета 13-га скліканьня, дэканам факультэта псіхалогіі Народнага універсітэта «Філаматаў»»  (Менск).
Рэдакцыя.

Новыя палітычныя ісціны будуць заснаваныя на ісцінах псіхалагічных.
Чалавецтва гатова пакінуць эканамічную эпоху,
каб увайсці ў эпоху псіхалагічную.
Герман Брох.

1. Уводзіны. Беларуская ідэя і сацыяльная псіхалогія.

Для таго, каб вынікова гаварыць пра тое, як практычна рэалізаваць беларускую нацыянальную ідэю, неабходна разгледзець структуру менталітэту беларусаў. Бо менавіта менталітэт масаў успрымае ўсе ідэі, рэагуе на іх розныя формы і… ці прымае іх як свае, ці адкідае.

Відавочны факт, што беларусы не аднолькавыя. Паводле тых ці іншых крытэрыяў можна вылучыць дзесяткі сацыяльных групаў насельніцтва Беларусі. Тым не менш, існуе некалькі асноўных групаў, якія можна падзяліць паводле ступені таталітарызацыі менталітэту, наяўнасці прыярытэтнага іррацыянальнага альбо рацыянальнага слою, а таксама паводле ступені адчужанасці нацыянальнай ідэі ці самаідэнтыфікацыі як прыналежных да беларускай нацыі.

Вынікі аналізу функцыянавання менталітэту беларусаў у ягоным антагенетычным і філагенетычным аспектах [г.зн. з улікам разьвіцьця беларусаў, як індывідаў, і гістарычнага разьвіцьця народу, як пэўнай агульнасьці. – Рэд.], а таксама шматлікія эксперыменты, праведзеныя аўтарам на працягу апошняга дзесяцігоддзя, прывялі да пабудовы мадэлі менталітэту таталітарнай групы насельніцтва Беларусі – групы, якая на сёння ў нас колькасна самая вялікая.

2. Аб палітычнай псіхалогіі.

Кожны з нас тым ці іншым чынам пастаянна сутыкаецца з праявамі масавай свядомасці. Напрыклад, калі мы ўдзельнічаем у выбарчых кампаніях ці рэферэндумах. Пры гэтым можна заўважыць, што не вельмі шмат ахвотных спакойна паразважаць над палітычнымі праблемамі. А калі нехта спрабуе разважаць, даволі хутка размова з аналізу аргументаў пераходзіць у сутыкненне эмоцый.

Шэраг аналітыкаў, імкнучыся патлумачыць актуальныя палітычныя падзеі, сцвярджае, што «на стыку паліталогіі і сацыяльнай псіхалогіі склалася і развіваецца адносна самастойная навуковая дысцыпліна – ПАЛІТЫЧНАЯ ПСІХАЛОГІЯ, прадметам якой з’яўляюцца псіхалагічныя фактары палітычных паводзінаў людзей… Разглядаюць і «псіхалогію палітыкі», дзе прадметам аналізу ёсць уплыў псіхалагічных уласцівасцяў людзей на рэальныя палітычныя працэсы» (Мельнікаў В.А. Политология. Минск, 1996 г.).

Прадметам палітычнай псіхалогіі выступаюць пачуцці, меркаванні, вераванні, рэакцыі, каштоўнасці людзей падчас палітычнай дзейнасці (як актыўнай, так і пасіўнай). Пры вывучэнні гэтых элементаў палітычная псіхалогія мае шмат агульнага з ПСІХАЛОГІЯЙ МАСАЎ. Аб’ектам жа разгляданай навукі ёсць палітычная дзейнасць і псіхіка, менталітэт людзей. У гэтым аб’екты паліталогіі, псіхологіі і палітычнай піхалогіі тоесныя.

Навука, што займаецца псіхалогіяй масаў, вывучэннем іх рэакцыі на знешнія ўздзенні і механізмы маніпуляцыі іхнай (масаў) свядомасцю, сведчыць, што пераважная большасць людзей, выбіраючы той ці іншы спосаб дзеянняў, кіруецца не рацыянальнымі матывамі, а іррацыянайльнай матывацыяй, якая фармуецца на розных узроўнях індывідуальнай псіхікі [так адбываецца асабліва тады, калі індывід альбо маса знаходзяцца ва ўзбуджана-дэзарыентаваным стане. – Рэд.]. Гэтая ўласцівасць псіхікі адкрывае магчымасці спецыяльнымі сродкамі прапаганды выклікаць такія паводзіны вялікіх спалучнасцяў людзей, якія АБ’ЕКТЫЎНА НЕ АДПАВЯДАЮЦЬ ІХ ІНТАРЭСАМ. Існуюць і такія сацыяльна-інфармацыйныя тэхналогіі, якія могуць вялікую колькасць людзей, што рацыянальна асэнсоўваюць свет, прымусіць ці падштурхнуць успрымаць на нейкі час падзеі выключна ці пераважна на іррацыянальным узроўні. Гэты раздзел сацыяльна-палітычнай псіхалогіі сёння шырока выкарыстоўваецца палітыкамі падчас выбарчых кампаній і рэферэндумаў. Зародкі гэтых тэхналогій вядомы людзям і пастаянна ўжываліся імі з паганскіх часоў. Шэраг псіхалагічных спосабаў уздзеяння на свядомасць вялікіх групаў людзей можна знайсці ў Бібліі.

Падкрэслім, што карысць ці шкода такіх тэхналогій залежыць не ад саміх тэхналогій, а ад таго, хто і на якія мэты іх выкарыстоўвае. Асабліва шырока методыка замбавання выкарыстоўваецца таталітарнымі рэжымамі, што фармуе ў насельніцтва спецыфічны таталітарны менталітэт, пазбавіцца ад якога вельмі складана. Таму ў трансфармацыйных грамадствах людзям, якія змагаюцца за дэмакратыю і разняволенне чалавека, неабходна ведаць і валодаць метадамі змагання ў прапагандысцкай барацьбе, што вядзецца ў інфармацыйнай прасторы, і метадамі перамогі ў ёй над псіхалагічнымі агрэсарамі.

Спачатку пазнаёмімся з паняццевым апаратам сацыяльнай псіхалогіі, структурай і асаблівасцямі таталітарнага менталітэту, а затым – з метадамі псіхалагічнай вайны, тэхналогіяй трансфармацыі металітэту.

3. Чатырохузроўневая сістэма псіхікі

Звычайна для апісання псіхікі чалавека ўжываецца двухузроўневая структура з наяўнасцю свядомасці і падсвядомасці.

Але шэраг больш новых канцэпцый палітычнай псіхалогіі грунтуецца на чатырохузроўневай мадэлі П.Сарокіна. Яна дазваляе больш эфектыўна вырашаць праблемы палітычна-псіхалагічнага кшталту. Нам варта таксама засвоіць гэтую сістэму [пазьней на нашым сайце будзе прадстаўлена чатырохузроўневая мадэль псіхікі чалавека, запрапанаваная А.Астроўскім, якая адрозьніваецца ад мадэлі П.Сарокіна, якую прапануе засвоіць Ул.Падгол – Рэд.].

1. Першы, базавы ўзровень псіхікі адпавядае БІЯЛАГІЧНА НЕЎСВЕДАМЛЯЛЬНАМУ.  На гэтым узроўні функцыянуюць інстынкты, галоўны зь якіх інстынкт самазахавання. Ён уключае пачуццё страху смерці, страху перад вобразам смяротнага ворага і чаканні з’яўлення абаронцы ад яго; а таксама інстынкты голаду, стомленасці, падпарадкавання-дамінавання, сексуальны. На гэтым узроўні псіхікі вылучаюць таксама такія інстынкты як уласніцкі і вальналюбства.

2. Другі ўзровень – БІЯЛАГІЧНА ЎСВЕДАМЛЯЛЬНЫ. На гэтым узроўні дамінуюць каштоўнасці жыцця і здароўя, якія ўжо свядома асэнсоўваюцца і абмяркоўваюцца. Інакш кажучы, гэта адрэфлексаваныя і асэнсаваныя пачуцці першага ўзроўню псіхікі. Чалавек можа разважаць пра сродкі падтрымання, напрыклад, здароўя: ежу, фізкультуру, медыцыну. Чалавек разважае пра сэнс жыцця і смерці. Тут жа існуюць ідэалагемы. Напрыклад: «Жыццё даецца чалавеку толькі адзін раз…» ці альтэрнатыўнае, «Жыццё ў гэтым свеце ёсць падрыхтоўка да жыцця ў свеце Боскім». На фармаванне каштоўнасцяў гэтага ўзроўню псіхікі ўплываюць веды і ўсе тыпы веры.

3. Трэці ўзровень – САЦЫЯКУЛЬТУРНАЯ СВЯДОМАСЦЬ. Тут у менталітэце асобы функцыянуюць каштоўнасці розных супольнацяў людзей (сям’я, працоўны калектыў, партыя, грамадзянская супольнасць, нацыя) – тыя каштоўнасці, якія звязаныя з соцыя-палітычным асэнсаваннем жыцця. Напрыклад, такія, як незалежнасць, суверэнітэт, нацыянальная ідэя, рынкавая эканоміка, прававая дзяржава, правы чалавека, «незалежная, вольная беларуская дзяржава», «прыватная ўласнасць», «хрысціянскія маральныя запаветы» ці… іх супрацьлегласці кшталту: «дерьмократия», «всё, что делается в интересах пролетариата – честно», «социализм – это диктатура пролетариата», «диктатура – это высшая форма демократии». Гэты ўзровень псіхікі неразвіты ў большай частцы насельніцтва Беларусі. На ім дамінуюць іррацыянальныя псіхалагічныя механізмы ўспрыняцця інфармацыі.

4. Чацвёрты ўзровень – узровень ЗВЫШСВЯДОМАСЦІ “ЭГА”. Гэта ўсведамленне чалавекам сябе непаўторным, унікальным, выбітным, геніяльным ці ўсведамленне сябе прыналежным да вялікай нацыі ці супольнасці выбітных людзей.

Ёсьць людзі, якія лічаць сябе шэрымі асобамі, ні да чаго не здатнымі. Гэтых “шрубак” штампуе таталітарная дзяржава. Бо такім народам зручна кіраваць. З беларускай нацыі таксама даволі паспяхова ляпілі рабоў да ХХІ стагоддзя. Адзін з кірункаў тэхналогіі выцірання са свядомасці ўзроўню звышсвядомасці “эга” – скажэнне гістарычнай праўды, выключэнне яе з выкладання ў сістэме адукацыі. Так, сусветна вядомыя вучоныя-беларусы, якія пераўзышлі ці апярэдзілі на стагоддзі рускіх ламаносавых і цыялкоўскіх, былі ўвогуле невядомыя некалькім пакаленням беларусаў. Іх прозвішчы проста не ўзгадваліся ў падручніках.

У кожнага чалавека прысутнічаюць усе чатыры ўзроўні псіхікі, але ступень іх развіцця бывае рознай (П.Сарокін. “Дальняя дорога”. М., 1992 г., с. 210).

Уладзімір Падгол

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы