nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

МЕНТАЛІТЭТ СУЧАСНАГА НАСЕЛЬНІЦТВА БЕЛАРУСІ: СТРУКТУРА І ТРАНСФАРМАЦЫЯ (частка ІІ; кБНІ)

12 верасня, 2006 | Няма каментараў

Уладзімір Падгол

4. Структура псіхалагічных элементаў таталітарнага менталітэту беларусаў

Менталітэт – паняцце, якое адлюстроўвае спалучэнне псіхічнай дзейнасці чалавека (матывацыі дзейнасці) і ягоных рэальных дзеянняў.

Як немажліва вывучыць хімічныя працэсы, не маючы табліцы хімічных элементаў, так немажліва па-навуковаму вывучаць псіхічныя працэсы, не маючы табліцы псіхалагічных элементаў. Валоданне табліцай псіхічных элементаў менталітэту, у якой даецца іх узаемасувязь, дазваляе не толькі тлумачыць працэсы трансфармацыі менталітэту нацыі, але і ўплываць на яго фармаванне. Пры гэтым можна як руйнаваць нацыянальны менталітэт, што рабілася з беларусамі на працягу дзесяцігоддзяў [працягвае інтэнсіўна рабіцца і цяпер – Рэд.], так і адраджаць яго, выкарыстоўваючы пэўныя тэхналогіі.

Можна пралічваць наступствы сацыяльных узрушэнняў і вынікі ўздзеяння інфармацыйных тэхналогіяў на масавы менталітэт. Пазнаёмімся з элементамі структуры менталітэту.

Прынцыпамі субардынацыі структуры менталітэта з’яўляюцца:
1. Вылучэнне рацыянальных і ірацыянальных слаёў менталітэту.
2. Вылучэнне ў ірацыянальным слаі гіпнатычных блокаў менталітэту, такіх, як Архетыпы, Субкультуры, Ідэалагемы, Іррацыянальныя чаканні, Сацыяльныя ідалы, Ідэалагемныя характаралагічныя рысы менталітэту (гл.табл.).
3. Вылучэнне псіхічных станаў і працэсаў менталітэту. Спачатку ў тэксце тлумачацца псіхічныя станы, а потым працэсы.

Табліца. Псіхалагічныя элементы структуры таталітарнага менталітэту беларусаў

�адгол.gif

Глыбінная аснова любога менталітэту ёсць псіхічныя арыентацыі (гл. табл., блок ІV). Грунтоўна яны прааналізаваныя Э.Фромам.

Структура менталітэту беларусаў не заўсёды была такой, як зараз, а мянялася з цягам часу пад уздзеяннем як сацыяльных трансфармацыяў грамадства, так і пад уплывам інфармацыйных тэхналогіяў. Аб асноватворных элементах менталітэту беларусаў Вялікага княсва Літоўскага сведчаць ідэалагемныя выказванні філосафа-публіцыста А.Валяна: “З усіх рэчаў людскіх найпякнейшая ёсць вольнасць. Няволя ж – горшая нават за смерць” (Цытуецца па кн.: Саверчанка І. Кніжна-пісьмовая культура Беларусі. Мінск, 1998, с.60.). А.Валян прыводзіў прыклады, калі «людзі добраахвотна ішлі на смерць, абы не трапіць у палон» (тамсама). Сэнс паняцця «воля» Валян абумоўліваў «правам»: «ТАМ, ДЗЕ НЯМА МЕСЦА ПРАВУ, ТАМ НЯМА ВОЛІ» (Тамсама).

З таго часу шмат войнаў пракацілася па Беларусі. Мянялася ўлада. Трансфармаваліся змест страхаў, ідэалагем, ідалаў. Сённяшні стан менталітэту пэўнай часткі насельніцтва Беларусі можна апісаць наступным прыкладам: «Падчас рэферэндуму ў лістападзе 1996 года ў Лідзе адна бабулька падышла з бюлетэнем да ўрны і пачала вагацца: кінуць ці не. Міліцыянт заўважыў гэта і вырашыў дапамагчы ёй, думаючы, што яна не ведае, як укінуць бюлетэнь. Ён працягнуў руку і са словамі «давайце, дапамагу» ўзяў паперу. Бабуля ўчапілася і не аддавала бюлетэнь. Кожны цягнуў да сябе, і кавалак бюлетэня адарваўся і апынуўся ў руцэ міліцыянта. Бабуля са словамі «Усё роўна вы яго змарнуеце!» скамячыла бюлецень, запіхнула яго ў рот, хуценька пражавала і праглынула. Потым падбегла да партрэта Л-кі, пацалавала яго і з выразам шчасця на твары пайшла да выхаду. Члены выбарчай камісіі і міліцыянты аслупянелі» (Бачыла і распавяла Лілея Сазанавец з Ліды). У гэтым выпадку мы маем унікальны прыклад ідалаізацыі бабулькай Л-кі. Прычым яна інстынктыўна, імкнучыся абараніць яго, знайшла самае надзейнае месца – унутры сябе.

Таталітарная сістэма дамагаецца ўтварыць з людзей садамазахістаў, якія атрымліваюць задавальненне ад стану падпарадкаванасці сістэме і задавальненне ад валодання лёсамі сваіх падначаленых. Таталітарная дзяржава выступае для сваіх рабоў патэрнам, фармуючы ў іхных душах спажывецкую арыентацыю, агрэсіўнасць і дэструктыўную арыентацыю ў дачыненні да ўсіх, непадобных да іх.

Субкультуры (субкультурныя блакіратары) (табл., – блок V) – гэта фактары, матывы, каштоўнасці, якія валодаюць наступнымі функцыямі:
1. Абмяжоўваюць непасрэдныя псіхічныя рэакцыі і надаюць ім сацыяльную форму.
2. Блакуюць ператварэнне асобы ў шрубку таталітарнай сістэмы.
3. Ствараюць гіпнатычнае сацыякультурнае поле, што яднае людзей да стваральнай супольнай дзейнасці, утвараючы базу нацыі.

Як у прыродзе існуе электрамагнітнае поле, так ў свядомасці чалавека існуе гіпнатычнае сацыякультурнае поле. Яно яднае і цэментуе групы людзей у нацыю.

Я лічу, што ўласна культураю валодаюць, адчуваюць і разумеюць яе не шмат людзей. Гэта ў асноўным інтэлігенцыя, уключаючы адукаваных святароў і проста мудрых людзей. А вось асноўная частка насельніцтва з’яўляецца носьбітам субкультур (субкультурных блакіратараў). Гэта своеасаблівыя гіпнатычныя падмуркі культуры. Так, нацыянальная беларуская культура сваім субкультурным утварэннем мае спалучнасць гіпнатычных формул, што існавалі ў выглядзе казак, песень, міфаў, прымхцаў (інакш кажучы, страхаў), мудраслоўяў, вітанняў, праклёнаў, адкляццяў, жартаў, кпінаў, прыбабунек, пад’ялдычніцаў.

ПЕРАШКОДАЙ НА ШЛЯХУ ТАТАЛЬНАГА ПАДПАРАДКАВАННЯ ЧАЛАВЕКА СІСТЭМЕ ЁСЦЬ КУЛЬТУРА (у розных формах) і субкультурныя блакіратары. Вось чаму ў 1917 годзе, пасля ўсталявання ўлады з таталітарнай ідэалогіяй, сістэма пачынае змагацца з тымі, каму людзі вераць больш за ўсё. Бальшавікі зкіравалі сваю дзейнасць, акрамя падаўлення супраціўлення старой улады, на знішчэнне ўлады над розумам людзей: веры ў Бога, веры ў інтэлігенцыю, сям’ю, мясцовыя і нацыянальныя традыцыі. Цэрквы ўзрывалі, званы скідалі, зрывалі з кутоў абразы. Прадстаўнікі нацыянальнай інтэлігенцыі ўводзіліся ў статус нацыянал-буржуазіі (нацдэмы) і ворагаў народа. У НАСЕЛЬНІЦТВА ФАРМАВАЛІ СТРАХ ПЕРАД МАГЧЫМАСЦЮ ПАТРАПІЦЬ У СТАТУС НАЦЫЯНАЛІСТАЎ, бо лёс іх быў добра вядомы: турма, лагер, расстрэл.

На першых этапах фармавання татсістэмы выкарыстоўваюцца рэпрэсіўныя механізмы. Пасля таго, як апаненты сістэмы вынішчаюцца ці скараюцца, сістэма імкнецца замяніць уплыў рэпрэсіўнага механізму на грамадства фармаваннем ірацыянальнай веры ў каштоўнасці таталітарнай сістэмы (пры гэтым захоўваецца рэпрэсіўны механізм для іншадумцаў, які ізалюе іх ад грамадства).

ВЫНІШЧАЮЧЫ МОВУ, ПЕРШ-НАПЕРШ ВЫНІШЧАЛІ НАЦЫЯНАЛЬНУЮ СУБКУЛЬТУРУ. Вынішчэнне нацыянальнай культуры і мовы разам з яе субкультурным гіпнатычным слоем (прымхліцы, мудраслоўі, вітанні, праклўны, адкляцці, жарты, кпіны) можна параўнаць з вынішчэннем гумусу глебы, які назапашваецца тысячы гадоў. Калі гумус утрымлівае элементы, карысныя для раслін, дык гіпнатычны слой нацыянальнай субкультуры спрыяе САЦЫЯЛІЗАЦЫІ ІНДЫВІДА, ператварэнню яго ў асобу – прадстаўніка нацыі. Без гэтага слою вырастаюць манкурты, якія робяцца пасля ідэалагемнай апрацоўкі “салдатамі імперыі”.

Але цалкам вынішчыць культуру аказалася немагчыма. Рэшткі яе заставаліся.  І тады таталітарная сістэма ўтварыла сацыяльныя формы, якія мусілі кантраляваць працэс “рэгенерацыі” культурных утварэнняў і скіроўваць яго НА ФАРМАВАННЕ ІРРАЦЫЯНАЛЬНАЙ ВЕРЫ Ў САЦЫЯЛЬНЫХ ІДАЛАЎ ТАТАЛІТАРЫЗМУ. Так былі ўтвораны Саюзы пісьменнікаў, мастакоў і г.д., праз якія забяспечваўся побыт творцаў і пэўны жыццёвы ўзровень. Кнігі ў друк праходзілі праз цэнзуру, а калі пісьменнік пісаў праўду, яго выключалі і знішчалі. Святары служылі ў КДБ паведамляльнікамі, прызначаліся са згоды партыйных органаў ды спецслужбаў і мусілі дакладваць змест тайны споведзі ды пра тых, хто ахрысціў дзяцей.

Сямейныя каштоўнасці таксама вынішчаліся. Сістэма імкнулася штампаваць Паўлікаў Марозавых. Аўтарытэт роднага бацькі рабіўся значна ніжэйшым за аўтарытэт “вялікага Бацькі”.

У цэлым беларуская нацыя як соцыюм вынішчалася за пошнія стагоддзі чатырма  таталітарнымі сістэмамі: рускім царызмам, Польшчай, гітлераўскай Германіяй, савецкай імперыяй – СССР. Вынікам стала пагроза існаванню беларусаў як у фізічным сэнсе, так і ў духоўным. Зараз адбываецца чарговы [пяты – Рэд.] этап – Беларусь далучаюць да Расіі [мы ўжо шмат пісалі, што такое “далучэньне” ёсьць тыповай анэксіяй; нетыповая, новая тут толькі форма – пад выглядам «интеграции братских народов». – Рэд.].

Адпаведна ідзе інтэнсіўная апрацоўка менталітэту жыхароў Беларусі на ўсіх чатырох узроўнях псіхікі:
– на базавым узроўні пастаянна пужаюць жыхароў тым, што НАТА нападзе на Беларусь, а Расія – абароніць;
– на другім узроўні людзей запэўніваюць, што толькі расійскія рынкі даюць мажлівасць прадаваць прадукцыю і тым самым мець заробак і карміць сем’і;
– на трэцім узроўні псіхікі неадукаваных людзей запэўніваюць пра “вечную дружбу братских народов”;
– на чацвёртым – даводзяць пра ўнікальнасць, богаабранасць “славянскай нацыі”.

СТРАХІ (табл., блок XVII).

Татсістэма для падпарадкавання соцыюму шырока выкарыстоўвае пачуццё страху. На розных этапах фармавання татсістэмы розная субардынацыя страхаў. На першых этапах фармавання татсістэмы дамінуе страх рэпрэсіяў. У спелай форме татсістэмы дамінуе страх астракізму, “белай вароны”, згубы саматоеснасці. На першых этапах фармавання татсістэмы базавы інстынкт замазахавання актуалізуецца рэальнымі рэпрэсіямі. На развітай ступені татсістэмы – ідэалагемамі (падрабязней далей). Прычым ідэалагемы, якія рэанімуюць страх, распаўсюджваюцца як патэнцыйнымі ахвярамі сістэмы, так і баязліўцамі для апраўдання сваёй пасіўнасці і пакорлівасці сістэме.

ВІДЫ АДЧУЖАНАСЦІ (табл., блок XIХ).

Татсістэма, каб цалкам падпарадкаваць сабе людзей, адчужае іх ад шэрагу рэчаў, галоўныя з якіх – уласнасць, свабода, мажлівасць выбару [адчужанасьць людзей ад усяго пералічанага і шмат чаго іншага – гэта мэта татсістэмы, адзін з галоўных механізмаў, які забясьпечвае яе паразітычнае існаваньне; пачуцьцё адчужанасьці – вынік рэалізацыі дадзенай мэты. – Рэд.].

АДЧУЖАНАСЦЬ – сацыяльна-псіхалагічны стан чалавека, калі ад яго сістэма адбірае ці ўласнасць, ці права выбару, ці, нават, права на свае эмоцыі. Падчас “развітага сацыялізму” развіццё татсістэмы вызначаецца тым, што ўласнасць ад людзей ужо даўно адчужана, і сістэма ўдасканальваецца ў адчужэнні пачуццяў. Адзін з адметных відаў адчужанасці – адчужанасць ад свабоды.

Ёсць два тыпы свабоды: свабода АД [чагосьці – Рэд.] і  свабода ДЛЯ. Калі чалавек адчувае сябе свабодным “ад” залежнасці ад чалавека, ад грошай (ад прыгнёту, прымусу), ад закону, ад маралі, ад адказнасці, ад маёмасці, ад неабходнасці рабіць выбар, ад пачуцця свабоды – гэта ёсць свабода “ад”.

СВАБОДА ДЛЯ: гэтае паняцце адлюстроўвае стан чалавека, калі ён мае мажлівасць для творчасці, ці свабоду… для праяваў садызму. Бывае, што чалавек адначасова адчувае сябе свабодным “ад” і свабодным “для” [гэтыя важнейшыя пытаньні “свабоды” мы будзем спрабаваць прааналізаць больш поўна пазьней. – Рэд.].

Уласцівасць чалавека таталітарнага грамадства ў тым, што ён знаходзіцца ў стане татальнай несвабоды, татальнага падпарадкавання сістэме, ШТО КАМПЕНСУЕЦЦА АДСУТНАСЦЮ АДЧУВАННЯ АДКАЗНАСЦІ ЗА СВАЕ ЎЧЫНКІ, ЗА СВОЙ ВЫБАР. Спалучэнне гэтых двух станаў вядзе да таго, што чалавек НЕ ЗАЎВАЖАЕ СВАЁЙ ПАДНАЧАЛЕНАСЦІ. Рабства суб’ектыўна ўспрымаецца ім як стан свабоды. Затое свабода выбару для яго становіцца сапраўдным рабствам, бо выклікае пакуты. Ён прывык да такога стану, калі выбар за яго робіць нехта зверху.

У росквіце свайго панавання татсістэма замяняе рэпрэсіўныя механізмы ідэалагемнымі (гіпнатычнымі). Людзі татсістэмы арыентуюцца не на развагі і розум, а на гіпнатычна сфармаваныя фантомы-ідэалагемы, сімвалічна-функцыянальныя фігуры і ідалы. Падмуркам увядзення гіпнатычных сродкаў уплыву на людзей ёсць трансляваны “асілкавы” характар сістэмы, які яна дэманструе ў працэсе рэпрэсіяў і войнаў.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы