nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

МЕНТАЛІТЭТ СУЧАСНАГА НАСЕЛЬНІЦТВА БЕЛАРУСІ: СТРУКТУРА І ТРАНСФАРМАЦЫЯ (частка ІV; кБНІ; Д пр-п 27)

14 верасня, 2006 | Няма каментараў

Уладзімір Падгол

5. Сэнс і змест асноўных паняццяў, якія адлюстроўваюць працэсы трансфармацыі менталітэту.

ПСІХІЧНАЯ ІНФЛЯЦЫЯ (тэрмін Юнга) – паняцце, што адлюстроўвае псіхічны стан чалавека, які пачынае ўспрымаць сябе ці ў вобразе абуджанага архетыпа, ці ў вобразе ўсвядомленага калектыўнага несвядомага, калі гэты вобраз паводле функцыяў значна шырэйшы за дыяпазон уласных функцыяў чалавека. У гэтым стане чалавек нібы прыватызуе псіхічныя якасці, якія ў сапраўднасці яму не належаць. Псіхалагічна ён нібы пашыраецца (надзімаецца). Прыкладам можа служыць атаясамленне чалавекам сябе з пасадаю. На вынік працы калектыву працуе мноства людзей, а кіраўнік можа цалкам прыпісваць вынікі іхнай працы сабе, прычым абсалютна верачы, што менавіта ён усяго дасягнуў.

Палітыкі, адчуўшы абуджэнне ў сабе архетыпа і псіхічнай інфляцыі, могуць надоўга заставацца ў стане пашыраных псіхічных якасцяў. Другія хутка заглушаюць і выштурхоўваюць гэты стан. Першых журналісты называюць харызматыкамі (а медыкі – параноікамі), другіх – палітыкамі без харызмы.

ПСІХІЧНАЯ ДЭФЛЯЦЫЯ (тэрмін Юнга) – паняцце, якое адлюстроўвае псіхічны стан чалавека, што атаясамлівае сябе з калектыўным неўсведамляльным групы людзей, супольныя псіхічныя якасці якіх значна вузейшыя за дыяпазон уласных якасцяў асобы. Прыкладам такіх выпадкаў могуць быць групы нацменшасцяў, якія грамадства лічыць непаўнавартаснымі. СЁННЯ Ў ГЭТЫ СТАН НЕПАЎНАВАРТАСНЫХ УЛАДЫ ІМКНУЦЦА ЗАГНАЦЬ СВЯДОМЫХ БЕЛАРУСАЎ, прычым загнаць як у свядомасці саміх свядомых беларусаў, так і ў свядомасці “пашпартных” грамадзянаў.

ПРАЕКЦЫЯ ЦЕНЮ (тэрмін Юнга) – гэта працэс, калі цень выштурхоўваецца чалавекам не ў небыццё, а накладаецца на іншую асобу ці групу людзей – ворага. Ворагу прыпісваецца ўсё тое адмоўнае, што мае сам чалавек. адсюль такая прывабная для людзей роля ў блазнаў-клоўнаў. Палітыкі таксама могуць выконваць ролю ценю. Падчас усведамлення чалавекам свайго ценю, яго можа напаўняць “д’ябальская энергія”. Лепшы спосаб усвядоміць свой цень – гэта звярнуць увагу на тых, хто выклікае асабліва моцны неспакой, варожасць і злосць.

ІДАЛАІЗАЦЫЯ – паняцце, якое адлюстроўвае працэс набыцця суб’ектам функцый ідала (апісаны вышэй).

ДЭІДАЛАІЗАЦЫЯ – паняцце, якое адлюстроўвае працэс разбурэння веры ў ідалаізаваныя функцыі суб’екта ў свядомасці людзей.

РЭІДАЛАІЗАЦЫЯ – паняцце, якое адлюстроўвае працэс змены суб’ектам функцыяў ідала ў свядомасці груп людзей ці асобнага чалавека.

РАСЧАЛАВЕЧВАННЕ – працэс атаясамлення чалавека ці групы людзей з жывёлаю, і вылучэнне адмоўных рысаў гэтай жывёлы – такіх, як злосць, куслівасць, агрэсіўнасць і г.д.

РЭПРЭСАВАННЕ БАЗАВЫХ ІНСТЫНКТАЎ – паняцце, якое адлюстроўвае працэс уздзеяння на свядомасць чалавека альбо вялікіх групаў людзей з мэтаю ці заглушыць базавы інстынкт, ці, наадварот, справакаваць яго, узбудзіць яго праяву.

Усе базавыя інстынкты могуць быць рэпрэсаваныя сацыяльнымі дзеяннямі ці інфармацыйнымі тэхналогіямі. Дзяржава [маюцца на ўвазе ўлады – Рэд.] пры неабходнасці выкарыстоўвае сацыяльна-інфармацыйныя тэхналогіі для блакавання праяваў інстынкту самазахавання. Дыяпазон іх сэнсаў змяшчае інфармацыю ад поўнага ўтойвання звестак пра смяротную пагрозу жыццю да распальвання патрыятычных пачуццяў і ідалаізацыі гераізму. Прыкладамі могуць быць вайна ў Афганістане, якую развязаў імперскі СССР, утойванне праўды пра пагрозу жыццю людзей пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Калі бацькі адпраўлялі хлопцаў “служыць у Афган” і ведалі, што, мажліва, сын загіне, наладжваліся вясёлыя папойкі. А па тэлевізары казалі, што вашыя дзеці будуць выконваць “інтэрнацыянальны абавязак”, змагаючыся супраць душманаў. Пасля выбуху на ЧАЭС камуністычная прапаганда цвердзіла, што трэба захоўваць спакой, што панікёры дэстабілізуюць абстаноўку. І шмат хто з людзей верыў і спакойна жыў у забруджаных месцах, карміў сваіх дзетак смяротнай ежай.

Некаторыя людзі, якія адседзелі ў турмах ды лагерах амаль усё сваё жыццё, на волі не могуць існаваць. Яны не прыстасаваныя да пошуку месца працы, выбару. За кратамі яны адчуваюць сябе свабоднымі. У іх рэпрэсаваны (заглушаны) інстынкт вальналюбства. Воля выклікае ў іх пакуту. Тым больш, што яны прыходзяць з-за кратаў і успрымаюцца як “ворагі” большай часткай насельніцтва і кіраўнікамі прадпрыемстваў. БАЛЬШЫНЯ КАЛГАСНІКАЎ НЕ ХОЧА БРАЦЬ ЗЯМЛЮ. ЗА ЧАС ЖЫЦЦЯ Ў КАЛГАСЕ Ў ІХ РЭПРЭСАВАЛАСЯ ПАЧУЦЦЁ ЎЛАСНІКА І ГАСПАДАРА СВАЙГО ЖЫЦЦЯ, І, АДПАВЕДНА, ЯНЫ НАБЫЛІ СТРАХ ПЕРАД АДКАЗНАСЦЮ. ТАКІ СТАН ЗАМАЦОЎВАЕЦЦА ЧЫНОЎНІКАМІ, што мытараць фермераў. Такім чынам рэпрэсуецца базавы ўласніцкі інстынкт.

Рэпрэсаванне базавых інстынктаў у адных можа прывесці да актыўнага пратэсту, а ў другіх – да абыякавасці і знікнення адчування праяваў базавага інстынкту.

6. Тэхналогіі ідалаізацыі

Паколькі цэнтральнай фігурай таталітарна скажонага менталітэту з’яўляецца таталітарны ідал, варта спецыяльна разгледзець тэхналогіі ідалаізацыі і дэідалаізацыі.

ІДАЛАІЗАЦЫЯ мае класічныя этапы:
1. Дэсацыялізацыя свядомасці.
2. Падзеленасць псіхікі.
3. Утварэнне арыентацыйных сімвалічна-функцыянальных фігур і ідэалагемных палёў.
4. Арганізацыя ўцёкаў.
5. Абуджэнне архетыпаў у свядомасці палітычнага лідара і вялікіх групаў насельніцтва.
6. Палітычная інфляцыя лідара і насельніцтва ў абуджаныя архетыпы.
7. Праекцыя ценю на ворага ды ягоная ідалаізацыя ў варожы архетып.

Тэхналогія непасрэднай ідалаізацыі асобы ў свядомасці людзей складаецца з трох паслядоўных этапаў:
а) міф-плач;
б) міф-вокліч;
в) міф-заклік (загад).

Міф-плач мае сваім зместам дэманстрацыю свайго болю, такога самага, як у людзей, а можа, нават, і большага. Сэнс гэтага этапа – СТАЦЬ СВАІМ для людзей, утварыўшы адзінае ідэалагемнае поле і надаўшы сабе статус найбольшага пакутніка.
Міф-вокліч мае сваім зместам дэманстрацыю мяжы цярпення болю ды намеру зрабіць нешта экстраардынарнае, каб пазбавіцца болю, пакутаў, і намер пазбавіць ад болю ды пакутаў астатніх, як сэнсу свайго жыцця.
Міф-заклік (загад) транслюе намер палітыка знішчыць ворага, пагрозу ворагу, заклік да людзей падтрымаць яго ў барацьбе з ворагам, надзею, што вораг абавязкова будзе знішчаны.

Між іншым, адна з функцыяў першых словаў, якімі карысталіся старажытныя людзі, была сугестыўная (гіпнатычная, унушальна-намаўляльная). Задачай першых шаманаў было выклікаць абсалютны давер да сваіх слоў і словамі прымусіць людзей зрабіць нейкае дзеянне.

ФАРМАВАННЕ ВОБРАЗУ СМЯРОТНАГА ВОРАГА (ЗАМБАВАННЕ СВЯДОМАСЦІ ЛЮДЗЕЙ НА СМЕРЦЬ). Разнавіднасцю сацыяльнай тэхналогіі фармавання веры ёсць фармаванне вобразу смяротнага ворага (замбаванне на смерць) пры дапамозе сродкаў масавай інфармацыі. А ад такога ворага, як вядома, “можа выратаваць толькі…” ідал.

Тэхналогіі замбавання бываюць трох відаў: адкрытыя, закрытыя, комплексныя.

Схематычна адкрытая тэхналогія ўключае чатыры этапы – тры падрыхтоўчыя і апошні – непасрэдна замбаванне на смерць.
1. На першым этапе асоба “ворага” супрацьпастаўляецца масам людзей на чацвёртым узроўні іх псіхікі праз ідэалагемы: «Он слишком умный», «Много о себе вообразил», «Рвётся в лидеры, к власти», «Тоже интеллигент нашелся – в очках и шляпе», «Они книжечки пописывали, когда мы пахали». Тут з супраціўніка фармуецца сімвалічна-функцыянальная фігура – ЧУЖЫ. Пры гэтым выканаўца замбавання мусіць набываць статус “свой”. Такім чынам адбываецца фармаванне ідала і сімвалічна-функцыянальнай фігуры “ворага” на чацьвёртым узроўні псіхікі – звышсвядомасці ЭГА.
2. Другі этап тэхналогіі. У свядомасці людзей фармуецца вобраз “ворага” на трэцім узроўні псіхікі. Да масаў даводзіцца думка, што супраціўнік можа прынесці змены сацыяльнага статусу для людзей, што выкліча шэраг адмоўных наступстваў. Напрыклад, прыйдзецца вучыць мову, мяняць звыклую працу альбо ўвогуле стаць беспрацоўным. Пры змене статусу ўзнікае вялікая верагоднасць таго, што знікне павага да асобы з боку людзей і дзяцей.
3. На трэцім этапе разглядаемай тэхналогіі ў свядомасці людзей фармуецца вораг на ўзроўні біялагічна неўсведамляльнага (другі ўзровень псіхікі). Тут да людзей даводзяць, што ад дзейнасці “ворага” могуць узнікнуць голад, хваробы і нават смерць.
4. Змест этапа непасрэднага замбавання на смерць (4-ы этап тэхналогіі) уключае ў сябе фармаванне ў свядомасці людзей іррацыянальнай веры ў тое, што “вораг” нясе смерць і, адпаведна, фармаванне рэфлекторнага страху смерці ад наяўнасці і дзейнасці “ворага”.

7. Тэхналогія дэідалаізацыі (як разбураць веру ў ідала).

Калі людзі вераць палітыку і ставяцца да яго, як да ідала, то разбурыць веру ў яго простым адмаўленнем функцый ідала немагчыма. Казаць на ідала, што ён “казёл”, “мудак” ці “дурак” (нават, калі ўсё гэта праўда), і пісаць так на сценах і платах азначае толькі адно – замацоўваць веру ў ідала ў свядомасці ідалапаклоннікаў і выклікаць адмоўнае стаўленне да ягоных апанентаў. Узгадайце, як вы ставіліся да таго, хто казаў вам нешта дрэнае пра вашага любімага чалавека (жанчыну ці мужчыну, маці ці бацьку).

Уласцівасці менталітэту тых, хто пакланяецца ідалам, вельмі добра паказаны ў Бібліі: “… яны маюць вусны, але не размаўляюць; яны маюць вочы, але не бачаць… яны маюць вушы, але не чуюць, і няма дыхання ў вуснах іхных” (Пс. 134: 15-18).

Ідалапаклоннікі не бачаць, не чуюць, не размаўляюць, ЯНЫ НЕ РАЗУМЕЮЦЬ РАЦЫЯНАЛЬНЫХ АРГУМЕНТАЎ. І, каб нешта давесці да іх, неабходна выкарыстоўваць інфармацыйныя тэхналогіі ўздзеяння НА ІХ ПАЧУЦЦІ.

РАЗБУРЭННЕ ВЕРЫ Ў ІДАЛА МАЕ НАСТУПНЫЯ ЭТАПЫ:

1. Рэпрэсаванне базавых інстынктаў.

Існуюць інфармацыйныя тэхналогіі, якія рэпрэсуюць (заціскаюць) базавыя інстынкты. У выніку сыты чалавек можа адчуць сябе галодным, свабодны – рабом і г.д. Гэта падштурхоўвае чалавека да дзеянняў на задавальненне “патрэбы”, што раптам у яго ўзнікла.
Так, на пачатку “перабудовы” рэпрэсавалася пачуццё справядлівасці, якое існуе на базе інстынкту роўнасці. Тады людзям інтэнсіўна даводзілі, што партнаменклатура мае свае спецразмеркавальнікі, дзе мае ўсё амаль задарма, а народ усё купляе дорага ды стаіць у чэргах. Гэта вельмі моцна ўзбуджала людзей. Л-ка выйшаў на палітычную арэну за кошт рэпрэсавання базавага інстынкту “справядлівасці”, які мае вобразную назву “хвароба чырвоных вачэй” [мы ўжо адзначалі, што рэдакцыя лічыць САЦЫЯЛЬНУЮ СПРАВЯДЛІВАСЬЦЬ адной з галоўных грамадскіх каштоўнасьцяў, імкненьне да якой ёсьць адной з галоўных задач будучай паўнавартаснай беларускай улады (гл. Д пр-п 4); гэтай праблемай трэба будзе ўшчыльную заняцца адразу пасьля спыненьня этнацыду і генацыду беларусаў, а таксама пасьля таго, як беларускі народ сапраўды атрымае рэальную ўласнасьць і ўладу; у аўтара артыкула паняцьце “справядлівасьць” узята ў дзьвюкосьсі верагодна з-за таго, што пра СПРАВЯДЛІВАСЬЦЬ гавораць людзі, якія праблему справядлівасьці на самай справе вырашаць не зьбіраюцца – Рэд.]. У нашых умовах, калі цэны пастаянна растуць, мае сэнс рэпрэсаваць базавы інстынкт голаду [так у аўтара – Рэд.].
Ацэнку меры рэпрэсавання базавых інстынктаў можна вызначыць аб’ектыўным і суб’ектыўным спосабам. Аб’ектыўны метад – сацыяльныя даследванні. Пытанне, якое задаецца, напрыклад, перад акцыямі эканамічнага пратэсту , гучыць прыкладна так: “Ці збіраецеся вы прыйсці на мітынг?”
Суб’ектыўных метадаў шмат: гэта ацэнка зместу размоваў у грамадскім транспарце, колькасць новых анектодаў на пэўную тэму, колькасць артыкулаў і ступень апалагетыкі ўладам у дзяржаўным друку, маштаб абсурду ў ідэалагемах-алібі прыўладных ідэолагаў («Развитой социализм – первая стадия коммунизма», «Партия – ум, честь и совесть нашей эпохи»…).
Рэпрэсаванне можна праводзіць не толькі словамі, але і малюнкамі.

2. Актуалізацыя іррацыянальных чаканняў.

Ад імя ідала ці ягоных паклоннікаў абяцаюцца проста неверагодныя рэчы, якія закранаюць асноўныя базавыя чаканні (напрыклад, што заўтра цэны знізяцца ў два разы, заробкі падвысяцца ў тры разы…). Як правіла, гэтыя абяцанні робяцца напярэдадні важных для рэжыму падзеяў (напрыклад, чарговага падпісання дамовы аб саюзе з Расеяй).

3. Давядзенне да абсурду веры ў здольнасці ідала.

4. Супрацьпастаўленне веры ў ідала веры чалавека ў блізкіх і дарагіх яму людзей.

5. Давядзенне да абсурду імкнення зліцца з ідалам.

6. Закладанне сумневу.

7. Ідалаізацыя ідала паводле мадэлі “БАЛБАТУН”.

8. Замбаванне на смерць.

9. Іронія.

10. Смехавая агрэсія.

ЗАКЛЮЧЭНЬНЕ.

Будзем заўсёды памятаць думку расейскіх імперскіх аналітыкаў, што псіхатронная зброя [у шырокім значэньні гэтага слова – Рэд.] у сучасных інфармацыйных умовах па сваёй патэнцыйнай эфектыўнасць адпавядае ядзернай. Але, па-першае, любая зброя можа быць выкарыстана абодвума бакамі, па-другое, на нашым баку АБ’ЕКТЫЎНАЯ ЗАЦІКАЎЛЕНАСЦЬ БЕЛАРУСКАГА НАРОДА Ў ПЕРАМОЗЕ БЕЛАРУСКАЙ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ІДЭІ.

ТОЛЬКІ ПАСЛЯ ТАГО, ЯК БЕЛАРУСКАЯ НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ЭЛІТА БУДЗЕ ЎЛІЧВАЦЬ У СВАЁЙ ДЗЕЙНАСЦЬ ЗАКАНАМЕРНАСЦІ ПСІХАЛОГІІ МАСАЎ, ЯНА ЗДОЛЕЕ ЭФЕКТЫЎНА СПРЫЯЦЬ ПЕРАМОЗЕ БЕЛАРУСКАЙ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ІДЭІ Ў СУЧАСНЫХ УМОВАХ.

Ад рэдакцыі:
Значэньне прадстаўленага артыкула на думку сябраў рэдакцыі вельмі вялікае. У ім паказана, што маніпуляваньне сьвядомасьцю беларусаў – зьява не выпадковая, не “артыстычная”, а навуковая. Праблемай маніпуляваньня сьвядомасьцю масаў уладутрымаючыя займаюцца (вывучаюць, распрацоўваюць, выкарыстоўваць) тысячагоддзі. Канешне ж, у імя сваіх асабістых і найчасьцей паразітычных інтарэсаў… Галоўнай прыладай для такога маніпуляваньня зьяўляюцца СМІ (сёньня ў першую чаргу – электронныя). Гэта прымушае нас разгледзець пытаньне прынцыповай арганізацыі інфармацыйнай прасторы ў будучай беларускай дзяржаве.

У будучай Беларусі ўсе СМІ будуць знаходзіцца пад кантролем Нацыянальнага ўраду – па крайней меры да той пары, пакуль лёсу беларускага народу не перастануць пагражаць расейская імперская бюракратыя, заходняя фінанасавая алігархія, узброеная псеўда-ліберальнай, сіянісцкай ідэалогіяй і тэхналогіяй, ды некаторыя іншыя небясьпечныя сацыяльныя паразіты. Цэнтральнае значэньне ў інфармацыйнай прасторы будучай беларускай дзяржавы павінны заняць некалькі цалкам беларускамоўных высокарэйтынгавых каналаў (некаторыя зь іх могуць быць прыватнымі, некаторыя – дзяржаўнымі), сярод якіх абавязкова павінен быць канал, прысьвечаны аналізу грамадскіх падзей (умоўная назва “Грамадскі”), канал, прысьвечаны папулярызацыі рацыянальна-навуковых ведаў заканамернасьці існаваньня нашага рэальнага Сьвету ва ўсіх яго праявах (“Веды”), і “Забаўляльны канал”. На ўсёй тэрыторыі будучай Беларусі могуць таксама рэтлянслявацца: адзін з каналаў расейскай імперыі (але абавязкова пры ўмове, што на тэрыторыі Смаленшчыны, Пскоўшчыны, Браншчыны, Калінінградкай вобласьці і ў Сібыры, дзе шмат беларусаў, будзе рэтлянслявацца беларускі “Грамадскі канал”); на аналагічных умовах можа рэтлянслявацца адзін з польскіх каналаў; вельмі пажадана, каб рэтлянсляваўся адзін з украінскіх каналаў; а таксама на асобным “славянскім канале 2” павінны паказвацца праграмы з Чэхіі, Славакіі, Баўгарыі, Сербіі, Харватыі, Славеніі, Чарнагорыі (без перакладу). Трэба імкнуцца да таго, каб усім жыхарам Беларусі былі даступны (у выніку рэтрансляцыі) каналы з Вялікабрытаніі, ЗША, Францыі, Гішпаніі, магчыма, Нямеччыны (таксама ў арыгінале, без перакладу). У цэлым электронную інфармацыйную прастору трэба будзе рэфармаваць так, каб кожны жыхар Беларусі з маленства адчуваў сябе ў цэнтры людскай цывілізацыі, прывыкаў атрымліваць рознабаковую інфармацыю, ведаў шмат моваў, у тым ліку вельмі добра – ўсе славянскія, а журналісты беларускіх электронных СМІ вымушаны былі навучыцца рабіць канкурэнцыйнае тэлебачаньне, увесь час падвышаючы сваё майстэрства.
Няхай дадзенае палажэньне будзе нашым чарговым дактрынальным прынцыпам (Д пр-п 27).

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы