Інтэрвю кандыдата філасоўскіх навук, палітолага Уладзіміра Роўды, якое ён даў два гады таму галоўнаму рэдактару украінскага часопіса “Адкрытае грамадства” Міхалу ПЛІСКО (узята з сайта: http://elib.org.ua/politics/ua).
Пліско М.К.: Уладзімір Віктаравіч, існуюць разнастайныя канцэпцыі ўзьнікненьня нацый. Адны лічаць, што нацыі існуюць, прынамсі, з часоў сярэднявечча, іншыя лічаць іх вытворнай буржуазных рэвалюцый і разьвіцьця капіталістычных адносін. А што гаворыць сучасная навука з гэтай нагоды? Не маглі б Вы выкласьці сваё бачаньне гэтай праблемы?
Роўда У.В.: ёсьць дзьве асноўныя і супрацьлеглыя адна адной канцэпцыі паходжаньня нацыяў. Адна зь іх грунтуецца на тэорыі перадмадэрнізму, што, маўляў, нацыі існавалі заўсёды, у тым ліку, напрыклад, і ў старажытным Егіпце. Ёсьць дасьледчыкі, якія лічаць, што на тэрыторыі Вялікага Літоўскага княства існавала нацыя ліцьвінаў і што менавіта яна пазьней трансфармавалася ў беларускую нацыю. Галоўным недахопам гэтай канцэпцыі зьяўляецца зьмешваньне двух паняцьцяў – «нацыя» і «этнас». ЭТНАСЫ ўзьніклі на вельмі раньнім этапе разьвіцьця чалавецтва, яшчэ ў першабытным грамадстве. У ПАДСТАВЕ ІХ ЛЯЖАЛА АГУЛЬНАСЬЦЬ КУЛЬТУРЫ І ВЫЗНАЧАНАЯ АРГАНІЗАЦЫЯ САЦЫЯЛЬНАГА ЖЫЦЬЦЯ ЛЮДЗЕЙ [заснаваныя пры гэтым на генетычнай роднасьці – адзінстве генафонду – Рэд.]. Прыналежнасьць чалавека да этнасу ў тыя часы не патрабавала ад яго самаўсьведамленьня гэтага факта. Гэта была аб’ектыўная данасьць. У АДРОЗЬНЕНЬНЕ АД НАЦЫІ, ЭТНАСЫ НЕ МАЮЦЬ ПАЛІТЫЧНАЙ КАМПАНЕНТЫ, г.зн. ЯНЫ НЕ СТАВЯЦЬ ПЕРАД САБОЙ ПАЛІТЫЧНЫХ ЗАДАЧАЎ І НЕ ІМКНУЦЦА ДА СТВАРЭНЬНЯ СВАІХ УЛАСНЫХ ЭТНІЧНЫХ ДЗЯРЖАВАЎ. Фактычна да XVIII стагоддзя сьвет не ведаў нацыянальных дзяржаваў. Нацыяў як такіх ў прыродзе не існавала. Існавалі ці шматнацыянальныя імперыі, дзе які-небудзь адзін этнас займаў дамінуючую пазіцыю, ці невялікія дзяржаўныя ўтварэньні, своеасаблівыя полісы, у сярэднявеччы – гэта гарады-дзяржавы, якія не ўтрымлівалі ў сваім складзе ўсіх прадстаўнікоў этнаса.
Найбольш распаўсюджанай і агульнапрызнанай тэорыяй узьнікненьня нацый зьяўляецца тэорыя, якая атрымала назву «мадэрнізацыі». Найбольш поўна і дэталёва яна была сфармулявана навукоўцам Эрнстам Гэллнэрам, да пяра якога належаць некалькі кнігаў і дзесяткі артыкулаў па праблемах нацый і нацыяналізму. Ён сьцьвярджаў, што нацыі зьяўляюцца прадуктам мадэрнізацыі ці асучасьненьня. Мадэрнізацыя – гэта шматграннае і вельмі ёмістае паняцьце. Яно ўлучае ў сябе працэс пераходу ад традыцыйнага грамадства да сучаснага і ў першую чаргу – урбанізацыю і разьвіцьцё рынкавай эканомікі. Падчас мадэрнізацыі фармуецца зусім новая сацыяльная арганізацыя грамадства, зьяўляюцца новыя сацыяльныя групы і класы. Грамадства становіцца менш замкнёным, больш рухомым, мабільным і камунікабельным. Такім чынам, ПРАЦЭСЫ МАДЭРНІЗАЦЫІ ГРАМАДСТВА АБ’ЕКТЫЎНА ВЫКЛІКАЮЦЬ ПРАЦЭС НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ІНТЭГРАЦЫІ, ФАРМАВАНЬНЯ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ СУПОЛЬНАСЬЦІ ЛЮДЗЕЙ, ЯКАЯ АТРЫМЛІВАЕ НАЗВУ НАЦЫІ.
Гэтыя нацыянальныя супольнасьці характарызуюцца ТРЫМА асноўнымі адзнакамі. Па-першае, гэта АГУЛЬНАСЬЦЬ КУЛЬТУРЫ, якая застаецца ў спадчыну ад этнасу, на базе якога ўзьнікае сама нацыя. Па-другое, гэта фактар ПАЛІТЫЧНАЙ ВОЛІ. Без волі да адзінства, аб’яднаньня нацыя можа і не ўтварыцца. Носьбітам гэтай волі зьяўляецца НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ІНТЭЛІГЕНЦЫЯ, ЭЛІТА ГРАМАДСТВА. Менавіта яна распрацоўвае канцэпцыю нацыянальнага аб’яднаньня і абгрунтоўвае неабходнасьць гэтага аб’яднаньня. Базай для яе зьяўляюцца падзеі нацыянальнай гісторыі, агульнасьць культуры і блізкасьць мовы. Так паступова ў людзей выпрацоўваецца пачуцьцё патрыятызму і ўсьведамленьне сваёй нацыянальнай прыналежнасьці. Аб’ектыўным фундаментам інтэграцыйных працэсаў зьяўляюцца рынкавыя адносіны, якія прыводзяць да паступовага сьціраньня культурных і моўных адрозьненьняў паміж роднаснымі этнічнымі групамі, узьнікненьню літаратурнай мовы і адзінай сістэмы нацыянальнай адукацыі. І, нарэшце, па-трэцяе, у нацыі, якая фармуецца, узьнікае неабходнасьць у ПАЛІТЫЧНЫМ САМАВЫЗНАЧЭНЬНІ. Найбольш прыймальнай формай гэтага самавызначэньня зьяўляецца НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ДЗЯРЖАВА, на чале якой павінны стаяць ПРАДСТАЎНІКІ СВАЁЙ УЛАСНАЙ НАЦЫІ. Гэтага, дарэчы, не было ў данацыянальны перыяд. У тыя часы на чале дзяржаваў маглі стаяць манархі, якія належылі да дынастыяў іншых дзяржаваў. ПАСЬЛЯ ФАРМАВАНЬНЯ НАЦЫЯНАЛЬНЫХ ДЗЯРЖАВАЎ РЫЧАГІ ЎЛАДЫ СТАЛІ НАЛЕЖЫЦЬ ПРАДСТАЎНІКАМ НАЦЫІ. Ажыцьцявілася ідэя французскай нацыянальнай дзяржавы. Гэтая ж ідэя знайшла сваё ўвасабленьне ў канцы XVIII стагоддзя ў лозунгу, які быў сфармуляваны Томасам Джэферсанам і які ў зьмененым выглядзе дажыў і да сёньньня: «Амерыка для амерыканцаў».
Пліско М.К.: Вы распавялі, што ў сьвеце не было нацыянальных дзяржаваў да XVIII стагоддзя. Але ж у Англіі буржуазная рэвалюцыя адбылася ў сярэдзіне XVII стагоддзя. Ці можна казаць, што ў гэтай краіне працэс фармаваньня брытанскай нацыі супаў з рэвалюцыяй і фармаваньнем буржуазных адносін?
Роўда У.В.: XVIII стагоддзе было названа мною ў якасьці нейкай мяжы і толькі. На самой справе працэс узьнікненьня нацыянальных адносінаў меў працяглы і эвалюцыйны характар. Адны элементы дасьпявалі раней, іншыя – пазьней. Асабліва значную ролю ў фармаваньні протанацыянальных рухаў выканаў пратэстантызм, таму што ён заахвочваў прыватную ініцыятыву людзей і адным зь яго лозунгаў было патрабаваньне перакладу Бібліі на нацыянальныя мовы. Дарэчы, і Статут Вялікага Літоўскага княства быў напісаны на старабеларускай мове.
Калі казаць пра Англію, дык тут, па маім меркаваньні, якасны штуршок у фармаваньні менавіта нацыянальнай дзяржавы адбыўся ўжо пасьля памянёнай рэвалюцыі, якая мела характар рэлігійнай вайны і якую шмат якія дасьледчыкі справядліва называюць пурытанскай рэвалюцыяй. Палітычная рэвалюцыя, якая па-сапраўднаму адкрыла дарогу для разьвіцьця рынкавых адносінаў і перадачы ўлады ў рукі выбарных прадстаўнікоў нацыі, адбылася пазьней і атрымала назву “слаўнай рэвалюцыі”. Завяршыла працэс ўтварэньня ў Англіі адзінага нацыянальнага рынку і дзяржавы прамысловая рэвалюцыя другой паловы XVIII стагоддзя. Менавіта яна аб’яднала раней разрозненыя часткі краіны і выканала ролю своеасаблівага нацыянальнага тыгелю. Затым працэс фармаваньня нацыянальных дзяржаваў захапіў Францыю, ЗША, у другой палове XIХ стагоддзя – Грманію, Італію, краіны паўднёвай Еўропы, а ў пачатку ХХ стагоддзя – Цэнтральную і Усходнюю Еўропу. Цікава адзначыць, што ПЕРШАПАЧАТКОВА бальшавікі падтрымалі нацыянальныя рухі ў Расеі, нацыяналізм прыгнечаных нацый і прапагандавалі лозунг пра права нацыі на самавызначэньне аж да аддзяленьня і ўтварэньня самастойнай дзяржавы. Але пасьля захопу ўлады яны адмовіліся ад яго і ў так званым «раўнапраўным саюзе нацыянальных рэспублік» гэтыя нацыянальныя рэспублікі на справе ня мелі ніякіх рэальных правоў.
Пліско М.К.: Я мяркую, працэс узьнікненьня нацыянальных дзяржаваў у ХХ стагоддзі праходзіў у менш спрыяльных палітычных і геапалітычных умовах. Станаўленьню новых нацыянальных дзяржаваў супрацьстаялі іх больш моцныя ў эканамічным і ваенным плане суседзі, бо гэта прыводзіла да перагляду існуючых межаў. На гэтай глебе ўзьніклі тэрытарыяльныя спрэчкі, якія ў асобных выпадках завяршаліся войнамі. Ці лічыце Вы, што наяўнасьць велізарнай колькасьці нацыянальных і этнічных канфліктаў вядзе да дыскрэдытацыі нацыянальнай ідэі і нацыяналізму?
Роўда У.В.: І так, і не. З аднаго боку, гэта так. Сапраўды, да нядаўняга часу мы жылі ў сьвеце са сталымі межамі, аднак распад СССР прывёў [на шчасьце – Рэд.] да зьмены геапалітычнай сітуацыі, што стварыла ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе спрыяльныя ўмовы для новага этапу нацыянальнага руху. Некаторыя заходнія палітыкі зь небясьпекай успрынялі працэс узьнікненьня новых нацыянальных дзяржаваў. На шчасьце, у большасьці выпадкаў іх узьнікненьне насіла мірны характар і зьдзяйсьнялася дэмакратычным шляхам. Але не паўсюль. У Югаславіі, напрыклад, справа дайшла да этнічных чыстак.
НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ІДЭЯ – зброя, якая вострая з абодвух бакоў. Ёю могуць карыстацца як дэмакраты, так і недэмакраты. ЯНА – НАЙМАГУТНЕЙШАЯ ЗБРОЯ ПА МОЦЫ ЎЗЬДЗЕЯНЬНЯ НА ЛЮДЗЕЙ. Распад старой палітычнай сістэмы і крах камуністычнай ідэалогіі, якая выступала ў ролі своеасаблівага [і штучнага – Рэд.] інтэгратара, прывялі да атамізацыі грамадства ў посткамуністычных краінах [цяперашняя “атамізацыя” беларускага й іншых грамадстваў – гэта наўмысны працэс, які запускаецца сацыяльнымі паразітамі з мэтай стварэньня з арганізаванага грамадства “біямасы”, на якой яны толькі і могуць паразітаваць – Рэд.]. Паколькі палітычны ды ідэалагічны плюралізм ня могуць зьявіцца за адну гадзіну [могуць, толькі нічога карыснага людзям не дадуць; яны ня ёсьць карыснымі самі па сабе і маюць сэнс толькі як падстава для больш істотных рэчаў; больш за тое, сітуацыю анархіі тут жа выкарыстаюць тыя ці іншыя сацыяльныя паразіты – Рэд.], то на пачатковых стадыях трансфармацыі посткамуністычных грамадстваў толькі нацыяналізм разам з рэлігійным фундаменталізмам [моцныя інтэўгруючыя ідэалогіі; адна зь якіх міфалагічная, а другая – натуральная – Рэд.] могуць выступіць у ролі інтэгратыўнага фактара. Пра гэта вельмі аргументавана пісала вядомы польскі дасьледчык Ядвіга Станішкіс. У большасьці краін нацыяналізм выкарыстоўваўся для хуткага правядзеньня дэмакратычных рэформаў [проста канструктыўны нацыяналізм і дэмакратыя – гэта сінонімы – Рэд.]. Пасьля ўмацаваньня палітычных партый і разнастайных грамадскіх арганізацый, правядзеньня рынкавых рэформаў, зьяўленьня сярэдняга класа і завяршэньня працэса фармаваньня грамадзянскай супольнасьці [у Беларусі абавязковым дадатковым кампанентам зьяўляецца ўсталяваньне ўсёй сістэмы сьвятых агульнанацыянальных каштоўнасьцяў, пачынаючы з беларусізацыі; гэтыя працэсы ня могуць адбыцца за гады, патрэбны дзесяцігоддзі! – Рэд.] нацыяналізм губляе сваё папярэдняе значэньне, НІБЫ засынае [правільна, калі ўсё НАРМАЛЬНА, навошта шумець? – Рэд.]. Ён праяўляецца ў актыўнай палітычнай форме толькі тады, калі ўзьнікае пагроза нацыянальнай незалежнасьці, нацыянальнай культуры і г.д. [г.зн. тады, калі трэба вярнуць грамадства да нормы! – Рэд.].