nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

У МЯНЕ НІЯКАГА СУМНЕВУ: БЕЛАРУСКАЯ НАЦЫЯ ІСНУЕ (Частка ІІ; П пр-п 5)

25 верасня, 2006 | Няма каментараў

Працяг інтэрвю кандыдата філасоўскіх навук, палітолага Уладзіміра Роўды.

Пліско М.К.: Уладзімір Віктаравіч, давайце цяпер пагаворым пра фармаваньне і разьвіцьцё беларускай нацыі. Ці можна сказаць, што беларуская нацыя існавала ў часы Вялікага княства Літоўскага? Калі не, дык калі, на Вашую думку, пачала фармавацца беларуская нацыя і ў якіх умовах адбывалася яе разьвіцьцё?

Роўда У.В.: У навуковым разуменьні казаць пра пачатак фармаваньня беларускай нацыі можна толькі з другой паловы ХІХ стагоддзя, хаця перадумовы для яе фармаваньня былі закладзены ў папярэдні перыяд. Менавіта тады пачаўся працэс фармаваньня нацыянальнай інтэлігенцыі. Успомнім імя Ф.Багушэвіча, яго творчасьць і дзейнасьць па разьвіцьцю беларускай мовы і культуры. Вельмі важнае месца ў разьвіцьці беларускай нацыі займае гэтак званы «віленскі» перыяд. Гэта гады выданьня ў пачатку ХХ стагоддзя часопіса «Наша Ніва». Вакол «Нашай Нівы» аб’ядналася цэлая пляяда выбітных грамадскіх і палітычных дзеячаў, літаратараў, якія шмат зрабілі для распрацоўкі БЕЛАРУСКАЙ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ІДЭІ. Цяжкасьць станаўленьня нацыяналізму ў Беларусі заключалася ў аграрным характары яе эканомікі [аграрны характар эканомікі быў у гісторыі ўсіх нацый! – Рэд.]. У нас не было гарадоў, якія можна было б лічыць індустрыйнымі цэнтрамі, напрыкад, як Рыга, Кіеў, Варшава, Пецярбург. У прынцыпе ў большасьці краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы была прыкладна падобная сітуацыя [менавіта так – Рэд.]. У гэтых краінах носьбітам нацыянальнай ідэі выступае, як правіла, сельская інтэлігенцыя. Гэта надае нацыяналізму гэтых краін аграрны характар. У Чэхіі, напрыклад, гарадская культура была нямецкамоўнай і менавіта яна дамінавала на тэрыторыі пражываньня чэшскага этнасу [у адносінах да чэхаў імперскай нацыяй былі немцы, у адносінах да беларусаў – рускія, і да гэтай пары яны ж; вось і ўся розьніца паміж намі. – Рэд.]. У гэтай краіне працэс індустрыялізацыі супаў з разьвіцьцём чэшскага нацыянальнага руху, што і прывяло пасьля падзеньня Аўстрыйскай імперыі [бачыце, што трэба было, каб упала… – Рэд.] да стварэньня незалежнай чэхаславацкай дзяржавы [якая потым як узорны прыклад для ўсяго сьвету мірна і прыгожа падзялілася на дзьве нацыянальныя дзяржавы – Чэхію і Славакію! – Рэд.]. Аналагічным чынам разьвіваўся працэс у краінах Балтыі, хаця, напрыклад, Эстонія па ўзроўні разьвіцьця нацыянальнай культуры ў той час саступала Беларусі [! – Рэд.]. У цяжкіх умовах праходзіла разьвіцьцё нацыянальнай культуры ды мовы і ў Латвіі, дзе ў шмат якіх гарадах большасьць жыхароў складалі рускія ды габрэі й дзе былі моцныя традыцыі нямецкай культуры. Але галоўнае, што яны мелі й што спрыяла умацаваньню гэтых нацыянальных дзяржаў – гэта захаваньне імі незалежнасьці да самага пачатку Другой сусьветнай вайны [!!! – Рэд.].
У нас жа пасьля распаду Расейскай імперыі [вы бачыце, зноў патрэбны распад імперыі; без распаду гэтага паразітычнага монстра аніяк… – Рэд.] склалася неспрыяльная палітычная сітуацыя [уся гэтая “неспрыяльнасьць” сітуацыі абумоўлена толькі тым, што расейская імпербюракратыя хутка адрадзілася ў новым, цяпер ужо бальшавіцкім выглядзе і стала зноў захопліваць, падпарадкоўваць, ціснуць і эксплуатаваць усё тое, што магла – Рэд.]. Пасьля кароткачасовага перыяду існаваньня БНР Беларусь апынулася пад уладай бальшавікоў, якія вымушаны былі пайсьці на стварэньне БССР. На практыцы яны аказаліся ня меньшымі русіфікатарамі, чым дзеячы царскага ураду. Ня варта забываць і пра тое, што ў 1920-30 гг. беларусы апынуліся ў становішчы падзеленага народу [нагадаем, іх так “апынула”, зноў такі расейская бальшавіцкая імпербюракратыя – Рэд.]. Заходняя частка беларускіх земляў аказалася пад уладай Польшчы [і да гэтай пары часткова застаецца! – Рэд.], а на Ўсходзе гаспадарылі бальшавікі [і да сёньня гаспадараць іх нашчадкі: як на ўсёй тэрыторыі РБ, так і на беларускіх Усходніх тэрыторыях (уся Смаленшчына, часткова Браншчына і Пскоўшчына). – Рэд.]. У Заходняй Беларусі польскі урад праводзіў у адносінах да беларусаў жорскую палітыку паланізацыі (асабліва ў адносінах да беларусаў-каталікоў), беларуская культура і мова падвяргаліся перасьледу і абмежаваньням. У савецкай частцы Беларусі, пасьля умацаваньня БССР і кароткачасовага перыяду “беларусізацыі”, пачала праводзіцца палітыка русіфікацыі. Пад сьцягам барацьбы з так званай нацдэмаўшчынай [прасьцей, НАД ДЭМАКРАТЫЯЙ, якая ў Беларусі можа быць толькі беларускай. – Рэд.] пачаўся працэс ФІЗІЧНАГА ВЫНІШЧЭНЬНЯ беларускай інтэлігенцы, у першую чаргу, творчай. У сталінскіх лагерох загінула тое пакаленьне беларускай інтэлігенцыі, якое пазьней магло надаць моц і сілу беларускай нацыянальнай ідэі [а колькіх яшчэ гэтым фізічным зьністажэньнем расейская бальшавіцкая імпербюракратыя сьмяротна перапужала… – Рэд.]. Пазітыўным фактарам можна лічыць фармальнае захаваньне сваёй дзяржаўнасьці, хай нават і ў вельмі ўрэзаным выглядзе. Гэта можна аднесьці да дасягненьняў беларускага нацыянальнага руху. У пачатку 1990-х гг. захаваньне статусу саюзнай рэспублікі спрыяла абвяшчэньню незалежнай дзяржавы і прызнаньню яе з боку Расеі.
Калі казаць пра пасьляваеннае разьвіцьцё беларускай нацыі, дык яно праходзіла таксама ў скрайне неспрыяльных умовах. Нягледзячы на тое, што Беларусь была ў ліку пераможцаў над фашыстоўскай Германіяй і нават сузаснавальнікам ААН, яна панесла тэрытарыяльныя страты. Ад Белаурсі былі адрынутыя Беластоцкая вобласьць і Віленскі край [нябачаны ў гісторыі чалавецтва абсурд!; але ў рэдакцыі мы лічым, што гаворку трэба весьці найперш пра Беласточчыну, а дакладней, пра яе вяртаньне. – Рэд.]. Адмоўна адбіліся на разьвіцьці нацыі і людскія страты. Нагадаем, Беларусь згубіла ў вайне кожнага трэцяга свайго жыхара.
У адрозьненьне ад многіх саюзных рэспублік працэс індустрыялізацыі й урбанізацыі ў Беларусі не суправаджаўся фармаваньнем у гарадох беларускамоўнага асяроддзя і нацыянальна арыентаванай інтэлігенцыі ды эліты [у адносінах да эліты гэта ня так; сапраўдная нацыянальная эліта заўсёды захоўвала сваю беларускамоўнасьць, нават, на шкоду сваім матэрыяльна-меркантыльным інтарэсам! – Рэд.]. У гарадох, нягледзячы на прыток беларускамоўных жыхароў зь сельскай мясцовасьці, размоўнай мовай заставалася руская. Ціск з боку рускамоўных [ды не “рускамоўных”, а камуністычных уладаў. – Рэд.] быў настолькі моцным, што сельскія жыхары, апынуўшыся ў горадзе, пераходзілі на рускую мову і паступова страчвалі сваю родную мову. Гэта сьведчыць пра тое, што ў нас ня здолела сфармавацца дастаткова разьвітая гарадская беларуская культура [усё рэальна, людзі былі пастаўлены перад выбарам: альбо руская мова, тады кар’ера, сацыялістычны дабрабыт, альбо беларуская мова, тады нічога такога + плюс пастаянны ціск, правакацыі й г.д.; таму галоўнае ня тое, што яна “не здолела” сфармавацца, а тое, хто канкрэтна ціснуў, каб ня даць ёй сфармавацца. – Рэд.].
Палітыку, якую ў 1950-80-я гг. праводзіла мясцовае камуністычнае кіраўніцтва, асабліва пры Машэраве, з поўнай падставай можна назваць АНТЫНАЦЫЯНАЛЬНАЙ і АНТЫБЕЛАРУСКАЙ, што поўнасьцю задавальняла Маскву. Не выпадкова, знаходзячыся зь візітам у Менску, Мікіта Хрушчоў сказаў, што “беларусы першымі ўвойдуць у камунізм”, так як яны ўсе пачалі гаварыць па-руску. У адрозьненьне ад нас [нельга на сябе браць чужы грэх, бо гэта грэх; мы тут – і беларускі народ, і нацыянальная эліта – ні пры чым; злачынства сацыяльных паразітаў ЗАЎСЁДЫ павінна заставацца на іх… – Рэд.] у рэспубліках Прыбалтыцы мясцовыя камуністы імкнуліся абараніць нацыянальную культуру сваіх народаў і падтрымлівалі сваю інтэлігенцыю. Гэта ж было характэрна і для Заходняй Украіны.
Калі ў пачатку 1990-х гг. Беларусі прадставіўся шанец стварыць сваю нацыянальную дзяржаву, яна з-за слабасьці беларускай нацыянальнай ідэі й няразьвітасьці нацыянальнай самасьвядомасьці так і не змагла рэалізаваць яго ў поўнай меры [паколькі Беларусь – гэта беларускі народ + тэрыторыя + улады, іншыя палітычныя сілы – ня можа быць суб’ектам палітыкі; сапраўдным суб’ектам палітыкі зьяўляюцца толькі ўлады ды іншыя палітычныя сілы; таму казаць “Беларусь … не змагла, Беларусі прадставіўся шанец” – некарэктна… – Рэд.]. На мой погляд, цяперашнюю РБ нельга назваць нацыянальнай дзяржавай, бо кіраўніцтва не праводзіць палітыку, скіраваную на ўмацаваньне беларускай культуры і мовы, не бароніць у патрэбнай меры нацыянальныя інтарэсы краіны [зноў, у “краіны” няма нацыянальных інтарэсаў, яны ёсьць у беларускага народа! – Рэд.]. Хутчэй гэтую палітыку можна назваць антынацыянальнай, таму што яна скіравана супраць беларускага народу і можа прывесьці да паглынаньня нашай дзяржавы Расеяй [не “Расеяй”, а расейскай імперыяй, суб’ектам якой зьяўляецца расейская імпербюракратыя. – Рэд.]. Гэта парадаксальная сітуацыя, таму што з аднаго боку сёньня мы маем спрыяльныя палітычныя ўмовы  для ўмацаваньня беларускай нацыі, якіх раней ня мелі, а з іншага боку, ТАКОЙ РУСІФІКАЦЫІ, ЯКУЮ МЫ НАЗІРАЕМ СЁНЬНЯ, НЕ БЫЛО, НАПЭЎНА, НАВАТ ПРЫ КАМУНІСТАХ [ніякага парадоксу няма; пасаду Прэзідэнта Беларусі заняў агент расейскай імпербюракратыі, які й праводзіць палітыку ў імя інтарэсаў апошняй; адным са стрыжнявых кірунках гэтай палітыкі зьяўляецца ЭТНАЦЫД, пра які амаль усе сучасныя “беларускія” палітыкі маўчаць, у тым ліку і “апазіцыйныя”; пра ўлады мы і ня кажам… – Рэд.].

Пліско М.К.: Дык, можа, мы ўжо беззваротна спазьніліся і ўжо ня зможам пераламіць хаду падзеяў, г.зн. захаваць беларускую нацыю? І, увогуле, ці можна казаць, што беларуская нацыя існуе? Некаторыя дасьледчыкі і палітыкі лічаць, што працэс фармаваньня беларускай нацыі не завершаны і ці будзе ён завершаны – яшчэ невядома?

Роўда У.В.: Не, я лічу, што працэс фармаваньня беларускай нацыі завяршыўся ў 1930-я гады. Іншая справа, што ёй уласьцівы некаторыя асаблівасьці, якія абумоўліваюць яе нутраную слабасьць. Ёй не хапае таго, што Л.Гумілёў называў пасіянарнасьцю. Гэта адбываецца з-за таго, што нацыі не хапае крытычнай масы інтэлігенцыі Й ЭЛІТЫ, ЯКАЯ ЎСЬВЕДАМЛЯЕ СВАЮ БЕЛАРУСКАСЬЦЬ [і гэтая ж эліта лукашысцкім рэжымам пры далейшай падтрымцы Крамля  цяпер інтэнсіўна вынішчаецца, заціскаецца ці выштурхоўваецца ў замежжа – Рэд.]. Але тое, што ТАКАЯ НАЦЫЯ ІСНУЕ, У МЯНЕ НЯМА НІЯКАГА СУМНЕВУ. Праўда, можна сказаць, што ў Рэспубліцы Беларусь, дзякуючы стараньням яе цяперашняга кіраўніцтва, яна знаходзіцца ў стане нацыянальнай меньшасьці, у адносінах да якой праводзіцца ПАЛІТЫКА ДЫСКРЫМІНАЦЫІ Й ЗАНЯВОЛЕНЬНЯ.
У свой час беларускія дэмакраты недаацанілі слабасьць беларускай нацыянальнай ідэі, як і слабасьць беларускай нацыі. У 1991 годзе яны паспрабавалі дзейнічаць так, як дзейнічалі дэмакраты ў прыбалтыйскіх рэспубліках. І ня дзіўна, што ў іх нічога не атрымалася. У нас нацыяналная ідэя ня стала сродкам артыкуляцыі інтарэсаў грамадзянскай супольнасьці [пакуль – Рэд.]. З-за яе слабасьці яна не павінна была вылучацца на першы план ў палітычнай барацьбе. РАШЫЦЬ ЗАДАЧУ СТВАРЭНЬНЯ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ДЗЯРЖАВЫ МОЖНА ТОЛЬКІ ПРАЗ ЗАВАЁВУ ПАЛІТЫЧНАЙ УЛАДЫ [а вось гэта, сапраўды, можна прадставіць, як чарговы прынцып нашай пераможнай дактрыны – П пр-п 5]. Пра тое, як гэта можна зрабіць, і павінны думаць нацыянальна арыентаваныя дэмакраты. І калі на першы план палітычнага змаганьня зноўку будуць вылучаны культурніцкія задачы, дык мы зноў прайграем [пры гэтым, “культурніцкія задачы” заўсёды будуць неад’емным элементам пабудовы беларускай дэмакратычнай дзяржавы – Рэд.].  Нам  неабходна распрацаваць РЭАЛІСТЫЧНУЮ ПРАГРАМУ АДРАДЖЭНЬНЯ БЕЛАРУСКАЙ НАЦЫІ [гэта тое, пра што ўвесь час гаворыць і што робіць наша рэдакцыя – Рэд.] і пасьлядоўна, крок за крокам увасабляць яе ў жыцьцё.

Пліско М.К.: Не маглі б Вы назваць хаця б некалькі пунктаў такой праграмы?

Роўда У.В.: Першае і самае галоўнае – гэта перамога дэмакратычнага кандыдата на будучых прэзідэнцкіх выбарах [маюцца на ўвазе ўжо адбылыя выбары, з трэскам праваленыя “аб’яднанай апазіцый”; акрамя таго, названы пункт ня ёсьць пунктам “рэалістычнай праграмы адраджэньня беларускай нацыі”, пра якую ішла гаворка трохі вышэй. – Рэд.]. Перадвыбарчая кампанія павінна праходзіць пад лозунгам сацыяльна-эканамічнага зьместу. Затым праводзяцца свабодныя і дэмакратычныя выбары ў паўнамоцны парламент, які зацьвярджае праграму беларусізацыі. Прычым, мы не павінны паўтараць памылкі першай паловы 1990-х гг., калі на беларускую мову навучаньня пераводзілася пачатковая школа і нават дзіцячыя садкі. ПАЧЫНАЦЬ ТРЭБА ЗЬ СІСТЭМЫ ВЫШЭЙШАЙ АДУКАЦЫІ. ТРЭБА, КАБ СПАЧАТКУ ПА-БЕЛАРУСКУ ПАЧАЛА РАЗМАЎЛЯЦЬ ІНТЭЛІГЕНЦЫЯ І ЭЛІТА ГРАМАДСТВА. Тады за імі пацягнуцца й іншыя слаі грамадства. Менавіта па такім шляху ідзе Украіна і мы павінны выкарыстоўваць яе досьвед [для гэтага ў Беларусі ў сярэдзіце 1990-х гг. было створана Таварыства беларускай вышэйшай школы – ТБВШ – якім на працягу ўсяго часу, да моманту прымусовай ліквідацыі, кіраваў наш рэдактар А.Астроўскі; але гісторыя ТБВШ – асобная тэма. – Рэд.]. Думаю, што на рэалізацыю падобнай праграмы спатрэбіцца ня больш за дзесяць гадоў.

Пліско М.К.: Уладзімір Віктаравіч, Вы казалі, што працэс пераўтварэньня этнаса ў нацыю характарызаваўся ломкай рэгіянальных перагародак і лакальных культурных адрозьненьняў. Такія працэсы можна назіраць і цяпер. Напрыклад, сёньня поўным ходам ідзе аб’яднаньне Заходняй Еўропы, Паўночнай і Цэнтральнай Амерыкі, такія ж інтэграцыйныя працэсы ідуць і ў іншых частках сьвету. Дык, можа быць, беларусам і ня варта мітусіцца з вырашэньнем задачы стварэньня сваёй нацыянальнай дзяржавы? Бо ў недалёкай будучыні, магчыма, прыйдзецца аб’ядноўвацца зь іншымі нацыямі й дзяржавамі? Ды й увогуле, можа быць, хутка і самі нацыі зьнікнуць? [Думку пра магчымае зьнікненьне нацый і нацыянальных дзяржаў у будучыні ўпарта, сістэмна, татальна навязваюць чалавецтву розныя касмапалітызатары-хаатызатары – агенты сілаў сусьветнай фінансавай паразітычнай алігархіі. – Рэд.]

Роўда У.В.: У тым, што нацыі могуць зьнікнуць, няма нічога антынавуковага і незвычайнага [вось сп-р Роўда і папаўся; ідэя аб “зьліцьці нацыяў” як раз і ёсьць утапічная і антынавуковая; але пра гэта адмыслова іншым разам. – Рэд.]. Гэта праява законаў дыялектыкі, па якіх ідзе разьвіцьцё прыроды і грамадства [сябры рэдакцыі ня згодныя з дадзенай тэзай; наша тлумачэньне сітуацыі па гэтым пытаньні будзе выкладзена ў будучай сьветагляднай дактрыне, але адзін з галоўных прынцыпаў такі: далейшае прагрэсіўнае разьвіцьцё чалавецтва, абумоўленае падвышэньнем узроўню яго арганізацыі, знаходзіцца не на шляху зьнікненьня нацыяў праз іх касмапалітычна-хаатычнае зьліцьцё, перамешваньне і зьнікненьне, а на шляху іх умацаваньня з аднаго боку, І ДАСКАНАЛЕНЬНЯ МЕХАНІЗМАЎ ІХ ГУМАНІСТЫЧНАГА ЎЗАЕМАДЗЕНЬНЯ – з другога; навуковасьць тут у тым, што толькі так ідзе ПРАГРЭСІЎНАЕ разьвіцьцё любой складанай сістэмы з падвышэньнем узроўню яе арганізацыі – Рэд.]. Аб’яднаўчыя працэсы, якімі ахоплены перадавыя краіны сьвету [гэта не зьмястоўна аб’яднаўчыя працэсы, а фармальна “аб’яднаўчыя”; аб’ядноўваюцца не нацыі, а соцыяпаразітычныя групы розных нацыяў – адбываецца толькі іх “прагрэсіўнае разьвіцьцё”, а для гэтага ім якраз і патрэбны не працэс прагрэсіўнага разьвіцьця чалавецтва, як складанай шматузроўневай сістэмы, а зваротны працэс яго хаатызуючай дэградацыі… – Рэд.], сьведчаць пра тое, што сьвет уступіў у новую стадыю мадэрнізацыі – стадыю постіндустрыяльнага й інфармацыйнага грамадства [“перадавыя краіны” проста першымі ўступілі на памылковы гістарычны шлях, каб першымі адчуць, што па дадзеным шляху ісьці нельга; праявы іх будучага крызісу на гэтым шляху толькі зараджаюцца й іх выразна бачаць вельмі нямногія, затое адчуваюць ужо многія; вынікі рэферэндумаў, якія прайшлі ў Еўропе за апошні год (Францыя, Галандыя, Швайцарыя) – таму чарговы навуковы доказ… – Рэд.]. Відавочна і тое, што інтэграцыйныя працэсы вядуць да аслабленьня ролі нацыянальных дзяржаў [вось якраз такога пры сапраўднай інтэграцыі й ня можа быць – Рэд.]. Некаторыя функцыі, якія ім уласьцівыя, перадаюцца наднацыянальным ворганам кіраваньня. Але нельга не заўважыць, што адначасова з аб’яднаўчымі працэсамі можна назіраць узмацненьне працэсаў рэгіяналізацыі й рост нацыянальнага сепаратызму. Прычым, гэта адбываецца і ў разьвітых краінах Еўропы, такіх як Бельгія, Германія, Брытанія, Італія, Гішпанія, а таксама ў Канадзе [ну, вось, менавіта так! – Рэд.]. Таму я ня думаю, што нам трэба адмаўляцца ад ідэі стварэньня нацыянальнай дзяржавы. Сёньня ніхто дакладна ня зможа сказаць, наколькі працяглай будзе новая стадыя мадэрнізацыі [мы б напісалі “мадэрнізацыі”. – Рэд.] і чым яна скончыцца [мы можам сказаць: яна скончыцца поўным крахам і будзе прызнана вялікай «памылкай»! – Рэд.].

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы