nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

БЕЛАРУСКАЯ НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ІДЭЯ (кБНІ; Д пр-п 31)

26 верасня, 2006 | Няма каментараў

Працягваем прэзентацыю матэрыялаў міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Беларуская нацыянальная ідэя” (18-19 красавіка 1999 г., Гародня). На гэты раз будуць прадстаўлены матэрыялы раздзела “Палітыкі пра беларускую ідэю”. Пачынаем з артыкула Станіслава Багданкевіча – доктара эканамічных навук, прафесара, на час правядзеньня канферэнцыі – старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі (Менск).
Рэдакцыя.

Гісторыя дала беларусам шанц стварыць незалежную прававую дзяржаву. Сёньня для грамадзянаў гэтай дзяржавы няма большай каштоўнасьці, чым іх агульны дом пад назвай Рэспубліка Беларусь. У ЗАМАЦАВАНЬНІ ПОЎНАГА СУВЕРЭНІТЭТУ ДЗЯРЖАВЫ І ПРАВЕ НАШАГА НАРОДУ КІРАВАЦЬ СВАІМ ЛЁСАМ, У АДРАДЖЭННІ ЯГО ДУХОЎНА-МАРАЛЬНЫХ АСНОВАЎ І РОСКВІЦЕ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ КУЛЬТУРЫ, У ФАРМАВАНЬНІ КВІТНЕЮЧАЙ ГРАМАДЗЯНСКАЙ СУПОЛЬНАСЬЦІ І ДЭМАКРАТЫЧНАЙ ПРАВАВОЙ ДЗЯРЖАВЫ, ВЫШЭЙШАЙ МЭТАЙ ЯКОЙ БЫЛО Б ЗАБЕСПЯЧЭНЬНЕ ПРАВОЎ І СВАБОДАЎ СВАІХ ГРАМАДЗЯНАЎ, А ТАКСАМА ІХ ПРЫСТОЙНАГА ЎЗРОЎНЮ ЖЫЦЬЦЯ, І ЗАКЛЮЧАЕЦЦА, ЗГОДНА З НАШЫМ ГЛЫБОКІМ ПЕРАКАНАНЬНЕМ, СУТНАСЬЦЬ БЕЛАРУСКАЙ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ІДЭІ!

Трагедыя заключаецца ў тым, што сёньня беларускае грамадства ня ў стане выяўляць сваю волю. 24 лістапада 1996 г. у краіне ўсталявана прэзідэнцкая дыктатура. Падпісаныя ў Маскве пагадненьні аб стварэньні беларуска-расейскай “саюзнай дзяржавы” могуць стаць пачаткам ліквідацыі суверэнітэту Беларусі. Лукашэнка дзеля задавальненьня прыватных інтарэсаў і асабістых палітычных амбіцый гатовы ахвяраваць лёсам цэлага народу. У краіне няма рэальна дзейных дэмакратычных прадстаўнічых інстытутаў, з дапамогай якіх насельніцтва магло б абараняць свае інтарэсы. У межах існуючых ніякае свабоднае волявыяўленьне народу немагчымае.

РАСЕЙСКАЕ КІРАЎНІЦТВА, ЯКОЕ ДОБРА ПАІНФАРМАВАНА АБ СТАНОВІШЧЫ З ДЭМАКРАТЫЯЙ У БЕЛАРУСІ, ТЫМ НЯ МЕНШ ІМКНЕЦЦА ВЫКАРЫСТАЦЬ СІТУАЦЫЮ, ІНКАРПАРАВАЦЬ СУСЕДНЮЮ ДЗЯРЖАВУ. ГЭТА НЕЛЬГА АЦАНІЦЬ ІНАКШ, ЯК РЭАНІМАЦЫЮ АГРЭСІЎНАЙ ІМПЕРСКАЙ ПАЛІТЫКІ.

Канкрэтныя палажэньні нашага разуменьня нацыянальнай ідэі абвешчаны ў першых двух раздзелах Канстытуцыі краіны. Найбольш важныя зь іх: дэмакратычная форма праўленьня, заснаваная паводле прынцыпу ўладараньня закону, абароны правоў чалавека і асноўных свабодаў; пераўтварэньне Беларусі ў нэўтральную дзяржаву, а яе тэрыторыі – у без’ядзерную зону; раздзяленьне і самастойнасьць заканадаўчай, выканаўчай і судовай уладаў, стварэньне сістэмы стрымак і супрацьвагаў, якія запабягалі б манапалізацыі ўлады адной зь яе галінаў, прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права; разьвіцьцё і ўмацаваньне плюралістычнай парламенцкай дэмакратыі; недапушчальнасьць існаваньня манаполіі ураду, палітычных партыяў, прыватных прадпрыемстваў ці асобных людзей на СМІ; гарантыя свабоды сходаў, мітынгаў, вулічных шэсьцяў і пікетаваньняў, а таксама сродкаў масавай інфармацыі; свабоднае аб’яднаньне грамадзянаў у палітычныя партыі і грамадскія аб’днаньні, якім гарантуецца доступ да дзяржаўных СМІ; роўныя правы і роўныя ўмовы для разьвіцця ўсіх формаў уласнасьці; гарантыя кожнаму права ўласнасьці.

Нават простае пералічэньне гэтых канстытуцыйных палажэньняў паказвае, як далёка мы знаходзімся ад рэалізацыі нацыянальнай ідэі, у падставе якой ляжалі б вышэйпералічаныя агульнаеўрапейскія каштоўнасьці.

Сацыялагічныя апытаньні сьведчаць аб ваўлонным стане нашага грамадства, скрайняй яго няразьвітасьці [а хто і калі яго вучыў? – Рэд.]. Шматмерная палітычная структура беларускага грамадства не сфармаваная [а хто і калі яе фармаваў? – Рэд.]. Як сьведчыць досьвед дэмакратычных краінаў, нармальная грамадзянская супольнасьць і дэмакратыя базуюцца на дзейнасьці разнастайных палітычных і грамадзянскіх інстытутаў, у першую чаргу палітычных партыяў і грамадскіх аб’яднаньняў, прадпрыемстваў недзяржаўных формаў уласнасьці, культурных, спажывецкіх і іншых суполак. Праз гэтыя інстытуты забяспечваецца аб’яднаньне грамадзянаў на падставе тых ці іншых палітычных ідэалогіяў, платформаў, поглядаў. Аднак у Беларусі больш паловы насельніцтва не вызначылася ў сваіх адносінах да палітычных партыяў і рухаў, да іх ідэалогіяў, платформаў, эканамічных праграмаў. “Вертыкаль” робіць усё магчымае, каб не даць беларускаму народу структуравацца [!!! – Рэд.] на падставе інстытутаў, якія адлюстроўвалі б яго інтарэсы і патрэбы, падтрымлівае ілюзорныя надзеі на ўтрыманства, на патэрналісцкую ролю дзяржавы, заахвочвае грамадзянскую і палітычную пасіўнасьць, неўдзел у актыўнай грамадскай і палітычнай дзейнасьці, у выбарах як у заканадаўчыя, так і мясцовыя органы ўлады. Праз манаполію на тэлебачаньне, радыё і масавыя газэты насаджаюцца даўно адкінутыя гісторыяй ідэі ўраўнаўчай справядлівасьці [такой “справядлівасьці” проста не існуе!; фармальным наступствам сапраўднай СПРАВЯДЛІВАСЬЦІ заўсёды павінна быць НЯРОЎНАСЬЦЬ – Рэд.] й міфы, быццам бы ў беларускага народу ёсьць толькі адзін прыстойны кіраўнік – А.Лукашэнка, а іншыя “падмануць”; што ёсьць толькі адна канцэпцыя сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця краіны – распрацаваная А.Лукашэнкам, а якіх-небудзь годных альтэрнатыўных канцэпцый і эканамічных праграмаў у прыродзе не існуе; што абраны А.Лукашэнкам палітычны і эканамічны курс з’яўляецца адзіна верным, а нізкія заробкі й пенсіі, падвышэньне цэнаў і зьбядненьне народу не ад нявуцкага кіраўніцтва краінай, адсутнасьці рэформаў й іншых глыбінных палітыка-эканамічных прычынаў, а ад інтрыгаў шматлікіх зьнешніх і нутраных ворагаў, якіх прэзідэнт пастаянна выкрывае.

Па прычыне шэрагу вядомых суб’ектыўных і аб’ектыўных фактараў наша краіна ўсё яшчэ стаіць перад гістарычнай дылемай, якая можа разглядацца як традыцыйная: Усход-Захад. Сьхематычна гэта ўяўляе сабой выбар паміж прынцыпамі еўрапейскай і азіяцкай сацыяльных сістэмаў. “Лукашэнкаўскім” сацыяльна-эканамічным рэаліям Беларусі больш адпавядае азіяцкі спосаб вытворчасьці, заснаваны на дамінаваньні адміністратыўнай улады і яе непадзельнасьці з уласнасьцю, НА ЭКАНАМІЧНЫМ І ПАЛІТЫЧНЫМ УЛАДАРАНЬНІ БЮРАКРАТЫІ. Менавіта ўлада тут галоўнае.

Асноўная адзнака еўрапейскай сістэмы – свабодная ад дзяржавы [ад ўладаў – Рэд.] прыватная ўласнасьць, свабодны рынак, прымат грамадзянскай супольнасьці над дзяржавай. “Станавы хрыбет” еўрапейскай цывілізацыі – “сьвятое права прыватнай уласнасьці”. Ніякія буры ў асобе “марксізма”-сацыялізма, “камунізма”-бальшавізма, “фашізма”-нацызма не здолелі разбурыць карані еўрапейскай цывілізацыі, таму што сярод цывілізацыяў, якія функцыянавалі ў апошнія стагоддзі на гістарычнай сцэне, заходняя аказалася найбольш эфектыўнай, забяспечыла высокі ўзровень дабрабыту і свабодаў насельніцтву. Незалежная Беларусь можа і павінна стварыць у сябе еўрапейскую грамадзянскую супольнасьць, прымусіць дзяржаву [уладу – Рэд.] служыць грамадству, а не наадварот. Наша будучыня – на шляху да рынкавай эканомікі й заходняй сацыяльнай сістэмы зь яе сталымі грамадскімі каштоўнасьцямі, перш за ўсё такімі, як свабода і правы чалавека, дэмакратыя, дэцэнтралізацыя і раздзяленьне ўладаў, незалежнасьць сродкаў масавай інфармацыі, грамадзянская супольнасьць, свабоднае прадпрыймальніцтва, панаваньне закону [усё гэта так; але як яно зьвязана ў адзіную сістэму? што, як і чаму ў гэтай сістэме падпарадкоўваецца? вось, менавіта тут схаваны адрозьненьні нашых поглядаў і поглядаў лібералаў – Рэд.].

Лукашэнкаўскі курс на аб’яднаньне з Расеяй непрадуктыўны. Расея сёньня знаходзіцца на ўзбоччы цывілізацыі. Без дапамогі Захаду яе эканоміка асуджана на дэградаваньне [цяпер, праўда, “эканоміка” РФ трохі заварушылася з-за непамерна высокіх цэнаў на энэргарэсурсы, якія расейская імпербюракратыя крадзе ў каланізаваных ёю народаў – Рэд.]. Гісторыя апошніх гадоў сьведчыць, што РАСЕЙСКАЯ ЭЛІТА НЯ Ў СТАНЕ АДМОВІЦЦА АД СВАЙГО ІМПЕРСКАГА МЫСЬЛЕНЬНЯ і блокавага сьветагляду, у падставе якога знаходзіцца тэзіс аб першапачатковай варожасьці заходняй цывілізацыі ў адносінах да «праваслаўна-славянскай».

Мы – еўрапейцы. Наша будучыня – не ў пераўтварэньні сваёй краіны ў заходні фарпост зьбяднелай і раздзіраемай нутранымі супярэчнасьцямі алігархічнай Расеі, а ў самастойным разьвіцьці, у паступовай інтэграцыі ў цывілізаваную еўрапейскую супольнасьць пры безумоўным захаваньні свабоднага рынкавага гандлю, шчыльных эканамічных адносінаў з Расеяй, сяброўства зь яе вялікім народам [у Расеі жыве не народ, а народы! – Рэд.].

Рэалізацыя нацыянальнай ідэі прадугледжвае дзяржаўную падтрымку нацыянальнай культуры, аднаўленьне гістарычнай нацыянальнай сімволікі й рэальнае замацаваньне беларускай мовы ў якасьці дзяржаўнай; максімальную дэцэнтралізацыю ўлады, заканадаўчае замацаваньне мясцовай аўтаноміі, улучна з выбарнасьцю мясцовых кіраўнікоў адміністрацый; прадастаўленьне апазіцыі статусу, які дазваляў бы ёй выконваць адказную і канструктыўную ролю; ачыстка ўлады ад карупцыянераў і правядзеньне адкрытай, маральнай, па-сапраўднаму нацыянальнай нутранай і зьнешней палітыкі; стварэньне ўмоў для годнага жыцьця ўсіх нашых грамадзян праз сацыяльна арыентаваную рынкавую эканоміку.

Сёньня галоўнай перашкодай для рэалізацыі нацыянальнай ідэі зьяўляецца аўтарытарны рэжым. Гэты рэжым абапіраецца на шматлікія сілавыя структуры, а таксама частку насельніцтва, што настальгуе па мінулым, галоўным чынам пенсіянераў і артадаксальных камуністаў. Асноўнай сацыяльнай апорай кіруючага рэжыму зьяўляецца тая частка грамадства, фізічнае выжываньне якой залежыць ад добрай ць злой волі гэтага рэжыму. Без ліквідацыі вялізнай эканамічнай і пазаэканамічнай залежнасьці людзей ад улады чыноўнікаў цяжка разьлічваць на фармаваньне грамадзянскай супольнасьці, аднаўленьне канстытуцыйнай законнасьці, дэмакратыі і сапраўднага народаўладдзя. У той жа час нельга паменшваць значэньне фактараў і сілаў, якія аб’ектыўна працуюць на прагрэс грамадска-палітычнай і прававой сьвядомасьці беларускага народу, у тым ліку і на павелічэньне колькасьці тых, хто быў вымушаны і навучыўся сам уладкоўваць сваё жыцьцё і жыцьцё сваіх блізкіх.

Аднак і ў дэмакратычнай апазіцыі, у сувязі з антыканстытуцыйным скасаваньнем Вярхоўнага Савету і ўвядзеньнем дэ-факта аўтарытарнай канстытуцыі, адсутнічаюць іншыя шляхі адхіленьня ад улады гэтага рэжыму, акрамя як дэмакратызацыя грамадскага жыцьця і перамога на выбарах.

Для краіны з незамацаванай дэмакратыяй, якой зьяўляецца Рэспубліка Беларусь, асаблівае значэньне мае строгае заканадаўчае забесьпячэньне выбарчых кампаній, якое б максімальна абмяжоўвала магчымасьці непадкантрольнага ўплыву выканаўчай “партыі ўлады” на вынікі выбараў, іх фальшаваньня. Справядлівасьць і легітымнасьць выбарчага заканадаўства не павінна выклікаць сумніву як ва ўлады, так і ў апазіцыі. Свабодныя, справядлівыя і роўныя выбары прадугледжваюць забеспячэньне шырокага доступу ўсіх палітычных сілаў да дзяржаўных СМІ, фармаваньне цэнтральнай, тэрытарыяльных, акруговых і ўчастковых камісій на парытэтных пачатках усімі палітычнымі сіламі з наступным зацьверджаньнем прадстаўнічымі органамі ўлады, свабодная без абмежаваньняў рэалізацыя канстытуцыйнага права грамадзянаў выбіраць і быць абранымі, выключэньне магчымасьці пазасудовай адмены рашэньня аб вылучэньні кандыдата, арганізацыя грамадскага кантролю за выбарамі, улучна з абавязковай выдачай наглядальнікам копіяў пратаколаў аб выніках галасаваньня, скрайняе абмежаваньне працэдуры датэрміновага галасаваньня і галасаваньня пры дапамозе пераносных урнаў, магчымасьць стварэньня партыйных (альбо індывідуальных) выбарчых фондаў кандыдатаў у разумных межах.

Сёньняшняя Беларусь не ізалявана жалезнай завесай ад цывілізаванага сьвету. Улада не прыняла артадаксальных дыктатарсіх формаў, характэрных для былога камуністычнага СССР. Элементы дэмакратыі й інфармацыйнай свабоды ўсё яшчэ захаваліся. Ацьверазьленьню народу садзейнічаюць таксама вынікі: спад узроўню жыцьця, рост коштаў, зніжэньне вартасьці рубля і грашовыў укладаў. У гэтых умовах яго [Л-кі. – Рэд.] падтрымка насельніцтвам будзе скарачацца [у гэтым прагнозе не былі ўлічаны падтрымка Крамля рэжыму Лу-кі, якая дасягае мільярдаў даляраў кожны год і магчымасьці сучасных інфармацыйна-псіхалагічных тэхналогій ва ўмовах манаполіі бюракратычнай улады на СМІ – Рэд.]. У гэтай сувязі не падзяляю песымізму часткі апазіцыі, якая знаходзіцца ў палоне прапаганды аб усенароднай падтрымцы класічнага папуліста Лукашэнкі, які не адрозьніваецца ні багатым інтэлектам, ні адукаванасьцю, ні культурай, і аб яго быццам бы непераможнасьці на свабодных выбарах. Час працуе супраць усталяванага ў краіне аўтарытарнага рэжыму. Ён робіць усё больш буйных палітычных і эканамічных памылак. Знаходзіцца ў глыбокай нутранай і міжнароднай ізаляцыі. Усё больш губляе падтрымку ня толькі сярод інтэлігенцыі, чыноўніцтва [пра чыноўніцтва ня верна; назіраецца зьява паступовай селекцыі бюракратыі ў кірунку здольнасьці безадказна падтрымліваць Лу-ку – Рэд.], бізнэсмэнаў і моладзі, але і сярод ветэранаў і сельскага насельніцтва. Мне падаецца нічым не абгрунтаваным, памылковым і шкодным тэзіс аб унікальнасьці нашага народу і сітуацыі ў Беларусі [гэта так! – Рэд.], аб адсутнасьці ў нашага «замбаванага» насельніцтва цьвярозай развагі, аб яго нездольнасьці падняцца над сваімі нявернымі перакананьнямі, ацаніць уласныя палітычныя памылкі, аб гатовасьці й надалей падтрымліваць толькі харызматычных папулістаў [няма ніякай “харызмы”, ёсьць псіхапатыя – Рэд.].

Адсюль вынікае, што галоўнай задачай усіх апазіцыйных да цяперашняга рэжыму дэмакратаў павінна стаць мабілізацыя сілаў на вырашэньне праблемы дэмакратызацыі краіны, аднаўленьня асноўных канстытуцыйных правоў і свабодаў грамадзянаў, палітычных партыяў і грамадскіх аб’яднаньняў, і перш за ўсё стварэньня ўмоваў для правядзеньня ў краіне свабодных дэмакратычных выбараў ва ўсе легальныя органы ўлады. Па даных нацыянальнага апытаньня, праведзенага НІСЭПІ ў кастрычніку 1998 г., толькі 21,6% грамадзянаў былі згодныя з працягненьнем прэзідэнцкіх паўнамоцтваў Лукашэнка без выбараў яшчэ на два гады – да 2001 году. Гэта абсалютная меньшасьць. У сувязі з супрацьдзеяньнем з боку Лукашэнкі правядзеньню такіх выбараў яго рэжым у вачах як беларускай, так і міжнароднай грамадскасьці стане дэ-юрэ нелегетымным. З ліпеня г.г. сёньняшні прэзідэнт апынецца па-за законам [як бачым, нічога падобнага не адбылося і з-за пасіўнасьці Захаду цяпер Лу-ка цягне ўжо ЧАЦЬВЕРТЫ свой тэрмін; нагадаем, перашы -–1994-99 гг.; другі – 1999-2001 гг.; трэці 2001-06 гг.; чацьверты – 2006-11 гг.; з такой “апазіцыяй” і з такім “Захадам” ён нас усіх перажыве – Рэд.].

Магчыма, лепшым выхадам з крызісу ва ўмовах пануючай ў краіне дыктатуры было б дасягненьне канстытуцыйнага пагадненьня хаця б па адным пытаньні – аб правядзеньні свабодных і справядлівых выбараў Прэзідэнта краіны. Аднак, гэта немагчыма без усенароднага ціску на дыктатарскі рэжым пры актыўнай падтрымцы міжнароднай грамадскасьці [але, як можна было ўжо шмат разоў пераканацца: пляваць хацела “міжнародная грамадскасьць” на нас – беларусаў. – Рэд.]. Рашэньне адхіленага ад улады Вярхоўнага Савету аб аб’яўленьні выбараў прэзідэнта ў канстытуцыйны тэрмін – важны элемент барацьбы за дэмакратыю і аднаўленьне законнай улады ў краіне.

Сёньня пратэстны электарат колькасна і якасна, безумоўна, вышэйшы за электарат улады. Мы ўпэўнены, што пры ўмове стварэньня агульнага выбарчага блоку дэмакратычных сіл, у які ўвайшлі б вядучыя палітычныя партыі, прафесійныя саюзы, моладзевыя і жаночыя арганізацыі, а таксама разнастайныя грамадскія аб’яднаньні й няўрадавыя арганізацыі, пры падтрымцы еўрапейскай супольнасьці й дэмакратычнай грамадскасьці Расеі [такой грамадскасьці ў Расеі няма; імперская – ёсьць, а дэмакратычнай – няма. – Рэд.] ў апазіцыі ёсьць шанец дабіцца рэальнага гарантаваньня беларускаму народу права на свабодны выбар свайго далейшага шляху [як мы ўжо пабачылі і ў 2001 г., і ў 2006 г. вынік падобных дзеяньняў НУЛЯВЫ – Рэд.]. Перамога на прэзідэнцкіх выбарах кандыдата ад дэмакратычнай апазіцыі азначала б аднаўленьне ў краіне Канстытуцыі 1994 году, дэмакратыі й панаваньня закону.

Сёньня мы павінны заявіць аб кансалідацыі, накіраваць высілкі на стварэньне агульнага выбарчага блоку, вылучэньне адзінага кандыдата ў ПРЭЗІДЭНТЫ НА АСНОВЕ ЎЗГОДНЕНЫХ ПЛАТФОРМЫ І ПРАГРАМЫ [зьвярніце ўвагу, С.Багданкевіч таксама прапанаваў АДЗІНУЮ ПРАГРАМУ! – Рэд.]. На ролю такога кандыдата АГП запрапанавала Генадзя Карпенка. Не менш годнымі зьяўляюцца кандыдатуры Сямёна Домаша, Міхаіла Чыгіра. Упэўнены ў магчымасьці аб’яднаньня палітычных сіл, якія падтрымліваюць гэтых і іншых палітыкаў. У беларускага народу нямала падрыхтаваных дзяржаўных дзеячаў, здольных стварыць эфектыўную каманду для вывядзеньня краіны з бездані канстытуцыйнага, дзяржаўнага і сацыяльна-эканамічнага крызісу, вяртаньня на бальшак цывілізацыі. Абавязак дэмакратычных сіл – вызначыцца з адзінай камандай НА БАЗЕ ЎЗГОДНЕНАЙ ПЛАТФОРМЫ і ЭКАНАМІЧНАЙ ПРАГРАМЫ [!!! – Рэд.].

Ва ўмовах дыктатуры ў апазіцыі адсутнічае магчымасьць дыялогу з уласным народам. У гэтых умовах выбары, у тым ліку і прызначаныя нелегітымнай уладай, даюць дэмакратам унікальную магчымасьць легальнага доступу да народу і, што яшчэ больш важна, доступа самога электарата да палітычнага працэсу, магчымасьць ажыцьцявіць свае правы на свабоду думкі і перакананьняў, свабоду сходаў і мітынгаў. Па дадзеных НІСЭПІ, пачуцьцё ўціску, ізаляцыі ад палітычнага працэсу валодае сёньня не толькі апазіцыяй, але й шырокімі слаямі грамадства. Так, 76,4% апытаных мяркуюць, што ў краіне не ажыцьцяўляецца права на свабоду думкі, перакананьняў і іх выяўленьня, 68,2% – на свабоду сходаў, мітынгаў і шэсьцяў, 58,4% – на права выбіраць і быць абранымі ў органы ўлады. Таму не выкарыстаць выбары як магчымасьць доступа апазіцыі да грамадства, а грамадства да палітычнага працэсу было б не проста палітычнай памылкай, але згубленым шанцам для ўсіх прыхільнікаў дэмакратыі.

Па меркаваньні АГП, байкот выбараў у законныя органы ўлады, нават калі яны прызначаюцца нелегітымнай уладай, – скрайняя мера. Галоўнае для краіны – каб выбар народу был свабодным, гарантаваным ад фальсіфікацыі. Аднак ва ўмовах, калі кіруючы рэжым яшчэ задоўга да выбараў адхіліў найбольш палітычна актыўную частку грамадства ад удзелу ў выбарах, АГП мае намер поўнасьцю выкарыстаць прадстаўленыя магчымасьці для распаўсюджваньня ідэй дэмакратыі, свабоды і рынкавых пераўтварэньняў.

У заключэньне дазвольце выявіць упэўненасьць, што беларускі народ у стане рэалізаваць сваю нацыянальную ідэю, абараніць сваю дзяржаўнасьць і свабоду.

Жыве Беларусь!

Станіслаў Багданкевіч
Ад рэдакцыі:
Па нашаму меркаваньню лібералы дзеляцца на дзьве групы. Адна зь іх – гэта лібералы-ідэалісты, якія шчыра прапагандуюць ідэі правоў і свабод чалавека, сьвяшчэнства прыватнай уласнасьці, падзел уладаў, рынкавую эканоміку і г.д., верачы, што гэта спраўды і ёсьць панацэя ад усіх бедаў сучаснай цывілізацыі й беларускага грамадства ў прыватнасьці. Другую складаюць тыя, хто выкарыстоўвае ліберальныя ідэі, сфармаваныя ў іншым месцы і ў іншых гістарычных абставінах, толькі як фармальнае прыкрыцьцё (перад іншымі) ці апраўданьне (хаця б перад уласным сумленьнем) сваіх эгаістычных жаданьняў хутка надыбаць сабе капіталец ці праз абкраданьне людзей, ці праз іх эксплуатацыю. А як яшчэ хутка можна набыць капіталец? Такія людзі, далучаючыся да лібералаў-ідэалістаў, нібы набываюць сабе фармальную падставу казаць, што яны таксама «ідэйныя». Маўляў, ёсьць камуністы, ёсьць ісламісты, ёсьць нацыяналісты і г.д., а яны, маўляў, лібералы… Прадстаўнікоў другой групы мы як раз і завем «псеўда-лібераламі», падкрэсьліваючы такім чынам іх соцыя-паразітычную сутнасьць.
Па ўсім відаць, Станіслаў Багданкевіч належыць не да другой, а да першай групы лібералаў. Аднак і зь яго сьветаглядам мы поўнасьцю пагадзіцца ня можам.
Справа ў тым, што нават ідэйныя лібералы аніяк ня могуць зразумець, што абстрактных правоў і свабод чалавека, як і абстрактных людзей ці грамадстваў НЕ БЫВАЕ. Так, у Беларусі жыве канкрэтны беларускі народ. Проста ён усё яшчэ з-за імперскага ціску пазбаўлены ўсяго – улады, уласнасьці, сваёй мовы, культуры, гісторыі, свабоды, годнасьці, бясьпекі, сэнсу жыцьця, будучыні й г.д. У сувязі з гэтым усялякія размовы пра правы і свабоды абстрактнага грамадзяніна ў Беларусі ёсьць і будуць заставацца да той пары абсалютна пустымі й бессэнсоўнымі, пакуль увесь беларускі народ у цэлым і кожны беларус па-асобку ня будуць мець тое, што ім належыць у адпаведнасьці зь іх натуральным правам. СПАЧАТКУ трэба даць уладу, уласнасьць, мову, культуру, гісторыю, нармальныя дзяржаўныя сімвалы, правы і свабоды, годнасьць, бясьпеку, сэнс жыцьця, будучыню і г.д. НАШАМУ КАНКРЭТНАМУ і РЭАЛЬНАМУ БЕЛАРУСКАМУ НАРОДУ, а ўжо потым усе ліберальныя каштоўнасьці можна паспрабаваць прадаставіць абстрактнаму грамадзяніну і грамадству. Толькі так! Інакш ня можа быць і ня будзе!
Давайце лічыць прадстаўленае чарговым нашым дактрынальным прынцыпам, які паказвае асаблівасьці сьветаглядаў – нашага і ліберальнага (Д пр-п 31).
Тое, што Станіслаў Багданкевіч прадстаўленага не ўсьведамляе, сьведчыць хаця б факт выкарыстаньня ім толькі імперскай мовы (запрэзентаваны артыкул сіламі рэдакцыі мы пераклалі на нармальную для этнічнай беларускай тэрыторыі мову, якой ёсьць, натуральна, беларуская мова).

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы