nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

АГУЛЬНАНАЦЫЯНАЛЬНАЯ ІДЭЯ: АСНОЎНЫЯ ПАЛАЖЭННІ КАНЦЭПЦЫІ (кБНІ; Д пр-п 32, 33, 34)

28 верасня, 2006 | 3 каментарыя

Прадстаўляем чарговы артыкул з матэрыялаў канферэнцыі «Беларуская нацыянальная ідэя» (Гародня, 18-19 красавіка 1999 г.). Яго аўтар Міхась Антоненка (літаратурны псеўданім – Міхась Агінскі). На час правядзеньня канферэнцыі – кандыдат эканамічных навук, выкладчык Беларускага навукова-дасьледчага інстытута экалогіі й інфармацыі АПК; старшыня Цэнтральнай Рады Беларускай сялянскай партыі (Менск).
Рэдакцыя.

Гаворачы пра нацыянальную ідэю, неабодна перш за ўсё вызначыць асноўнае паняцце “ідэя”, а затым больш канкрэтнае — “нацыянальная ідэя”.

Філасофскі энцыклапедычны слоўнік паняцце “ідэя” вызначае як “…форму зразумення ў думцы з’яў аб’ектыўнай рэальнасці, якая ўключае ў сябе ўсведамленне мэты і праекцыі далейшага пазнання і практычнага пераўтварэння свету” (Философский энциклопедический словарь / Редкол.: С.С.Аверинцев и др. – М.: Сов. энциклопедия, 1989., С. 207.)

Прыкладна такое ж тлумачэнне паняцця “ідэя” маецца і ў іншых слоўніках і энцыклапедыях.

Але трэба зазначыць, што ў грамадскім жыцці ідэі выконваюць зусім іншую роль, чым у навуцы. У другім выпадку яны падагульняюць папярэдняе развіццё ведаў у розных галінах навукі і даюць навуковае тлумачэнне з’явам прыроды.  У грамадскім жыцці ідэі, якія дакладна і аб’ектыўна адлюстроўваюць працэсы, што адбываюцца ў грамадстве, паскараюць яго развіццё, арыентуюць людзей на пераадоленне састарэлага і ўстанаўленне новага, прагрэсіўнага, перадавога.

Пры абгрунтаванні асноўных палажэнняў нацыянальнай ідэі, якую магла б падтрымаць большасць грамадства, аўтарам нельга дапусціць памылак. Гэтыя памылкі будуць вельмі дорага каштаваць усяму народу.

НАЦЫЯНАЛЬНУЮ ІДЭЮ ТРЭБА РАЗГЛЯДАЦЬ ЯК СІСТЭМУ ВЕДАЎ АБ РАЗВІЦЦІ НАРОДУ, ГРАМАДСТВА, ДЗЯРЖАВЫ. Наша адметная нацыянальная ідэя павінна падсумаваць ВЫНІКІ РАЗВІЦЦЯ НАШАГА ГРАМАДСТВА Ў ПАПЯРЭДНІЯ ДЗЕСЯЦІГОДДЗІ і СТАГОДДЗІ і ДАЦЬ АБГРУНТАВАНАЕ ТЛУМАЧЭННЕ ФОРМЕ і КІРУНКУ РАЗВІЦЦЯ  ДЗЯРЖАВЫ, НАРОДАЎ, ЯКІЯ ЯЕ ЎТВАРЫЛІ.

Нацыянальная ідэя павінна аб’ектыўна адлюстраваць усю складанасць развіцця грамадства і дзяржавы.

У барацьбе паміж ідэямі, якія прэтэндуюць на ролю нацыянальнай, поспех будзе залежаць ад таго, НАКОЛЬКІ ДАКЛАДНА І АБГРУНТАВАНА ЎДАСЦА СФАРМУЛЯВАЦЬ ПЕРСПЕКТЫВЫ РАЗВІЦЦЯ НАШАЙ ДЗЯРЖАВЫ, НАШАГА ГРАМАДСТВА. Тут важна і тое, у якой ступені дэмакратычныя сілы ўспрымуць нацыянальную ідэю ў якасці сваёй ідэалагічнай платформы і будуць кіравацца ёю ў практычнай дзейнасці.

Наша нацыянальная ідэя не можа не быць агульнанацыянальнай у сілу шэрагу аб’ектыўных прычын. Галоўнымі з іх з’яўляюцца: шматнацыянальнасць народу і  пражыванне значнай часткі тытульнай нацыі ў суседніх з ёю краінах. Таму агульнанацыянальная ідэя павінна даць выразную перспектыву развіцця ўсіх народаў, якія пражываюць цяпер у Беларусі [мы ў рэдакцыі ўжо даўно прыйшлі да высновы, што так нічога не атрымаецца; ніхто пра наш беларускі народ нідзе не клапоціцца і не зьбіраецца клапаціцца – гэта факт!; таму мы ўвесь час і настойваем: ДАВАЙЦЕ СПАЧАТКУ НАРМАЛІЗУЕМ СТАН НАШАГА БЕЛАРУСКАГА НАРОДУ сярод усіх народаў чалавецтва – практычна і поўнасьцю, а толькі затым пачнем думаць, як цывілізавана пачаць вырашаць іншыя гуманістычныя праблемы. – Рэд.], і перспектыву развіцця беларускай (літоўскай) нацыі, якая ў сілу гістарычных абставін аказалася раз’яднанай дзяржаўнымі межамі. Нашы суродзічы, якія пражываюць на сваіх этнічных тэрыторыях у Расіі, Украіне, Польшчы і Летуве, не вінаватыя ў тым, што апынуліся па-за межамі сваёй Бацькаўшчыны. Яны гэтаксама, як і мы, маюць поўнае права на сваё нацыянальнае развіццё.

Такім чынам, падсумоўваючы мэты, задачы і змест агульнанацыянальнай ідэі, можна сфамуляваць яе ЯК ФОРМУ ДАКЛАДНАГА і АБ’ЕКТЫЎНАГА ЎРАЗУМЕННЯ ПАПЯРЭДНЯГА і ВЫЗНАЧЭННЯ ПЕРСПЕКТЫЎ ДАЛЕЙШАГА РАЗВІЦЦЯ НАШАЙ НАЦЫІ, НАРОДУ, ДЗЯРЖАВЫ. Асабліва важна дакладна сфармуляваць ПЕРСПЕКТЫВЫ РАЗВІЦЦЯ НАШАЙ ДЗЯРЖАВЫ [!!! – Рэд.]. Без гэтага немагчыма вырашыць цяперашнія вострыя ўнутрыпалітычныя праблемы, вызначыць месца і ролю нашай дзяржавы ў міжнародных дачыненнях, структуру дзяржаўнай улады, шляхі духоўнага развіцця тытульнай нацыі [гэта ёсьць якраз тое, да чаго заклікае наша рэдакцыя і што ў апошнія гады практычна зусім не рабілася і ня робіцца “аб’яднанай апазіцыяй” (а калі робіцца, дык лепш не рабілася б). – Рэд.].

Развіццё нашай краіны як суверэннай і незалежнай дзяржавы патрабуе свайго дакладнага асэнсавання. Адказ на пытанне, ці патрэбна нашаму народу свая самастойная дзяржава, адзін з самых складаных у цяперашніх умовах. Многія палітыкі з імперскім светапоглядам лічаць [яны не “лічаць”, гэты тэрмін у адносінах да падонкаў у людскім абліччы нельга выкарыстоўваць; імперцы, якіх падштурхоўваюць іх сада-мазахісцкія інстынкты, “думаюць”, як бы яшчэ што-небудзь схапаць з таго, што ім не належыць, і гэтыя свае “думкі” навязваюць усім, каму могуць; апошняя справа сумленнаму чалавеку на гэтыя думкі паддавацца… – Рэд.], што найлепшым для народу было б добраахвотнае адмаўленне ад сваёй нацыянальнасці, ад сваёй культуры, ад сваёй мовы, ад сваёй дзяржаўнасці на карысць суседняй дзяржавы, суседняй нацыі [зноў, не “дзяржавы і нацыі”, а соцыя-паразітычнай групы; у нашым выпадку – расейскай імперскай бюракратыі. – Рэд.]. Такая добраахвотная асіміляцыя, на іх думку, будзе найвышэйшым шчасцем для нашага народу [класічны псіхалагічны выпадак: сваё паразітычнае “шчасьце” прадстаўляць шчасьцем агульным… – Рэд.].

Такія погляды ёсць не што іншае, як здрада свайму народу, сваёй Бацькаўшчыне [!!! – Рэд.]. Большасць людзей такія захады адмаўляе. Але пры гэтым застаюцца пытанні: “ЯКОЙ БЫЦЬ НАШАЙ ДЗЯРЖАВЕ? Якія гістарычныя карані яна мае? Якое месца павінна займець наша дзяржава ў сусветнай супольнасці? Якімі павінны быць стасункі з дзяржавамі-суседзямі?”.

ГІСТАРЫЧНЫЯ КАРАНІ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ІДЭІ.
Засяленне сучаснай тэрыторыі дзяржавы славянскімі плямёнамі, нашымі продкамі, пачалося ў ІV – VІ стагоддзях новай эры і працягвалася аж да ўтварэння ў ІХ стагоддзі першых княстваў — Полацкага і Турава-Пінскага. З гістарычных крыніц дакладна вядома, што тут пасяліліся плямёны крывічоў, дрыгавічоў, палачан, ліцвінаў, яцвягаў і некаторыя іншыя. Гэтыя плямёны аб’ядналіся ў пачатку ХІІІ стагоддзя ў адзіную магутную дзяржаву — Вялікае княства Літоўскае. Так была створана наша дзяржава і тым самым сфармулявана нацыянальная ідэя народу, які яе ўтварыў.

Сваю незалежнасць наша Бацькаўшчына страціла напрыканцы ХVІІІ стагоддзя ў выніку гвалтоўнага захопу і анэксіі яе Расійскай імперыяй. Вялікае княства Літоўскае перастала існаваць як суб’ект міжнароднага права пасля так званых трох падзелаў РЭСПУБЛІКІ (Рэчы Паспалітай). ВКЛ пасля падзелаў Рэспублікі стала расійскай калоніяй. Народы ВКЛ (а ў той час у Княства ўваходзілі вялікалітоўскі і жамойцкі) улады метраполіі (Расіі) пачалі актыўна асіміляваць. Дзяржаўны лад быў зменены, тэрыторыя падзелена на губерні, УСЁ НАЦЫЯНАЛЬНАЕ ВЫНІШЧАЛАСЯ [як бачым, ЭТНАЦЫД, які адбываецца цяпер, мае даўнія традыцыі. – Рэд.]. Нават назва народу была зменена з нацыянальнай на каланіяльную. Адбылася інкарпарацыя ВКЛ у склад царскай Расіі. Анэксаваныя землі ўлады метраполіі пачалі называць Белай Расіяй (Беларуссю).

На пачатку ХХ стагоддзя ў метраполіі пачаўся дэмакратычны рух, які мог прывесці да развалу імперыі і атрымання каланіяльнымі народамі сваёй незалежнасці. Аднак расійскія бальшавікі, якія здолелі захапіць уладу ў метраполіі, ЗАХАВАЛІ ІМПЕРЫЮ ПАД НОВАЙ НАЗВАЙ І АФАРБОЎКАЙ. У выніку замест адраджэння нашай Бацькаўшчыны — Вялікага княства Літоўскага – расійскія бальшавікі стварылі псеўданацыянальную рэспубліку — ССРБ. Яна ўяўляла сабой не суверэнную і незалежную дзяржаву, а каланіяльны барак, які быў створаны дзеля захавання каланіяльнага прыгнёту ліцвінаў, іх асіміляцыі і русіфікацыі. Палітыка русіфікацыі знайшла сваё ідэалагічнае абгрунтаванне ў так званай тэорыі зліцця нацый.

Такім чынам, Беларусь не ёсць наша нацыянальная дзяржава. Яе стварыў не народ, які вызваліўся ад каланіяльнага прыгнёту. Яна была штучна створана ўладай  метраполіі ў якасці буфернай рэспублікі з мэтай захавання імперыі ў новым абліччы.

Каланіяльныя ўлады ва ўсе часы свайго панавання на нашай Бацькаўшчыне рабілі ўсё ў інтарэсах метраполіі. Нацыянальныя ж інтарэсы, інтарэсы народу ніхто не абараняў. Тым больш, што тытульны народ ВКЛ быў прымушаны насіць каланіяльную назву — беларасійцы (беларусы).

Далейшае развіццё грамадства і распачатая ў сярэдзіне 80-х гадоў у метраполіі палітыка перабудовы непазбежна вялі да распаду каланіяльна-камуністычнай імперыі, уздыму нацыянальна-вызвольных рухаў. У камуністычных калоніях (былых савецкіх рэспубліках) пачаўся працэс фармавання нацыянальных палітычных партый, якія ставілі сваёй галоўнай мэтай вызвалення ад каланіяльных кайданоў, дасягненне незалежнасці для сваіх народаў, стварэнне дэмакратычных прававых дзяржаў.

Барацьба народаў за сваё вызваленне ад каланіяльнага прыгнёту прывяла на пачатку да незалежнасці краін Балтыі, а затым і астатніх рэспублік былога СССР. У Беларусі народ быў настолькі каланізаваны, прыгнечаны і русіфікаваны, што да цяперашняга часу не здолеў нават паставіць пытанне аб адраджэнні сваёй нацыянальнай ідэі. У масавай свядомасці па-ранейшаму пануюць імперскія светапогляды, імперская ідэя, якая абвяшчае, што наша “отечество” – ад Брэста да Курыл.

Абвяшчэнне “незалежнасці” Беларусі ў 1991 годзе для многіх аказалася нейкай гістарычнай недарэчнасцю. Народу ніхто дакладна так і непатлумачыў, што ж на самой справе адбылося ў Віскулях, што адбываецца ў нашых суседзяў, якія імкліва пачалі адраджаць свае нацыянальныя дзяржавы.
Працэсы дэкаланізацыі і дэкамунізацыі ў нашым каланіяльна-камуністычным бараку ішлі вельмі марудна і супярэчліва, часам паварочваючыся ў адваротны бок. КАЛАНІЯЛЬНЫ ПРЫГНЁТ ІЗНОЎ СТАЎ ВЯРТАЦЦА Ў ГРАМАДСКАЕ ЖЫЦЦЁ. Так адбылося з дзяржаўнай сімволікай і мовай. Мы зноў сталі жыць пад каланіяльнымі сцягам і гербам, зноў дзяржаўнай стала мова былой метраполіі.

Такім чынам, распад савецкай імперыі ў 1991 годзе істотна не змяніў палітычнага і сацыяльна-эканамічнага становішча нашага народу. Беларусь як суб‘ект міжнароднага права фармальна атрымала незалежнасць ад метраполіі. Аднак уся ўлада па-ранейшаму засталася ў руках каланіяльнай эліты [!!! – Рэд.], і яна, а не народ, атрымала суверэнітэт ад уладаў метраполіі, якая з таго часу ніяк не можа ад яго пазбавіцца.

Прыняцце канстытуцыі ў 1994 годзе нельга разглядаць як факт аднаўлення незалежнасці Бацькаўшчыны, аднаўлення суверэнітэту народу. Гэтая канстытуцыя нават фармальна не пацвердзіла факту адраджэння незалежнасці нашай дзяржавы — Вялікага княства Літоўскага.

Народ, які цярпеў на працягу  двухсот гадоў каланізацыю і асіміляцыю, не мог стаць суверэнным у адзін момант, без напружанай барацьбы за сваё духоўнае вызваленне, за нацыянальнае адраджэнне. Ён па-ранейшаму знаходзіцца ў стане каланіяльнага прыгнёту і не мае суверэнітэту. НАШАМУ НАРОДУ ЯШЧЭ ТРЭБА БУДЗЕ СТАЦЬ СУВЕРЭННЫМ І АДРАДЗІЦЬ НЕЗАЛЕЖНАСЦЬ СВАЁЙ ДЗЯРЖАВЫ, сваёй Бацькаўшчыны.

ЗМЕСТ МЕРАПРЫЕМСТВАЎ У ДЗЯРЖАЎНЫМ БУДАЎНІЦТВЕ.
Наша дзяржава, наш дом —- Рэспубліка ВКЛ – да цяперашняга часу ўсё яшчэ, на жаль, застаецца разбуранай. Наш дом ляжыць у руінах. На яго месцы расійскія бальшавікі пабудавалі для нас каланіяльны барак — ССРБ. Наша задача — дэмантаваць гэты барак і адбудаваць свой дом, зрабіць яму паўнацэнны еўрарамонт. Рашэнне гэтай задачы патрабуе ад усяго народу шмат намаганняў, настойлівасці, цярплівасці. Працэс адраджэння, працэс дэкаланізацыі павінен ахапіць усе бакі грамадска-палітычнага жыцця.

Хоць наш дом і быў разбураны расійскімі каланізатарамі, але ад яго захаваўся трывалы фундамент – гістарычная памяць і менталітэт народу. Таму свой дом мы будзем будаваць не на пустым месцы, а на сваёй спадчыне, якая засталася нам ад продкаў.

Першым рэальным крокам на шляху нацыянальнага адраджэння, аднаўлення сваёй дзяржавы, свайго дому павінна стаць распрацоўка і прыняцце Канстытуцыі Рэспублікі ВКЛ. Цяперашні канстытуцыйны крызіс можа быць пераадолены толькі шляхам прыняцця Канстытуцыі нашай дзяржавы, нашага дому — Рэспублікі Вялікага княства Літоўскага. Тым самым народ пацвердзіць сваю волю, што ён вызваляецца ад двухсотгадовага каланіяльнага прыгнёту, становіцца суверэнным і незалежным. Гэтым актам народ адрыне Пецярбургскія канвенцыі Расіі, Аўстра-Венгрыі і Прусіі аб анэксіі ВКЛ і Польшчы і адновіць прававую пераемнасць развіцця сваёй Бацькаўшчыны.

У Канстытуцыі неабходна адлюстраваць палажэнні аб дэкаланізацыі адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу дзяржавы, органаў заканадаўчай і выканаўчай улады, мясцовага самакіравання.

Неабходна ва ўнутрыдзяржаўным уладкаванні вярнуцца да традыцыйнага для ВКЛ адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу на ваяводствы, паветы і воласці. Нам трэба скасаваць каланіяльны падзел нашай дзяржавы на вобласці (губерні) і раёны.

Неабходна вярнуць гарадам права самакіравання і выбарнасць грамадзянамі кіраўнікоў мясцовых адміністрацый.

Адзіным заканадаўчым органам павінен стаць аднапалатны Сойм ВКЛ, як гэта было ў дакаланіяльныя часы. Паслы (дэпутаты) у Сойм павінны абірацца паводле дэмакратычнага выбарчага закону.

Кіраўніка дзяржавы — Вялікага князя або Прэзідэнта (ангельская назва Вялікага князя) трэба выбіраць тэрмінам на чатыры гады на Вальным (усеагульным) Сойме, які б складаўся з паслоў (дэпутатаў) Сойму ВКЛ і паслоў гарадскіх і павятовых Соймікаў — прадстаўнічых органаў мясцовага самакіравання. Такая працэдура абрання кіраўніка дзяржавы існавала ў ВКЛ, і яе трэба аднавіць.

Ёсць сэнс у аднаўленні ранейшых найменняў пасад і іншых найвышэйшых дзяржаўных чыноўнікаў. Так, кіраўніка Сойму ВКЛ трэба будзе называць Маршалкам, кіраўніка ўрада (Рады Міністраў)  —  Канцлерам ВКЛ.

Што да наймення кіраўніка дзяржавы, то яго можна называць і па-ангельску — прэзідэнт, як гэта робяць амаль усе народы свету. Хаця ёсць многа станоўчага і ў аднаўленні ўласнага вялікалітоўскага наймення — Вялікі князь. Многія краіны Еўропы захавалі пасады каралёў і князёў. І ўсе з павагай ставяцца да іх.

У адпаведнасці з Канстытуцыяй дзяржаўнай сімволікай павінна стаць нацыянальная. Гербам адроджанага ВКЛ павінен стаць герб, які існаваў у дакаланіяльныя часы [натуральна, маецца на ўвазе Пагоня. – Рэд.], а не той што прыдумалі каланіяльныя ўлады ў 1991 годзе.

Адзінай дзяржаўнай мовай павінна стаць нацыянальная вялікалітоўская мова. Пры гэтым неабходна правесці дэкаланізацыю правапісу нацыянальнай мовы. Дзяржаўнае і гаспадарчае справаводства павінна весціся толькі на нацыянальнай мове. Таму трэба будзе скасаваць рашэнні Вальнага Сойму ад 1.07.1697 г. аб пераводзе справаводства ў Вялікім княстве Літоўскім на польскую мову.

Пасля прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі ВКЛ неабходна будзе правесці свабодныя і справядлівыя выбары ў найвышэйшыя дзяржаўныя органы, якія павінны быць утвораны у адпаведнасці з прынятай Канстытуцыяй. Пасля сфармавання дзяржаўных органаў можна будзе сцвярджаць, што ў нас закладзены трывалы падмурак нацыянальнай прававой дэмакратычнай дзяржавы, народ якой пазбавіўся ад двухсотгадовага каланіяльнага прыгнёту.

Важнай падзеяй у адраджэнні суверэнітэту народу, незалежнасці яго дзяржавы павінна з’явіцца прыняцце чацвёртай рэдакцыі Статута Вялікага княства Літоўскага. Дзейнасць Статута ВКЛ (яго трэцяй рэдакцыі) была забаронена царскім загадам у 1840 годзе. Гэты загад нам трэба скасаваць і аднавіць правамоцнасць нашага Статута. Але нам трэба прыняць чацвёртую рэдакцыю Статута. Сваім зместам яна павінна адрознівацца ад трэцяй рэдакцыі і будзе складацца з Канстытуцыі Рэспублікі ВКЛ і кодэксаў (грамадзянскага, крымінальнага, гаспадарчага і іншых). Статут ВКЛ стане зборам асноўных заканадаўчых актаў, якія вызначаюць асноўныя бакі жыцця народу, органаў улады, грамадзянскія правы і свабоды чалавека.

Пасля аднаўлення незалежнасці Рэспублікі ВКЛ вельмі важна вырашыць шэраг  міжнародных пытанняў і асабліва ўладкаваць стасункі з суседнімі краінамі. Тут  трэба зрабіць вельмі многае, каб гэтыя стасункі сталі па-сапраўднаму сяброўскімі, раўнапраўнымі, добразычлівамі.

Уладкаванне стасункаў Рэспублікі ВКЛ з Расіяй.
Неабходна запатрабаваць ад цяперашніх уладаў Расіі скасавання імі так званых Пецярбургскіх канвенцый аб падзеле Рэчы Паспалітай, якія ганебна парушылі Дагавор 1686 г. аб Вечным міры паміж Рэспублікай (Рэччу Паспалітай) і Расійскай дзяржаваю. Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі павінен прынесці вялікалітоўскаму народу прабачэнні за парушэнне Расіяй гэтага Дагавору, за каланіяльны захоп нашае Бацькаўшчыны, за захопніцкія войны, якія вяла Расія ў дачыненні да ВКЛ.
Скасаванне Расіяй дамоўленасцяў аб падзеле Рэчы Паспалітай і аднаўленне дзейнасці Дагавору аб Вечным міры, запатрабуе ўдакладнення дзяржаўнае мяжы паміж адноўленым Вялікім княствам Літоўскім і Расіяй. Павінна захавацца цяперашняя мяжа, але неабходная яе дэмаркацыя і падпісанне адпаведных міждзяржаўных пагадненняў [мы ў рэдакцыі ня згодны з дадзеным палажэньнем; дэмаркацыя цяпершняй мяжы паміж РБ і РФ – занадта малае кампенсацыя страт, нанесеных бюракратыяй расейскай імперыі ва ўсіх яе абліччах (царскай, бальшавіцкай, цяпершаняй) беларускаму народу; мы лічым, што для вяртаньня сапраўдных СЯБРОЎСКІХ АДНОСІН паміж беларускім і “расейскім” народамі  павінна быць зроблена значна больш: а) вернуты ў склад Беларусі беларускія этнічныя Усходнія тэрыторыі – Смаленшчына, часткі Браншчыны і Пскоўшчыны, б) у склад Беларусі па шэрагу прычын (кампенсацыя страт, прусы сталі часткай беларускага этнасу, шмат беларусаў загінула пра вызваленьні Прусіі ў 1944 г. ад немцаў, Беларусі патрэбна выйсьце да Балтыйскага мора і г.д.) павінна ўвайсьці тэрыторыя цяперашняй Калінінградскай вобласьці, в) беларускай дзяржаве павінны быць вернуты ўсе культурныя каштоўнасьці, скрадзеныя расейцамі “пад шумок” самых розных гістарычных падзей, пачынаючы ад крыжа Еўфрасіньні Полацкай, г) прабачэньні прэзідэнта РФ ад імя рускага народа (!) перад народам беларускім за шматсотгадовую імперскую палітыку; мы настолькі ўпэўнены, што з-за грандыёзнасьці маштабу страт, нанесеных расейскай імперыяй нашаму народу, толькі ЎВЕСЬ КОМПЛЕКС ПЕРАЛІЧАНЫХ МЕР можа вярнуць сяброўскія адсносіны паміж двума брацкімі праваслаўнымі народамі, што аб’яўляем яго чарговым дактрынальным прынцыпам (Д пр-п 32). – Рэд.].
З свайго боку кіраўнік адноўленага ВКЛ павінен будзе прынесці прабачэнні за захопы Масквы Вялікім князем Альгердам у XIV стагоддзі і акупацыю Масквы войскамі Польшчы і ВКЛ на пачатку XVII стагоддзя.
Узаемныя прабачэнні стануць асновай для добрасуседскіх стасункаў паміж нашымі дзяржавамі [прабачэньні павінны быць толькі ў канцы выкананьня Д-прынцыпу №32]. А што тычыцца дачыненняў паміж літоўскім (беларускім) і рускім народамі, то між імі асаблівых супярэчнасцяў няма [ёсьць. – Рэд.].

Уладкаванне стасункаў Рэспублікі ВКЛ з Польшчай.
Тут таксама трэба будзе вырашыць адно гістарычнае пытанне — дэнансаваць Люблінскую вунію 1569 года. А то фармальна ВКЛ зноў будзе знаходзіцца ў вуніі з Польшчай. Гэтую фармальнасць трэба будзе зрабіць цывілізавана і сумесна з цяперашнімі ўладамі Польшчы.
Кіраўнікам ВКЛ і Польшчы неабходна будзе прынесці ўзаемныя прабачэнні народам за гвалт, які быў здзейснены ў мінулым. Дзяржаўную мяжу паміж ВКЛ і Польшчай трэба пакінуць цяперашнюю, аб чым неабходна будзе падпісаць  адпаведныя дамовы [наша рэдакцыя выказвае катэгарычную нязгоду і з гэтым палажэньнем аўтара; кіраўнікі Польшчы шмат стагоддзяў праводзілі каланіяльную палітыку ў адносінах да беларусаў, толькі аднім з вынікаў гэтага стаў істотны раскол беларускага грамадства, да 4% якога пачалі лічыць сябе “палякамі”; акрамя таго, з 1944 г. у склад тэрыторыі Польшчы па дамове з крывавым бальшавіцкім тыранам Сталінам гвалтам была ўключана вялікая частка нашай этнічнай тэрыторыі – Беласточчына – нашыя Заходнія Крэсы (гл. малюнак); на гэтых тэрыторыях пражывае да паўмільёна беларусаў, якія вось ужо некалькі дзесяцігоддзяў падвяргаюцца інтэнсіўнаму этнацыду, у выніку, па апошнм перапісе колькасьць тых, хто прызнае сябе беларусамі, скарацілася ў 10 разоў!; КАБ ВЫПРАВІЦЬ АДНОСІНЫ ПАМІЖ БРАТНІМІ СЛАВЯНСКІМІ НАРОДАМІ, зрабіць іх сапраўды сяброўскімі, трэба: а) каб Беларусі былі вернуты Заходнія Крэсы (Беласточчына), б) у знак кампенсацыі нанесеных беларускаму народу страт перададзены Сувалкі зь невялікімі прылеглымі тэрыторыямі, в) вернуты ўсе матэрыяльна-культурныя каштоўнасьці беларускага народа, якія да гэтай пары знаходзяцца ў музеях Польшчы, г) і ў самым  канцы вяртаньня ня толькі добрасуседскіх, а і сяброўскіх стасункаў, прынесены прабачэньні прэзідэнтам Польшчы ад імя польскага народа беларускаму народу; паколькі і гэтае пытаньне зьяўляецца надзвычай важным, аб’яўляем яго чарговым дактрынальным працыпам (Д пр-п 33). – Рэд.].

�а�одн�� �����.jpg

Уладкаванне стасункаў з Украінай.
Вялікіх праблем у дачыненнях з ёю няма, хоць яе землі і былі ў складзе ВКЛ да 1576 года. Тут таксама неабходныя будуць традыцыйныя прабачэнні кіраўнікоў абедзвюх дзяржаў.
Міждзяржаўнай мяжой трэба прызнаць тую, якая ёсць цяпер [! – Рэд.], і не падымаць пытанне аб аднаўленні дзяржаўнай мяжы, якая існавала падчас каланіяльнага захопу Украіны (а затым і ВКЛ) Расіяй.

Уладкаванне стасункаў з Летувой.
Тут трэба будзе прымаць шэраг важніх рашэнняў. Найперш неабходна прызнаць выхад Жамойціі з складу ВКЛ і з назвы нашай дзяржавы выключыць словы “Рускае”, “Жамойцкае”. Таксама прызнаць ужыванне сучаснай назвы Жамойціі ў летувіскім вымаўленні — Летува [! – Рэд.], а не рускім — Літва.
Дзяржаўнай мяжой павінна застацца цяперашняя мяжа [! – Рэд.].
Кіраўнікі дзяржаў павінны прынесці традыцыйныя прабачэнні жамойцкаму і літоўскаму народам.

Аб стасунках з Латвіяй.
Тут, напэўна, праблем не існуе.

Такім чынам, пасля правядзення ўнутрыдзяржаўнага ўладкавання перад народам паўстане пытанне аб правядзенні эканамічнай рэформы. Каланіяльна-камуністычная гаспадарка, якая дасталася нам у спадчыну, павінна быць рэфармавана ў САЦЫЯЛЬНУЮ РЫНКАВУЮ ЭКАНОМІКУ.
Аднаўленне незалежнасці нашай дзяржавы з’явіцца аб’ектыўнай перадумовай эканамічнай рэформы. Калі гэтага не зрабіць, то, як паказвае вопыт рэфармавання ў апошнія дзесяць гадоў, мы і надалей будзем заставацца па ўзроўні дабрабыту амаль на апошнім месцы ў Еўропе.
Часу для эфектыўнага рэфармавання застаецца ўсё менш. Грамадска-палітычны і сацыяльна-эканамічны крызісы паглыбляюцца. Людзі ўсё меней спадзяюцца на магчымасці вырашэння наспелых праблем цяперашняй каланіяльнай уладай.
Выйсце з гэтага стану наш народ можа знайсці ТОЛЬКІ НА ШЛЯХУ АДНАЎЛЕННЯ СВАЁЙ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ПРАВАВОЙ ДЭМАКРАТЫЧНАЙ ДЗЯРЖАВЫ, прыняцця новай Канстытуцыі Рэспублікі ВКЛ, чацвёртай рэдакцыі Статута ВКЛ, правядзення свабодных і справядлівых выбараў кіраўніка адноўленай дзяржавы, выбараў у нацыянальныя і мясцовыя органы ўлады, ажыццяўлення эканамічнай рэформы, дэкаланізацыі духоўнага жыцця, вяртання да спрадвечных крыніц свайго развіцця. У гэтым заключаецца змест агульнанацыянальнай ідэі, перспектывы развіцця нашага народу.

*     *     *

Нацыянальная ідэя ў каланіяльны і каланіяльна-камуністычны перыяды не мела свабоднага развіцця. Замест яе ўлады навязвалі і цяпер навязваюць народу ідэі “западно-руссизма”, “бело-руссизма”, камуністычную ідэю зліцця нацый [цяпер гэта ідэя псеўда-лібералаў; не зьдзіўляецеся падабенству – яно не такое ўжо і выпадковае. – Рэд.], а таксама ідэю славянізму. Але такія каланіялісцкія і нэакаланіялісцкія ідэі народ адхіляе. У сваёй падсвядомасці ён захаваў як святыню нацыянальную ідэю, і настае гістарычны момант, калі яна запануе ў грамадскай свядомасці. І тады ўжо ніякія сілы не здолеюць утрымаць народ у каланіяльным прыгнёце. Час аднаўлення незалежнасці нашай Бацькаўшчыны, суверэнітэту народу імкліва набліжаецца.
Кожны сумленны чалавек, кожная палітычная партыя, кожная грамадская арганізацыя ў гэты час павінны прыкласці ўсе намаганні дзеля таго, каб выканаць сваю гістарычную задачу — адрадзіць незалежнасць Бацькаўшчыны, вярнуць ёй яе нацыянальную назву, Статут, сімволіку, мову, культуру. Каланіяльны перыяд у сваім жыцці народ павінен як мага хутчэй закончыць і зноў стаць суверэнным. Тое, аб чым марылі лепшыя сыны Бацькаўшчыны, стане рэчаіснасцю. Народ, калі ён хоча быць цывілізаваным і заняць свой пачэсны пасад між іншымі народамі, абавязаны вярнуць сабе гонар, свабоду, сумленне, павагу.

Міхась Агінскі

Ад рэдакцыі:
Мы настолькі згодны са сп-ром Антоненкам-Агінскім па большасьці пунктаў (за вынятка праграмы наладжваньня нармальных стасункаў з Польшчай і Расеяй), запрапанаванага ім «Зьместу мерапрыемстваў у дзяржаўным будаўніцтве», што прапануем узяць яго за аснову для будучага «Праграмнага вобразу беларускай дзяржавы». Фіксуем дадзенае палажэньне, як наш  дактрынальны прынцып (Д пр-п 34). Сваю нязгоду ва ўладкаваньні стасункаў з расейскай імперыяй і Польшчай мы адлюстравалі дактрынальнымі прынцыпамі 32 і 33.

3 каментарыя

  1. andrej кажа:

    Чаму такі неаднолькавы падыход да Польшчы і Летувы? Адны павінны вярнуць землі а другія не.

  2. Калининградец кажа:

    Сосните! Калининградскую область им:)))) Это будет независимая Балтийская республика!

  3. Анон кажа:

    Белорусские мрази охуели блядь, суки ебаные, ненавижу их. Сидите в своем колхозе и не вякайте блядь

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы