nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Бываюць сітуацыі прыемныя і непрыемныя адначасова

Кастрычнік 3, 2006 | Няма каментараў

Алесь Астроўскі

… як у той песьні: «Гэта радасьць са сьлязамі на вачах».

Адна з задач нашага сайту – даваць прагноз будучых грамадска-палітычных падзей. Таму ў самым пачатку яго існаваньня мы ў рэдакцыі вырашылі выставіць аналітычны матэрыял, які прагназаваў будучы лёс г.зв. «аб’яднанай апазіцый» (гл. артыкул «Наша галоўная праблема – этнацыд, наша мэта – беларуская дзяржава! (ч.7: арганізацыйная і ідэалагічная псеўда-альтэрнатыва)», адрас https://nashaziamlia.org/2006/04/10/27). Артыкул быў напісаны яшчэ ўлетку 2005 году, выстаўлены на сайце маскоўскіх беларусаў у канцы гэтага ж году, а на нашым сайце, як вы самі можаце пераканацца – у пачатку красавіка цяперашняга 2006 году. Гэта значыць, што матэрыялу (і прадказаньню ў ім) больш за год.

Вось цытата з дадзенага артыкула.
«Давайце прыглядзімся найперш да асноўнага арганізацыйнага прынцыпу “аб’яднанай апазіцыі”, які адпавядае лозунгу: “усе, хто ёсць, гэць у кучу!” Відавочны недахоп такога падыходу ў тым, што “аб’яднаная апазіцыя” будзе ідэалагічна разнамаснай, насычанай людзьмі хваравіта амбітнымі ці з дамінаваным грашовым інтарэсам, а таксама прасякнута агентурай рэжыму. … Для тых, хто лічыць, што ад збірання ўсіх “апазіцыянераў” у адну кучу будзе станоўчы вынік, нагадаю элементарныя правілы арыфметыкі з праграмы ледзь не пачатковых класаў школы. Складанне станоўчага з адмоўным дае не прырост, а памяньшэнне. Так, памылкова лічыць, што, напрыклад, 3 + (-2) дае 5. Гэта не правільна. 3 + (-2) = 3 – 2 = 1.
У сувязі з такімі асаблівасцямі складу “аб’яднанай апазіцыі” ў якасці блізкага сцэнару будучых падзей нагадаю сітуацыю 2002 г. Тады, пасля летняй “прапановы” Пуціна ўступаць у Расею абласцямі, у верасні быў створаны аргкамітэт па правядзенні масавай пратэстнай акцыі. У яго склад увайшлі амаль усе апазіцыйныя партыі і шэраг грамадскіх арганізацый (фактычна была створана такая ж “аб’яднаная апазіцыя”, як цяпер). Усе грамадска-палітычныя лідары выглядалі літаральна перапоўненымі “праведным гневам”. Аднак да часу правядзення акцыі, прызначанай на 17 лістапада, амаль усе яны пад розным прэтэкстам… разбегліся, як прусакі ад дыхлафосу, пакінуўшы для выканання “агульнай справы” амаль адну моладзь. Больш за тое, ужо ў кастрычніку АГП пачало дамаўляцца з расейскай СПС пра… “варыянты новай інтэграцыі” Беларусі з Расеяй. СЁННЯ НІ Ў САМОЙ “АПАЗІЦЫІ”, НІ Ў ЯЕ “АБ’ЯДНАННІ” НЯМА НІЧОГА ЯКАСНА НОВАГА, КАБ СПАДЗЯВАЦЦА, ШТО Ў ВЫБАРЧАЙ КАМПАНІІ 2006 г. [тады яна была будучай – А.А.] АДБУДЗЕЦЦА НЕШТА ЯКАСНА ІНШАЕ».

А вось цытата з інтэрвю старшыні БНФ Вінцука Вячоркі радыё «Свабода». Пра выбарчую кааліцыю партыяў АГП, ПКБ, БСДП «Грамада» і Партыі працы, якая ствараецца для таго, каб «разам пайсьці на мясцовыя выбары», ён, у прыватнасьці, сказаў: «Я разглядаю гэта як прамаскоўскую кааліцыю, задача яе — пазыцыянавацца асобна ад фронту І РАЗБУРЫЦЬ ЦЯПЕРАШНЮЮ КАНФІГУРАЦЫЮ АБ’ЯДНАНЫХ ДЭМАКРАТЫЧНЫХ СІЛАЎ».

Такім чынам, вось і адбылося тое, пра што я пісаў больш за год таму. Так і хочацца сказаць: ну, што, аб’яднанцы, прыйшлі ў знаёмую кропку – тую, зь якой пачыналі? Дакладна як асёл на доўгай вяроўцы, які ходзіць вакол слупка, убітага ў зямлю… Спачатку прафукалі вялікі шанец – правалілі ўсе магчымасьці, зьвязаныя з прэзідэнцкай выбарчай кампаніяй. Больш за тое, правалілі ў яшчэ горшым стылі, чым у 2001 годзе. Потым цьвердзілі, што «рэжым надломлены» і што ён «праз год-паўтара разваліцца». Чыхаць хацеў рэжым на такія вашы прагнозы… Потым крычалі, што асноўнае дасягненьне выбарчай кампаніі – гэта стварэньне кааліцыі, цьвёрдай, як крэмень, і што яна вось-вось пачне нейкую грандыёзную працу… А цяпер зноў разьбягаецеся?

Прыемна, канешне, што твае прагнозы збываюцца, і, адначасова, непрыемна, бо збываюцца кепскія прадказаныя падзеі… Але ня гэтая супярэчнасьць галоўная. Нашмат важней знайсьці выйсьце з трагікамічнай сітуацыі, у якой наш народ знаходзіцца ўжо не адзін год. Пошуку і тлумачэньню таго, што нам, беларусам, трэба рабіць, якраз і прызначаны наш сайт. Паўтару ключавую думку на гэты конт максімальна ясна яшчэ раз: беларусы, сярод нас шмат разумных, ахвярных, патрыятычна настроеных людзей. Давайце для пачатку перастанем хадзіць натоўпамі за большымі ці меньшымі безадказнымі падонкамі, якія самі ідуць нібы аслы на вяроўцы, бессаромна раскідваючы па дарозе непатрэбныя ім НАШЫ магчымасьці, спадзяваньні, гады і жыцьці…

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы