Працягваючы прадстаўляюць матэрыялы канферэнцыі «Беларуская нацыянальная ідэя» (раздел:“Палітыкі пра беларускую ідэю”), якая адбылася ў Гародні 18-19 красавіка 1999 года, знаёмім вас з артыкулам Валера Арцішэўскага. На час правядзеньня канферэнцыі ён быў кандыдатам тэхнічных навук, дацэнтам Беларускай дзяржаўнай політэхнічнай акадэміі, сустаршынём Беларускай рэспубліканскай партыі (Менск).
Рэдакцыя.
1. МЕТАД ДАСЛЕДАВАННЯ
Чалавечая цывілізацыя знаходзіцца ў перманентным працэсе развіцця. І пакуль яна існуе, чалавек будзе старацца выявіць заканамернасці гэтага развіцця, што патрабуе глыбокага аналізу факталагічнага матэрыялу сацыяльнай сферы. Для раскрыцця абранай тэмы намі быў распрацаваны метад даследавання, які ўключае 4 пастулаты і іх наступствы :
1. Чалавек і навакольнае асяроддзе, якое яго акружае, утвараюць замкнёную сацыяльна-біялагічную сістэму, якая развіваецца па пэўных законах прыроды.
Наступствы пастулата:
а) Парушэнне законаў прыроды цягне за сабою самаразбурэнне сістэмы.
б) Парушальнікам натуральных законаў прыроды здольны выступаць толькі чалавек, дзякуючы ўласцівай яму самаразвівальнай разумовай дзейнасці.
2. Наша людская цывілізацыя – тэхналагічная.
Як толькі дубіна з’явілася ў руках чалавека, гэтая безабаронная істота атрымала новыя магчымасці абароны, нападу, здабывання ежы, гэта значыць з’явіліся першыя тэхналогіі, якія ўключалі ў свой цыкл прылады вытворчасці. З гэтага моманту чалавецтва ідзе па шляху ўдасканалення тэхналогій, іх бесперапыннага ўскладнення, стварэння прынцыпова новых (электронныя, генныя, тэхнатронныя, інфармацыйныя і г.д.).
Наступствы пастулата:
а) Рынак і інтэграцыя – неад’емныя элементы тэхналагічнай цывілізацыі. Яны фармуюць міжнародныя дачыненні на палітыцы разумнага прагматычнага рэалізму, зыходным і адзіным крытэрыем якога з’яўляецца нацыянальны інтарэс, заснаваны перш за ўсё на забеспячэнні эканамічнай выгады, эканамічнага росквіту народу і рэалізацыі фундаментальных правоў чалавека незалежна ад полу, веравызнання і этнічнай прыналежнасці.
б) Імкненне чалавека або групы людзей выкарыстаць рынак і інтэграцыю Ў СВАІХ АСАБІСТЫХ ІНТАРЭСАХ, не лічачыся з аб’ектыўнымі законамі сацыяльна-біялагічнай сістэмы, прыводзіць да парушэння яе функцыянавання, глабальных або лакальных катастрофаў у працэсе вытворчасці матэрыяльных і духоўных каштоўнасцяў.
3. Падзел працы людзей – заканамернасць тэхналагічнай цывілізацыі.
З зараджэннем тэхналагічнай цывілізацыі з’явіўся і падзел працы людзей, іх функцыянальных абавязкаў у грамадскім ладзе. Развіццё грамадства прыводзіць да бесперапыннага павелічэння падзелу працы ва ўсіх сферах чалавечай дзейнасці – вытворчай, духоўнай, грамадскага ладу [што ня дзіўна, бо любы прагрэс адбываецца на падставе ўзаемадзеяньня зьяваў ДЫФЕРЭНЦЫЯЦЫІ й ІНТЭГРАЦЫІ. – Рэд.].
4. Эгаізм і цяга да абмену – прыродныя схільнасці чалавека.
Гэтыя ўласцівасці чалавека былі ўпершыню заўважаны Адамам Смітам і Давідам Рыкарда. Уся гісторыя чалавечага развіцця пацвярджае справядлівасць выказванняў навукоўцаў-эканамістаў.
Распрацаваны спосаб даследавання выкарастаны як інструмент пры разглядзе ўсіх аспектаў гэтай працы.
2.САЦЫЯЛЬНЫЯ ГРУПЫ ЛЮДЗЕЙ
Для існавання і развіцця чалавечай цывілізацыі людзям даводзіцца выконваць велізарную колькасць функцый дзеля забеспячэння сябе прадуктамі харчавання, таварамі, дзеля гарантавання сваёй бяспекі, духоўнай камфортнасці. МЕНАВІТА ГЭТА ПРЫВЯЛО ЛЮДЗЕЙ ДА НЕАБХОДНАСЦІ СТВАРЭННЯ ДЗЯРЖАЎ ЯК НАЙБОЛЬШ ПРАДУКЦЫЙНАЙ ФОРМЫ ЗАДАВАЛЬНЕННЯ ПАТРЭБ. Выконваючы розныя функцыі ў дзяржаве, людзі ўтваралі шматлікія сацыяльныя групы па іх прафесійнай прыналежнасці (настаўнікі, інжынеры, лекары, сяляне, рабочыя, навукоўцы і г.д.), паводле віду тавару, што яны прапануюць грамадству (інтэлект або фізічная сіла). У апошнім выпадку грамадства падзяляецца на дзве вялізныя сацыяльныя групы: людзей разумовай працы і людзей фізічнай працы. Названыя вышэй сацыяльныя групы людзей паказваюць, канстатуюць толькі значнасць іх для грамадства, але ні ў якім разе непасрэдна не характарызуюць іх эканамічнае становішча. А рэальны стан чалавека ў грамадстве максімальна вызначаецца яго эканамічным статусам [гэта не зусім так. – Рэд.].
Тэхналагічная цывілізацыя вызначае эканамічны стан людзей двума фактарамі: як кожны асобны чалавек звязаны з капіталам і інтэнсіўнасцю росту капіталу ў замкнёным цыкле вытворчасці тавар – грошы – тавар. Капітал – гэта стрыжань, што звязвае ў адзінае цэлае ўсе намаганні людзей для паляпшэння свайго стану, гэта тое, без чаго немагчымае існаванне тэхналагічнай цывілізацыі. Уся гісторыя развіцця людскай культуры пацвярджае гэта. Менавіта адпаведна таму, як чалавек злучаны з капіталам, усё чалавецтва падзяляецца на тры найважнейшыя сацыяльныя групы (класы): пралетарыі, чыноўнікі, уласнікі (пастулаты 1, 2, 3).
Сацыяльная група наймітаў (клас пралетарыяў). Гэтая сацыяльная група з’явілася з узнікненнем самога чалавека яшчэ ў першабытна-грамадскім ладзе, калі ўсё дарослае насельніцтва рода, племені займалася здабываннем ежы для ўсяго грамадства. Яна валодае таварам у выглядзе ўласных фізічнай сілы або інтэлекту і, «гандлюючы» ім, атрымоўвае матэрыяльныя даброты спачатку ў выглядзе натуральнага прадукту, а потым грашыма.
Згаданая група людзей (якая не валодае капіталам) не ўдзельнічае ў размеркаванні вынікаў працы сярод супольнікаў грамадства. Спачатку гэта паляўнічы, збіральнік пладоў, жывёлавод (які не мае свойскай жывёлы асабіста), потым раб, прыгонны селянін (які не мае зямлі), найміт фізічнай ці інтэлектуальнай працы (які не мае капіталу). Затым, пасля кастрычніцкага перавароту1917 года і знішчэння ўласніка, гэта ўвесь народ краіны, якая займала 1/6 частку зямнога шара (за выключэннем камуначыноўнікаў). Люд без капіталу, без права ўдзелу ў кіраванні капіталам не ўдзельнічаў у размеркаванні вынікаў працы сярод супольнікаў грамадства.
Пралетарыят – самая шматлікая група людзей, што валодае самым магутным сукупным інтэлектуальным і фізічным патэнцыялам у грамадстве, але ў сярэднім гэта найменш адукаваная частка грамадства. Яна ахапляе ўсе сферы матэрыяльнай, навуковай і духоўнай вытворчасці, але зусім не ўдзельнічае ў кіраванні капіталам і размеркаванні матэрыяльнага дабрабыту ў грамадстве. У гэтай групе людзі найменш забяспечаны дабрабытам і першымі адчуваюць пагаршэнне эканамічнага становішча дзяржавы (пастулат 3).
Сацыяльная група чынавенства (клас чыноўнікаў). Яна ўяўляе сабою сацыяльную групу, што валодае таварам у выглядзе інтэлекту, удзельнічае ў кіраванні капіталам і размеркаванні матэрыяльных сродкаў у грамадстве і атрымлівае за гэта заробак. Гэта самая адукаваная частка грамадства, у руках якой на сёння знаходзяцца ўсе функцыі дзяржаўнага кіравання (ці амаль усе), усе функцыі арганізацыі і кіравання вытворчасцю (ці большая частка) у залежнасці ад формы кіравання і формы ўласнасці ў дзяржаве.
ПЕРШЫМ ЧЫНОЎНІКАМ БЫЎ ПРАВАДЫР РОДА (племя), разумнейшы, найбольш шанаваны чалавек. Ён кіраваў родам, размяркоўваў матэрыяльныя даброты ў родзе (племені) адпаведна свайму розуму, досьведу і за гэта меў сваю долю дабротаў. Потым у яго з’явіліся дарадцы. Са з’яўленнем прыватнай уласнасці з’явіліся зборшчыкі падаткаў, падлікоўцы, пісары, міністры, суддзі, парламентары і іх памагатыя, прыказчыкі, дырэктары фірмаў, кіраўнікі грамадскіх арганізацый і іх штат, супрацоўнікі органаў сацыяльнага забеспячэння і г.д.
Роля чыноўнікаў, іх вага ў грамадскім жыцці бесперапынна павялічваліся з развіццём грамадства і ўскладненнем тэхналогій. Гэты працэс працягваецца і ў нашыя дні (пастулат 3).
Сацыяльная група ўладальнікаў капіталу (клас уласнікаў). Гэтая сацыяльная група людзей з’явілася з зараджэннем прыватнай уласнасці. Функцыя ўласніка ў дзяржаве – кіраваць капіталам.
Уласнік невялікага капіталу кіруе капіталам, арганізуе вытворчасць, вырабляе прадукцыю і сам яе рэалізуе, гэта значыць ён ажыццяўляе поўны цыкл абароту капіталу з выплатай падаткаў. Ён укладае ў вытворчасць свой тавар у выглядзе інтэлекту і фізічнай сілы, часта прыцягвае да працэсу вытворчасці сваіх сямейнікаў (фермер, рамеснік і г.д.).
З ростам капіталу ўласнік не здольны самастойна забяспечыць увесь вытворчы цыкл. Частку вытворчага цыклу, і ў першую чаргу фізічную працу, ён перадае наймітам. Пры далейшым росце капіталу ўласнік перадае ўжо ў рукі чыноўнікаў вытворчасць, яго арганізацыю, збыт прадукцыі, і значыць, усё больш функцый кіравання капіталам, кантролю і размеркавання матэрыяльных сродкаў трапляе ў чынавенства. У выніку гэтага ўласнік можа толькі вызначаць стратэгію кіравання капіталам, сферу яго выкарыстання, быць галоўным арбітрам пры ацэнцы поспехаў, рэалізацыі абранай стратэгіі. Уласнік можа збанкрутаваць у выніку неадпаведных сітуацыі рашэнняў, што можа пазбавіць працы наймітаў з усімі маючымі быць наступствамі (пастулат 3).
3. ГАРМОНІЯ І СУПЯРЭЧНАСЦІ САЦЫЯЛЬНЫХ ГРУП ТЭХНАЛАГІЧНАЙ ЦЫВІЛІЗАЦЫІ
Тэхналогіі, якія ўскладняюцца і развіваюцца, бесперапынна патрабуюць і больш глыбокай спецыялізацыі людзей для выканання асобных тэхналагічных аперацый. Рэалізацыя тэхналагічных цыклаў патрабуе ўсё большага ўзгаднення дзеянняў людзей у працэсе вытворчасці (пастулат 3).
Сацыяльныя групы чыноўнікаў і пралетарыяў заўжды скіраваныя на найбольшую аплату іх працы.
Клас пралетарыяў менш за ўсё турбуецца аб стане дзяржавы, аб арганізацыі вытворчасці, эфектыўнасці кіравання і ўдасканальванні тэхналогій, хаця яго матэрыяльны і духоўны дабрабыт максімальна залежыць менавіта ад гэтых фактараў.
Групы чыноўнікаў і пралетарыяў заўжды незадаволеныя сваім матэрыяльным і грамадскім становішчам і ствараюць у большасці сваёй апазіцыі да ўласніка (пастулат 4).
Клас уласнікаў аб’ектыўна зацікаўлены ў дабрабыце, камфортным жыцці і чыноўнікаў, і пралетарыяў – гэта значыць усяго грамадства, бо такое становішча стварае найбольш спрыяльныя ўмовы для працы капіталу [гэта не заўжды так. – Рэд.]. Уласнік усялякім чынам заахвочвае сваіх наймітаў да ўкладання іх сродкаў у вытворчасць, робіць іх сваімі кампаньёнамі [зноў-такі, не заўжды так. – Рэд.], бо гэта павышае вытворчасць працы, павышае адказнасць наймітаў за поспех вытворчасці, гаспадарчае ашчаднае стаўленне да капіталу і яго росту.
Гаспадар заўжды скіраваны на гарманічнае развіццё сацыяльных груп – асновы паспяховага гаспадарання капіталу, што цалкам адпавядае яго эгаістычным мэтам (пастулат 4) [далёка не заўсёды так. – Рэд.].
Тры сацыяльныя групы забяспечваюць гарманічнае развіццё капіталу, культуры, і паступова з іх фармуецца нацыя – самы каштоўны прадукт тэхналагічнай цывілізацыі [гэты погляд на працэс фармаваньня нацыі ёсьць у пэўнай ступені штурчна-павярхоўным, бо ня ўлічвае існаваньне канкрэтна-натуральнага бія-генетычнага падмурку, недаацэньвае ролю нацыянальнай мовы, культуры, гісторыі, геаграфіі для зьяўленьня і разьвіцьця нацыі. – Рэд.]. Гэта гістарычная супольнасць людзей, што склалася ў працэсе фармавання іх агульнай тэрыторыі, эканамічных сувязяў, мовы, агульнай культуры, менталітэту, псіхічнага складу, духоўнасці [а, вось гэта ўжо значна лепш. – Рэд.]. Нацыя аптымальна забяспечвае поўны абарот капіталу, пры гэтым у першую чаргу арыентуецца на мясцовыя ўмовы.
Валер Арцішэўскі