Валер Арцішэўскі
4. ІДЭАЛОГІЯ САЦЫЯЛЬНАЙ ГАРМОНІІ
Нацыі заўсёды мелі сваю ідэю. НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ІДЭЯ з’яўляецца глабальнай для людскай цывілізацыі на працягу ўсёй гісторыі яе развіцця. Яна рэалізуецца ў выглядзе ідэалогіі, што ЎЯЎЛЯЕ САБОЙ СІСТЭМУ ПОГЛЯДАЎ І ІДЭЙ, У ЯКІХ АСЭНСОЎВАЕЦЦА І АЦЭНЬВАЕЦЦА СТАЎЛЕННЕ ЛЮДЗЕЙ ДА НАВАКОЛЬНАГА АСЯРОДДЗЯ І АДЗІН ДА АДНАГО, САЦЫЯЛЬНЫЯ ПРАБЛЕМЫ І КАНФЛІКТЫ, А ТАКСАМА МЭТЫ САЦЫЯЛЬНАЙ ДЗЕЙНАСЦІ, СКІРАВАНАЙ НА РАЗВІЦЦЁ ГРАМАДСКІХ ДАЧЫНЕННЯЎ. Ідэалогія нацыі заўсёды скіраваная на яе эгаістычныя мэты [не заўсёды. – Рэд.] – стварэнне ўмоваў для найбольш паспяховага развіцця сваёй нацыі (пастулаты 1, 2, 4).
У залежнасці ад ўмоваў, у якіх праходзіла стварэнне і развіццё нацый, яны выпрацоўвалі сваю ідэалогію. Мацнейшыя нацыі ў сваёй ідэалогіі паляпшэнне свайго становішча звязвалі з падпарадкаваннем сабе слабейшых нацый, захопам іх тэрыторыі, абкладаннем іх данінай на сваю карысць. Так узнікалі імперыі, дзе заўсёды была тытульная нацыя. Яна была абручом, што змацоўваў імперыю. Такая ідэалогія атрымала сваю назву “шавінізм” толькі ў першай палове ХІХ стагоддзя. Слабейшыя нацыі былі скіраваныя на сваё ўнутранае развіццё. Яны выкарыстоўвалі ўсю сваю энэргію на тое, каб стацца незалежнымі, абараніцца ад няпрошаных прышэльцаў і самім гаспадарыць на сваёй зямлі. Гэта фармавала ідэалогію нацыяналізму. Яна разглядала нацыю як ГІСТАРЫЧНУЮ СУПОЛЬНАСЦЬ ЛЮДЗЕЙ, ЯК АДЗІНУЮ ГАРМАНІЧНУЮ ЗЛУЧНАСЦЬ З АДНОЛЬКАВЫМІ [лепш саказаць, “агульнымі”. – Рэд.] АСНОЎНЫМІ ІНТАРЭСАМІ ЎСІХ ЯЕ САЦЫЯЛЬНЫХ СЛАЁЎ. Гэтыя дзве ідэалогіі на працягу шматлікіх стагоддзяў былі галоўнымі ў свеце. Нацыі, што стваралі імперыі, у барацьбе за сваё вяршэнства з цягам часу заўсёды гублялі сваю энэргію, людскія і матэрыяльныя рэсурсы – абруч, што змацоўваў многія народы ў адзіную лучнасць, лопаўся, і знявечаныя нацыі пачыналі аднаўляць сваю гісторыю, культуру, духоўнасць – займацца сваім адраджэннем і ісці сваім гістарычным шляхам. І паступова ўсё больш і больш рабілася зразумелым, што ідэалогія шавінізму нічога добрага не дае нацыі, якая яго вызнае. Гэта разбурае нацыю, парушае законы сацыяльна-біялагічнай сістэмы, і таму такая ідэалогія з’яўляецца антылюдскай (пастулат 1).
Ідэалогія нацыяналізму, наадварот, заўсёды спрыяла развіццю нацый, загойваючы раны, нанесеныя шавінізмам [й імперыялізмам іншых нацый. – Рэд.]. Гэта сведчыць аб тым, што яна адпавядае законам развіцця сацыяльна – біялагічнай сістэмы (пастулат 1).
Але кожны чалавек, кожная сацыяльная група людзей, кожная нацыя ў сваім эгаістычным імкненні заўсёды жадае большага і лепшага для сябе. І пошукі ідуць безупынна. Яшчэ ў шостым стагоддзі з’явілася ідэя касмапалітызму. Яе існасць выказваецца словамі: “Дзе добра, там і бацькаўшчына” (ubi bene, ibi patria). Касмапалітызм з’явіўся падставай антынацыянальнай ідэі. Гэтая ідэя атрымала сваё тэарэтычнае абгрунтаванне ў “Маніфесце камуністычнай партыі” ў 1848 годзе і атрымала сваё распаўсюджанне ў выглядзе ідэалогіі камунізму, у аснову якой былі пакладзены прынцып пралетарскага інтэрнацыяналізму і тэорыя класавай барацьбы. Ідэалогія адкрыта прапагандуе знішчэнне нацый рукамі саміх нацый. Роля ката нацыі адводзіцца пралетарыяту, які павінен фізічна знішчыць сацыяльныя групы ўласнікаў і чыноўнікаў, стварыць сабе новы ўладны клас чыноўнікаў-камуністаў [! – Рэд.]. І ўжо новы ўладны клас камуначыноўнікаў даб’е нацыі разбурэннем сям’і, знішчэннем шматвекавога досьведу нацый, разбурэннем духоўнасці.
Карацей і відавочней вынікі дзеяння камуна-чыноўнікаў выказвае лозунг ідэолагаў камунізму: “Не будзе людзей белых, жоўтых, чорных – усе будуць шэранькімі”.
І такая ідэалогія пасля кастрычніцкага перавароту стала панаваць на прасторах Расійскай імперыі, што на гэты раз сталася камуначыноўніцкай імперыяй [!!! – Рэд.]. Упершыню ў гісторыі чалавека сацыяльная група чыноўнікаў стала класам з бескантрольнай уладай. І гэта адбылося на 1/6 частцы планеты.
Як такое магло стацца?
Гэта здарылася таму, што шавінізм рускай нацыі, як тытульнай нацыі імперыі, у сваёй барацьбе за вяршэнства сярод двухсот народаў, знішчаючы і руйнуючы іх, губляў свой патэнцыял і энэргію. Экспансія рускай нацыі і выкарыстаньне яе для асіміляцыі іншых народаў нішчыла і саму тытульную нацыю. Усё больш і больш на прасторах Расійскай імперыі з’яўлялася “шэранькіх” – касмапалітаў. Дэнацыяналізацыя ішла паскоранымі тэмпамі. Камуністычная ідэалогія знайшла сабе добра падрыхтаваную глебу і праз мора крыві, пакут, гібелі дзясяткаў мільёнаў лепшых людзей двухсот нацый, знішчэнне незлічоных матэрыяльных і духоўных каштоўнасцяў, дзякуючы асабістай безадказнасці і адсутнасці інтэлекту шырокіх масаў пралетарыяту заваявала сабе права быць ідэалогіяй велізарнай камуністычнай імперыі (пастулат 1).
Захапіўшы ўладу, камуначыноўнікі добра разумелі, што для захавання свайго панавання ў іх ёсць тры саюзнікі: МАНА, КРЫВАДУШША, ЗЛАЧЫННАСЦЬ. Гэтыя саюзнікі былі задзейнічаны ў поўным аб’ёме з першых крокаў улады камуністаў, а прыкрылі яны сваё панаванне шыльдай “Дыктатура пралетарыяту”.
Самым страшэнным ворагам для камуністаў быў уласнік. Знішчыўшы яго фізічна, камуністы былі абавязаны дабіць нацыю, бо яна ўяўляе сабой магутнага ўласніка генафонду, духоўных каштоўнасцяў, гістарычнага досведу жыцця на канкрэтнай тэрыторыі, і таму яна заўсёды аб’ектыўна будзе змагацца супраць камуністычнай ідэалогіі.
І таму ў барацьбе з нацыямі “тры саюзнікі”, гэтыя тры складовыя часткі камуністычнай ідэалогіі працавалі на поўную моц. І якіх толькі тэрмінаў не напрыдумвалі ідэолагі камунізму: сацыялістычная нацыя; пралетарскі інтэрнацыяналізм; сацыялістычны інтэрнацыяналізм; культура, нацыянальная па форме і сацыялістычная зместам, і шмат-шмат іншага, каб ашукаць народы, схаваць эгаістычныя намеры камуначыноўнікаў бескантрольна панаваць. Але нават і яны вымушаны былі прызнаць, што нацыяналізм і камуністычная ідэалогія несумяшчальныя. Гэта, мабыць, адзіны выпадак за ўсё існаванне камуністычнай імперыі, калі камуністы сказалі праўду.
Чым адрозніваюцца ў такім выпадку камуністы ад шавіністаў і фашыстаў?
Камуністы адкрыта разбуралі ўсе нацыі без выключэння. Шавіністы і фашысты рабілі практычна тое самае, але цешылі сябе ілюзіяй, што яны працуюць на карысць сваёй нацыі.
Камуністы добра вызначылі звяно, якое трэба разбурыць, каб знішчыць нацыю. Гэтым звяном была сям’я – базавая ячэйка нацыі. Менавіта сям’я з’яўляецца носьбітам генафонду нацыі, яе досведу, духоўнасці, традыцый, менталітэту, выхавальнікам маладога пакалення і адначасова найактыўнейшым спажыўцом усіх багаццяў нацыі. У сваёй справе знішчэння сям’і камуністы дасягнулі велізарных поспехаў, выкарысталі ўсе магчымасці. Наглядна гэта можна прасачыць на прыкладзе Беларусі, дзе стала дзейнічалі добра адладжаныя сістэмы: 1) сістэма набору працоўнай сілы з Беларусі ў розныя куткі Саюза і набор працоўнай сілы на Беларусь з розных куткоў Саюза; 2) сістэма размеркавання маладых спецыялістаў, калі з усіх куткоў камуністычнай імперыі маладыя спецыялісты накіроўваліся на Беларусь і наадварот; 3) сістэма службы ў арміі, калі беларускія салдаты і афіцэры накіроўваліся служыць у розныя куткі імперыі, а на Беларусь дажываць свой век ехалі з розных канцоў Саюза адстаўнікі, ехалі служыць афіцэры і салдаты ў самую велізарную ў Саюзе Беларускую ваенную акругу.
Людзі, сем’і вырываліся са звыклага для іх асяроддзя, гублялі свае карані, на новым месцы жыцця яны адчувалі сябе няўтульна, знарок альбо незнарок парушалі звычаі, уклад жыцця іншых нацый, выклікалі іх варожасць. Экзагамных сем’яў па ўсёй імперыі большала, як і дэнацыяналізаваных людзей. Камуністы ўжо забыліся на тое, што яны нешта казалі пра нацыі, а ўсё настойлівей прапагандавалі ідэю аб “адзіным савецкім народзе”, гэта значыць аб “шэранькіх” [!!! – Рэд.]. Здавалася, камуністы здолелі зрабіць тое, што не пад сілу аніводнай імперыі – з 200 нацый яны стварылі адзіны савецкі народ з менталітэтам рускамоўнага шавінізму.
Але чым хутчэй ішла дэнацыяналізацыя людзей, тым хутчэй ішоў працэс дэградацыі грамадства імперыі. Патэнцыйныя магчымасці развіцця грамадства (ПМР) проста прапарцыйныя колькасці ў грамадстве нацыяналістаў (Н) і адваротна прапарцыйная колькасці інтэрнацыяналістаў (І) [у адпаведнасьці з нашым разуменьнем, у дадзеным выпадку трэба казаць не пра “інтэрнацыяналістаў”, а пра “касмапалітаў”. – Рэд.]. Да інтэрнацыяналістаў належаць усе знішчальнікі нацый: шавіністы, камуністы, касмапаліты, фашысты, дэнацыяналізаваныя людзі [тады, трэба пісаць “антынацыяналісты”. – Рэд.]. Стан грамадства тады канцэнтравана можна падаць простай матэматычнай формулай: ПМР = Н / І <> 1.
Калі ПМР > 1, грамадства мае тым большы патэнцыю для свайго развіцця, чым ПМР мае большы лік, а ў адваротным выпадку яно дэградуе тым хутчэй, чым меншы лік (пастулаты 1, 2, 3, 4).
Расійская імперыя, як і любая іншая, мела ПМР < 1, а камуністычная імперыя, якая яе змяніла, зрабіла дэградацыю грамадства яшчэ хутчэйшай і 8 снежня 1991 года афіцыйна развалілася на асобныя часткі (пастулат 1). У краінах Балтыі, Малдове, Каўказу, Сярэдняй і Цэнтральнай Азіі [за выключэньнем Казахстану і Кіргізіі, тут асобны выпадак. – Рэд.], ва Украіне, дзе ПМР аказаліся большымі за 1, знявечаныя нацыі пачалі цяжкі шлях свайго адраджэння. Зусім інакш складваецца сітуацыя ў Беларусі. 150 гадоў польскай, а потым 200 гадоў расійскай асіміляцыі і экспансіі прывялі беларускую нацыю ў стан біялагічнага выжывання. ПРАКТЫЧНА ЎВЕСЬ ЧЫНОЎНІЦКІ АПАРАТ СКЛАДВАЕЦЦА З ПРЫШЛЫХ, ДЭНАЦЫЯНАЛІЗАВАНЫХ ЛЮДЗЕЙ, У БОЛЬШАСЦІ ДЭНАЦЫЯНАЛІЗАВАНЫМІ АКАЗАЛІСЯ ПРАЛЕТАРЫЯТ І БОЛЬШАСЦЬ ІНТЭЛІГЕНЦЫІ. А дэнацыяналізаваныя людзі - гэта істоты маргінальныя і амаральныя, гэта НАТОЎП БЕЗ АСАБІСТАЙ АДКАЗНАСЦІ і без інтэлекту. Таму, на вялікі жаль, на Беларусі ПМР < 1, і грамадства дэградуе. Нацыянальныя сілы не здолелі прыйсці да ўлады, рускамоўныя шавіністы, што тут уладараць, не могуць змяніць сітуацыю, будуючы рынкавы сацыялізм. Грамадская сістэма, зноў усталяваная ў Беларусі, ПАРУШАЕ ЗАКОНЫ ПРЫРОДЫ, ЗАКОНЫ ТЭХНАЛАГІЧНАЙ ЦЫВІЛІЗАЦЫІ, ЭГАІЗМ СКІРАВАНЫ НЕ НА СТВАРЭННЕ, А НА РАЗБУРЭННЕ. І сітуацыя не зменіцца, ПАКУЛЬ ДА ЎЛАДЫ НЕ ПРЫЙДУЦЬ НАЦЫЯНАЛІСТЫ і не пачнуць АДРАДЖЭННЕ СВАЁЙ НАЦЫІ НА СВАЁЙ ЭТНІЧНАЙ ТЭРЫТОРЫІ. Аналагічная сітуацыя назіраецца і ў Расіі. Расійская імперыя, як і Беларусь, мае ПМР < 1 і хутка ідзе да канчатковага развалу і знаходзіцца ў стадыі агоніі. Але нават у гэтай стадыі РУСКАМОЎНЫЯ ШАВІНІСТЫ ІМКНЮЦЦА ДА АНЭКСІІ, АКУПАЦЫІ БЕЛАРУСІ, ХОЦЬ ГЭТА СМЯРОТНА ДЛЯ РАСІІ [!!! – Рэд.]. Дарэчы, большасць палітычных эліт свету не разумее сітуацыю на зямным шары. Яны палохаюць свае народы і адзін аднаго сепаратызмам, хоць на самой СПРАВЕ ІДЗЕ АПОШНЯЯ СТАДЫЯ ДЭКАЛАНІЗАЦЫІ НА ЎСІМ ЗЯМНЫМ ШАРЫ [праўда, не апошняя стадыя дэкаланізацыі, але тая ідзе. – Рэд.]. Наша цывілізацыя знаходзіцца ў глыбокім сістэмным крызісе. Каб выжыць, тэхналагічная цывілізацыя ў бліжэйшае паўстагоддзе павінна вырашыць 5 глабальных праблем: 1) поўнае раззбраенне; 2) замена энэргетыкі на неўзнаўляльных крыніцах энэргіі на энэргетыку на ўзнаўляльных крыніцах энэргіі; 3) рашэнне экалагічных праблем; 4) вырашэнне дэмаграфічных праблем; 5) замена дынамікі перманентнага зніжэння духоўнасці на дынаміку яе росту [!!! – Рэд.]. Ці мае тэхналагічная цывілізацыя рэзервы, ці можа яна мець сістэму поглядаў, ідэі, якія б пры ўсёй іх разнастайнасці былі б скіраваныя на вырашэнне праблем цывілізацыі, – інакш, ці можна развіццё чалавецтва вярнуць у рэчышча законаў прыроды? Наша цывілізацыя мае такія рэзервы і гэта падкрэслівае тэарэма Фішара, якая сцвярджае: “Чым вышэйшая генэтычная разнастайнасць віда, тым вышэйшая патэнцыйныя магчымасці яго развіцця”. Для чалавецтва гэта азначае, што НАЙМЕНШАЯ НАЦЫЯ З’ЯЎЛЯЕЦЦА ВЕЛІЗАРНЫМ БАГАЦЦЕМ ЦЫВІЛІЗАЦЫІ. Штучная асіміляцыя, экспансія супраць найменшай нацыі – гэта міжнароднае злачынства, гэта разбурэнне цывілізацыі шляхам звужэння яе генэтычных магчымасцяў (пастулат 1). Нядаўна адкрыты закон энэргетычнай неэфектыўнасці вялікіх дзяржаў пацвярджае і пашырае тэарэму Фішара ў сацыяльнай сферы. Аказваецца, патрэба ў энэргіі павялічваецца не толькі там, дзе халаднейшы клімат, але і там, дзе краіны маюць вялікія плошчы. Максімальная плошча дзяржавы не павінна быць звыш 500 тысяч вк. км. У адваротным выпадку дзяржава становіцца энэргетычна неэфектыўнай: павялічваюцца транспартныя выдаткі, вялікая разнастайнасць прыродна-кліматычных рэгіёнаў патрабуе пераразмеркавання сродкаў паміж рэгіёнамі на дзяржаўным узроўні, нацыянальна-псіхалагічная рознасць рэгіёнаў з’яўляецца ПРЫЧЫНАЙ НЕЭФЕКТЫЎНАСЦІ ФЕДЭРАЛЬНЫХ ЗАКОНАЎ. Энэргетычна некарысная сістэма павінна самазнішчацца, яна неканкурэнтаздольная (пастулат 1) [!!! – Рэд.]. На жаль, ні адзін з вядомых палітыкаў не абапіраецца ў сваёй палітычнай дзейнасці ні на тэарэму Фішара, ні на закон энэргетычнай неэфектыўнасці вялікіх дзяржаў. Гэта сведчыць альбо аб некампетэнтнасці палітычных эліт, альбо аб іх злой волі [гэта так! – Рэд.]. І тое і іншае вельмі небяспечнае для сучаснага стану нашай цывілізацыі. З ўсіх наяўных ідэалогій, якія адлюстроўваюць нацыянальную альбо антынацыянальную ідэі, толькі адна знаходзіцца ў гармоніі як з тэарэмай Фішара, так і з законам энэргетычнай неэфектыўнасці вялікіх дзяржаў. ГЭТАЯ ІДЭАЛОГІЯ – НАЦЫЯНАЛІЗМ [маецца на ўвазе ўніверсальны нацыяналізм – Рэд.]. Яна аб’ектыўна ўлічвае інтарэсы ўсіх нацый планеты і паказвае шлях да захавання і развіцця нашай цывілізацыі. Ідэалогія скіраваная на максімальнае развіццё нацыі, якая абапіраецца на свае ўнутраныя сілы, багацці, прыродныя ўмовы. Ідэалогія нацыяналізму, тэарэма Фішара, закон энэргетычнай неэфектыўнасці вялікіх дзяржаў ствараюць тэарэтычна добра абгрунтаваную базу новай ідэалогіі - ІДЭАЛОГІІ САЦЫЯЛЬНАЙ ГАРМОНІІ. Дадзеная ідэалогія скіраваная на забеспячэнне самабытнага і непаўторнага развіцця кожнай нацыі, стварае атмасферу даверу, зацікаўленасці кожнай нацыі ў тым, каб паспяхова развіваліся іншыя нацыі. Ідэалогія пераўтварае эгаістычныя інтарэсы канкрэтнай нацыі ў агульныя інтарэсы тэхналагічнай цывілізацыі. Ствараюцца ўмовы, калі духоўная патэнцыя, гістарычны вопыт адной нацыі не ўступае ў супрацьстаяньне з такімі ж каштоўнасцямі іншай нацыі, а яны акумулююцца на карысць усяго чалавецтва. Гэта і ёсць магутныя рэзервы нашай цывілізацыі. Калі чалавецтва здолее ўвесці іх у дзеянне, то яно вырашыць свае праблемы. Для гэтага патрэбна, каб ІДЭАЛОГІЯ САЦЫЯЛЬНАЙ ГАРМОНІІ стала ГЛАБАЛЬНАЙ ІДЭАЛОГІЯЙ ТЭХНАЛАГІЧНАЙ ЦЫВІЛІЗАЦЫІ. Яна дазволіць перавесці на новы ўзровень дачыненні чалавека з прыродай, чалавека з чалавекам, дазволіць задзейнічать велізарную духоўную патэнцыю ўсіх нацый, іх генафонд, іх велізарны гістарычны досвед жыцця на пэўнай тэрыторыі на вырашэнне наяўных праблем. І яны вырашацца.