nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ІДЭЯ і САЦЫЯЛ-ДЭМАКРАТЫЯ (частка І; кБНІ)

11 кастрычніка, 2006 | Няма каментараў

Прадстаўляем чарговы артыкул з матэрыялаў канферэнцыі «Беларуская нацыянальная ідэя» (Гародня, 18-19 красавіка 1999 г.), раздзел «Палітыкі пра беларускую ідэю». Ён належыць выкладчыку кафедры беларускага і тэарэтычнага мовазнаўства Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы, на той час старшыні Гродзенскай рэгіянальнай арганізацыі БСДП «Народная грамада» Міхасю Патрэбе (Гародня).
Рэдакцыя.

Нацыянальнае самаўтаесамленне можна разглядаць як адну з формаў сацыялізацыі індывідуума, г.зн. дачыненняў «я – мы – яны», якая існавала на працягу ўсёй гісторыі чалавецтва. Усведамленне сваёй прыналежнасці да нейкай вызначанай групы, да якой асоба захоўвае лаяльнасць і ад якой яна залежыць, гэтак жа жыццёва неабходнае, як і зацікаўленасць у выніках сваёй працы. ЧАЛАВЕК, ЯК ІСТОТА САЦЫЯЛЬНАЯ, НЕ МОЖА БЕЗ ГЭТАГА ІСНАВАЦЬ. Таму мы мусім прымаць гэтыя дачыненні як аб’ектыўную рэальнасць. Першапачаткова дачыненні «мы – яны» тычыліся найбольш гамагенных этнасацыяльных (першабытна-камуністычных) супольнасцяў, такіх як род і племя, а форму нацыяналізму яны прынялі толькі з канца XVIII стагоддзя.

Паняцце «нацыяналізм» паходзіць ад тэрміна «нацыя», пачаткі якога сягаюць аж у сівую даўніну – часы Старажытнарымскай імперыі. Не разглядаючы першапачатковае значэнне гэтага тэрміна і яго зменныя канатацыі на працягу стагоддзяў [1, с. 90-94], адзначым, што сённяшняе значэнне гэты тэрмін набыў толькі падчас Вялікай французскай рэвалюцыі 1789 г.

Сёння мы жывем у свеце дзяржаў (у заходняй традыцыі – нацый). Самая вялікая супольнасць, з якой можа сябе ідэнтыфікаваць асоба, – гэта дзяржава-нацыя [напэўна, маецца на ўвазе звычайны чалавек, бо бываюць людзі, якія здольныя атаясамляць сябе і з усім чалавецтвам, пры гэтым разумеючы апошняе ня як хаатычна-касмапалітазаваную масу, а як складаную шматузроўневую сістэму, парушэньне структуры якой ёсьць злачынствам супраць чалавецтва. – Рэд.]. Самая аўтарытэтная міжнародная арганізацыя так і называецца – Арганізацыя Аб’яднаных Нацый. Дзяржавы сёння – АДЗІНЫЯ СУБ’ЕКТЫ МІЖНАРОДНАГА ПРАВА. Звышнацыянальная інтэграцыя цяжка развіваецца нават там, дзе для гэтага створаны ўсе перадумовы, як у Еўрасаюзе [з-за таго, што тут відавочны элементы несапраўднай інтэграцыі; сапраўдная інтэграцыя магчыма толькі на аснове дыферэныяцыі; касмапалітызацыя ж, разбураючы дыферэнцыяцыю, стварае толькі ілюзію інтэграцыі. – Рэд.]. Дачыненні «мы – яны» развіваюцца як паміж дзяржавамі, так і ўнутры дзяржаў, расколваючы часам грамадства і даводзячы яго да грамадзянскай вайны. Яскравы сучасны прыклад гэтаму – наступствы палітыкі Лукашэнкі для беларускага грамадства ці Мілошавіча – для югаслаўскага.

НАЙШЫРЭЙ ПРЫНЯТЫМ ВЫЗНАЧЭННЕМ НАЦЫЯНАЛІЗМУ З’ЯЎЛЯЕЦЦА ІДЭЯ, што ДЗЯРЖАВА І НАЦЫЯ ПАВІННЫ СПАЛУЧАЦЦА, і ідэя гэтая грунтуецца на дапушчэнні, што паняцце «нацыя» можа быць вызначана аб’ектыўна. Нацыяналізм і прэтэндуе на тое, што можа «…пастаўляць крытэрыі для вызначэння групы насельніцтва, якая мае законныя правы мець урад выключна для сябе, ажыццяўляць уладу ў дзяржаве і адпаведную арганізацыю супольнасці дзяржаў. Нацыяналізм, або нацыянальная дактрына, лічыць, што чалавецтва натуральна падзелена на нацыі і што нацыі характарызуюцца некаторымі вызначальнымі прыкметамі» [2, с.1]. Хаця гэтыя характарыстыкі і дапускаюць існаванне нейкіх аб’ектыўных крытэрыяў вызначэння паняцця «нацыя», з тузін якіх можна заўжды прывесці, аднак яны не супадаюць у кожным азначэнні і часта супярэчаць адно другому. Бо калі б гэта было не так, то чаму тады волжскія немцы лічацца часткай нямецкай нацыі, а аўстрыйцы – не? Чаму Бельгія, Іспанія, Італія – нацыі, а Саксонія, Фрысландыя, Брытанія – не? Самалі і Біафра, Тайвань – нацыі ці не? Яўрэі ў дыяспары, цыганы, курды, чорныя ў ЗША – нацыі ці не? Пералік можна працягваць вельмі доўга [каб лічыцца нацыяй, павінен быць НАРОД, які павінен мець ЭТНІЧНУЮ ТЭРЫТОРЫЮ і ЎЛАСНУЮ ЎЛАДУ на ёй – г.зн. такую ўладу, якая хаця б часткова ўлічвала аб’ектыўныя інтарэсы дадзенага народу (ці хаця б надзею калі-небудзь такую ўладу займець). – Рэд.].

Сэтан Уотсан, адзін з найбольш вядомых даследчыкаў нацыяналізму, сцісла сфармуляваў гэтую канцэптуальную праблему так: «Такім чынам, я вымушаны прыйсці да высновы, што немагчыма зрабіць «навуковае вызначэнне» нацыі, хоць феномен існаваў і існуе» [3, с. 5]. Сапраўды існуе. Усе сучасныя дзяржавы – гэта дзяржавы нацыянальныя. Палітыка ўсіх краінаў выяўляе інтарэсы адмысловай нацыі, нават калі такая нацыя знаходзіцца яшчэ ў стадыі станаўлення. Усе войны ХХ стагоддзя вяліся ў імя ідэі нацыі, і ў сённяшнім свеце забіваюцца людзі, выганяюцца з родных гнёздаў і мясцінаў у імя гэтай ідэі [катэгарычна нельга блытаць форму і зьмест ніякіх заяў, падзей, зьяў. – Рэд.].

Пераважная большасць сённяшніх дзяржаў, у тым ліку і Беларусь, не маюць адзінай гамагеннай этнічна-гістарычнай базы, таму некаторыя даследчыкі гэтага аспекту сцвярджаюць, што «нацыяналізм – гэта не абуджэнне нацыі да самаўсведамлення: ён вынаходзіць нацыі там, дзе яны не існавалі» [4]; ці гавораць аб нацыях як «уяўных супольнасцях», паколькі яны занадта вялікія, каб быць рэальнымі супольнасцямі, заснаванымі на дачыненнях знаёмства [5]; ці адзначаюць, што «вялікія ананімныя супольнасці становяцца нацыямі… праз уяўленне, і іх традыцыі трэба вынайсці» [6].

Менавіта гэтыя канстатацыі абурылі рабочую групу беларускіх сацыял-дэмакратаў у складзе М.Біча, У.Конана, М.Крукоўскага, У.Кулажанкі, В.Скалабана, М.Чарняўскага і А.Сідарэвіча [да гэтай групы з задавальненьнем далучыліся б усе сябры рэдакцыі “нашайзямлі.орг”. – Рэд.], якая была створана для ацэнкі дакладу па нацыянальным пытанні ва Усходняй Еўропе, напісанага групай аналітыкаў Фонду Альфрэда Мозэра Партыі працы (Нідэрланды) для міжнароднага семінару прадстаўнікоў сацыял-дэмакратычных партый Еўропы ў Амстэрдаме ў 1993 годзе. У сваёй ацэнцы беларускія сацыял-дэмакраты тады сцвердзілі: «Выклікае пярэчанне тэзіс пра тое, што «кожную нацыю трэба спачатку вынайсці». Мы не думаем, што, змагаючыся з Габсбургамі, галандцы вынайшлі сябе. Яны ведалі, што яны галандцы: СА СВАЁЮ МОВАЮ, РЭЛІГІЯЙ, ГІСТОРЫЯЙ, МЕНТАЛЬНАСЦЮ. Сапраўды, нацыю іншы раз вынаходзяць. Так, бальшавікі прыдумалі малдаўскую нацыю…» (партыйны дакумент БСДП НГ).

Як бачым, гэтым абурэннем нададзены выраз рамантычнаму разуменню нацыі ў духу першага ідэолага і абаронцы правоў нацый вялікага немца Гердэра. І не дзіўна, бо палітыка БСДГ на той час вызначалася нацыянальна-дэмакратычнай інтэлігенцыяй у асноўным гуманітарнага кірунку. Аднак трэба адзначыць, што агульная гістарычная памяць (якую часта трэба спачатку абудзіць), моўна-культурная традыцыя (часам амаль памерлая) і вынаходніцтва не выключаюць, а дапаўняюць адно другога. Нельга вынайсці нацыю на пустым месцы. Гэтак жа не абавязкова самі сабой рэалізуюцца ў нацыю этнічныя перадумовы. Дарэчы, і само паняцце «этнас» з навуковага пункту гледжання няпэўнае і занадта палітызаванае, што і даказвае новая гісторыя Беларусі.

Таму і ўяўляецца, што найвыгодней разглядаць паняцці «нацыя» і «этнас» канцэптуальна ЯК ПРАЦЭС, які нельга ўсебакова вызначыць праз статычныя і агульныя характарыстыкі.

Адзначым, што ў штодзённым ужытку слова «нацыя» выкарыстоўваецца, па меншай меры на Захадзе Еўропы, у двух значэннях: як нацыянальная дзяржава (у назве ААН) і як палітычна-ідэалагічны тэрмін (у паняцці «нацыяналізм»).

Калі мы гаворым «нацыянальная дзяржава», то маем на ўвазе тыя дзяржавы, у якіх МАЁМАСНЫЯ І ПАЛІТЫЧНЫЯ ПРАВЫ УЛАДНЫХ КЛАСАЎ УРОЎНІВАЮЦЦА З ПРАВАМІ КІРАВАНЫХ, І ПРАВЫ АПОШНІХ СТАНОВЯЦЦА ДЛЯ ПАЛІТЫЧНАЙ СІСТЭМЫ ТАКІХ ДЗЯРЖАЎ НАСТОЛЬКІ ВАЖНЫМІ, ШТО ІХ НЕЛЬГА ІГНАРАВАЦЬ. Фармаванне такой нацыі звязанае з вымушанай або ўсвядомленай, часта прыхаванай дэмакратызацыяй грамадства, скіраванай на паступовае выроўніванне палітычных мажлівасцяў усіх класаў грамадства. У гэтым сэнсе НАЦЫЯНАЛЬНЫЯ ДЗЯРЖАВЫ З’ЯЎЛЯЮЦЦА НА СЁННЯ САМЫМ АПОШНІМ, ХОЦЬ І НЕ ЗАВЕРШАНЫМ ЭТАПАМ РАЗВІЦЦЯ ДЗЯРЖАЎНЫХ ГРАМАДСТВАЎ.

У нацыяналістычных канцэпцыях паняцце «нацыя» грунтуецца на міфах, злучнасці сімвалаў, паданняў, прымхаў і цырымоній, якія павінны ўзаконіць прэтэнзіі арганічна сфармаванай ці вынайдзенай і ўяўнай супольнасці.

Трэба адзначыць, што менавіта такія ўяўленні абгрунтавалі прэтэнзіі трэцяга стану ў абсалютысцкай Францыі, які і назваў сябе «нацыяй», г.зн. дзейсным чыннікам дзяржаўнай улады. Пастулат існавання «французскай нацыі» ідэалагічна легітымізаваў якабінскую дзяржаву як спадкаемцу дынастычнай Францыі. З гэтага часу адмысловы міф «нацыі» выконвае легітымізацыйную, мабілізацыйную і ідэнтыфікацыйную функцыі і як нішто іншае фармуе калектыўную свядомасць грамадства. «Ён патрабуе ЕДНАСЦІ, АДДАНАСЦІ, УЗАЕМАПАДТРЫМКІ І САМААДДАНАСЦІ; ЁН ПАДКРЭСЛІВАЕ АГУЛЬНАЕ ПАХОДЖАННЕ І КУЛЬТУРНЫЯ АСАБЛІВАСЦІ, ТАКІЯ ЯК МОВА, ФАЛЬКЛОР І НАРОДНЫЯ МАСТАЦТВЫ І КАЛІ ЁСЦЬ ТАКАЯ МАГЧЫМАСЦЬ, ТО І НАЦЫЯНАЛЬНУЮ РЭЛІГІЮ; ЁН ВЫЗНАЧАЕ ТРАДЫЦЫЙНЫХ І НОВЫХ ВОРАГАЎ І НЕБЯСПЕКІ ЯК УНУТРЫ КРАІНЫ, ТАК І ЗВОНКУ; ЁН КУЛЬТЫВУЕ ПАМЯЦЬ АБ СЛАВЕ ПЕРАМОГАЎ І ГОРЫЧЫ ПАРАЗАЎ; ЁН АБЯЦАЕ ЛЕПШУЮ БУДУЧЫНЮ Ў АГУЛЬНЫМ ЛЁСЕ. Міф гэты падтрымліваецца такімі сімваламі, як сцяг, герб і гімн, манументамі, памятнымі днямі і нацыянальнымі святамі. Структура і функцыі гэтых міфаў маюць многа агульнага, аднак у сваім змесце яны ўнікальныя» [7, с. 34-35].

Прапаведнікі такіх міфаў зыходзяць, як правіла, з таго, што іх гамагенны і згуртаваны народ існаваў з даўніх часоў і да сённяшняга дня. Трэба ўспомніць, што менавіта ў Еўропе не было такога перыяду, калі б насельніцтва не змешвалася, не вымушана было міграваць з мясцовасці ў мясцовасць, з вёскі ў горад. Часам гэтая міграцыя была гвалтоўнай. Што тычыцца Беларусі, то ўспомнім, што славяне былі на нашай тэрыторыі далёка не першай хваляй прыбыльцаў, што вялікія масы людзей з Беларусі гвалтам перасяляліся ў Масковію падчас Лівонскай вайны, а насельніцтва з неталерантнай Масковіі дзясяткамі тысяч уцякала на Беларусь, што татары пры сваіх рэгулярных набегах тысячы людзей гналі на поўдзень у турэцкае рабства, а таксама даволі актыўна сяліліся тут. Гэтым самым гамагенныя супольнасці на Беларусі, як і ва ўсёй Еўропе, былі разбураныя задоўга да таго, як утварыліся дынастычныя дзяржавы. Прыток этнічна небеларускага насельніцтва ў Беларусь і эміграцыя беларусаў у іншыя краіны працягваецца і па сённяшні дзень…

Такім чынам, канцэпцыя нацыі, або, паводле сённяшняй палітычнай тэрміналогіі, нацыянальная ідэя, мае два аспекты: міф і працэс. І гэтым тлумачыцца той факт, што даследчыкі феномену нацыі і нацыяналізму так часта не могуць пагадзіцца паміж сабой. Таму так часта не могуць паразумецца паміж сабой і сённяшнія дэмакраты, калі гаворка ідзе пра нацыянальныя праблемы. Адных палохае слова «нацыяналізм», хоць ён сам па сабе – аб’ектыўная рэальнасць і сам па сабе не дрэнны і не добры; другія нізашто не могуць прызнаць пяршынства правоў чалавека, хоць у цяперашніх умовах толькі захаванне гэтых правоў можа забяспечыць ажыццяўленне нацыянальнай ідэі [правы чалавека і нацыі СІСТЭМНА ЗЬВЯЗАНЫ; няўжо гэта так цяжка зразумець?; аказваецца, справа не ў разуменьні, а ў суб’ектыўных інтарэсах розных соцыяпаразітычных груп, напрыклад, шавіністаў-імперцаў, шавіністаў-сіяністаў, фінансававых алігархаў-псеўдалібералаў, таталітарыстаў-камуністаў ды іншых радыкалаў. – Рэд.].

Міхась Патрэба

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы