Барыс Керзач (на падставе матэрыялаў сайтаў: www.harodnia.com, www.svaboda.org)
Наша рэдакцыя ўжо ня раз пісала пра тое, што цяперашнія і, без сумневу, часовыя ўлады ў Беларусі – цяперцы – наўмысна праводзяць штучную палітыку касмапалітызацыі-хаатызацыі беларускага грамадства, імкнучыся пераўварыць яго ў максімальна пасіўную, дэзарганізаваную біямасу. Адным зь кірункаў такой палітыкі зьяўляецца падтрымка розных мяньшыняў, пачынаючы ад сексуальных і заканчваючы нацыянальнымі, на фоне этнацыду беларускай бальшыні – сапраўднага гаспадара беларускай дзяржавы. І раптам у гэтым “стройным” падыходзе пачалі зьяўляцца цікавыя выключэньні.
Апошнім такім выключэньнем стала разбурэньне ў Гародні вядомага дому па вул. Горкага 29 – будынка-помніка канструктывізму (пабудаваны, па розных дадзеных, у 1920-36-х гадох). Гэтаму дому, які больш вядомы як крама “Сьвежы хлеб”, не пашанцавала. Ён знаходзіўся паблізу ад тэрыторыі г.зв. “Залатой горцы”. Спачатку здавалася, што вандалізм уладаў, якія нібыта з мэтай пашырэньня вуліцы Горкага ўзяліся за разбурэньне ледзь ня цэлага гарадскога кварталу ў гэтым раёне (гл. фота ўнізе; разбураныя дамы на Залатой горцы), заслугоўваў толькі таго, каб быць адзначаным у нашым раздзеле “Фіксуем акты ўладнага варварства – ФАУВ”. Аднак дадатковыя факты дазволілі прыйсьці да высновы, што такая інтэрпрэтацыя будзе далёка ня поўнай.
Справа ў тым, што спачатку ўзгаданы дом – фактычны гісторыка-архітэктурны помнік – УЛАДЫ ВЫРАШЫЛІ ЗЬНЕСЬЦІ (гл. фота ў пачатаку артыкула; такіх архітэктурных помнікаў пазначанага гістарычнага перыяду ў Беларусі зусім ня шмат, у дадатак яны яшчэ і кепска вывучаны; г.зн. прысутнічала ўсё неабходнае, каб надаць дому статус гісторыка-культурнай каштоўнасці). Аднак умяшалася грамадскасьць Гародні, асабліва моладзь. Была ініцыявана акцыя па зборы подпісаў за захаваньне дадзенага помніку (гл. фота ўнізе; гродзенцы ставяць свае подпісы пад зваротам у Міністэрсва культуры).
І вось ужо здавалася: такая рэдкая ў наш час перамога дасягнута. На падставе ініцыятывы гарадзенцаў, зваротаў навукоўцаў-гісторыкаў й дзеяньняў Інстытута культуры на сярэдзіну кастрычніка г.г. было прызначана паседжаньне ў Міністэрстве культуры, на якім дадзены будынак ПЛАНАВАЛАСЯ АБВЯСЬЦІЦЬ гістарычным помнікам з усімі вынікаючымі адсюль ахоўнымі наступствамі. Былі ўжо папярэджаны і гарадзенскія ўлады. Нават па БТ-ОНТ паказалі рэпартаж (!) з прапагандыскім кантэкстам: маўляў, якія ў нас чульлівыя і высокакультурныя рэспубліканскія ўлады, ЯНЫ СПЫНІЛІ разбурэньне гісторыка-культурнай каштоўнасьці, запланаванае гарадзенскімі бяздушнымі чыноўнікамі.
І тут нечакана на ўсім дадзеным фоне 6 кастрычніка, не дачакаўшыся літаральна некалькі дзён да прыняцьця адпаведнага рашэньня ў Менску, дадзены дом – гісторыка-архітэктурны помнік канструктывізму – усё ж такі… РАЗБУРЫЛІ!!! (гл. фота ўнізе).
Сёньня такі ўзровень вандалізму магчымы толькі, калі зь Менску, з вышэйшых эшалонаў улады прыйшоў загад: ЗЬНЕСЬЦІ!.. Без сумневу, рашэньне зьяўляецца палітычным (а не культурна-гістарычным, што відавочна, ці транспартным; перашкодай для руху транспарту дом, які стаяў на перакрыжаваньні вуліц Горкага і 17-га верасьня, ня быў). Хто ў нас самы вышэйшы і палітычны, сёньня ведаюць усе…
Маладыя беларускія патрыёты на сваім сайце www.harodnia.com, сьпецыяльна створаным для арганізацыі абароны гісторыка-архітэктурных каштоўнасьцяў Гародні, якія сёньня інтэнсіўна разбураюцца цяперцамі, з нагоды дадзенай падзеі (дый увогуле ўсёй разбуральнай дзейнасьці мясцовых цяперцаў у апошнія гады), у прыватнасьці, напісалі: «Прыйдзе час, і мы адбудуем усе разбураныя чужынцамі будынкі, усе храмы нашай зруйнаванай памяці. Горда ўзнясуць свае вежы над горадам Фара Вітаўта і Старая Ратуша, а на плошчах уздымуцца помнікі нашым мужным змагарам-продкам Вітаўту-Вялікаму, Кастусю Каліноўскаму, Браніславу Тарашкевічу. І тады мы паклічам да адказнасці ўсіх тых, хто гусеніцамі бульдозераў і экскаватараў руйнуе горад і разам з ім руйнуе нацыю. Гэта будзе заўтра, а сёння мы зробім усё магчымае, каб аднавіць вобраз нашага горада, сабраць усе старыя здымкі і выявы Гародні, зрабіць самую лепшую бібліятэку па гісторыі горада. І самае галоўнае: расказаць усім гарадзенцам аб тым, што адбываецца ў горадзе. Гародня – вольны горад! У адзінстве наша сіла».
І рацыянальны аналіз, й інтуітыўнае эмпатаваньне дазваляюць меркаваць, які матыў у «вышэйшых ўладаў» перамог будучыя непрыемнасьці, зьвязаныя з нахабным ігнараваньнем імі думкі гарадзенцаў. Як вы маглі заўважыць, дом быў пабудаваны ў 1920-30-х – г.зн… «за польскім часам». І тут чамусьці ўспамінаюцца шэраг дадатковых падзей літаральна апошняга месяца. Гэта і высылка былога амбасадара Польшчы ў Беларусі Марыюша Машкевіча з… Казахстану (прама ў аэрапорце ўзялі, пасадзілі ў самалёт і адправілі назад), нягледзячы на тое, што ён прыляцеў у Астану праз Кіеў і па эканамічных пытаньнях. Машкевіч з нагоды дадзенай падзеі заявіў, што, на яго думку, такое магло адбыцца толькі на просьбу «беларускіх» улад. Нагадаем пратэсты бацькоў і вучняў польскай школы ў Ваўкавыску з нагоды недапушчэньня да навучальнага працэсу (у якасьці настаўнікаў польскай мовы) грамадзянак Польшчы. Нагадаем таксама пра недазвол на далейшае знаходжаньне ў Беларусі каталіцкіх сьвятароў і манашак, якія таксама зьяўляюцца грамадзянамі Польшчы. Карацей, зусім нечаканае, неадэкватнае разбурэньне ўзгаданага раней дому-помніку хутчэй за ўсё стаіць у гэтым шэрагу і тлумачыцца ўсплёскам антыпольскіх настрояў у вярхох «беларускай» палітычнай «эліты».
Аб прычынах падобных паводзін цяперцаў здагадацца няцяжка. Польшча пачала хоць трохі падтрымліваць беларускія апазіцыйныя сілы. Ня ўсе, канешне, і не дакладна толькі беларускія, але ў тым ліку і іх. Значная частка беларускіх студэнтаў – рэальных маладых апазіцыянераў, многія зь якіх калісьці стануць сапраўднымі беларускімі дэмакратамі – у гэтым годзе павыключалі з ВНУ пасьля сакавіцкіх падзей. І ўпершыню гэтыя маладыя людзі атрымалі сапраўды РЭАЛЬНУЮ падтрымку ад улад Польшчы, а не спачуваньні ці абяцаньні. Цяпер там маладыя беларусы змогуць працягнуць сваё навучаньне ў адпаведных ВНУ! Гэтага нельга не адзначыць і нельга не вітаць.
Але гэта ж, без сумневу, было заўважана цяперашнімі «беларускімі» ўладамі й, канешне ж, было ацэнена… супрацьлеглым чынам. Таму адпаведныя аб’екты і асобы (паважаны сп-р Машкевіч, дом у Гародні) – тое, што папала пад руку – і сталі ахвярамі выбрыкастай бзікаватасьці…
Ад рэдакцы:
Пастаянныя чытачы нашага сайту не маглі не заўважыць, што польскі бок, улічваючы істотныя гістарычныя факты, мы ня можам лічыць цалкам сяброўскім. Для таго, каб наладзіць сапраўды СЯБРОЎСКІЯ адносіны паміж беларускім і польскім народамі, мы ўжо запрапанавалі адпаведную праграму (гл. Д пр-п 33). Падкрэсьлім яшчэ раз: яе мэта – наладзіць сяброўскія адносіны ДЛЯ ЎЗАЕМНАЙ КАРЫСЬЦІ… Канешне, гэтая праграма ня простая (асабліва для польскага боку), як і няпростая беларуска-польская гісторыя (але іншай рэальнай, сапраўды эфектыўнай праграмы не існуе). Таму, у сьвятле раней заяўленай нашай пазіцыі й у сувязі з узгаданымі апошнімі падзеямі мы вымушаны дадаткова выказацца на прадмет таго, што б мы рабілі на месцы цяперашніх улад.
Будзем максімальна канкрэтнымі. Па-першае, у будучай беларускай дзяржаве будуць ня «польскія школы», а школы З ПАГЛЫБЛЕНЫМ ВЫВУЧЭНЬНЕМ ПОЛЬСКАЙ МОВЫ, і там НЯ БУДУЦЬ працаваць настаўнікамі палякі, грамадзяне Польшчы. Па-другое, у Беларусі таксама ня будуць працаваць ксяндзы і знаходзіцца манашкі, якія зьяўляюцца палякамі, грамадзянамі Польшчы (як бачыце, у гэтых пунктах нашы пазіцыі й тое, што пачалі рабіць цяперашнія ўлады, нарэшце, пачынаюць супадаць). Але, у адрозьненьне ад сёньняшніх уладаў РБ, мы, па-трэцяе, ясна і дакладна патлумачым усім грамадзянам Беларусі, асабліва на Гарадзеншчыне, як так здарылася, што ў нас зьявіліся г.зв. «палякі»; мы, чацьвертае, таксама ні пры якіх абставінах НЕ ДАЗВОЛІМ разбураць гістарычныя і архітэктурныя помнікі; і, нарэшце, пятае, Марыюш Машкевіч будзе ў нас пажаданым госьцем (спадзяемся, што заўсёды) …
ну нейкія дзіўныя высновы насамрэч. дом які знеслі і польшча…? на гэтым месцы запланавана гатэль будаваць, а гэта інвестыцыі, бо будаваць будуць маскалі. вось і усё – буйныя грошы перамагаюць нашыя маргінальныя подпісы.
🙁