nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Учорашнія падзеі ў Кіеве (Украіна)

15 кастрычніка, 2006 | Няма каментараў

Рэдакцыя (паводле матэрыялаў украінскіх сайтаў)

Ук�а�на 1.jpg
14 кастрычніка каля 10 гадзін раніцы ў Кіеве адбыўся Марш ветэранаў Украінскай паўстанцкай арміі (УПА; гэта армія змагалася на франтах Другой сусьветнай вайны ня толькі супраць нямецкіх фашыстаў, але і супраць фармаваньняў савецкіх камуністаў; савецкая прапаганда называла ўдзельнікаў УПА «бандэраўцамі»). Затым на Майдане пачаўся мітынг, прысьвечаны 64-й гадавіне ўтварэньня УПА. У мерапрыемстве прынялі ўдзел сотні чалавек са сьцягамі Усеукраінскага аб’яднаньня «Свабода» і УНА-УНСО. У гэты ж час на Сафійскай плошчы сабраліся прадстаўнікі Усеукраінскага аб’яднаньня афіцэраў, а таксама прадстаўнікі Украінскага казацтва.

Напярэдадні гарадскія ўлады забаранілі правядзеньне масавых мерапрыемстваў на Хрышчатыку і на Майдане «Незалежнасьці». Цэнтар Кіеву быў блакаваны – усе падыходы да гэтых месцаў былі закрытыя фармаваньнямі сьпецназу. Аднак людзі ўсё ж сабраліся. Месцы дыслакацыі супраціўнікаў – прыхільнікаў і ненавісьнікаў УПА – па розных баках Хрышчатыка падзялілі чатыры заслоны байцоў сьпецназу Украіны.

Камуністы і сацыялісты – разам некалькі дзесяткаў чалавек – пад лозунгам «Фашызм не пройдзе» правялі свой мітынг супраць акцыі УПА і прызнаньня «бандэраўцаў» вызвольным рухам. Пазьней да іх далучыліся прадстаўнікі г.зв. «Еўразійскага саюзу моладзі (ЕСМ)», які створаны і прыкормліваецца Крамлём ва Украіне, Беларусі й самой Расеі. Раней супраціўнікі УПА пагражалі прывесьці ў Кіеў 40.000 чалавек, аднак, як паказалі падзеі, камуністы, сацыялісты і так званыя «маладыя еўразійцы» (прадстаўнікі ЕСМ) з Крыму яўна перабольшылі свае магчымасьці. Па ацэнках журналістаў супраць УПА ўсіх разам мітынгавала ня больш за 1,5 тысяч чалавек.

Шмат для каго нечакана павёў сябе прэзідэнт Украіны Віктар Юшчанка. Ён павіншаваў удзельнікаў украінскага вызвольнага руху з 64-й гадавінай утварэньня Украінскай паўстанцкай арміі (УПА). У прывітальным слове ў прыватнасьці сказаў: «У гады Другой сусьветнай вайны дзесяткі тысяч удзельнікаў нацыянальнага вызвольнага руху зьдзейсьнілі гераічны вычын, адстойваючы незалежнасьць Украіны. Сярод іх – шмат ветэранаў Украінскай паўстанцкай арміі. З лозунгам «Свабода ці сьмерць!» яны ўпэўнена ішлі ў бой, аддавалі сваё жыцьцё за Радзіму». «…Слава Украінскай паўстанцкай арміі ўжо стала легендай, якая залатымі літарамі запісана ў аналах гісторыі нашай дзяржавы і назаўсёды застанецца ў памяці народу», – сказаў ён. Пазьней Прэзідэнт Украіны падпісаў указ «Аб аднаўленьні справядлівасьці ў адносінах да сябраў Украінскай паўстанцкай арміі». Згодна з указам, воіны ОУН-УПА (Арганізацыя украінскіх нацыяналістаў-Украінская паўстанцкая армія) прызнаны ваяваўшым бокам у Другой сусьветнай вайне. Камуністы ў адказ заявілі, што не дапусьцяць прыняцьця закона аб рэабілітацыі ў Вярхоўнай радзе.

У сувязі з тым, што Юшчанка павіншаваў ветэранаў УПА, Еўразійскі саюз моладзі (ЕСМ), Прагрэсіўная сацыялістычная партыя Украіны (ПСПУ), Рускі блок, камуністы і Нацыянал-бальшавіцкі фронт (НБФ) аб’явілі дзень 14 кастрычніка «днём актаў непадпарадкаваньня фашыстоўскай украінскай уладзе». Камуністы ды іншыя супраціўнікі УПА паспрабавалі прарваць кардоны міліцыі на Хрышчатыку. Як паведаміў прадстаўнік праваахоўных органаў, яны ўсчалі бойку зь міліцыянтамі, павалілі некалькі металічных шчытоў, спрабуючы прарвацца на Хрышчатык, распылілі ў бок супрацоўнікаў сьпецпадраздзяленьня «Беркут» нейкае рэчыва. Па дадзеных журналістаў у час суботніх падзей у цэнтры Кіева назіраліся пастаянныя вулічныя сутыкненьні (у некаторых выпадках мелі месца і сутыкненьні УПА зь міліцыяй, паколькі тая раздзяляла варагуючыя групы людзей). Але асноўныя праблемы ў міліцыі былі з супраціўнікамі УПА. Так, тая блакавала на Хрышчатыку і каля Бесарабскага рынку асноўныя сілы ЕСМ і іх хаўрусьнікаў па блоку Вітрэнкі. У сутыкненьнях з прадстаўнікамі органаў унутраных спраў арыштавана некалькі дзесяткаў актывістаў ЕСМ, сярод якіх – лідары крымскага, сумскога, маскоўскага і беларускага ЕСМ.

І ўсё ж «еўразійцы» прарваліся да Маўдану. Тады ветэраны УПА адышлі да Сафійскай плошчы.

Паведамляецца, што ЕСМ плануе працягнуць свае дзеяньні й, у прыватнасьці, правесьці дэманстрацыю перад сакратарыятам  Юшчанкі, каб «павіншаваць» яго «з днём фашыста».

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы