nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

СУЧАСНАЯ ФОРМА БЕЛАРУСКАЙ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ІДЭІ і ВЫРАТАВАННЕ БЕЛАРУСІ (частка І; кБНІ)

17 кастрычніка, 2006 | Няма каментараў

У час правядзеньня канферэнцыі «Беларуская нацыянальная ідэя» (18-19 красавіка 1999 г., Гародня) аўтар дадзенага артыкулу Лявон Баршчэўскі – кандыдат філалагічных навук, пісьменьнік; зьяўляўся таксама намесьнікам старшыні БНФ «Адраджэньне» (Менск).
Рэдакцыя.

Распрацавана на аснове канцэпцыі Ул.Падгола
і пры ягоным непасрэдным удзеле.

Беларусь сёння ёсць фармальна незалежная дзяржава: яна мае інстытуты дзяржаўнай улады, сваю тэрыторыю, канстытуцыю, межы. Фактычна ў краіне пануе марыянеткавы дыктатарскі рэжым. Дыктатар здзейсніў канстытуцыйны пераварот шляхам фальсіфікацыі рэферэндуму: з парушэннем закону зліквідаваў Вярхоўны Савет, прызначыў дэпутатаў у прыдуманыя ім “палаты”, разагнаў Канстытуцыйны Суд, прызначыў суддзяў ва ўсе суды. Захоп улады адбыўся пры непасрэднай дапамозе галоўных палітыкаў Расіі — Чарнамырдзіна, Строева, Селязнёва. І пры маўклівай згодзе Ельцына і практычна ўсіх расійскіх «дэмакратаў». Палітычная Еўропа не прызнала канстытуцыйны пераварот, «палату» Лукашэнкі і ягоныя прызначэнні суддзяў, асабліва канстытуцыйных. Расія прызнала. Форма гэтага прызнання вельмі сімвалічная для нас. Лукашэнка заключыў з Ельцыным Саюз, і ў склад уладных органаў Саюза Расія – Беларусь яны ўключылі прадстаўнікоў не прызнанага нікім «парламента» — лукашэнкаўскай «палаты».

Наступны крок імперскіх палітыкаў, ці, як назвалі іх скептычна настроеныя журналісты ў Расіі, “интеграстов”, — «аб’яднанне» Беларусі і Расіі, гэта значыць знішчэнне незалежнай Беларусі. Вось красамоўная цытата з першага “русскоязычного учебного пособия по геополитике” аўтара А.Г.Дугіна з “научным консультантом начальником кафедры стратегии Военной академии генштаба РФ генерал-лейтенантом Н.П.Клокотовым”: “В отношении Белоруссии геополитическая картина довольно ясная. За исключением небольшой части полонизированных белорусов (католиков, униатов, а также поляков), ПОДАВЛЯЮЩЕЕ БОЛЬШИНСТВО НАСЕЛЕНИЯ ОДНОЗНАЧНО ПРИНАДЛЕЖИТ РУССКОМУ ПРОСТРАНСТВУ и должно быть рассмотрено как субъект центрального евроазиатского этноса, т.е. КАК ”РУССКИЕ” В КУЛЬТУРНОМ, РЕЛИГИОЗНОМ И ГЕОПОЛИТИЧЕСКОМ СМЫСЛАХ. Языковая специфика, некоторые этнические и культурные особенности не меняют общей картины. Поэтому с Белоруссией Москва должна интегрироваться самым тесным образом… Единственный болезненный шаг в Белоруссии, который необходимо предпринять для предупреждения центробежных сил и подрывных тенденций, — это выделение в особую административную категорию некоторых областей, компактно заселённых католиками и униатами, вплоть до предоставления им значительной автономии, достаточной для того, чтобы войти в Среднеевропейское пространство. Стремление любой ценой удержать Белоруссию всю целиком под прямым и жёстким контролем Москвы приведёт к тому, что в ней самой и со стороны западных соседей Россия будет иметь тлеющие угли потенциального геополитического конфликта, который в данном случае (в отличие, например, от Литвы) может быть решён в интересах всех заинтересованных сторон… БЕЛОРУССИЮ СЛЕДУЕТ РАССМАТРИВАТЬ КАК ЧАСТЬ РОССИИ, и поэтому интеграцию с ней надо проводить по оси Запад — Восток… Настоящая западная граница России должна пролегать намного западнее, поэтому в полноценной геополитической картине белорусские земли скорее относятся к центральной области, чем к западной окраине” (Основы геополитики: Геополитическое будущее России. – М., 1997).

Пасля таго, як беларускія пісьменнікі на чале з Рыгорам Барадуліным наведалі ў лістападзе Віцебск, з Масквы быў высаджаны дэсант расійскіх пісьменнікаў у Брэст, Віцебск, Магілёў. Апрацоўку мазгоў грамадзян Беларусі інтэгратары з Расіі вялі не толькі ў залах, але і праз дзяржаўныя СМІ. Пасля сустрэчаў В.Распуцін у газеце “Славянский набат” пісаў: “Нынешнюю Россию, преступную, коррумпированную, откровенно безнравственную, с недееспособной и услужливой чужим интересам властью, распродающую себя направо и налево за гроши и себя убивающую, — такую Россию сегодня боятся во всём мире. Другую Россию, противостоящую первой, знают плохо, она чаще всего предстаёт в образе Жириновского. Настороженность многих белорусов, ПРЕКРАСНО ОСОЗНАЮЩИХ НЕОБХОДИМОСТЬ ВОССОЕДИНЕНИЯ С РОССИЕЙ, объяснима: они боятся попасть под тот сокрушительный молох, который продолжает неослабно действовать… Мы вновь начали с союза национальных литератур и культур, всегда составлявших в славянском мире единую душу” (Славянский набат. – Мінск, 1999. – № 6).

Як бачым, расійскія стратэгі ўлічваюць фактар нацыянальнай ідэі ў канфесійнай і культурніцкай форме дзеля знішчэння незалежнасці Беларусі і нават яе своеасаблівага падзелу.

Калі вызначыць сітуацыю, у якой апынулася Беларусь, з інфармацыйнага гледзішча, то можна назваць яе адначасова ІНФАРМАЦЫЙНЫМ ТАТАЛІТАРЫЗМАМ і ІНФАРМАЦЫЙНЫМ КАЛАНІЯЛІЗМАМ. У інфармацыйнай прасторы краіны дзейнічаюць пераважна расійскія сродкі масавай інфармацыі. Бальшыня вясковага насельніцтва мае магчымасць глядзець толькі БТ. У гарадах глядзяць яшчэ тры-чатыры расійскія каналы. Спадарожнікавае тэлебачанне глядзяць адзінкі.

Закрытыя або пастаўленыя пад пагрозу быць імгненна закрытымі шэраг недзяржаўных СМІ Беларусі. Дзяржаўныя беларускія радыё ды тэлебачанне належаць прэзідэнту А.Лукашэнку і безупынна апрацоўваюць свядомасць “простых людзей” утварэннем у іхных галовах вобраза “ворага” з нацыяналістаў. Тое ж самае робяць расійскія каналы. Гэта робіцца для таго, каб падчас акцыі радыкальнага знішчэння незалежнасці Беларусі, калі сапраўдныя патрыёты паўстануць на абарону Радзімы, бальшыня насельніцтва не толькі не падтрымала іх барацьбы, а наадварот, выступіла на баку імперскіх сілаў. Якраз у такіх варунках, не маючы электронных сродкаў масавай інфармацыі, даводзіцца дзейнічаць Народнаму Фронту і іншым партыям, што змагаюцца за незалежнасць.

Для таго, каб барацьба за незалежнасьць была выніковай, неабходна мець хаця б асновы ведаў пра арганізацыю псіхікі масавага жыхара Беларусі.

1. Першы ўзровень псіхікі і першая форма існавання нацыянальнай ідэі.

На першым узроўні псіхікі – біялагічна неўсведамляльным — свет адлюстроўваецца інстынктамі і рэфлексамі. Гэты ўзровень фармаваўся ў людзей у некалькі разоў даўжэй, чым астатнія, пачынаючы з жывёльнага стану.

Тут заўжды ёсць інстынктыўны СТРАХ смерці, прысутнічае яе носьбіт (чалавек ці арганізацыя), ад якога зыходзіць смяротная небяспека. Гэта вобраз ВОРАГА, які пагражае смерцю. На гэтым узроўні псіхікі заўжды існуе вобраз АБАРОНЦЬІ ад смяротнай пагрозы, ад ВОРАГА.

Для савецкага чалавека («саўка») у Беларусі такім ворагам, які нясе смяротную небяспеку, сёння ёсць “НАЦИОНАЛИСТ”. Ён атаесамляецца ў свядомасці такога чалавека з фашыстам. Вось назіранні аднаго з фронтаўцаў: «Падчас выбарчых кампаніяў і перад абодвума рэферэндумамі мне асабіста давялося зайсці ў сотні кватэр у маім родным Гродне і спрабаваць агітаваць людзей за нацыянальныя каштоўнасці. Шмат у якіх кватэрах, пачуўшы, што я размаўляю на беларускай мове, кажу пра неабходнасць яе захавання, на мяне глядзелі насцярожана. Калі ж на пытанне, «ці я не з БНФ», я адказваў «так», тут жа дзверы з трэскам зачыняліся і наўздагон мне кідалі: «Фашыст!» Я шмат часу пакутліва шукаў адказу, чаму так нас называюць шмат людзей і як пераканаць іх. Урэшце адказ быў знойдзены…»

Так адбылося ў выніку таго, што адначасова з узнікненнем БНФ «Адраджэньне» кампартыя пачала замбіяванне на смерць дэмакратычнага руху. У шматлікіх матэрыялах у СМІ Народны Фронт атаесамлялі з фашыстамі, здраднікамі, паліцаямі. Такая прамыўка мазгоў цягнецца па сёння. Дастаткова нагадаць фільм «Дети лжи».

Але прапагандысцкі поспех расійскіх шавіністаў з беларускай прапіскай абумоўлены не толькі наяўнасцю ў іх СМІ. Іхны поспех вынікае і з таго, што з боку нацыяналістаў не было нават спробы актыўна абараніць нацыянальную ідэю на першым узроўні псіхікі.

Між тым менавіта на гэтым узроўні ў чалавека ёсць вельмі моцны абаронца — МАЦІ. Калі спытаць у чалавека, што для яго значыць маці, дык у адказ пачуеш: «Ну як, што? Маці — яна і ёсць маці…» Для любога чалавека маці адразу атаесамляецца з фактам нараджэння дзіцяці, з жыццядайным пачаткам. Маці асацыюецца з кармленнем дзіцяці — падтрыманнем жыцця, абаронай дзіцяці ад небяспекі, якая можа зыходзіць ад выпадковых драбніцаў. І ўрэшце, маці гатовая ахвяраваць сваім жыццём дзеля захавання жыцця дзіцяці. Такім чынам, слова «МАЦІ» аўтаматычна выклікае ў чалавека веру ў жыццядайны пачатак і жыццеабарончую ролю. Слова «МАЦІ» прынцыпова не паддаецца замбіяванню на смерць.

Таму, на наш погляд, ідэалагемай, якая прэзентуе нацыянальную ідэю на ўзроўні біялагічна неўсведамляльнага, магло б быць словазлучэнне «БЕЛАРУСЬ — НАША БАЦЬКАЎШЧЫНА-МАЦІ».

Бацькаўшчына — слова жаночага роду і нясе ў сабе адначасна і жаночы пачатак, і мужчынскі. Бацька бароніць дзяцей і жонку ад ворага, які нясе смерць, і ахвяруе сваім жыццём дзеля абароны жыцця родных.

Такім чынам, выразы “наша маці”, “бацькаўшчына”, “маці-Беларусь”, «бацькаўшчына-маці» пры азначэнні пачуцця чалавека да радзімы, да Беларусі маюць веравызначальны пачатак. Таго, хто так называе Беларусь, немагчыма ідэнтыфікаваць з чалавекам, які нясе смяротную пагрозу для нармальных людзей. Бо як бароняць дарослыя дзеці сваіх бацькоў, так дзеці Бацькаўшчыны-маці бароняць сваю радзіму-Беларусь.

Вось характэрныя радкі Я.Купалы, які геніяльна адчуў тое, што павінна западаць у душы беларусаў, і вельмі часта выкарыстоўваў гэты вобраз:

ДЛЯ БАЦЬКАЎШЧЬІНЬІ
… Я зноў заснуўшую было жалейку
Бяру і пробую ў ёй галасоў:
Ці хопіць светлых, звонкіх думак-слоў,
Ці гладка пойдзе песьня-дабрадзейка?
Адно, снуючы з сумам па праследзьдзі,
Я голасна йграць буду ў тайным брэдзе,
Для Бацькаўшчыны-маці буду йграць!

ЧАС!
… Хай званы зазвоняць з жарам,
Хай музыка ў струны ўдара!
Гэй, паўстань, народ!
За сябе сам пастаяці
І за Бацькаўшчыну-маці
Йдзі, народ, на сход!

НЕ ШУКАЙ
Не шукай сабе, мой братку,
З ветрам Бацькаўшчыну-матку
Ні на сушы, ні на моры,
Ні у шчасці, ні у горы,
Не шукай яе там, братку!

КРЬІЎДА
Зьядае крыўда нас ад векаў,
Няма ні праўды, ні парадку,
Стаў чалавек зьвер чалавеку,
Труюць адзін аднога звадкай.

Ані канца таму пракляццю,
Ані яснотаў тых пачатку…
Калі ж ты, Бацькаўшчына-маці,
Устанеш к новаму парадку?!.

Гэтыя прыклады можна доўжыць і доўжыць.

Такім чынам, першасны вобраз нацыянальнай ідэі, які можа аб’ядноўваць грамадзянаў Беларусі, вобраз, які можна смела дэманстраваць, вобраз, які немагчыма замбіяваць на смерць і тым самым рабіць з носьбітаў гэтага вобраза ворагаў народу; вобраз, які аўтаматычна выклікае давер як да сябе самога, так і да сваіх прыхільнікаў, ёсць ідэалагема «БАЦЬКАЎШЧЫНА-МАЦІ», а адпаведны лозунг павінен быў бы гучаць як «БЕЛАРУСЬ — НАША МАЦІ-КРАІНА, НАША БАЦЬКАЎШЧЫНА-РАДЗІМА».

Невыпадкова, напэўна, што шэраг вершаў Янкі Купалы з гэтымі словамі не друкаваўся ў часы панавання савецкай улады. Той самы вобраз эксплуатавала і сталінская ўлада падчас вайны з гітлераўцамі ў знакамітым плакаце «РОДИНА-МАТЬ ЗОВЁТ». Гэты вобраз даволі працяглы час актыўна выкарыстоўвала тэлебачанне Расіі ў форме тэлезастаўкі, дзе на ўвесь экран Маці — вобраз Расіі — корміць дзіця.

Менавіта ў «Бацькаўшчыне-маці» трэба бачыць адпаведны вобраз нацыянальнай ідэі для беларусаў, які ўспрымаецца на біялагічна неўсведамляльным узроўні і перадаецца на ім. Як яго данесці да людзей, мы пакажам ніжэй.

2. Другі ўзровень псіхікі і другая форма нацыянальнай ідэі: БЕЛАРУСЬ – НАШ ДОМ, НАШ ХРАМ.

На другім узроўні псіхікі – біялагічна ўсведамляльным – у любога чалавека прысутнічаюць свядома асэнсаваныя каштоўнасці здароўя і жыцця. Тут таксама ёсць месца «смерці», страху смяротнай небяспекі. Ёсць вораг, ад якога зыходзіць смяротная небяспека, ёсць і абаронца ад страшнага ворага. Але ўсе гэтыя «страхі», «ворагі», «абаронцы» лагічна асэнсоўваюцца.

Нацыянальная ідэя на гэтым узроўні псіхікі рэпрэзентаваная ідэалагемай «ДОМ». Вядомыя выразы: «Дома і сцены памагаюць», «Мой дом — мая крэпасць». Чалавек спадзяецца на абарону і дапамогу ДОМА. Дом нясе ў сабе стваральны, творчы пачатак, дом будуюць, ладзяць у ім жыццё, стасункі паміж тымі, хто жыве ў доме. У дом прыходзяць адпачываць, святкаваць; бывае, што ў дом прыходзіць гора. У доме хаваюцца ад непагоды і дом бароніць ад дрэнных людзей.

Расійскія палітыкі выкарысталі ідэалагему ў палітычнай барацьбе, стварыўшы праўрадавае аб’яднанне «НАШ ДОМ — РОССИЯ». Таму з гэтай формулай у людзей звязаны пэўныя асацыяцыі, у тым ліку і адмоўныя. Тым не менш эфектыўнасць ідэалагемы «…А НАШ ДОМ — БЕЛАРУСЬ» ва ўмовах паўкаланіяльнага існавання мае вельмі высокі патэнцыял: «Беларусь – не калідор, не труба, не камуналка ці прахадны двор, не вайсковая база і чарнобыльскі сметнік, не прыбудова, а ДОМ». Ідэалагемы, якія прэзентуюць нацыянальную ідэю на другім узроўні псіхікі, ёсць: «Беларусь — наш Дом, наш Храм», «МЬІ абаронім наш ДОМ — БЕЛАРУСЬ», «Давайце разам будаваць наш Дом — Беларусь».

Для беларускага менталітэту, акрамя побытавага стаўлення да ДОМА, характэрныя дачыненні святасці. Вельмі выразна гэта можна ўбачыць у творах Уладзіміра Караткевіча:

НА БЕЛАРУСІ БОГ ЖЫВЕ
…Так кажа мой просты народ.
Гэты край —
У Беларусі бог жыве —
І няхай давеку жыве…

БЫЎ. ЁСЦЬ. БУДУ
За ўсіх, хто крывёю піша
Ў нязгодзе
З рабства подлай дарогай,
Хто за Край Свой Родны, за ўсе Народы
Паўстане нават на Бога…
За ўсіх, хто курчыцца ў полымі вёсак,
Хто ратуе краіну ад краху,
За ўсіх, хто бясстрашна глядзіць у нябёсы
З барыкады,
З пушчы
І з плахі,
Хто са смерцю гаворыць з вока на вока,
З яе усмешкаю ветлай,
І ўсё ж узводзіць – нясцерпна далёкі –
Храм наш агульны й светлы…

Тут паняцце ХРАМ мае нават паганскае адценне: радкі “Хто за Край Свой Родны, за ўсе Народы Паўстане нават на Бога” сведчаць, што Дом-Храм тут можа быць і без хрысціянскага Бога. Відаць таксама непадуладны замбіяванню сэнс «дома»: «Хто са смерцю гаворыць з вока на вока»…

Увядзенне ў палітычны лексікон ідэалагемы «БЕЛАРУСЬ — НАШ ДОМ, ХРАМ (I САБОР)» дазваляе прэзентаваць нацыянальную ідэю на другім узроўні псіхікі. Гэта не дае ворагам беларушчыны магчымасці замбіяваць на смерць нацыянальную ідэю і яе носьбітаў, дазваляе правесці адасабленне ад расійскага імперскага, праўрадавага «дома» і яго «жыхароў».

Лявон Баршчэўскі

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы