Лявон Баршчэўскі
3. Трэці ўзровень псіхікі і нацыянальная ідэя: каштоўнасці нацыянальнай дзяржавы.
Тут нацыянальная ідэя пададзеная каштоўнасцямі нацыянальнай дзяржавы: моваю, культураю, гісторыяй, Канстытуцыяй, гістарычнай сімволікай – “Пагоняй” і бел-чырвона-белым сцягам. Ва ўмовах фармавання нацыянальнай дзяржавы (на першых этапах яе існавання) усе гэтыя атрыбуты патрабуюць тлумачэння для бальшыні насельніцтва. Такія паняцці, як «суверэнітэт, грамадзянская супольнасць, прававая дзяржава і правы чалавека, падзяленне ўладаў» і г.д. абсалютна незразумелыя бальшыні насельніцтва.
На пачатку перабудовы грамадзянам БССР нацыянальную ідэю на трэцім узроўні псіхікі ўсе газеты Рэспублікі падалі разгромным артыкулам «ЭВАЛЮЦЬІЯ ПАЛІТЫЧНАГА НЕВУЦТВА». Прачытайце частку артыкула, які, дарэчы, быў надрукаваны ў «Вячэрнім Мінску» 21 кастрычніка 1988 года: «…Разгледзім «Ратушу» ў прамым арыгінальным варыянце. Яна складаецца з такіх раздзелаў, як «суверэнітэт рэспублікі», «эканоміка», «дэмакратызацыя», «экалогія», «нацыя», «мова», «культура»… Вывучаючы гэты дакумент, са здзіўленнем выяўляеш, што нашы дамарослыя «рэфарматары» падвергнулі грунтоўнаму ператрэсванню рад асноватворных палажэнняў марксісцка-ленінскай тэорыі… яны заклікаюць сабе на дапамогу духаў даўно асуджанага гісторыяй і ўсім беларускім народам буржуазнага нацыяналізму, прыўнеслі ў свае «звароты» й «ратушы» даўно спарахнелы ідэалагічны хлам».
Далейшая частка артыкула памерам з газетную паласу прысвечана дзвюм тэмам:
1. Маладыя талакоўцы — браты Івашкевічы, А.Радкевіч, А.Суша, В.Вячорка, С.Лобач, а разам з імі старыя Лявон і Юры Луцкевічы – атаесамляліся з паліцаямі і гітлераўцамі.
2. На Івашкевічаў і Вячорку ўзводзіўся паклёп як на асобаў, якія рвуцца ў палітычныя лідары [так у аўтара. – Рэд.].
Такім чынам, нацыянальная ідэя на палітычным узроўні яе існавання паддавалася дыскрэдытацыі праз дыскрэдытацыю ды замбіяванне на смерць яе носьбітаў.
4. Чацвёрты ўзровень псіхікі і нацыянальная ідэя: асабісты прыклад выдатных беларусаў.
На гэтым узроўні нацыянальная ідэя прэзентуецца выбітнымі дасягненнямі суайчыннікаў. Тут існуюць АСІЛКІ-ВАЯРЫ — як Канстанцін Астрожскі, пераможца маскоўскага войска, якое ўтрая пераўзыходзіла беларускае войска. І першадрукары Бібліі — як Францішак Скарына, Сымон Будны, Васіль Цяпінскі. І Леў Сапега — як натхняльнік стварэння Статута Вялікага княства Літоўскага, фактычна першай дэмакратычнай Канстытуцыі ў Еўропе. Тут і Барыс Кіт, які закладаў падмурак сённяшніх «Шатлаў», і гімнасты Вольга Корбут ды Віталь Шчэрба…
Аналіз працэсаў трансфармацыі менталітэту беларусаў сведчыць, што, не маючы на працягу стагоддзяў сваёй дзяржавы і нацыянальнай самасвядомасці, насельніцтва Беларусі не набыло трывалага палітычнага ўзроўню псіхікі. А працэс перабудовы прывёў да “выцірання” сацыяльных каштоўнасцяў трэцяга слою, які фармаваўся 70 гадоў панавання савецкага таталітарызму і некалькі гадоў перабудовы.
Мала таго, складнікі беларускай нацыянальнай ідэі ў даволі вялікай часткі насельніцтва празамбіяваныя на смерць («нацыяналісты – гэта фашысты») і маюць адмоўны статус сімвалічна-функцыянальнай фігуры (буржуазныя нацыяналісты).
Зыходзячы з гэтага, а таксама з рэальнай пагрозы існаванню Беларусі як самастойнай дзяржавы, мы і прапануем сучасную форму нацыянальнай ідэі як стратэгію дзейнасці “моцнай рукі”.
СУЧАСНАЯ ФОРМА НАЦЫЯНАЛЬНАЙ БЕЛАРУСКАЙ ІДЭІ – СТРАТЭГІЯ МОЦНАЙ РУКІ.
Метадалагічныя меркаванні.
Нацыянальная ідэя мае мноства формаў. Яна можа існаваць у свядомасці людзей як мара, як мэта, як сродак дзейнасці. Гэтая ідэя можа быць вынікам як тэарэтычнага асэнсавання, так і практычнай дзейнасці палітыкаў, сродкам ідэалагічнага ўздзеяння і псіхалагічнага ўплыву.
З пункту погляду глыбіні навуковай распрацоўкі нацыянальная ідэя можа асэнсоўвацца ў наступных формах: ідэя, дэфініцыя, канцэпцыя, тэорыя.
Ідэя ўвогуле як форма паняцця ёсць няясная, дакладна не акрэсленая сувязь паміж прадметамі. Дэфініцыя (азначэнне) ёсць адмежаванне даследаванага аб’екта ад іншых. Азначэнняў у аб’екта можа быць мноства, бо кожны прадмет мяжуе са шматлікімі іншымі. Канцэпцыя ёсць такая форма паняцця, што адлюстроўвае некалькі асноўных законаў функцыянавання і развіцця аб’екта. Тэорыя ёсць спалучнасць усіх законаў функцыянавання і развіцця аб’екта.
Мы прапануем вашай увазе канцэпцыю беларускай нацыянальнай ідэі ў форме СТРАТЭГІІ ДЗЕЙНАСЦІ, якая ўключае ў сябе ідэю на узроўні “ідэі”, “дэфініцыі”, а таксама ўключае ў сябе нацыянальную ідэю ў форме мары, мэты, сродкаў.
ЗМЕСТ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ІДЭІ.
1. Першы кірунак дзейнасці. Абаронім нашу Беларусь – Бацькаўшчыну-Маці, наш Дом-Храм.
Базавым палажэннем, з якога трэба падыходзіць да фармавання канцэпцыі нацыянальнай ідэі, з’яўляецца факт існавання беларускага этнасу на мяжы вынішчэння. Да гэтага нас прывяла катастрофа на Чарнобыльскай АЭС, Беларусы ў перспектыве могуць фізічна знікнуць з-за генных мутацыяў. Мы ўсе не толькі атрымалі радыёактыўны ўдар, а працягваем есці забруджаныя харчы, дыхаць смерцяносным паветрам, што нясе вецер ад АЭС. А.Лукашэнка пасылае ў зону маладых спецыялістаў.
Таму зместам першага кірунку стратэгіі дзейнасці павінна стаць абарона нашай Бацькаўшчыны-Маці ад чарнобыльскага генацыду. Галоўны метад — адхіленне ад улады прэзідэнта Лукашэнкі, які выступае апалагетам пражывання ў чарнобыльскіх зонах, стварыў перашкоды на шляху пастаўкі гуманітарнай дапамогі (чыстых прадуктаў харчавання і лекаў для дзяцей). Падрыхтоўка і правядзенне СУДУ НАД ЧАРНОБЫЛЬСКІМІ КАТАМІ — і тымі, хто загадваў асаджваць радыёактыўныя аблокі на Беларусь, і тымі, хто хаваў праўду пра ступень забруджанасці.
У гэты змест – абароны Бацькаўшчыны-Маці — мусіць увайсці таксама абарона ад рэанімацыі ідэй фашызму і расізму. Сёння на Беларусі адкрыта ідзе прапаганда славянафашызму. Лукашэнка паставіў мэту ўтварыць славянскую дзяржаву [беларусы – славяне; праблема ў тым, што ён – Лу-ка – імкнецца зьнішчыць беларускасьць Беларусі – Рэд.]. Такое ж рабіў Гітлер. Невыпадкова з слоў самога Лукашэнкі вынікае, што ён намераны будаваць новую дзяржаву, беручы за ўзор Гітлера.
На Беларусі мусіць адбыцца суд над прапагандыстамі фашызму і ягоным галоўным ідэолагам.
Карупцыя на Беларусі ўзведзена на ўзровень дзяржаўнай палітыкі. Лукашэнка мае свой уласны бюджэт, які ніхто не кантралюе. Дзясяткі мільёнаў даляраў ён выдаткоўвае на прапаганду славянафашызму [такога фашызму няму; гэта міфічна-прапагандысцкі тэрмін, на які паддаліся аўтары; ідзе рускі фашызм! – Рэд.], а ад недахопу лекаў паміраюць дзеці, ветэраны.
Народны Суд над карупцыянерамі й іх правадыром — таксама сродак абароны нашай Бацькаўшчыны-Маці.
Развал прамысловасці і фінансавай сістэмы — яшчэ адзін сродак вынішчэння беларусаў. І тут прывязка эканомікі Беларусі да Расіі, якая развальваецца на вачах, – свядомы злачынны ўчынак Лукашэнкі. І за гэта павінен вынесці свой вердыкт Народны Трыбунал [зьвяртаем увагу, артыкул быў напісаны ў 1999 годзе. – Рэд.].
I ўрэшце, канстытуцыйны пераварот з фальсіфікацыяй рэферэндуму ў 1996 годзе і пазнейшае падпісанне з Ельцыным дакументаў аб намеры знішчыць дзяржаўны суверэнітэт Беларусі – усе гэтыя крокі па руйнаванні беларускай дзяржавы патрабуюць дзейнасці па абароне, што ўключае ў сябе як акцыі пратэсту, так і тлумачэнне людзям небяспекі для іхнага існавання.
Ва ўмовах, калі судовая сістэма цалкам падпарадкаваная таталітарнаму рэжыму і яго лідару, эфектыўным мусіць быць і такі сродак барацьбы, як Народны Суд над здраднікам Радзімы.
Усе пяць Судовых камісій неабходна аб’яднаць у НАРОДНЫ ТРЫБУНАЛ і правесці ягонае пасяджэнне з вынясеннем прысуду, які можа быць выкананы пры зацверджанні яго прававымі інстытутамі Незалежнай Дэмакратычнай Беларусі.
Акрамя гэтага, кожны нацыянальна свядомы грамадзянін мае права і абавязаны па Канстытуцыяй бараніць Беларусь любымі сродкамі.
Пасяджэнням судовых камісіяў і трыбунала мусіць папярэднічаць збор подпісаў за адстаўку дыктатара, падчас якога і неабходна тлумачыць сэнс ягоных дзеянняў і непазбежнасць кары.
2. Другі кірунак дзейнасці. Пабудуем Беларусь – Еўрапейскі дом. Беларусы – еўрапейскі народ.
Мэта: вяртанне Беларусі ў Еўропу, з яе культураю і ўзроўнем жыцця, з яе хрысціянскімі нормамі паводзінаў.
Сродкі і метады:
а) правядзенне разнастайных акцыяў пад лозунгам “МЬІ ХОЧАМ І БУДЗЕМ ЖЫЦЬ ПА-ЕЎРАПЕЙСКУ!”;
б) правядзенне народнага галасавання (апытання) “Незалежная Беларусь — у Еўропу”.
3. Трэці кірунак дзейнасці. Адрозім у душах грамадзян краіны Беларусь як Дом-Храм.
Сродкі і метады: сустрэчы паэтаў і пісьменнікаў з чытачамі; творчыя конкурсы.
4. Чацвёрты кірунак дзейнасці. Пабудуем наш Дом-Беларусь у XXI стагоддзі.
Мэта: фармаванне “беларускай мары” ў форме праекту і чаканняў добрага жыцця ў Беларусі XXI стагоддзя, фармаванне грамадзянскай супольнасці на базе нацыянальнай ідэі.
Сродкі і метады:
а) стварэнне сацыяльна-палітычнай і эканамічнай мадэлі “Беларусь у XXI стагоддзі”;
б) стварэнне паралельных уладных структураў незалежнай Беларусі; падтрымка наяўных і стварэнне новых дэмакратычных СМІ;
в) давядзенне да шырокага кола грамадзянаў канцэпцыі БУДУЧАЙ БЕЛАРУСІ (дзяржаўніцкай, эканамічнай, прамысловай, сельскагаспадарчай, паслячарнобыльскай, прававой, маральнай);
г) прапаганда найлепшых беларускіх літаратурных і мастацкіх твораў у Еўропе і ва ўсім свеце;
е) атрыманне грамадзянства БНР як вечнага і дарагога нам узору Беларускай дэмакратычнай дзяржавы мінуўшчыны і будучыні: (а) пашырэнне масавай інфармацыі; б) падрыхтоўка тэхналогіяў пераконвання і трэнінг агітатараў; в) стварэнне варункаў здачы заяваў.
5. Пяты кірунак: за ўзаемадапамогу, салідарнасць і заможнае жыццё ў нашым Доме, за нашу ўсеагульную Талаку.
Мэта: стварэнне скаардынаванага антытаталітарнага руху ў Беларусі. Кожнаму такому выступу – наша падтрымка. Кожны, хто сядзіць у турме за пратэст супраць рэжыму, павінен адчуваць падтрымку сяброў. Рабочыя, сяляне, прадпрымальнікі, інтэлігенцыя павінны ведаць, што носьбіты нацыянальнай ідэі хочуць, каб кожны з іх меў еўрапейскі ўзровень жыцця. Народ, што перамог гітлераўцаў, павінен жыць заможна! Гэта значыць: кожнай сям’і — свой дом ці кватэру, мужу і жонцы – па аўтамабілю. Наш рабочы, селянін, інжынер, навуковец, настаўнік, доктар, дзяржслужбовец, міліцыянер, вайсковец павінен атрымліваць сярэднееўрапейскі заробак. Сярэдні паміж палякам, літоўцам, немцам, французам, англічанінам, шведам, італьянцам… Пенсіянерам – сярэднееўрапейскую пенсію, якая дазволіць ім мець усё неабходнае для нармальнага жыцця!
Моцная рука.
Гэтыя пяць кірункаў дзейнасці падобныя да пальцаў рукі, што імкнецца працаваць на карысць Беларусі.
Рука, якая працягнута любому, хто падзяляе нашы ідэі і хоча супрацоўнічаць, незалежна ад партыйнай прыналежнасці і веравызнання.
Рука, якая працягнута таму, хто гіне, – для выратавання, таму, хто слабы, – для дапамогі.
Гэтая рука – сімвал грамадзяніна, які галасуе за цывілізаваную, дэмакратычную нацыянальную дзяржаву.
Гэтая рука – сімвал будаўніка, творцы, выратавальніка і абаронцы.
Гэта добрая, прыязная рука.
Адначасна гэтыя пяць пальцаў сціснутыя ў кулак, каб моцна трымаць старажытны сцяг і зброю дзеля абароны краіны ад захопнікаў і каланізатараў. Гэта наш антытаталітарны кулак, які пакарае здраднікаў і спыніць захопнікаў!