nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Беларусь бяз Нобля ў чарговы раз (прыглядаемся да Захаду)

18 кастрычніка, 2006 | Няма каментараў

Барыс Керзач

Спачатку цытата, узятая з радыё «Свабода».
«Камітэт па Нобэлеўскіх прэміях Швэдзкай акадэміі 12 кастрычніка абвясьціў імя ляўрэата Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры. Ім стаў турэцкі пісьменьнік Архан Памук, аўтар раманаў “Чорная кніга”, “Мяне клічуць Чырвоны”, “Белая цьвердзь” і іншых. У сьпісе кандыдатаў на атрыманьне прэстыжнай міжнароднай узнагароды фігуравалі таксама Сьвятлана Алексіевіч і народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін. Як беларуская грамадзкасьць паставілася да прысуджэньня літаратурнай прэміі?

Намінант на Нобэлеўскую прэмію міру [! – Рэд.] праваабаронца Алесь Бяляцкі лічыць, што адзін са складнікаў вызначэньня ляўрэатаў – палітычны. “Безумоўна, у вызначэньні Нобэлеўскіх прэміяў улічваецца, апроч таленту, апроч грамадзянскай пазыцыі, сучаснасьць той праблемы, значнасьць праблемы, прынамсі, для эўрапейскай супольнасьці. Тое, што ў сваіх творах уздымаў турэцкі пісьменьнік, на сёньняшні дзень зьяўляецца такой актуальнай праблемай эўрапейскай палітыкі, гэта ўзаемаадносіны паміж туркамі і армянамі. Гэта зьвязана і зь мяркуемым уступленьнем Турцыі ў Эўразьвяз”.
Паэт Генадзь Бураўкін шчыра перажываў за сябра Рыгора Барадуліна. І перакананы, што рана ці позна беларускі паэт будзе заслужана ўганараваны. “Я думаю, нічога страшнага не адбылося. Ёсьць рэаліі, да таго ж за кандыдатуру Рыгора Барадуліна ня надта добра змагалася Радзіма (я маю на ўвазе ня толькі афіцыйныя ўлады). Я не заўважыў вялікага стараньня ў гэтай справе і нашых палітычных партыяў, і так званых дэмакратычных колаў. Тое, што нашы выдатныя таленты ня надта вядомыя ў сьвеце, гэта наша вялікая нацыянальная бяда. Дзяржава [улады – Рэд.], якая ня надта спрыяе, каб ведалі нашу родную культуру шырока за межамі – а ў нас якраз такая, на жаль, сёньня дзяржава [улады – Рэд.], нічога добрага атрымаць ня можа”.
Намінант на прэмію Рыгор Барадулін, як заўсёды, ня траціць пачуцьця гумару. “Я стаўлюся нармальна. Я ж не настолькі быў наіўным, што я яе атрымаю. Я згадзіўся ўдзельнічаць у гэтай так званай гульні, каб лішні раз напомніць пра Беларусь. Каб Беларусь ведалі ня толькі з анэкдатычнага боку, але і з нармальнага, літаратурнага. Можа, пакуль не шанцуе, а потым густа будзе. Дай Бог і нашаму цяляці воўка зьесьці”.
Рыгор Барадулін і Сьвятлана Алексіевіч застаюцца сярод кандыдатаў на атрыманьне прэміі ў будучым годзе. Дарэчы, Сьвятлана Алексіевіч у тым сьпісе з 2002 году. Усяго ж з 1901 году Нобэлеўскую прэмію ў галіне літаратуры атрымалі 103 пісьменьнікі». (канец цытаты).

Мы ўжо былі сьведкамі, як Нобля па літаратуры «атрымаў» вядомы на ўвесь сьвет пісьменьнік-франтавік, пісьменьнік-гуманіст Васіль Быкаў… Ужо каму-каму, а яму, здавалася, можна было 10 разоў даць Нобелеўскую прэмію – і з улікам палітычных меркаваньняў, і бязь іх (проста, як выбітнаму пісьменьніку)! Не далі…

Наўрад ці варта меркаваць, што адбыўся недарэчны выпадак. У такой справе выпадкаў не бывае. Проста многія ня ведаюць іншыя важнейшыя фактары, якія цяпер улічваюцца тымі, хто дае прэміі. Але тое, што літаратурны талент часта знаходзіцца ў рэйтынгу аргумантаў далёка не на першым месцы – гэта ў рэпартажы радыё «Свабода» ў цэлым адлюстравана верна.

Ведаючы тое-сёе дадатковае пра сёньняшні рэальны Захад, я гатовы рызыкнуць рэпутацыяй і спрагназаваць, што з двух нашых намінантаў Нобелеўскую прэмію па літаратуры хутчэй атрымае С.Алексіевіч, чым Рыгор Барадулін. Абвяшчаем галоўную прычыну: таму, што першая піша па-руску, а сп-р Рыгор – толькі па-беларуску. Г.зн., што Нобелеўскі камітэт і ТЫЯ ЛАБІСТЫ, якія стаяць за ім, ЗРОБЯЦЬ ЦАЛКАМ СУПРАЦЬЛЕГЛАЕ ТАМУ, ШТО ТРЭБА зрабіць ў сёньняшніх складаных абставінах для станаўленьня нашай беларускай дзяржавы і нашай беларускай нацыі…

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы