Няўжо Захад пачынае заўважаць гэтага паразітычнага монстра – расейскую імперскую бюракратыю?
Гэты артыкул быў складзены двума журналістамі Оўэн Мэцьюс (Owen Matthews) і Аннай Нямцовай і надрукаваны ў аўтарытэтным амерыканскім часопісе “Newsweek” у сярэдзіне кастрычніка г.г. Мы падаем яго як ілюстрацыю таго, што і на Захадзе некаторыя людзі ўжо пачынаюць разумець, хто канкрэтна зьяўляецца галоўным суб’ектам імперскай сутнасьці г.зв. Расеі. Тое, што расейская імперская бюракратыя (у аўтарскім варыянце тэксту вы гэта паняцьце ня знойдзеце – яно прысутнічае кантэкстуальна) зьяўляецца галоўным ворагам беларускага народу і ўсяго цывілізаванага чалавецтва, мы заяўляем ужо даўно…
Рэдакцыя.
Забудзьце слова «карупцыя»: у пуцінскай Расеі сістэма «кармленьняў» і патранажу носіць амаль феадальны характар, закранаючы ўсе сьферы жыцьця.
Калі ў маскоўскую кватэру Зураба Джапарыдзэ зьявіліся ўзброеныя паліцэйскія, ён адразу здагадаўся пра прычыну гэтага візіту. Па іх словах Джапарыдзэ парушыў закон: дакументы на набыцьцё кватэры не аформлены патрэбным чынам, і ён павінен вызваліць жылую плошчу. Аднак 34-гадовы арганізатар кінафестываляў разумеў, што насамрэч справа ў іншым. Яго сапраўднае злачынства заключаецца ў тым, што ён грузін. З таго часу, калі пасьля шпіёнскага вэрхалу ў канцы верасьня Крэмль выказаў незадаволенасьць дзеяньнямі Тбілісі, расейская паліцыя і бюракратыя адкрылі «сязон паляваньня» на грузін, іх бізьнес і маёмасьць.
Топ-мэнэджары Royal Dutch Shell таксама ня мелі ілюзіяў наконт таго, чаму ад іх нядаўна запатрабавалі спыніць усе працы ў межах нафтагазавага праекту «Сахалін-2» коштам 22 мільярды даляраў. Афіцыйнай прычынай сталі зробленыя кампаніяй экалагічныя парушэньні. На справе ж гаворка ідзе пра іншы невыбачальны ўчынак: Shell не згаджалася даваць долю ў праекце дзяржаўнаму канцэрну “Газпрам”. У абодвух выпадках у ахвяр “наезду” з боку дзяржавы [так у аўтараў. – Рэд.] асаблівага выбару не засталося. Джапарыдзэ заплаціў немалы хабар, каб паліцыя пакінула яго ў спакоі, а Shell, па прагнозах аналітыкаў, хутчэй за ўсё таксама дамовіцца з “Газпрамам”.
Што можа быць агульнага ў праблемах, зь якімі сутыкнуўся малады грузін у Маскве і заходні нафтавы гігант на Далёкім Усходзе? І ў чым падабенства іх цяжкасьцяў з той дылемай, зь якой сутыкнулася маладая актрыса Лена Н. (у яе няма грошай на хабар, каб яе дачку ўзялі ў дзяржаўны дзіцячы садок), і бядой, якая спасьцігла бізнэсоўца Сяргея Адзінцова, чый склад быў канфіскаваны рэйдэрамі, зьвязанымі, па яго словах, зь мясцовым аддзяленьнем тайнай паліцыі? Адказ просты: за шэсьць гадоў кіраваньня Уладзіміра Пуціна Расея зазнала незаўважальную на першы погляд, але вельмі радыкальную эвалюцыю – АД ПРОСТАГА АЎТАРЫТАРЫЗМУ ДА СТРОЮ, які дакладней можна вызначыць ЯК СУЧАСНЫ ФЕАДАЛІЗМ [чытачы, вы зьяўляецеся сьведкамі прыкладу, як цяжка сучаснаму заходняму чалавеку даць назву строю, заснаванаму на ПАЎНАЎЛАДЗЬДЗІ ІМПЕРСКАЙ БЮРАКРАТЫІ. – Рэд.].
З моманту ўзыходжаньня на пасаду ў 2000 г. расейскі прэзідэнт засяродзіў палітычную ўладу і эканамічныя багацьці ў руках дзяржавы [у руках расейскай бюракратыі, якая аб’ектыўна можа быць толькі імперскай! – Рэд.]. І вынік, бадай што, пераўзышоў яго самыя сьмелыя мары. Сёньня кожная колькі-небудзь сур’ёзная справа – ад паступленьня вашага дзіцяці ў ВНУ альбо візіта да лекара і да адкрыцьця новага бізьнесу – залежыць ад капрызаў «цара», яго крамлёўскіх «дружыньнікаў» і легіёну васалаў, якія «кормяцца» за кошт іх [«дружыньнікаў». – Рэд.] апякунства і, у сваю чаргу, плоцяць ім «аброк». Літаральна ўсё, з чаго складаецца жыцьцё кожнага расіяніна – ад магутнага алігарха да звычайнага прастака (уключаючы іх права мець дом, машыну, працу) – становіцца ўсё больш залежным ад тых ці іншых «неправедных» ўзаемаадносін з дзяржавай і яе служкамі [“дзяржава і яе служкі” ў кантэксьце аўтараў – гэта і ёсьць расейская імперская бюракратыя. – Рэд.].
У ранейшыя часы гэта можна было проста назваць карупцыяй. Цяпер, па словах Алены Панфілавай з Transparency International, гэта слова выглядае ледзь не мілым анахранізмам. «Пад гэтым словам маецца на ўвазе, што хабарніцтва – гэта анамалія, тлумачыць Панфілава. – У сёньняшняй Расеі карупцыя стала нормай». Уладзімір Рыжкоў – адзін зь нямногіх незалежных дэпутатаў у Думе – называе Пуціна сучасным царом. Па яго словах, імкнучыся скончыць з хаасам ельцынскай эпохі, «Пуцін вярнуў Расею на 100 гадоў назад, у імперскія традыцыі й абсалютную персаніфікаваную ўладу. Мы вярнуліся ў часы, калі дзяржава і прыватны бізнэс разьвіваліся разам, як адзіны арганізм».
Сакрэт Полішынэля, выдатна вядомы расейскаму палітычнаму класу, заключаецца ў тым, што на чале гэтага «новага парадку» стаяць 12 «баяр» – найбольш уплывовых міністраў і крамлёўскіх прыдворных, блізкіх сяброў самога Пуціна, якія штотыднёва зьбіраюцца на нефармальнае «чаяваньне» ў прэзідэнта на дачы. На ніжэйшых ступенях уладнай піраміды памясьцілася цэлае войска: 1,5 мільёна чыноўнікаў, плюс 4 мільёны супрацоўнікаў «сілавых структур» – арміі, паліцыі, сьпецслужбаў. Некалькі агрубляючы, можна сказаць, што расейскі «новы феадальны строй» дае «служывым людзям» – васалам 12 «баяр» – права на вымаганні й рабаваньне простага люду. У якасьці ўлюбёнай зброі яны, у поўнай адпаведнасьці з пуцінскім выказваньнем пра тое, што пры ім у Расеі будзе кіраваць «дыктатура закону», абралі менавіта… закон.
Запытайцеся пра гэта ў бізнэсоўца Сяргея Адзінцова: мінулым летам, прыехаўшы на працу, ён знайшоў, што яго склад гарбаты і кавы ў Туле (200 км на поўдзень ад Масквы), захоплены ўзброенымі людзьмі. Ён ведаў: скардзіцца ў міліцыю бессэнсоўна. Рэйдары, якія захапілі яго кампанію, мелі поўны набор правільна аформленых дакументаў, якія пацьвярджалі, што яны – яе новыя ўласьнікі. Больш за тое, у іх былі партнэры, пра якіх Адзінцоў неакрэсьлена казаў, што гэта «людзі круцейшыя за міліцыю» – г.зн. супрацоўнікі мясцовых органаў дзяржбясьпекі. «У іх ёсьць уплывовыя апекуны, – расказвае бізнэсовец. – Я мог бы зьвярнуцца ў суд, але ўжо разумею, што гэта будзе бессэнсоўная страта часу».
Механізм несяброўскага паглынаньня [так на Захадзе завуць “сучаснае цывілізаванае рабаўніцтва” ў сьферы бізьнесу. – Рэд.] просты, тлумачыць Генадзь Гудкоў – былы генерал-маёр КГБ, які цяпер узначальвае камітэт Дзяржаўнай думы па бясьпецы. Патэнцыйны рэйдар «знаходзіць уплывовы «дах» у асобе якога-небудзь чыноўніка альбо супрацоўніка дзяржбясьпекі», – расказвае ён. Пасьля ўзгадненьня сумы «ганарара» чыноўнік «накіроўваецца да ўладальніка фірмы, якую жадаюць скрасьці, і кажа – прадай яе вось гэтаму за пяць рублёў альбо пойдзеш у турму».
Пазьбегчы прадказанага можна толькі ў тым выпадку, калі ў вас ёсьць яшчэ больш магутныя апекуны, чым у апанента. Маскоўскі бізнэсмэн Уладзімір Маісееў засвоіў гэты ўрок, калі паспрабаваў набыць вялікі салон прыгажосьці. У яго былі грошы, яму ўжо належыла 30% акцый фірмы, і, галоўнае, ён меў сяброў ва Упраўленьні па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю. На бяду Маісеева, на той жа аб’ект прэтэндаваў іншы бізнэсовец – які меў сувязі ў адміністрацыі прэзідэнта. Быццам за картачным сталом супернік пабіў маісееўскія казыры сваімі сувязямі наверсе…
Прайшлі тыя часы, калі фірмы плацілі за «дах» мафіі. Цяпер яны цалкам афіцыйна падпісваюць дамовы пра «абарону» зь мясцовай адміністрацыяй [! – Рэд.]. Адзін з такіх кантрактаў, які заключыла фабрыка керамічных вырабаў з поўдня Расеі, мае напышлівую назву «Пагадненьне аб сацыяльна-эканамічным разьвіцьці рэгіёна» і вызначае штомесячныя выплаты мясцовым уладам. Наўзамен адміністрацыя абяцае вырашыць «усе ўзьніклыя праблемы ў адносінах з федэральнымі й мясцовымі органамі». Сёлета ўладальнік фабрыкі, які прасіў не называць яго імя, каб пазьбегчы магчымых рэпрэсій, прадаў прадпрыемства. Зь яго словаў, увесь прыбытак даводзілася аддаваць чыноўнікам «проста, каб забясьпечыць сабе права на існаваньне». Па даных досьледу, праведзенага нядаўна маскоўскім фондам ІнДэм – незалежным сацыялагічным цэнтрам – аб’ём карупцыйнай эканомікі ў Расеі (г.зн. сумы, выплачаныя біснэсоўцамі ў выглядзе хабару і «адкатаў», а таксама пагадненьняў, заключаных з чыноўнікамі з мэтаў абароны) павялічыўся з 33 мільярдаў даляраў у 2001 г. да казачных 316 мільярдаў у мінулым годзе: гэта складае амаль палову афіцыйнага аб’ёму ВУП краіны!
З улікам гэтых магчымасьцяў для ўзбагачэньня нядзіўна, што дзяржаўная служба становіцца вельмі папулярным родам заняткаў. Па даных федэральнай статыстычнай службы колькасьць дзяржаўных служкаў у Расеі за мінулы год узрасла амаль на 150.000 чалавек і дасягнула паўтара мільёны! (без уліку паліцыі і органаў бясьпекі). Дзеля параўнаньня адзначым, што пры Л.Брэжневе ўвесь савецкі бюракратычны аппарат складаў ня больш за 70.000. Лёгка ўявіць, колькі хабару бярэцца за ўладкаваньне на дзяржаўныя пасады. Дэпутат Думы Гудкоў распавядае, што адзін яго былы калега нядаўна шукаў працу, але ня змог знайсьці ніводнага «бясплатнага» месца. «Высокая пасада ў кожным расейскім міністэрстве каштуе ад 150.000 да мільёна даляраў, у залежнасьці ад таго, на якім кіраўнічым узроўні вы хочаце пачаць кар’еру, – тлумачыць Гудкоў. – Нават для таго, каб уладкавацца ў ДАІ, трэба заплаціць ад 3 да 5 тысяч даляраў». Прынамсі, у саміх бюракратаў цяжкасьцяў з дарожнай паліцыяй, чые шэрагі растуць як на дражджах, не ўзьнікае. Наўзвочным сімвалам пераўтварэньня ЧЫНОЎНІКАЎ У АСАБЛІВУЮ КАСТУ [каста расейскіх чыноўнікаў = расейская імпербюракратыя. – Рэд.] сталі сінія мільгалкі на іх службовых аўтамабілях, што дазваляюць уладальнікам беспакарана парушаць правілы дарожнага руху.
Беспакаранасьць усё больш становіцца мяноклічам [дэвізам – Рэд.] трымальнікаў улады ў Расеі. Пуцін паклапаціўся аб тым, каб паставіць на чале велізарных дзяржаўных карпарацыяў самых лаяльных палацоўцаў. У 1997 г. магнат Барыс Беразоўскі выхваляўся, што ўсю эканоміку краіны кантралюе 7 алігархаў – магутных «капітанаў» прыватнага бізьнесу. Праз дзесяць гадоў сітуацыя цалкам зьмянілася. Па даных дзяржаўнага інфармацыйнага агенства 7 чалавек, якія належаць да пуцінскага «бліжэйшага кола», кіруюць дзяржаўнымі кампаніямі, на долю якіх прыпадае 40% ВУП краіны. Сярод іх – першы віцэ-прэм’ер Дзьмітры Мядзьведзеў, які займае пасаду старшыні рады дырэктараў «Газпраму» – газавага канцэрна-манапаліста з капіталізацыяй у 263 мільярды даляраў, і намесьнік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сечын, які ўзначальвае гіганцкую дзяржаўную нафтавую кампанію «Роснафта». Другі намесьнік кіраўніка Адміністрацыі, Уладзіслаў Суркоў, займае пост старшыні праўленьня «Транснафтапрадукта», а памочнік прэзідэнта Віктар Іваноў пастаўлены на такую ж пасаду ў найвялікшай авіякампаніі «Аэрафлот» і ў канцэрне «Алмаз-Антэй» – галоўным вытворцы сістэм СПА [рус., ПВО. – Рэд.]. “Раней у нас была прыватная алігархія, а цяпер – алігархія тайнай паліцыі”, – адзначае былы віцэ-прэм’ер Барыс Нямцоў, маючы на ўвазе, што многія бліжэйшыя дарадцы Пуціна пачыналі кар’еру ў КГБ.
Ва ўмовах гэтага новага парадку замежнікі – прыкрая перашкода: яны не разумеюць, што трэба гуляць па правілах. Так, у 2004 г. менэджары шведскага мэблевага гіганта IKEA, атрымаўшы ў апошнюю хвіліну перад адкрыцьцём універмагу ў Маскве дадатковыя грошавыя патрабаваньні, неадкладна падалі ў суд і склікалі прэс-канфэрэнцыю: гэта прымусіла прагных чыноўнікаў адступіць. А мінулай вясной амерыканская кампанія Motorola заявіла, што партыя мабільных тэлефонаў коштам 200 мільёнаў даляраў, якую яна паставіла свайму расейскаму партнэру – фірме «Еўрасець» – была скрадзена мытнікамі. «Расейская кампанія ніколі не выступіла б з такой адкрытай заявай: яе б проста раздушылі, – тлумачыць Панфілава. – Мытнікі зрабілі памылку – яны меркавалі, што рабуюць «Еўрасець», а не Motorola». І вось яшчэ адзін прыклад з той жа тэмы: на мінулым тыдні Крэмль аб’явіў, што распрацоўкай велізарнага Штокманаўскага газавага радовішча будуць займацца ня пяць замежных нафтавых кампаніяў, якія ўдзельнічалі ў тэндары, а адзін «Газпром».
Разбэшчвальны ўплыў новага феадальнага строю пагражае цяжкімі наступствамі рэальнаму сэктару эканомікі. Крэмль сёньня «на кані», дзякуючы высокім коштам на нафту: гэта дазваляе яму паводзіць сябе больш нахабна, чым калі-небудзь за два апошнія дзесяцігоддзі. Аднак асноўныя паказьнікі краіны ледзь не па ўсіх кірунках не даюць падставы для аптымізму. У рэйтынгу Сусьветнага банка, куды ўлучаны 208 краін сьвету, Расея займае 151-е месца з пункту гледжаньня падсправаздачнасьці ўладаў, палітычнай стабільнасьці, эфектыўнасьці дзяржавы, якасьці рэгуляваньня, законнасьці й барацьбы з карупцыяй – адразу за Угандай і Замбіяй, і толькі трохі апярэджвае Казахстан і Нігер. А ў індэксе канкурэнтнасьці й роста, які складаецца Сусьветным эканамічным форумам, краіна скацілася ўніз адразу на дзевяць пазіцый і заняла толькі 62-е месца. З пункту гледжаньня незалежнасьці судовай сістэмы ў сьпісе 125 краін яна заняла 110-е месца , 116-е – па надзейнасьці банкаў, і 107-е – па ўзроўні давера грамадства да палітыкаў. Першапрычына ўсяго гэтага, па словах Нямцова, знаходзіцца ў кумаўстве і неэфектыўнасьці дзяржаўнага сектара. «Расея хутка пераўтвараецца ў краіну Трэцяга сьвету, – сьцьвярджае ён. – І шанцы, што ў бліжэйшай будучыні яна вернецца на шлях прагрэсу і эканамічнага разьвіцьця, скрайне малыя».
Адзіны лек ад гэтай хваробы, па словах Валера Фадзеева – члена Грамадскай палаты, кансультатыўнага органа, створанага дзяржавай [так у аўтараў. – Рэд.] – заключаецца ў стварэньні «эфектыўных інстытутаў, а ня іх імітацыі». Ён мае на ўвазе рэальную палітычную апазіцыю, свабодную прэсу і законы, якія не дазваляюць двухсэнсоўнага тлумачэньня – асабліва тыя, што гарантуюць недатыкальнасьць прыватнай уласнасьці. Няшчасьце Расеі, што Пуцін сістэматычна падрывае ўсе гэтыя інстытуцыйныя падставы. Расейскі парламент сёньня па сутнасьці пераўтварыўся ў сход прыхільнікаў Пуціна. Што да прэсы, пра яе трагічны стан наўвочна сьведчыць забойства Ганны Паліткоўскай: яны была адным з нешматлікіх рэпартэраў, якія ўсё яшчэ займаюцца сур’ёзнымі журналісцкімі рассьледваньнямі. Пуцін выказаў шкадаваньне з нагоды яе гібелі, але адзначыў пад тое, што яе артыкулы ня мелі вялікага ўплыву ў краіне. І ў пэўнай ступені ён правы. З-за ціску ўладаў і прадажнасьці журналістаў СМІ сёньня амаль не карыстаюцца даверам расейцаў.
Да чаго ўсё гэта прывядзе? Сістэма, якую Пуцін стварыў у імя стабільнасьці, можа на справе аказацца скрайне нестабільнай. Існаваньне феадальнага строю накшталт таго, што ўсталяваўся ў Расеі, зь яго гіганцкай сістэмай пабораў і заступніцтвам, у канчатковым выніку залежыць ад тых, хто знаходзіцца ўнізе ўладнай піраміды – рэальна працуе і зарабляе грошы. Сёньня гэту ролю грае нафта-газавы сектар. Лёгкія грошы ад экспарту энэрганосьбітаў дазваляюць пуцінскім палацоўцам перасьледаваць уласныя інтарэсы – часта супрацьлеглыя да інтарэсаў краіны. Аднак вялікія даходы яшчэ ня сьведчаць, што эканоміка моцная – дакладна так, як адсутнасьць публічнага палітычнага пратэсту і свабоды слова ня кажуць пра здароў’е грамадства. Дзяржаўныя збудаваньні, якія прагнілі – накшталт карумпаваных і самазадаволеных папярэдніх рэжымаў ва Украіне і Грузіі – у канчатковым выніку непазьбежна развальваюцца…
Оўэн Мэтьюс, Анна Нямцова.