nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

БЕЛАРУСКАЯ НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ІДЭЯ ў КАНТЭКСЦЕ НАЦЫЯНАЛЬНЫХ ІДЭЙ СУСЕДНІХ НАРОДАЎ (частка І; кБНІ)

23 кастрычніка, 2006 | Няма каментараў

Прадстаўляем заключны артыкул раздзела «Палітыкі пра беларускую ідэю» матэрыялаў канферэнцыі «Беларуская нацыянальная ідэя» (Гародня, 18-19 красавіка 1999 г.). Ён належыць пяру Юрася Хадыкі. На час правядзеньня канферэнцыі аўтар – доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар Інстытута фізікі НАН Беларусі; намесьнік старшыні БНФ «Адраджэньне», прарэктар Народнага універсітэта (Менск).
Рэдакцыя.

Пра беларускую нацыянальную ідэю апошнім часам стала гаварыць нават афіцыйная лукашэнкаўская прапаганда, а не толькі прыхільнікі адраджэнскага руху і дэмакратычных партыяў. З’ява гэтая вельмі паказальная. Яна сведчыць пра тое, што ёсць падстава для абмеркавання і дыскусій. Хаця “ідэя” афіцыёзу ў тым, што беларускай нацыянальнай ідэі няма. Яе трэба прыдумаць. Для гэтага збіраюцца навукоўцы, і ім даецца “высокае” заданне яе сканструяваць. Для А.Лукашэнкі і яго атачэння гэта цалкам натуральна. Сапраўдны “савецкі беларус”, ён не ведае і не паважае гісторыю свайго народу і беларускай дзяржаўнасці. Таму і паўтарае памылку Мікіты Хрушчова, які даў заданне скласці кодэкс “камуністычнай маралі”. Зараз не многія памятаюць, што сталася з гэтым кодэксам – штучным пладом марксісцка-ленінскай філасофіі.

Тое ж самае адбудзецца і з “беларускай нацыянальнай ідэяй”, створанай з загаду ППРБ. Творчасць лукашэнкаўскіх ідэолагаў наогул не заслугоўвала б ніякай увагі, калі б яна не грунтавалася на тэзісе аб тым, што беларуская дзяржаўнасць паўстала толькі 01.01.1919 г. А беларуская народнасць склалася, як паведамляе СЭС, толькі ў ХVІ ст. Пазней, чым руская (ХІV ст.) і ўкраінская (ХV ст.). Што ж тычыцца беларускай нацыі, то яна “зьявілася” толькі ў ХХ стагоддзі, калі склалася беларуская літаратурная мова. Таму і беларуская нацыянальная ідэя не існавала і не магла існаваць раней.

Усе гэтыя “замарочкі” савецкай гістарыяграфіі далёка не бяскрыўдныя. Бо яны з’яўляюцца лагічным развіццём тэорыі “заходнерусізму” – інтэлектуальнага набытку расійскага імперыялізму. Тэорыі, якая з мэтаю апраўдання палітыкі русіфікацыі АДМАЎЛЯЛА ЎКРАІНЦАМ І БЕЛАРУСАМ У ПРАВЕ БЫЦЬ НАРОДАМІ. Сродак для гэтага быў адзіны – грубае скажэнне гісторыі гэтых народаў (найперш гісторыі іх дзяржаўнасці) і забарона літаратурнай творчасці на народнай мове. Адсюль і паўсталі шматлікія міфы наконт няспыннага “пакарэння” ўкраінцаў і беларусаў то літоўцамі, то палякамі і “вызвалення” іх Масквою. Гісторыя ў выніку аказвалася перавернутаю з ног на галаву. Малодшы “брат” станавіўся старэйшым і наадварот.

Нацыянальная ідэя як мара

Сёння няма неабходнасці даказваць, што гісторыя беларускай дзяржаўнасці налічвае 1000 гадоў. І на працягу ўсяго гэтага часу фармавалася і выкрашталізоўвалася беларуская нацыянальная ідэя. Калі яе разумець як комплекс псіхалагічна камфортных і сацыяльна канструктыўных мэтаў і каштоўнасцяў, засвоеных і ўсвядомленых нацыянальнай супольнасцю. Але, каб паспяхова рухацца далей без непаразуменняў, настаў час удакладніць сэнс некаторых тэрмінаў.

У сучасным словаўжыванні тэрмін “народ” азначае найперш супольнасць людзей, аб’яднаных тэрытарыяльна – межамі адной дзяржавы. Тады мае сэнс тэрмін савецкі народ ці расійскі народ, які складаецца з прадстаўнікоў розных нацый. Але нацыя – гэта паняцце хутчэй духоўнае. Яно аб’ядноўвае людзей не толькі агульным генетычным паходжаннем, але найперш звязаных АГУЛЬНЫМ СВЕТАПОГЛЯДАМ, КУЛЬТУРАЙ, ГІСТОРЫЯЙ. Толькі ў гэтым выпадку можна гаварыць аб нацыянальнай ідэі, нацыянальным характары, нацыянальнай адметнасці. Нацыяй з’яўляюцца габрэі. А народ Ізраіля – гэта габрэі, палестынцы ды іншыя, хто з’яўляецца грамадзянамі гэтай краіны, якая была створана толькі ў 1948 г. І смешна гаварыць, што да 1948 г. габрэйскай нацыі не існавала, хаця яна не валодала ні агульнай тэрыторыяй, ні супольнай гаспадаркай, ні сваёй літаратурнай мовай, як таго патрабуе марксісцка-ленінская навука.

Другі вельмі цікавы прыклад даюць ЗША – краіна эмігрантаў. Амерыканская канстытуцыя пачынаецца словамі: “Мы – народ Злучаных Штатаў…” І пачынаецца слушна, бо ў часы прыняцця Дэкларацыі амерыканскай нацыі не існавала. Грамадзянам ЗША яшчэ было наканавана прайсці праз вайну Поўначы з Поўднем, адмену рабства і барацьбу супроць сегрэгацыі па расавай прыкмеце. І народ Злучаных Штатаў стаў набываць рысы нацыі толькі тады, калі ягоная эліта сфармулявала агульны ідэал – т.зв. “амерыканскую мару”.

З майго погляду выраз “нацыянальная мара” ёсць сінонімам выразу “нацыянальная ідэя”. Абодва яны азначаюць комплекс духоўных каштоўнасцяў, агульных для нацыянальнай супольнасці. Своеасаблівы духоўны клей, што цэментуе, злучае набор індывідаў у надасабовы арганізм, які адрозніваецца сваёю іерархіяй каштоўнасцяў, прыярытэтаў, памкненняў, псіхалагічных і сацыяльных асаблівасцяў.

Комплекс гэты складаецца на працягу жыцця многіх пакаленняў, ён фармуецца гісторыяй народу, этнасу. Натуральны шлях ад этнічнай (блізкакроўнай) супольнасці да нацыі пралягае праз “народ” – грамадзян адной дзяржавы. Можна смела сцвярджаць, што габрэйскай нацыі не існавала б, калі б габрэі не мелі, хай сабе і ў сівой даўніне, сваёй незалежнай дзяржаўнасці. Іх стаўленне да сваёй дзяржаўнай гісторыі не можа не выклікаць захаплення. Яна была сакралізаваная і кананізаваная. Там нельга змяніць нават літары. Яна стала часткаю свяшчэннага пісьма і павінна была вывучацца кожным габрэем, дзе б ён ні нарадзіўся і жыў. Яе героі сталі святымі і прыкладам для кожнага. Вернасць веры бацькоў і стала нацыянальнай ідэяй габрэяў. Яна дазволіла ім цераз 2 000 гадоў выгнання стварыць нацыянальную дзяржаву на Зямлі Запаветнай.

Таксама не было б амерыканскай нацыі і амерыканскай мары без перамогі ў вайне за незалежнасць. Амерыканская нацыя зусім маладая. Яна і сёння ў працэсе фармавання. Яе нацыянальная ідэя прасцей і фармулюецца – як мара, а не кананічны звод каштоўнасцяў і патрабаванняў. Амерыканская мара – гэта дабрабыт, гэта ўласны дом. Гэта большая ступень асабістай свабоды, чым ёсць у іншых краінах. Таму там няма дзяржаўнай рэлігіі, хаця большасць – пратэстанты. Таму там нараджаюцца самыя наватарскія, хаця часта сумнеўныя, кірункі ў мастацтве. Таму там кожны можа мець зброю, хаця злачынстваў там, можа, і болей, чым дзе-небудзь. Гэта таксама магутная дзяржава, якая павінна абараніць кожнага амерыканца, дзе б ён ні апынуўся. Таму амерыканцы не толькі выдаткоўваюць вялікія сродкі на ваенныя праграмы, але ахвотна падтрымліваюць імідж ЗША як “сусветнага жандара”. Часы самаізаляцыі Амерыкі канулі ў Лету, і сёння амаль што ўсе краіны мусяць лічыцца з рэакцыяй ЗША на іх дзеянні. Таму, бясспрэчна, у амерыканскай мары ёсць імперскі складнік. А ў нацыянальнай ідэі іншых прэтэндэнтаў на сусветны ўплыў прысутнічае антыамерыканізм.

Незалежная дзяржаўнасць – стрыжань нацыянальнай ідэі

Гэтыя два прыклады дазваляюць акрэсліць дачыненні паміж нацыянальнай ідэяй і ідэяй дзяржаўнасці. Ні сама нацыя, ні яе ідэя не паўстаюць па-за межамі сваёй незалежнай дзяржавы. Але пасля гэтага ідэя нацыянальнай незалежнай дзяржаўнасці становіцца складнікам, нават стрыжнем нацыянальнай ідэі, мэтаю і сцягам нацыянальнага адраджэння ў тых выпадках, калі нацыя губляе сваю дзяржаўнасць на шляхах гістарычнага лёсу.

Менавіта пагэтаму “навуковыя” па форме ТЭОРЫІ КШТАЛТУ “ЗАХОДНЕРУСІЗМУ” ПАПРАЎДЗЕ З’ЯЎЛЯЮЦЦА ЗБРОЯЙ ІМПЕРСКАЙ ПРАПАГАНДЫ, СКІРАВАНАЙ НА ЛІКВІДАЦЫЮ, ЗАБЫЦЦЁ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ІДЭІ. І мы станем сведкамі, як лукашэнкаўскія ідэолагі, грунтуючыся на “заходнерусізме”, будуць імкнуцца падмяніць беларускую нацыянальную ідэю “беларускай марай”. Напрыклад, марай пра “отечество от Бреста до Курил”.

Іншага шляху ў іх няма. Да чаго гэта прывядзе і ў чым сапраўдны сэнс іхніх намаганняў, сведчыць прыклад таго ж Ізраіля. Толькі старажытнага Ізраіля, які па памерах пераўзыходзіў старажытную Юдэю. Але згубіў сваю нацыянальную ідэю, асіміляваўся, і сёння так званых “самаранаў” засталося нешта каля 1000 чалавек. А габрэі – нашчадкі старажытных юдэяў – сталі законнымі спадчыннікамі старажытнага Ізраіля.

У ГЭТАЙ АСІМІЛЯЦЫІ СЭНС І МЭТА ЛУКАШЭНКАЎСКАЙ ПРАПАГАНДЫ. Яна – прычына адмовы ад нацыянальнай дзяржаўнай сімволікі і ўвядзення дзяржаўнага двухмоўя, устойлівай нелюбові да беларускай гісторыі і імкнення захаваць расійскія імперскія міфы. У гэтым прычына дзіўнай культурнай палітыкі, якая абувае беларускую культуру ў лапці. І прымушае маліцца чужым багам.

Гісторыя як крыніца зместу нацыянальнай ідэі

Незалежная, самастойная дзяржаўнасць ёсць стрыжнем нацыянальнай ідэі альбо абалонкай любой нацыянальнай ідэі. Але сама па сабе гэтая абалонка пустая, а таму бессэнсоўная. Яна павінна быць напоўнена тым зместам і тымі каштоўнасцямі, якія вылучаюць канкрэтную нацыю з шэрагу іншых, робяць яе самадастатковай і здольнай да самаразвіцця ва ўмовах канкурэнцыі з суседнімі нацыямі, чыннікам асабліва істотным у век бурнага развіцця сродкаў інфармацыі і камунікацыі.

І галоўным дзейнікам, які нават вонкава адрознівае адну нацыю ад другой, з’яўляецца мова. Нават яшчэ шырэй – культура. Вобраз жыцця. Але менавіта мова выступае не толькі як галоўны сродак духоўнага жыцця нацыі, але і як ГАЛОЎНЫ СРОДАК ЯЕ АБАРОНЫ, паколькі праз родную мову новыя пакаленні засвойваюць як нацыянальныя, так і агульналюдскія каштоўнасці.

Існасны ж змест нацыянальнай ідэі раскрывае гісторыя народу. Гэтае раскрыццё нечым нагадвае раскрыццё паняцця Бога. Першае яго імя Бог сам сказаў Майсею: “Аз есмь сый”. Што ў перакладзе з царкоўнаславянскага азначае: “Я той, які існуе”. Альбо Іегова па старажытнагабрэйску. Страшнае гэтае імя нельга было вымаўляць. І Бога, вызначаючы іншыя яго якасці, называлі Саваоф – Госпад сіл, Проста Госпад. Хрысціянскія тэолагі пераўтварылі праблему імён Бога ў цэлую навуку, выбудоўваючы бясконцы ланцуг станоўчых і адмоўных вызначэнняў. Бог ёсць святло. Бог ёсць любоў. Бог ёсць праўда і гэтак далей. Справядліва лічачы, што бясконца складанае паняцце трансцэндэнтнага Бога раскрываецца толькі ў працэсе пазнання.

Падобна да гэтага, нацыянальная ідэя раскрываецца і напаўняецца зместам праз гісторыю народу, праз геаграфію краіны, якую ён займае, праз этнагенэз.

Юрась Хадыка

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы