nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

БЕЛАРУСКАЯ НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ІДЭЯ ў КАНТЭКСЦЕ НАЦЫЯНАЛЬНЫХ ІДЭЙ СУСЕДНІХ НАРОДАЎ (частка ІІ; кБНІ)

24 кастрычніка, 2006 | Няма каментараў

Юрась Хадыка

Адкуль з’явіўся этнонім “беларусы”

Нашы далёкія продкі не былі этнічна аднастайнымі. Калі славянскія плямёны з’явіліся на тэрыторыі Беларусі, яны, як любыя мігранты, рассяліліся ўздоўж буйных рэк, якія ў тыя далёкія часы былі галоўнымі транспартнымі артэрыямі. Пры гэтым аўтахтоннае балцкае насельніцтва выціскалася на ўзвышшы, на водападзелы, у гушчар першабытных пушчаў. Цікава, што нашыя паўночныя суседзі і сёння завуць нас не беларусамі, а балтарусамі. І ў гэтым назове кансервуюць памяць аб глыбокай гісторыі.

У хуткім часе шайкі ваяўнічых скандынаваў праклалі праз Беларусь шлях “з варагаў у грэкі”  да сусветнага культурнага цэнтру – Царграда-Канстанцінопаля. Шлях больш зручны і бяспечны, чым па моры вакол усёй Еўропы. Паступова ён стаў шляхам гандлёвым, што спрыяла ўтварэнню гарадоў-дзяржаў, якія кантралявалі зносіны, багацелі і падрыхтавалі сваіх насельнікаў да буйной сацыяльна-культурнай рэвалюцыі, якую прынесла з сабою хрысціянства.

Летапісы сведчаць, што нашыя продкі мелі выбар – прыняць хрысціянства з Захаду ці Усходу. Даволі натуральна, што перамог Канстанцінопаль, а не Рым. Ён быў і бліжэйшым, і багацейшым. На яго баку была і тая перавага, што існавала ўжо літургічная літаратура на мове паўдзённых славян – мове, якую сёння мы завем стараславянскай. Мове, збольшага зразумелай для ўсходнеславянскіх плямёнаў у адрозненне ад лаціны.

Хрысціянства прынесла з сабою пісьменнасць і адукацыю, раней невядомыя рамёствы і сельскагаспадарчыя культуры. Упарадкавала права і дзяржаўны апарат. Раней гарады-дзяржавы кіраваліся вечам. Князь з дружынаю выконваў абмежаваныя функцыі і мог быць заменены вечам. Хрысціянства спрыяла ўсталяванню манархічнага дзяржаўнага ладу. Аднак рэшткі старажытных рэспубліканскіх парадкаў яшчэ доўга захоўваліся, напрыклад, у Полацку – першай гістарычна вядомай беларускай дзяржаве.

З хрысціянізацыяй славянскага насельніцтва даволі хутка пачынаюць знікаць імёны найбуйнейшых славянскіх плямён. У летапісах іх замяняе тэрмін “Русь”. З ХІХ ст. многія вучоныя біліся над таямніцай яго паходжання. Яго спрабавалі звязаць з племем Раксаланаў, якое згадвалі старажытныя гісторыкі Страбон, Пталемей і Тацыт. Са скандынаўскім племем, якое жыло на востраве Руген. З назвамі рэк ці азёр. Са светлымі валасамі і белай скураю ўсходніх славян і г.д. Але гэтыя гіпотэзы не давалі пераканаўчага тлумачэння хуткага і шырокага распаўсюджвання тэрміна “Русь”.

Толькі ў 1950-х гадах польскі гісторык-медыявіст з беларускім прозвішчам Пашкевіч абгрунтаваў тэорыю паходжання тэрміна “Русь” як вызначэння візантыйскай царкоўнай правінцыі славянскага абраду, для чаго рэлігійныя грэкі скарысталі згадку з Бібліі аб правадыру неакрэсленага паўночнага народу па імені Рош. Гіпотэза аб тым, што “Русь” ёсць хрысцільнае імя вялізарнай спалучнасці плямёнаў (у тым ліку і неславянскіх), не толькі здымае ўсе супярэчнасці ранейшых гіпотэз, але і знаходзіць непасрэднае пацверджанне ў летапісах.

Такім чынам, “Русь” – не этнонім, а канфесіёнім, нададзены грэкамі сваёй паўночнай царкоўнай правінцыі. Ён азначае прыналежнасць да пэўнай хрысціянскай канфесіі і мовы багаслужбы. Толькі з цягам часу ён набывае характар этноніма. Але і да сёння захоўвае рэшткі сваёй першапачатковай прыроды: тады, калі этнонімы “паляк”, “немец”, “француз” і г.д. перадаюцца назоўнікамі, то “рускі” – прыметнікам.

У пачатку ХІІІ ст. усходнеславянская дзяржаўнасць перажывае глыбокі крызіс. Княствы драбяцца і варагуюць паміж сабою. З усходу нарастае пагроза татара-мангольскага нашэсця. І тады ў заходняй частцы Беларусі паўстае новая дзяржава – Вялікае княства Літоўскае і Рускае са сталіцай у Навагрудку. Паўстае на землях, заселеных язычніцкім паганскім насельніцтвам, але са сталіцай у памежным рускім горадзе. І гэта натуральна. Дынастыя – паганская, але пабудаваць моцную дзяржаву без удзелу хрысціянскага насельніцтва ўжо немагчыма. Мова рускага насельніцтва становіцца дзяржаўнай мовай Вялікага княства, што і выклікае хуткую асіміляцыю літвы – племені, верагодна, балцкага, роднаснага жамойтам – продкам сучасных летувісаў. Аднак сама Жамойція захоўвае сваю самастойнасць яшчэ амаль 200 гадоў і ўваходзіць на правах аўтаноміі ў склад Вялікага княства толькі ў пачатку ХV ст. і ўжо прыняўшы хрысціянства на заходні ўзор, што і дазваляе ёй пазбегнуць асіміляцыі.

Цікава, што сам заснавальнік Вялікага княства – Міндоўг – быў хрысціянінам, як і ягоны сын Войшалк, які спыніў першую грамадзянскую вайну ў гісторыі Беларусі. Яна выбухнула паміж паганцамі і хрысціянамі адразу пасля смерці Міндоўга і скончылася кампрамісам. Уладная дынастыя засталася паганскай, што гарантавала міжканфесійны мір, а дзяржаўная мова і дзяржаўны апарат – рускім, гэта значыць хрысціянскім. Так склалася ўнікальная магутная дзяржава – поліэтнічная, поліканфесійная, якая стала калыскаю трох народаў – беларускага, украінскага і літоўскага.

Разам з тым яшчэ да ўтварэння ВКЛ паўстала неабходнасць дыферэнцыяцыі – рознага абазначэння асобных рэгіёнаў агромністай тэрыторыі, якая ахоплівалася тэрмінам “Русь”. Для гэтага была выкарыстана колеравая геаграфічная сімволіка. Усходняя частка Русі стала называцца Белаю. Заходняя – Чорнаю. А паўдзённая – Чырвонаю. У ХІІ ст., напрыклад, Уладзімірскае княства было на тэрыторыі Белай Русі.

Аднак лёс гэтых тэрмінаў – “Белая”, “Чорная” і “Чырвоная Русь” – аказаўся розным. Калі ўсходнія рускія княствы трапілі пад панаванне татара-манголаў, “Белая Русь” перамясцілася на захад, замацаваўшыся на тэрыторыі сённяшніх Віцебскай, Магілёўскай і Смаленскай абласцей. “Чорная Русь” пакрылася тэрмінам “Літва”. “Чырвоная” стала “Украінай”. Але толькі пасля таго, як з канца ХІІІ ст. да славутай бітвы на Сініх Водах не была адваяваная ў татараў Вялікім княствам. Лёгка заўважыць, што рускія землі, якія трапілі пад чужынскае панаванне, гублялі права называцца Руссю. І Украіна была ўскраінай не для Маскоўскага княства, а для ядра Вялікага княства Літоўскага і Рускага, якое тэрытарыяльна супадае з сённяшняй Беларуссю.

Яшчэ дзве грамадзянскія вайны паміж партыямі – каталіцкай (католікі з’явіліся пасля хрышчэння паганскага насельніцтва Вялікім князем Ягайлам) і праваслаўнай – у пачатку княжання Вялікага князя Вітаўта і пасля ягонай смерці мелі ўжо выразны характар барацьбы за нацыянальную, дзяржаўную самастойнасць. Яны таксама скончыліся кампрамісам. Узаемна былі прызнаныя правы на існаванне дзвюх галоўных хрысціянскіх канфесій. Выпрацаваны юрыдычныя нормы суіснавання. Прынцып спадчыннай улады стаў выціскацца прынцыпам выбарнасці манарха, які меў выканаўчую ўладу, кіраваў войскам і замежнымі справамі. Аднак заканадаўчая ўлада паступова канцэнтравалася ў руках калегіяльнага органа – Найвышэйшай Рады, а потым Сойма. Краіна набывала выразныя рысы арыстакратычнай рэспублікі. Выпрацоўваліся прававыя нормы, прынятыя зараз усім цывілізаваным светам: прыняцце рашэнняў кансэнсусам (у нашай гісторыі вядомае  як liberum veto), непарушнасць закону (прынцып “старыны не рушыць”) і г.д.

Канчаткова беларуская нацыя афармляецца паміж 1492  і 1569 гг. У канцы ХV ст. падчас першай буйной вайны паміж Вялікім княствам Літоўскім і рэзка ўзмоцненым Вялікім княствам Маскоўскім да апошняга адышлі вялізарныя ўсходнія тэрыторыі, заселеныя выключна праваслаўным (“рускім”) насельніцтвам, удзельныя князі якога згубілі надзею схіліць вагі дзяржаўнай улады на сваю карысць. У 1569 г. украінскія дэлегаты на Люблінскім Сойме, які абмяркоўваў лёс саюзу польскага каралеўства і Вялікага княства пасля смерці апошняга прадстаўніка агульнай дынастыі Ягелонаў, добраахвотна прагаласавалі за далучэнне да Кароны. Тэрыторыя ВКЛ скарацілася да тэрыторый сучасных Летувы і Беларусі. Гэта была дзяржава з агульнай дзяржаўнай мовай, адміністрацыяй, гаспадаркай, межамі, войскам, валютай і г.д. Усімі тымі прыкметамі, якія этналогія лічыць прыкметамі нацыі. Не выпадкова, што менавіта ў гэты час адбываецца кадыфікацыя права і што апошні Статут ВКЛ 1588 г. – не ацэнены да канца шэдэўр юрыдычнай думкі – з’яўляецца фактычна першай у Еўропе канстытуцыяй свецкай дзяржавы, якая ўсталёўвае роўнасць у правах усіх “людзей паспалітых” незалежна ад іх веравызнання і нацыянальнасці.

Зразумела, што гэта яшчэ не дэмакратыя. Свабода і “правы чалавека” тычацца толькі шляхты і гараджан з маўмасцю. Аднак не трэба і забывацца, што Заходняя Еўропа будзе яшчэ 70 гадоў сатрасацца ў грамадзянскіх рэлігійных войнах, пакуль не дасягне таго ж самага. А ў Расеі саслоўная дэмакратыя спозніцца яшчэ на 300 год, а рэлігійная верацярпімасць не наступіць ніколі. Беларусь жа з ХVІ ст. стала прытулкам для ўсіх гнаных. Сюды беглі пратэстанты з Польшчы і каталікі са скандынаўскіх краін, стараверы з Расіі і габрэі адусюль, дзе іх пераследавалі. Менавіта Беларусь, а не Карона стала той краінай, дзе талерантнасць – рэлігійная і светапоглядная цярпімасць – набыла ўпершыню грамадзянства, стала адметнаю рысаю нацыянальнай культуры.

Культуратворчая роля Уніі

Менавіта узгадаваная стагоддзямі талерантнасць спрычынілася да поспеху рэлігійнай Уніі. Хлусяць тыя гісторыкі, якія сцвярджаюць, што Унія ўводзілася сілай. Дзе яна і сустрэла супраціўленне, то гэта на Украіне. Беларусь жа яна ахапіла амаль вокамгненна і стала веравызнаннем 80% яе насельніцтва, пакінуўшы за сваімі межамі акаталічаную шляхту ды невялікія купкі дысідэнтаў – праваслаўных і пратэстантаў. Уніяцкая культура сталася народным варыянтам сармацкай культуры беларускага набілітэту, комплекс якой склаўся яшчэ ў ХVІ ст.

Сармацкая культура – гэта рыцарская культура, арэал распаўсюджання якой ахопліваў і Літву, і Польшчу, і Украіну. Яе адметнымі рысамі-слоганамі, як гавораць сёння, – сталі такія выразы, як “залатая вольнасць”, “пан-брат”, а таксама глыбокая рэлігійнасць, патрыятызм і культ жанчыны.

“Залатую вольнасць” нашыя продкі баранілі са зброяй у руках. Як у войнах са знешнім агрэсарам, так і ў межах сваёй краіны, калі паўставалі спробы яе абмежаваць. Яшчэ ў пачатку ХVІ ст. паэт-лацініст Мікола Гусоўскі пісаў, што “мы сплываем крывёю”, баронячы хрысціянскі Захад ад мусульманскай навалы з Усходу. Лічылася сорамам памерці ў сваім ложку, а не на ратным полі.

Асабістая годнасць адчувалася вельмі востра. Таму шляхціч, у якога былі толькі конь ды шабля, меў права звярнуцца да караля і Вялікага князя са словамі “пан-брат” і ў адказ пачуць такія ж словы. Для манархічнай Расеі гэткія стасункі былі настолькі дзіўнымі, што ганаровую формулу яны перарабілі ў “панибратство”.

Адчуванне свабоды і годнасці спараджала гонар і любоў да радзімы, якая, у сваю чаргу, мацавалася рэлігійнасцю. Сапраўднай і шчырай, а не вонкавай і фармальнай, таму што побач суіснавалі розныя канфесіі і нават веры. Заўсёды быў магчымы свабодны выбар. Таму нашыя продкі адчувалі сябе фарпостам сапраўднага хрысціянства. Верацярпімасць спараджала больш глыбокую і асэнсаваную веру, чым у монаканфесійных суседзяў.

Менавіта гэтую рысу і развіла Унія. Яна зрабіла сваім ідэалам першапачатковае хрысціянства з яго прастатою і блізкасцю да народных густаў. З яго павагаю да ведаў і працалюбствам. З яго любоўю да прыроды, якая мяжуе з пантэізмам. З яго незакамплексаванай адкрытасцю культурным уплывам. Унія сфармавала беларускую народную культуру і сацыяльную псіхалогію. Упартасць, цярплівасць і працалюбства сталі вызначальнымі яе рысамі. Па выніках першага і апошняга перапісу царскага часу колькасць адукаваных людзей у Беларусі ўдвая перавышала сярэдні ўзровень па імперыі і была вышэйшая чым у Польшчы. У беларускім фальклоры захавалася столькі багата рэліктаў паганскага абагаўлення прыроды, як ні ў аднаго еўрапейскага народу.

Але галоўны вынік Уніі ў тым, што яна канфесійна-тэрытарыяльны тэрмін “Белая Русь” пераўтварыла ў этнонім, заклаўшы ў яго зусім іншы сэнс – “чыстая, святая, сапраўдная Русь”. Першапачатковая Русь, калі хрысціянства было адзіным, а не паколатым на варожыя плыні. І гэтым яна аддзяліла беларусаў ад рускіх. Ужо ў маскоўскіх дакументах ХVІІ ст. нашых продкаў згадваюць пад двайным вызначэннем –  літвін-беларусец. Першая частка паказвае грамадзянства, другая – нацыянальнасць. Праз 200 гадоў імператар Мікалай І, ажыццяўляючы палітыку дэнацыяналізацыі беларусаў, ужо пасля забароны Уніі загадвае называць наш край не Беларуссю, а Паўночна-заходнім краем, пацвярджаючы, што “беларус” – не канфесіёнім, а этнонім. Таму вельмі мудра зрабілі дзеячы першага беларускага Адраджэньня, спыніўшы свой выбар на этноніме “беларус”. Свядома ці не, але яны дзейнічалі ў адпаведнасці з прынцыпам нацыянальнай культуры – старыны не рушыць, навіны не ўводзіць. Назва “Беларусь” найлепшым чынам акумулюе ўсю нашу складаную духоўную гісторыю.

Цяжкасці нацыянальнай самаідэнтыфікацыі беларусаў

На жаль, цяжкасці нацыянальнай самаідэнтыфікацыі беларусаў таксама маюць працяглую гісторыю. ХVІІ стагоддзе – час амаль няспынных спусташальных войнаў з агрэсарамі з поўдню, поўначы і ўсходу – стала стагоддзем паступовага акаталічвання беларускага набілітэту. Ва ўмовах талерантнасці і пашырэння культурнага ўплыву з Захаду ў галіне адукацыі і гаспадаркі гэта не было б само па сабе небяспечным, калі б у самым канцы стагоддзя ён не набыў характару апалячвання. Пазбаўленне беларускай мовы статусу дзяржаўнай у 1696 г. паспрыяла шырокаму пранікненню польскай культуры ў шляхецкія асяродкі і беларускія гарады. Паміж беларускай элітай і беларускім народам паўстаў трагічны бар’ер – розніца ў мове. Па нацыянальнай самасвядомасці быў нанесены цяжкі ўдар.

Аднак нацыянальная эліта не можа існаваць ізалявана, не падпіраючыся лепшымі выхадцамі з народу. Калі пропускам у эліту стала адмаўленне ад роднай мовы, гэтая жывая сувязь саслабла. Самазамкнёная эліта стала адчуваць сябе палякамі, хаця непасрэдная міграцыя этнічных палякаў была забаронена законам.

На момант падзелаў Рэчы Паспалітай беларуская шляхта адчувала сябе патрыётамі Літвы, а не беларусамі. Царская палітыка русіфікацыі Беларусі, якая ажыццяўлялася брутальнымі сілавымі метадамі, толькі паспрыяла апалячванню беларускай эліты. Выхаваная на ідэалах свабоды і рэспубліканскага ладу, яна проста не магла ўспрыняць манархічныя, рабскія традыцыі расійскай культуры. Таму паступова стала губляць нават літоўскі патрыятызм, замяняючы яго польскім, які толькі ўзмацняўся ў выніку крывавых распраў з удзельнікамі вызвольных паўстанняў.

Забарона Уніі ў 1839 г. павялічыла колькасць беларускіх “палякаў”, бо меньшая частка ўніятаў, ратуючыся ад маскоўскага гвалту, стала аддаваць перавагу каталіцызму перад расійскім праваслаўем. Дабіваючы беларускую нацыю, царскі ўрад закрываў Віленскі ўніверсітэт і ліквідаваў нацыянальную сістэму адукацыі. Да канца ХІХ ст. беларуская нацыя ўжо перастала існаваць. Існаваў толькі беларускі народ. Таму існасцю нацыянальнай ідэі беларусаў, падобна як у чэхаў, славакаў, балгар і іншых панявольных народаў, становіцца нацыянальна-культурнае Адраджэньне, стварэнне нацыянальнай эліты і заваёва незалежнай дзяржаўнасці.

У выніку 1-й сусветнай вайны і бальшавіцкай рэвалюцыі ў Расіі беларускі народ здолеў стварыць сваю дзяржаву. Але вырвацца з абдымкаў апошняй імперыі не ўдалося. Палітыка русіфікацыі, хай і пад новымі лозунгамі, працягвалася. Яна спалучала як гвалтоўныя метады, так і метад культурнай экспансіі. Зноў галоўнаю перашкодаю стала беларуская мова і беларуская гісторыя. Таму былі фізічна знішчаны людзі, што ажыццяўлялі палітыку беларусізацыі ў 1920-х гадах. Таму беларуская гісторыя была скажоная да непазнавальнасці, і ў савецкія часы было лепш звяртацца да прац расійскіх гісторыкаў ХІХ ст., чым савецкіх. Першыя хлусілі меней.

Камуністы ўсё ж мусілі стварыць беларускую эліту. Зрусіфікаваную, рускамоўную, пазбаўленую гістарычнай памяці, “тутэйшых”, а не беларускіх патрыётаў. Мы вянуліся ў стан, характэрны для канца ХVІІІ ст. Гэтая эліта і стала галоўнай перашкодаю на шляху другога беларускага Адраджэньня. Разам з вялікай доляй зрусіфікаванага насельніцтва.

Да шырокага распаўсюджання расійскай мовы прычынілася не столькі перавага расійскай культуры над беларускай, як гэта сцвярджаюць сённяшнія “западнорусы”, а палітыка “железного занавеса” – ізаляцыі ад сусветнай культуры, а таксама заглушэнне натуральнага развіцця беларускай мовы ды электронныя СМІ. Даволі цяжка чалавеку, які выхаваны на “Казцы пра цара Салтана”, “Залатым пеўнічку”, “Казцы пра папа і работніка яго балду”, зразумець, што Адам Міцкевіч не горшы, а лепшы паэт, чым Аляксандр Пушкін. Ужо таму, што ён паэт свабоды, што ён апяваў гісторыю твайго народу і прыгажосць твайго краю. Тым болей, што большасць аматараў расійскай культуры проста не чытала А.Міцкевіча з-за практычнай адсутнасці яго беларускіх перакладаў.

Таму беларуская  нацыянальная ідэя – гэта не толькі форма і змест, але і працэс. Працэс заваёвы і ўмацавання незалежнай дзяржаўнасці, засваення элітай нацыянальна-культурнай спадчыны, прапаганды яе каштоўнасцяў, як нормаў і стэрэатыпаў сацыяльных паводзінаў, якія адны толькі ў стане разняволіць творчы патэнцыял народу, дазволіць яму дасягнуць годнага жыцця як у матэрыяльным, так і духоўным плане. Толькі душэўная гармонія, самапавага, упэўненасць у сваіх сілах, адчуванне адзінства здольныя надаць грамадству сілы, неабходныя для пераадолення крызісу ва ўсіх сферах жыцця, натхніць на цяжкую працу ў пабудове заможнай дынамічнай краіны, для якой будуць адчынены дзверы ў Еўрапейскую супольнасць. І наогул у будучыню.

Палітыка ж і прапаганда сённяшняга рэжыму скіраваныя проста ў супроцьлеглым кірунку. Карпатліва і настойліва рэжым настройвае адну частку народу супроць другой. Праваслаўных супроць католікаў. Іх абодвух супроць пратэстантаў. Беларускамоўных супроць рускамоўных. Ветэранаў супроць моладзі. Прыхільнікаў рэформаў супроць прыхільнікаў “аднаўлення разарваных сувязяў”. Славян супроць астатніх, адначасна імкнучыся інтэгравацца ў краіну, дзе кожны трэці ніколі не быў і не хоча быць “рускім”. Гэта не толькі неканструктыўна і памылкова. Гэта – злачынная і цынічная палітыка, якая пагражае самому існаванню беларусаў. Таму беларуская нацыянальная ідэя яшчэ і зброя ў барацьбе з дыктатарскім антынародным рэжымам. Шлях да аднаўлення законнасці і правапарадку. Як любая ідэя, яна належыць кожнаму, хто яе разумее. І мы бачым, як яна становіцца сцягам у змаганні за дэмакратыю ў Беларусі.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы