nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

«Яму застаецца альбо прыняць нашу канцэпцыю, альбо застацца ў гісторыі блазнам…» (такая «апазіцыя»)

28 кастрычніка, 2006 | Няма каментараў

Алесь Астроўскі

Нядаўна радыё «Свабода» падала інтэрвю-дыскусію лідараў «аб’яднанай апазіцыі» А.Мілінкевіча і А.Лябедзькі па пытаньнях далейшай дзейнасьці гэтай структуры (гл. http://www.svaboda.org/articlesprograms/pragueaccent/2006/10/94f77538-5d0e-4405-aae7-b108b5166b03.html). Пасьля таго, як на працягу году прапагандавалася неабходнасьць «адзінства апазіцыйных сіл», а потым адбылося іх «аб’яднаньне», загаловак вышэйазначанага матэрыялу выглядае вельмі красамоўным «Ці магчымае і ці патрэбнае адзінства дэмакратычных сілаў?» (мы нічога не прыдумваем, кожны можа праверыць!). У сувязі з дадзенай падзеяй мы зьвярнуліся да нашага рэдактара з просьбай пракаментаваць гэтае інтэрвю. Вось яго адказ.
Сябры рэдакцыі.

1.JPG

Па-першае,
трэба сказаць, што больш году таму я асабіста папярэджваў Мілінкевіча пра тое, што яго спадзяваньні аб’яднаць апазіцыю у яе цяперашнім кадравым складзе (тое, што ён яе можа ўзначаліць сумненьняў амаль не было), каб скарыстаць для атрыманьня нейкага станоўчага выніку, бесперсьпектыўныя. Можа адбыцца толькі фармальнае аб’яднаньне, напрыклад, вакол грошай (пад выглядам, што вакол яго – Мілінкевіча), якія могуць паступіць на выбарчую кампанію. Аднак па-сапраўднаму абаперціся на гэтых людзей ён ня зможа. Як толькі наступіць крытычны момант, усе гэтыя лябедзькі, шмедзькі, вінцучкі, пацучкі тут жа пад ім усё разваляць. Знойдуць які-небудзь прэтэкст і разваляць…

Менавіта гэта – кадравы склад тых, зь кім ён зьбіраўся рабіць агульную справу – паслужыла першай прычынай, з-за якой я адмовіўся ўдзельнічаць у камандзе і кампаніі А.Мілінкевіча. Другой прычынай паслужыла тое, што ён так і ня здолеў усьвядоміць значэньне прапанаванай яму на працягу шмат гадоў (пачынаючы з 2000-га году) стратэгіі. Я прапанаваў спачатку стварыць ПРАГРАМНЫ ВОБРАЗ БУДУЧАЙ БЕЛАРУСКАЙ ДЗЯРЖАВЫ (натуральна, на аснове нацыянальнай ідэі, натуральна, коштам інтэлектуальнай працы прадстаўнікоў беларускай нацыянальнай эліты; дарэчы, і досьвед такой дзейнасьці ў Гародні меўся), а ўжо затым абіраць «адзінага» ці абірацца «адзіным» ПАД ЯЕ, ДЛЯ ЯЕ РЭАЛІЗАЦЫІ. Тлумачэньне было простым: кожны (!) ўдзельнік дэмакратычнага руху павінен дакладна ведаць, за што і супраць чаго ён змагаецца. У падсьвядомасьці кожнага дэмакратычнага актывіста павінна цалкам адсутнічаць пагроза, што як толькі апазіцыйныя лідары дарвуцца да ўлады, яны яго адразу «кінуць». Акрамя таго, кожны (!) ўдзельнік дэмакратычнага руху павінен аднолькава тлумачыць грамадству сітуацыю, якая склалася ў Беларусі, што пры гэтым трэба рабіць, і як яно будзе рабіцца. Без гэтага проста немагчыма перамагчы дыктатарскі рэжым – тлумачыў я (дарэчы, вось ужо больш паўгады існуе наш сайт, а мы ўсё працягваем і працягваем казаць пра нашу праграму).

Мілінкевіч жа вырашыў пайсьць прынцыпова іншым шляхам, на мой погляд заранёў памылковым. Ён вырашыў спачатку стаць афіцыйным лідарам «аб’яднанай апазіцыі», а ўжо затым, абапіраючыся і на сваю пазіцыю «адзінага» і на свой шарм, прымусіць «апазіцыю» рабіць тое, што трэба – у тым ліку распрацоўваць стратэгіі, праграмы, канцэпцыі. Тое, што гэты шлях быў памылковым, для мяне было відавочна. Немагчыма і бессэнсоўна будаваць каменны Храм, абапіраючыся на цалкам  спарахнелы драўляны падмурак…

Ня буду хаваць, за паўгады да выбараў Мілінкевіч двойчы асабіста прапанаваў мне ўвайсьці ў яго каманду, у тым ліку і для таго, каб удзельнічаць у распрацоўцы Праграмы будучай Беларусі. На што я вымушаны быў яму адказаць, што я яго занадта шмат да гэтай пары ўгаворваў прыняць удзел у дадзенай справе (больш за 5 гадоў!) і рэгулярна з адмоўным вынікам. Ён не ўгаворваўся. Таму ў мяне няма даверу да яго цяперашняй (на той час) згоды. І акрамя таго, паўгады да выбараў – гэта занадта малы тэрмін, каб распрацаваць што-небудзь зьмястоўнае… Дарэчы, зноў зьвяртаю ўвагу, 5 гадоў я захоўваў спадзяваньне, што ўгаворамі, тлумчэньнямі, аргументамі можна аб’яднаць беларускую эліту, каб пачаць рабіць тое, што трэба. Цяпер тактыка памянялася. Мы – усе сябры нашай невялікай рэдакцыі – нічога асабліва не чакаем, нікога асабліва не ўгаворваем, а проста робім самі, што трэба. Няхай іншыя далучаюцца…

Другое,
прайшоў год, і мы бачым, як Лябедзька імкнецца ўсімі сіламі падарваць аўтарытэт Мілінкевіча ў кааліцыі, а, калі ўдасца, і замяніць яго на пасадзе «адзінага». Дарэчы, Лябедзька пачаў рабіць гэтую справу яшчэ да выбараў, адразу пасьля Дэмкангрэсу, а цяпер проста актывізаваўся. Новы прэтэкст, які ён знайшоў – неабходна правядзеньне чарговага Дэмкангрэсу, бо, маўляў, «старыя дамоўленасьці скончыліся». Найбольш цікавае ў «аб’яднанай апазіцыі» тое, што цяпер яшчэ і Вячорка катэгарычна – пад пагрозай выключэньня з шэрагаў арганізацыі – забараніў сябрам БНФ уступаць у рух Мілінкевіча «За свабоду»! Да гэтай пары БНФ быў адзінай сілай, якая найбольш пасьлядоўна падтрымоўвала «адзінага» ў «аб’яднанай апазіцыі».

Прынамсі, Мілінкевіч абсалютна правы, калі патрабуе ўзмацненьня сваіх паўнамоцтваў. Ён разумее, што калі гэтага не адбудзецца, ён ня толькі нічога не здолее зрабіць, а і адбіцца ад усіх будучых абвінавачваньняў у сувязі з будучымі ганебнымі праваламі ён ня здолее (іх і ў мінулым ужо больш чым  дастатакова). Яго пазіцыя фармальнага лідара «аб’яднанай апазіцыі», але без рэальных паўнамоцтваў, ператворыцца ў вельмі непрыемную пазіцыю хлопчыка для біцьця. На яго павесяць усіх «здохлых кошак і сабак», у тым ліку тых, у якіх ён ня будзе вінаваты. Падставяць па поўнай… Ён абсалютна правільна кажа, што для змаганьня супраць дыктатуры патрэбна войска, падпарадкаванае прыцыпу жорсткага адзінаначальля.

У выніку, у адказ Мілінкевіч пагражае (ігнаруючы будучыя абвінавачваньні, што менавіта ён – «адзіны» – разваліў такую выдатную, такую моцную «адзіную апазіцыю»), абы вырвацца з пасткі, у якую папаў, што выйдзе з «аб’яднанай апазіцыі» (зьвярніце ўвагу, мы заўсёды пісалі гэтыя словы ў дзьвюкосьсях) і пачне дзейнічаць па стратэгіі, распрацаванай у свой час для «Рэгіянальнай Беларусі». А гэта ўжо поўны распад аб’яднанцаў, поўнае фіяска! І… дакладна тое, пра што я яго папярэджваў больш за год таму…

А што ён можа супрацьпаставіць, на што абаперціся? На словы «я харошы, я – прыгожы…»? Якія ў яго ёсьць апоры, каб паказаць дэмакратычным актывістам сваю правату і перавагу. Няма ідэалогіі, сьветагляду, праграмы – няма і падмурку! Ня можам жа мы лічыць апорай «праграму адзінага», распрацаваную Лябедзькам і Раманчуком пад адбылую прэзідэнцкую кампанію памерам  дзьве старонкі, дзе няма нават словаў «беларускі народ»!

Трэцяе.
Што на мой погляд мог бы зрабіць Мілінкевіч цяпер, каб захаваць свой твар?

Да чарговых выбараў застаецца 4,5 гады (не зьвяртайце ўвагі, што аб’яднанцы абяцалі вам зваліць рэжым праз год-паўтара пасьля выбараў, якія яны правалілі – гэта была іх чарговая хлусьня і яна ім залічыцца). Гэтага часу дастаткова, каб зрэалізаваць стратэгію, запрапанаваную нашай рэдакцыяй. У Мілінкевіча зноўку зьяўляецца выбар: альбо прыняць нашу канцэпцыю і далучыцца да нас, альбо канчаткова застацца блазнам у гісторыі…

Мы заўсёды адкрытыя для супрацоўнітцва з усімі беларускімі патрыётамі. Але бываюць абставіны, якія паказваюць, што той, хто выстаўляе сябе «беларускім патрыётам», на самой справе такім не зьяўляецца. Рэальнае жыцьцё – найлепшы крытэр ісьціны – здольна раскрываць сутнасьць кожнага выдатна…

Таму я вымушаны нагадаць, што пачынаючы зь леташняга версьня і да пачатку гэтага 2006 году тройчы зьвяртаўся да Мілінкевіча з прапановай сустрэцца для абмеркаваньня магчымага супрацоўніцтва. Ён таксама своечасова атрымаў мой артыкул «Наша галоўная праблема – этнацыд, наша мэта – беларуская дзяржава», усе 42 старонкі (хто жадае прачытаць артыкул, гл., пачынаючы ад https://www.nashaziamlia.org/2006/04/04/14/). Больш за тое, ён сам па тэлефоне двойчы абяцаў прыехаць у Гародню і пагаварыць. Вынік: за год так і не сустрэліся і не пабачыліся. Тусоўка аб’яднанацаў, безвыніковыя паездкі па еўропах для яго аказаліся важнейшымі. Што ж, кожны сам гаспадар свайго лёсу…

Таму пакуль мы яшчэ можам запрапанаваць Мілінкевічу супрацоўніцтва. Але пройдзе пэўны час, мы і гэтага зрабіць ня зможам. Трэба ж мець годнасьць, трымацца прынцыпаў. Ва ўсялякім разе, больш званіць яму я не намераны…

2.JPG


Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы