nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Улады Беларусі й сьвятары РПЦ МП разам аказваюць ціск на прыхаджан РПЦЗ(Л)

30 кастрычніка, 2006 | Няма каментараў

(паводле сайтаў rsnews.net, www.svaboda.org, “Портал-Credo.Ru”)

���ак�а��-��в��а��.jpg

Беларускія дзяржаўныя афіцыйныя асобы разам са сьвятарамі Рускай Праваслаўнай Царквы Маскоўскай патрыярхіі (РПЦ МП) робяць ціск на прыхаджан Рускай Праваслаўнай Царквы замежнай (РПЦЗ(Л)) з тым, каб яны адклікалі свае подпісы з заяў на дзяржаўную рэгістрацыю ўласнай суполкі дзеля легальнай рэлігійнай дзейнасьці.

Адпаведна абмежавальнаму Закону аб рэлігіях 2002 году, які быў падтрыманы Беларускай Праваслаўнай Царквой Маскоўскага патрыярхата (фактычны філіял РПЦ МП), дзяржаўная рэгістрацыя абавязковая для ўсіх рэлігійных суполак, а незарэгістраваная рэлігійная дзейнасьць (насуперак міжнародным стандартам у правох чалавека) лічыцца незаконнай.

У рамках працэдуры для рэгістрацыі рэлігійнай суполкі падпісаць заяву і падаць свае анкетныя даныя – поўныя імёны, даты нараджэньня, адрасы і г.д. – павінна па меньшай меры 20 беларускіх грамадзян. Калі затым адклікаецца хаця б адзін подпіс, рэгістрацыйны працэс трэба пачынаць ад пачатку.

Са жніўня г.г. ў Бярэсьці сьвятары РПЦ МП наведвалі кватэры тых, хто падаў свае даныя для рэгістрацыі прыходу РПЦЗ(Л) і «ўгаворвалі іх адклікаць свае подпісы – на іх аказваўся вельмі моцны ціск», – заявіў япіскап Таўрычскі й Адэскі РПЦЗ(Л) Агафангел (Пашкоўскі). Чыноўнікі, якія адказваюць за рэгістрацыю, напэўна перадалі сьвятарам Маскоўскай патрыярхіі даныя на людзей, якія зьяўляюцца прыхаджанамі РПЦЗ(Л).

Служкі Маскоўскай патрыярхіі пагражалі людзям, якія падалі свае асабістыя даныя для рэгістрацыйных заяваў для двух прыходаў РПЦЗ(Л) у прыгарадах Бярэсьця, расказаў сьвятар РПЦЗ(Л) Іаан Грудніцкі. Айцец Іаан паведаміў таксама, што гэтыя сьвятары РПЦ МП й іх памагатыя заяўлялі яго – Грудніцкага – прыхаджанам, што РПЦЗ зьяўляецца нібыта «незаконнай, некананічнай сектай» і што, калі яны працягнуць кантактаваць зь ёй, ім ня будзе дазволена наведваць маскоўскія цэрквы, і тым больш прычашчацца ў іх. У выніку, па яго словах, некаторыя прыхаджане РПЦЗ(Л) адклікалі свае подпісы з рэгістрацыйнай заявы. А. Іаан таксама (як і япіскап Агафангел) сьцьвярджае, што урадавы орган, які займаецца рэгістрацыяй рэлігійных арганізацый – Камітэт па справах рэлігій – перадаў адпаведную інфармацыю з рэгістрацыйных заяваў прыходаў у мясцовую япархію Маскоўскай патрыярхіі.

Між тым сьвятары РПЦ МП у час спробы ўзяць у іх інтэрвю настойваюць, што ім невядома пра існаваньне яшчэ якой-небудзь праваслаўнай супольнасьці ў Берасьцейскай вобласьці, акрамя як супольнасьці Маскоўскага патрыярхату. На пытаньне, чаму яны супрацоўнічаюць зь дзяржаўнымі  афіцыйнымі асобамі, пераконваючы людзей не пераходзіць у іншую праваслаўную юрысдыкцыю, святары адказваюць, што яны «падпарадкоўваюцца свайму япіскапу, а не чыноўнікам».

У сакратарыяце Брэсцкай япархіі РПЦ МП таксама настойваюць, што сьвятары япархіі ніяк не маглі сустракацца з прыхаджанамі РПЦЗ(Л), таму што «іх проста не існуе – тут няма ніводнага зарэгістраванага прыхода РПЦЗ», і раяць па ўсіх пытаньнях зьвяртацца ў Камітэт па рэлігійных справах.

Аналагічны ціск аказваецца, па словах баптыстаў і пяцідзесятнікаў, і на іх суполкі. Адзін з баптыстаў распавёў, як мясцовыя чыноўнікі пагражалі ўсім 20 сябрам новай царквы, якія лічыліся ў сьпісе. «У сельскай мясцовасьці людзі залежаць ад іх у тым, што могуць пазбавіцца дроваў, торфа альбо каня, каб успахаць зямлю – яны баяцца страціць гэта і адклікаюць свае подпісы», – паведаміў ён.

Ад рэдакцыі.
З дадзенага і папярэдняга матэрыялаў добра відаць, што расейская імпербюракратыя праводзіць у Беларусі сваю паразітычна-дэструктыўную палітыку, ськіраваную на анэксію нашай дзяржавы, па некалькіх кірунках. Яна ня толькі накінула нам «свайго прэзідэнта», ня толькі амаль татальна захапіла культурна-інфармацыйную прастору (найперш, тэлебачаньне), ня толькі праводзіць рукамі мясцовых бюракратаў-здраднікаў этнацыд беларусаў, а і, як бачым,  імкнецца праз сваю РПЦ МП манапольна падпарадкаваць усіх праваслаўных, іншых хрысьціян сабе.

З гэтай нагоды варта заўсёды памятаць, што найбольш натуральнай для Беларусі зьяўляецца Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква (БАПЦ). На сёньня толькі яна адкрыта падтрымлівае беларускую дэмакратычную апазіцыю. Апошнім фактам ў пацьверджаньне сказанага зьяўляецца тое, што на сёлетніх мерапрыемствах у Курапах разам з сотнямі іншых прадстаўнікоў сапраўднай беларускай апазіцыі прысутнічаў і чытаў малітву, завяршаючы мерапрыемства, сьвятар БАПЦ айцец Леанід Акаловіч.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы