Нядаўна радыё «Свабода» арганізавала інтэрнэт-канферэнцыю з лідарам г.зв. незарэгістраванай арганізацыі «Малады фронт» Паўлам Северынцам, які адбывае «пакараньне» на паўночным усходзе Беларусі. Нам падалося важкім адно разгорнутае пытаньне, якое задаў чалавек, які падаў сябе як Казімір Барыла. Паколькі сьветагляд гэтага чалавека па ўзьнятым ім пытаньні цалкам адпавядае нашаму, мы вырашылі зафіксаваць яго. Фактычна атрымалася ілюстрацыя да аднаго з пунктаў наша ідэалогіі, які тычыцца паразітычнай бюракратыі, складзенай зь безнацыянальных, шэранькіх мясцовых…
Рэдакцыя.
Ёсьць клясычная сытуацыя, бадай тыповая для любога беларускага райцэнтра: адзін дзядзька дзесяцігодзьдзямі кіруе райсаветам, ягоны родны брат – палкоўнік міліцыі, родная сястра – дырэктар школы, іх дзеці, нявесткі, зяці – загадваюць банкамі, супэрмаркетамі… Ствараецца ўражаньне непахіснага КЛАНА, які валодае ўсім і ўся, нават, тваім лёсам. Яны лічаць сябе ўвасабленьнем дзяржавы. Хай бы той клан існаваў адзін у невялікім горадзе. Але – іх некалькі. Можна ізноў пачаць адлік, цяпер ўжо ад “мэра”. Усё тое самае: брат, сват, сястра, цешча – займаюць ключавыя пазыцыі ў шпіталі, у іншым банку, гандлі, вырабе “палёнай” гарэлкі.
Не шукайце і не знойдзеце праўды і законнасьці. Вашая скарга ня дойдзе да Менска [а туды сунуцца яшчэ больш бессэнсоўна. – Рэд.], нават, калі вы паедзеце самі таемна ў сталіцу. Са сталіцы патэлефануюць прадстаўнікам клану [канешне ж. – Рэд.]. Клан скажа: “Знайшлі каго слухаць!”
У клана ёсьць гэтак званы “рэзэрв райвыканкаму”. Там распісаны кар’ерны рост для дзяцей, пляменьнікаў, а мо, нават, і ўнукаў, якія цяпер пачынаюць свой шлях з БРСМ, зь нейкага інжынера на прадпрыемстве, настаўніка школы.
У клана ёсьць сьпісы ўсіх «недобранадзейных» асобаў, пачынаючы з 1994 года. Фактам недобранадзейнасьці можа быць, нават, звычайны подпіс “не за таго” кандыдата ў дэпутаты, ці ў прэзыдэнты. Табе дарога закрытая, нават, калі ў цябе дзьве вышэйшыя адукацыі. І ў грузчыкі ня возьмуць. Клан адсочыць увесь твой шлях, бо клан валодае ўсім і ўся…
Мне падаецца, што АРЛ ўжо не трымае сытуацыю ў руках. АРЛ патрэбныя толькі вынікі выбараў, а за гэта – раскрадайце краіну! [вельмі блізка да сутнасьці. – Рэд.]
Для чаго я гэта пішу? Я бачу, як нацыянальна-сьвядомыя маладыя людзі разумеюць гэта, зьязджаюць часова ці стала за межы Беларусі. Калі значная частка моладзі зьязджае з Радзімы надоўга, альбо назаўсёды, дык адкуль узяць тыя 100 тысяч, якія выйдуць у сталіцы на вуліцу і зробяць рэвалюцыю? У малых жа гарадох, фактычна, не засталося ўжо актывістаў, якія маглі б павесьці за сабой народ… [з апошнім пасажам мы ня цалкам можам пагадзіцца. – Рэд.]
Казімір Барыла