nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

ГІСТАРЫЧНАЯ ТЫПАЛОГІЯ СТАНАЎЛЕНЬНЯ БЕЛАРУСКАЙ і НЯМЕЦКАЙ ДЗЯРЖАЎНАСЬЦІ (кБНІ)

13 лістапада, 2006 | Няма каментараў

У свой час з выстаўленьня артыкулаў раздзела “Міжнацыянальныя паралелі” мы пачыналі знаёміць нашых чытачоў з матэрыяламі міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Беларуская нацыянальная ідэя” (18-19 красавіка 1999 г.; гл. матэрыялы сайта за красавік г.г.). Цяпер мы вырашылі завяршыць прэзетацыю матэрыялаў, прадстаўленых у гэтым раздзеле. Знаёмім вас з артыкулам  Яўгена Бяласіна. У час правядзеньня канферэнцыі ён быў выкладчыкам кафедры замежных моваў Берасьцейскага дзяржаўнага універсітэта, сябрам БНФ, сябрам Берасьцейскай філіі Беларускага фонду падтрымкі дэмакратычных рэформаў імя Л.Сапегі (Берасьце).
Рэдакцыя.

Тып І. Асваеньне тэрыторыі.

Сярэднеэўрапейскія дзяржавы ўтварыліся пасьля распаду Усходнефранконскай імпэрыі, які адбываўся не без магнэтычнай “наводкі” з боку Рыма. Рым аказваў таксама магутны ваенны ўціск на аксідэнтальныя тэрыторыі. Нездарма нацыянальным мітам немцаў ёсьць тое, што яны нібыта ўвайшлі ў гісторыю як самастойны народ дзякуючы перамозе германцаў над рымлянамі ў Тэўтабургскім лесе ў 9 годзе ад н.Х. пад кіраўніцтвам Армінія, альбо, у асучасненай форме, Эрмана.

Аднак Германія сама стаяла на імпэрскім шляху, па якім ішла пад многімі назовамі: спачатку як Усходнефранконская імпэрыя, потым як “Сьвяшчэнная Рымская імпэрыя нямецкай нацыі”, потым як Германія, але пад дамінантай Прусіі і ў ХХ стагодзьдзі як уласна Германія (альбо Трэці Райх – з 1933 па 1945 гг.).

Бяруся выказаць меркаваньне, што назоў “Рымская” ў злучэньні “Сьвяшчэнная Рымская імпэрыя нямецкай нацыі” тыпалагічна адэкватны назову “Руская (Расейская) імпэрыя” Масковіі, які быў пазычаны ў ВКЛ  (на сёньня – дык Беларусі) так, як Германія пазычыла гэты назоў у старажытнай Рымскай імпэрыі.

Пры аналізе прырашчэньня тэрыторыяў можна ўпасьці ў спакусу героефільскае трактавання гісторыі. Тут важную падставу дае хаця б згаданы ўжо міт пра Армінія.

Аднак хутчэй адпавядае ісьціне больш узважаная гістарыяграфія, якая нават знайшла літаратурнае ўвасабленьне ў гістарычнай камэдыі Фрыдрыха Дзюрэнмата “Ромул Вялікі”. Апошні імпэратар Рыму пададзены тут як герой-таму-што-антыгерой. Ён разумее бессэнсоўнасьць утрыманьня тэрыторыі коштам крыві, выбірае не палітычныя, а эканамічныя інтарэсы (разводзіць курэй, спрыяе рынкавым дачыненьням) і аддае разам з тытулам імпэратара крывавую традыцыю імпэратарства  вадару германцаў Адаакру.

Тыкім чынам, можна сказаць, што Германія першапачаткова, як і ВКЛ у часы Вітаўта, умацоўвалася тэрытарыяльна шляхам хутчэй дыпламатыі, чым войнаў. Нельга прамінуць тут і дынастычныя шлюбы, зь якіх выпадаюць хіба што дочкі Карла Вялікага, які настолькі іх любіў, што ні адну не дабраславіў на шлюб, і ўсе яны засталіся незамужнімі.

Аднак чым далей, тым больш гэты тып імпэрскасьці аспрэчваўся ў Германіі амбітнасьцю і свавольствам баронаў, графаў ды маркграфаў і слабасьцю імпэрскай ўлады.

Тое самае у канцы свайго існаваньня выяўляе і Рэч Паспалітая, аднак тыпалогія зьявы выразна іншая.

Найперш заўважым, што калі гаварыць строга, то імпэрыя беларусаў-ліцьвінаў – ВКЛ –канчаецца там, дзе пачынаецца Рэч Паспалітая. Па-другое, ВКЛ хоць і зьяўлялася фактычна імпэрыяй, аднак фармальнага статусу каралеўства яно з-за падступства палякаў так і не атрымала. Вельмі дэмакратычны Статут 1588 года, відаць, быў у Сярэднявеччы слабой зарукай ад гвалтоўных суседзяў, і такая геапалітыка, калі карыстацца сёньняшнім тэрмінам, прывяла да фатальных вуніяў і нарэшце да ўзьнікненьня агрэсыўнай, але рыхлай Рэчы Паспалітай. Канец Панятоўскага ніяк не раўналежны адрачэньню Ромула: ён саступіў сіле, а ня новым, больш выгадным эканамічным стасункам.

Што да Германіі, то яе імпэрскасьць скончылася пачварным Трэцім Райхам, які зноў-такі дазваляе праводзіць тыпалагічныя паралелі зь Беларусьсю, але больш у матывацыі рэваншу, чым у мадэлі дзяржаўнасьці: мы сталі малой краінай, і калі на цяпер, дык можам прэтэндаваць толькі на прыпадабненьне да Аўстрыі, адкуль, як вядома, быў родам Адольф Шыкльгрубэр.

Германія сваіх імпэратараў на чужых не мяняла, і ФРГ ёсьць, бадай, першай спробай выхаду з гвалтоўнай імпэрскасьці да дэмакратыі. Беларусь выходзіла да дэмакратыі двойчы: як імпэрыя ВКЛ і як унітарная БНР пасьля двухсотгадовага перапынку праз Устаўныя граматы 1918 года. Трэцяя спроба пасьля распаду СССР у 1991 годзе доўжылася два-тры гады і цяпер яўна пад пагрозай.

Тып ІІ. Мова/тэрыторыя

Нямецкая мова атрымала свой першапачатковы назоў “lingua teodisca” яшчэ ў часы  неаспрэчнага панаваньня ў эўрапейскай прасторы вульгаты. Гэты назоў абазначаў ня толькі мову, але і народ, які, у адрозьненьне ад іншых франконскіх лацінамоўных плямёнаў, размаўляў на сваёй мове. Падмацаваны лацінскім дублетам “teutonicus”, гэты назоў першапачаткова маркіраваў нязначны паўночны закутак Эўропы. Потым гэтая мова распаўсюдзілася па ўсёй Сярэдняй Эўропе, выштурхнуўшы нават мову першаперакладу Бібліі ў Эўропе – гоцкую, і дайшла да нашага  часу як кансалідаваная нямецкая мова – Deutsch.

Пераклад Бібліі на старанямецкую і старабеларускую мовы адбыўся практычна адначасова. Але наша мова, называная тады рускай, не захавала  гэты назоў з-за гістарычнай падмены, і на сёньня мы мусім канстатаваць, што гісторыя  трансфармацыі назоваў нашай мовы тыпалагічна адэкватная хутчэй нямецкаму ланцужку зьмены назоваў тэрыторыі “Усходнефранконская імпэрыя – “Сьвяшчэнная Рымская імпэрыя нямецкай нацыі” – Прусія – Германія”. І тым ня менш заўважым, што шырокаўжывальны ў школах Германіі атлас Пуцгера, у адрозьненьне ад друкаванай прадукцыі і вуснай народнай творчасьці нашых дабрахотаў з Усходу ды з Бліжняга Захаду, зусім дакладна паказвае арэал беларускай мовы на 1910 год ад Берасьця да Смаленска ўключна, абазначаючы нашу мову як “беларутэнскую” (“беларусінскую”) (“Weissruthenisch”). Апошняе можа быць нам важнай падказкай ў тэрміназнаўстве на ўзроўні марфалогіі – зусім як калі ўпраўляць вывіх: рух малы, а карысьць вялікая.

Высновы.

Абедзьве краіны маюць імпэрскае мінулае. Немцы трымаюць сябе за позьнюю нацыю. Беларуская нацыя ёсьць нацыяй з перапыненым і таму запозьненым разьвіцьцём.

Нацыянальнае разьвіцьцё Германіі тармазілася пераважна ўнутранымі чыньнікамі, нацыянальнае разьвіцьцё беларусаў-ліцьвінаў было закансэрваванае зьнешнімі ўзьдзеяньнямі.

Таму, па-першае, калі ў часы БНР і нават, пры спрыяльным зьбегу абставінаў, да 50-х гадоў ХХ стагодзьдзя мы маглі пралічваць для сябе той нацыянальны шлях у рынак, які мелі перад сабой германцы пад Адаакрам, то цяпер нацыянальнае адраджэньне магчымае толькі на шляху ў Эўропу зь яе адмысловай абаронай нацыянальных моваў ва ўмовах рынку праз спэцыяльныя законы.

Па-другое, абставіны могуць скласьціся так, што наш усходні сусед можа атрымаць тыпалогію разьвіцьця “пакрыўджанай” Германіі часоў Ваймарскай рэспублікі, і тады нам вельмі цяжка будзе не абрынуцца ў становішча тагачаснай Аўстрыі, тым больш, што працуюць ужо два наступныя чыньнікі:
1. Адпаведныя  пэрсанальныя магутнасьці на палітычнай сцэне ўжо ёсьць.
2. Тактыка аншлюсу дакладна пралічана і рэалізуецца сьвядома і сыстэмна.

Але заспакойвае палітычная, а не эканамічная прырода гэтага падрыхтаванага аншлюсу. Нявыгаднасьць гэтага ўвасабленьня імпэрскай геапалітыкі ставіць яго на адзін узровень з Трэцім Райхам узору 1933 года, а гэты апошні, як вядома, быў… беспэрспэктыўным.

Літаратура:
1. Kirchner К.Н. Denk mal! Politische Zeitung.- Bonn, Marz 1983.- Nr.32.
2. Putzger. Historischer Weltatlas.- Velhagen&Klasing, 1962.
3. Schmid. Fragen an die Geschichte.- Hirschgrabenverlag Frankfurt am Main, 1981.
4. dtv-Atlas zur deutschen Sprache.- Munchen, 1992.

Яўген Бяласін

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы