nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

БЕЛАРУСЬ ПАМІЖ РФ і ЕС: МАГЧЫМАСЬЦЬ ТРЭЦЯГА ШЛЯХУ (Ч. ІІ; Д пр-п 40)

20 лістапада, 2006 | Няма каментараў

Алесь Астроўскі

�а� �� д�мак�а���.jpg

4. А што ў Беларусі?

Цяпер на фоне прадстаўленага давайце ацэнім, як выглядае сёньняшняя грамадская сітуацыі ў Беларусі.

Калі падзеі ў краіне беларусаў разглядаць з міжнародных пазіцый, кідаецца ў вочы шмат адхіленьняў, якія, здавалася б, павінны прысутнічаць як абсалютная норма. Так, Лукашэнка – самая макаўка ўладнай “вертыкалі” й, адначасна, псіхапатычная асоба з некрафільна-дэструктыўнымі рысамі – навязаны нашаму народу кіраўніцтвам суседняй усходняй дзяржавы. Яно ж, гэтае кіраўніцтва, у 1996 годзе паклапацілася, каб паўнамоцтвы Лукашэнкі з “царскіх” увогуле сталі дыктатарскімі. І гэты дыктатар цяпер адкрыта шкадуе, што ядзерна зброя зьбегла зь яго рук. Ня дзіва, што пры гэтым Лукашэнка і ня думае раззбойвацца, а, наадварот, актыўна ўзбройваецца і гандлюе зброяй. Нядаўна ён раскрыў свае намеры пакласьці ўвесь беларускі народ на алтар “абароны Расеі” ў выпадку, калі “танкі з Захаду пойдуць на яе”. Ён жа свамі гульнямі ва ўсялякія “саюзныя дзяржавы” з аднаго боку пастаянна шантажуе беларускі народ магчымасьцю страты яго найважнейшых коштоўнасьцяў – свабоды і дзяржавы, а з другога – правакуе імперскія настроі ва ўсходніх суседзяў, павялічваючы небясьпеку далейшага пашырэньня расейскай імперскай “язвы”. На гэтым фоне ўжо малаістотным выглядае тое, што цяперашнія ўлады ў Беларусі аніяк не паспрыялі памяньшэньню экалагічных і дэмаграфічных наступстваў Чарнобыльскай катастрофы, ніяк не спрыяюць росту культуры міжнародных адносін ці хаця б росту элементарнага ўзаемапаразуменьня паміж народамі.

Унутры нашай краіны адсутнічае ня толькі зьмястоўная дэмакратыя, а і самая элементарная. Уладны рэжым балансуе паміж аўтарытарызмам і дыктатурай. Супраць грамадства ідзе татальная інфармацыйна-псіхалагічная вайна, галоўнай мэтай якой зьяўляецца ЭТНАЦЫД, а пабочным вынікам і адначасна дадатковым сьведчаньнем вайны – штогадовае, як мінімум, 0,5%-нае выміраньне насельніцтва. У гэтым таксама (разам зь небясьпекай страты дзяржавы) найвялікшая трагедыя нашага народу ў цяперашні гістарычны час. Мясцовая посткамуністычная бюракратыя па-ранейшаму адмыслова разбурае натуральныя сувязі паміж людзьмі, каб максімальна анатамаваць й інфартылізаваць грамадства. Для гэтага яна мэтанакіравана зьнішчае ўсе агульнанацыянальныя каштоўнасьці (ад мовы да нацыянальных сімвалаў і нацыянальнай царквы). Прычын дзьве. Адна зь іх заключаецца ў жаданьні дагадзіць расейскай імперскай бюракратыі, каб атрымаць ад яе падтрымку (эканамічную, палітычную, псіхалагічную, іншую) коштам здрады аб’ектыўных інтарэсаў уласнага народу. У гэтым абьмене (этнацыд наўзамен, напрыклад, за 3-5 млрд. даляраў штогадовай падтрымкі) мясцовая бюракратыя вырашае тактычную задачу свайго выжываньня, а расейская імперская бюракратыя атрымлівае стратэгічную перавагу – усё больш падрыхтоўвае сітуацыю для будучай анэксіі нашай дзяржавы (у гэтым праяўляецца сувязь паміж этнацыдам і магчымай стратай дзяржаўнасьці). Хто ў такім “абмене” выйграе, відавочна – звычайна выгрывае стратэгія. Другая прычына этнацыду беларусаў заключаецца ў імкненьні пераўтварыць наша грамадства ў бязьвольную, рыхлую біямасу – удзячны аб’ект для сацыяльнага паразітаваньня (у гэтым бачна адзінства паразітычных інтарэсаў абедзьвюх бюракратый – расейскай імперскай і мясцовай кампрадорскай). Ня дзіва, што ў такой сітуацыі пра якую б там ні было справядлівасьць у цяперашняй РБ казаць не даводзіцца. Усё з дакладнасьцю наадварот. Сёньня матэрыяльны і сацыяльны статус чалавека ў РБ практычна аніяк не зьвязаны зь яго рэальнай карысьцю для грамадства… Мы зьяўляемся сьведкамі жахлівай эксплуатацыі посткамуністычнай бюракратыяй беларускага народу. Імкліва падае ўзровень агульнай культуры. Людзям наўмысна навязваюць памылковыя ўяўленьні аб рэчаіснасьці, даючы псеўда-веды, падсоўваючы сацыяльныя псеўда-арыентыры, ва ўмовах невырашанасьці прынцыповых жыцьцёвых праблем пастаянна адцягваюць увагу на малаістотнае. Дый сьветаглядны ўзровень саміх кіраўнічых кадраў “ніжэй калена” (такімі яны адмыслова падбіраюцца), так што прадстаўнікоў цяпершняй ўладнай вертыкалі іначай, як жлобская мафіёзная бюракратыя, ахарактарызаваць нельга…

Прыглядзеўшыся да жыцьця і лёсу асобнага сярэднестатыстычнага чалавека, які жыве ў цяперашняй РБ, мы ўбачым, што ў яго ня толькі няма магчымасьці раскрыць сваё жыцьцёвае прызначэньне, а і часта ўвогуле больш-менш па-людску жыць. Посткамуністычная бюракратыя істотна абмежавала індывідуальныя правы і свободы людзей. Нават тыя, хто сэнс свайго жыцьця бачаць толькі ў матэрыяльным дабрабыце, вымушаны альбо эміграваць на Захад, альбо ўступаць у злачыннае супрацоўніцтва зь мясцовай бюракратыяй, альбо… істотна абмяжоўваць свае планы. Нават вельмі таленавітаму чалавеку толькі праз працу і блізка не набыць годнага дабрабыту. Людзі ж з высокімі сьветагляднымі запатрабаваньнямі, замест таго, каб займацца ўлюбёнай справай, вымушаны аддаваць свой час, высілкі, талент на змаганьне з рэжымам. У сёньняшняй Беларусі абсалютная большасьць людзей па-ранейшаму застаюцца адчужанымі ад вынікаў уласнай працы, ад уласнасьці, улады, бясьпекі, ад сваёй гісторыі, культуры, годнасьці, лёсу свайго народу, ад сапраўдных навуковых сістэматызаваных ведаў, персьпектывы, ад радасьці жыцьця дый увогуле якога-небудзь сэнсу…

Усё пералічанае, нягледзячы на ўяўную “стабільнасьць”, якая штучна трымаецца на гвалце (фізічным й інфармацыйным), ёсьць сьведчаньне глыбокага крызісу, у якім знаходзіцца беларускі народ і ўсё грамадства. Таму, канешне ж, ёсьць сэнс прыглядзецца, ці існуе дзе-небудзь тая сіла, якая можа паспрыяць вырашэньню нашых беларускіх і, у пэўным сэсе, агульналюдскіх праблем у вышэй азначаным гуманістычным ключы.

5. Толькі не ў “Расею”.

Яшчэ ў 2001-02 гг. сярод “беларускай” апазіцыі даволі распаўсюджаным было меркаваньне, што для таго, каб пазбавіць Беларусь ад рэжыму Лукашэнкі, варта аб’яднацца з “дэмакратычнай Расеяй”. Маўляў, тады Пуцін вызваліць нас ад дыктатара і мы нарэшце зажывем добра. Але і тады такое “рашэньне” многімі адкідалася, а цяпер яго прыхільнікі некуды ўвогуле зьніклі (апошнім быў генерал Фралоў).

Справа ў тым, што элементарны аналіз паказвае, што рэжым Лукашэнкі, які вось ужо 12 гадоў душыць беларускі народ, цалкам вытворны ад расейскіх імперскіх сіл, якія па-ранейшаму жадаюць кантраляваць Беларусь, а, калі можна, і захапіць яе. Не было б Расеі, не было б і Лукашэнкі ў яго цяпершняй якасьці. Менавіта расейская імпербюракратыя навязала нашаму народу гэтую дэструктыўную асобу, каб тая разбурыла ўсе, што зьвязана са станаўленьнем і самастойным існаваньнем беларускай дзяржавы.

Але гэта яшчэ, як кажуць, кветачкі. “Ягадкі”, якія сьпеюць на ўсходзе, выглядаюць значна горш. У Расеі зноў рэстаўраваўся таталітарны рэжым вельмі небясьпечнай паразітычнай сілы, якой зьяўляецца расейская імперская бюракратыя. Апошняя, складаючыся з самых розных чыноўнікаў – крамлёўскай адміністрацыі, губернатараў, генералітэту ўсіх сілавых структур, прыкормленых дэпутатаў, клеру і г.д. – поўнасьцю падпарадкавала сабе нават расейскіх алігархаў. Пасьля падзей з Беразоўскім, Гусінскім, Хадаркоўскім, тыя цалкам здаліся і плоцяць ёй даніну (па некаторых зьвестках, агульная сума розных форм хабару, які вымушаны даваць бізнэс расейскім чыноўнікам, дасягнула летась ледзь не паловы ВУП РФ…).

На зьмену расейскай імперскай бюракратыі на поўных парах ідзе… рускі фашызм. Але нават калі прыйдзе нейкая іншая сіла, усё роўна яна будзе імперскай, бо ўся рэальная апазіцыя зьяўляецца такой. Такая ўжо прырода дзіўнага дзяржаўнага ўтварэньня пад назвай “Расея” – якія б людзі й зь якімі намерамі спачатку ні прыходзілі там да ўлады, раней ці пазьней усе яны становяцца імперыялістамі. Гэту дзяржаву можа “вылячыць” толькі падзел на нармальныя нацыянальныя дзяржавы…

Ва ўмовах персьпектывы для Беларусі быць паглынутай расейскай імперыіяй, лепш ужо цярпець рэжым Лу-кі… Што заўгодна, але толькі не ў Расею! Ад яе, як ад чумы – як найдалей.

І спачатку здаецца, што гэта значыць – на Захад, у Еўропу. Давайце, праверым…

6. Ці на нашай дарозе Еўрасаюз?

Калісьці шлях у Еўропу, у Еўразьвяз падаваўся беларускім дэмакратам самым лепшым. Так, у красавіку 1999 г. у Гродна была праведзена міжнародная навукова-практычная канферэнцыя пад назвай “Беларуская нацыянальная ідэя” (на ёй 70 чалавек прадставілі свае працы). Канферэнцыя вырашыла шмат пытаньняў. У прыватнасьці, высьветлілася, што зь якіх бы ракурсаў ні разглядаць праблему беларускай дзяржаўнасьці – з філасофскага, кібернетычнага, гістарычнага, культуралагічнага, юрыдычнага, палітычнага, геапалітычнага, эканамічнага, футуралагічнага і г.д. – заўсёды атрымліваецца, што беларусы маюць поўнае права на ўласную дзяржаву! Адным з пытаньняў, якое разгледзела канферэнцыя, была спроба скласьці кароткую, лозунгавую фармулёўку беларускай ідэі. Тады большасць удзельнікаў канферэнцыі пагадзілася, што такая формула можа гучаць: “Беларусь – наш еўрапейскі дом!”

Прайшло ўсяго некалькі гадоў, і імпэт рухаць Беларусь у еўрапейскім кірунку ў многіх былых прыхільнікаў значна аслаб. Чаму так адбылося?

Справа ў тым, што па меры таго, як аддаляецца памяць пра Другую сусьветную вайну, Захад, а зь ім і Еўропа, усё больш адыходзіць ад прынцыпаў гуманістычнай ідэалогіі, зьвязанай у тым ліку зь ідэямі суверэнітэту народаў, раўнапраўнага супрацоўніцтва паміж імі, сапраўды дэмакратычнага ладу ўнутры іх краін. Узьнікла сітуацыя, што пакуль мы – беларусы – зьбіраліся ў Еўропу, яна перастала быць нашай марай.

Судзіце самі, якія прыцыпы і дэкларацыі былі калісьці. Так, у сьнежні 1952 году Генасамблея ААН прыняла рэзалюцыю №637 (VII), дзе запісана: “Права народаў і нацый на самавызначэньне з’яўляецца ПАПЯРЭДНЯЙ УМОВАЙ поўнай рэалізацыі правоў чалавека”! Проста і ясна: перад тым, як казаць пра абстрактныя правы абстрактнага чалавека, паглядзіце, ці зрэалізавана права КАНКРЭТНАГА НАРОДУ – на існаваньне, на незалежную дзяржаву, на свабоду… Праз некалькі гадоў (у снежні 1960 г.) ААН прымае чарговую рэзалюцыю №1514 (XV), у якой, у прыватнасьці, запісвае: ”… усе народы маюць права на самавызначэньне; у адпаведнасці з гэтым правам яны свабодна ўсталёўваюць свой палітычны статус і зьдзяйсняюць сваё эканамічнае, сацыяльнае і культурнае развіцьцё; недастатковая палітычная, эканамічная ці сацыяльная падрыхтаванасць альбо недастатковая падрыхтаванасць у галіне адукацыі ніколі не павінны выкарыстоўвацца як надуманая прычына для затрымкі дасягненьня незалежнасьці; любыя ваенныя дзеяньні альбо рэпрэсіўныя меры якога б ні было характару, ськіраваныя супраць залежных народаў, павінны быць спынены, з тым, каб прадаставіць ім магчымасьць зьдзейсніць ва ўмовах міру і свабоды сваё права на поўную незалежнасьць, а ЦЭЛАСНАСЦЬ ІХ ТЭРЫТОРЫЙ павінна паважацца”. Ідэя права народу на самавызначэньне была ўключана таксама ў іншыя дэкларацыі Генасамблеі ААН, у Міжнародны Пакт аб правах чалавека, прыняты ў 1966 годзе, у шэраг дакументаў міжнародных няўрадавых арганізацый.

Аднак, не прайшло і трох дзесяцігоддзяў (1994 г.), як расейская імперыя на вачах усяго сьвету зноў пачала выкарыстоўваць розныя тэхналогіі імперскай агрэсіі (у тым ліку, этнацыдную – для Беларусі, генацыдную – для Чачні), а ўвесь афіцыйны свет маўчыць, нібы нічога не бачыць. А між тым у Беларусі ўжо 12 гадоў рэалізуецца праграма татальнага этнацыду, інтэнсіўнасьць якога нават большая, чым у часы царызму ці сталінізму. Дванаццаць гадоў цэламу народу публічна пагражаюць зьнішчэньнем яго дзяржавы… У Чачні па даных чачэнскага боку таксама за 12 гадоў вайны з мільёна насельніцтва загінула ўжо каля 250.000 чалавек (з іх 42 тысячы дзяцей)! Дзесяткі тысяч людзей сталі псіхічнымі і фізічнымі інвалідамі, сотні тысяч – бежанцамі. Усе мы бачылі, як былі забіты чатыры легітымныя чачэнскія прызідэнты – Дудаеў, Яндарбіеў, Масхадаў, Садулаеў. І што на тое, што робіцца ў Чачні і Беларусі, кажа “цывілізаваны” сьвет? А нічога. Замест дзеянняў (дый хаця б заяваў) у адпаведнасці з прынятымі на ўзроўні ААН міжнароднымі дамоўленасцямі – поўная беспрынцыпнасць і абыякавасць да лёсу гэтых народаў. Нафта, газ ды іншыя рэсурсы важней – лічаць сёньня на Захадзе і маўчаць, і абдымаюцца з крывавымі злачынцамі… (гл. ілюстрацыю ўверсе. Гэта  беларусы ў  Брусэлі  пратэстуюць супраць палітыкі  Еўразьвязу).
Дык што параіце рабіць у такіх умовах народам, якія апынуліся на мяжы фізічнага ці духоўнага вынішчэньня?! А ніхто нічога ня раіць і раіць не збіраецца! Колькі ні крычы, у адказ – ні падтрымкі, ні спагады.

Канешне, на Захадзе яшчэ ня ўсе атручаны цынізмам. Але ў цэлым на сёньня прыцыповыя паводзіны і разуменьне сітуацыі, што адбываеца ў той жа Беларусі, хутчэй выключэньне, чым правіла. Для прыкладу працытую паведамленьне радыё “Свабода” ад лістапада 2005 г. “… у дакумэнце парлямэнтары NАТО выказваюць да афіцыйнага Менску тыя ж патрабаваньні, што і парлямэнтары АБСЭ, Рады Эўропы, Эўрапарлямэнту: забесьпячэньне свабоды і празрыстасьці выбарчага працэсу, аднаўленьне дэмакратыі і прававых нормаў у Беларусі, гарантаваньне незалежнасьці судовай улады, неадкладнае вызваленьне з-пад арышту палітзьняволеных, паскарэньне рассьледаваньня палітычных зьнікненьняў у Беларусі”. Як бачым, ўсё, што цяпер “патрабуе” Захад ад афіцыйнага Менску, адпавядае толькі абстрактным “каштоўнасьцям” квазі-лібералізму. Пра пагрозу страты дзяржаўнасьці, пра мову, пра этнацыд, пра сапраўдную беларускую дэмакратыю – ні слова, ні паўслова…

У верасьні 2006 г. у Жэнэве на другой сэсіі Рады правоў чалавека спэцыяльны дакладчык ААН па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Адрыян Северын сьцьвярджае: “… у Беларусі па-ранейшаму існуюць адыход ад плюралізму, адмова ад дыялёгу, адмаўленьне грамадзянскіх правоў, падаўленьне палітычных свабодаў, а таксама перасьлед апазыцыі, незалежных журналістаў, праваабаронцаў з боку дзяржавы”. Усё тое самае.

Паўгады таму я праз інтэрнэт запытаўся ў Прэзідэнта Рады БНР Івонцы Сурвілы, чаму ў пераліку галоўных праблем, якія адмыслова стварае прамаскоўскі рэжым у Беларусі, ніякімі заходнімі структурамі ніколі не ўзгадваецца галоўная сучасная беларуская праблема – этнацыд. Чым гэта патлумачыць? Сп-ня Івонка адказала, што «… этнацыд ня згадваецца таму, што Захад паняцьця злачынства супраць культуры, мовы і г.д. – ня лічыць парушэньнем правоў чалавека. У выпадку зь Беларусьсю, абарона сваёй культуры ўважаецца адказнасьцю самога беларускага народу, абыякавасьць якога і давяла да этнацыду. Мы, сябры Рады БНР, пад час спатканьняў з заходнімі палітыкамі і ў інтэрвію СМІ імкнёмся паказаць, што абыякавасьць гэтая НЕ ПРЫПАДКОВАЯ” .

Вось і прыехалі… Галоўны МЕХАНІЗМ анэксіі Беларусі – праз разбурэньне натуральных унутрыграмадскіх сувязяў, праз этнацыд, а ён на Захадзе не бярэцца нават пад увагу… Заходнія цынікі ня бачаць, што анэксія беларускай дзяржавы, дзякуючы праімперскаму рэжыму, ужо адбылася па трох кірунках: анэксія мовы, культуры, гістарычнай памяці і г.д. (этнацыд); анэксія інфармацыйнай прасторы (беларускі народ вымушаны жыць амаль што толькі расейскімі радасьцямі й праблемамі); анэксія царквы (у Беларусі абсалютна дамінуючую ролю ў г.зв. “духоўнай сьферы” адыгрывае Руская праваслаўная царква Маскоўкага патрыярхату, якая ледзь ні афіцыйна зьяўляецца часткай расейскай імперскай бюракаратыі – тым, чым раней быў Ідэалагічны аддзел пры ЦК КПСС). Да поўнай анэксіі Беларусі засталася дробяць – узяць яе тэрытарыю! Усяго гэтага на Захадзе ва ўпор ня бачаць. Затое тых беларускіх дэмакратаў, гуманістаў, якія пра ўсё гэта ўзгадваюць, яны ж рэгулярна абзываюць нацыяналістамі (як і чачэнскіх патрызан, якія вядуць класічную нацыянальна-вызвольную барацьбу – тэрарыстамі). Вось твар тых, хто фактычна кіруе сёньня Захадам.

Прычына такіх дзікунскіх, цынічна-крывадушных паводзін відавочная і ўжо названа вышэй – гэта “прагматычны інтарэс” да газу, нафты, іншых рэсурсаў і патэнцыйных магчымасьцяў, якія дае “мірнае супрацоўніцтва” з расейскай імпербюракратыяй. Але такія паводзіны патрабуюць і апраўданьня, а дакладней, прыкрыцьця. Функцыю апошняга стала выконваць дамінуючая цяпер на Захадзе ідэалагічная плынь, якую варта называць квазі-лібералізмам.

Цяперашнія лібералы гавораць: глядзіце, лібералізм перамагае ва ўсім сьвеце! Адказваем. Камунізм таксама ў свой час перамагаў “ва ўсім сьвеце”. А колькі было імперый, якія пад сьцягам самых розных штучных ідэй захоплівалі ледзь ня ўвесь вядомы ім сьвет. І што, дзе яны цяпер, гэтыя імперыі, дзе камунізм? Сіла, энергічнасьць, напорыстасьць, нахабства і да т.п. – не паказьнікі ПРАГРЭСІЎНАГА КІРУНКУ разьвіцьця. А калі не абіраць правільны кірунак, заўсёды зойдзеш у тупік… Вітаць сучасны квазі-лібералізм, захапляцца ім – гэта ўсё роўна, што вітаць “энэргічны рост” злаякаснай пухліны ва ўласным целе… Злаякасныя клеткі “мацней” за здаровыя, яны іх выціскаюць з арганізму, аль толькі з-за таго, што, як і ўсе дэгенераты, адкідаюць “абавязкі”, зьвязаныя з сістэмным, гарманічным суіснаваньнем усіх клетак у арганізме.

Фрэнсіс Фукуяма – вядомы апалагет лібералізму (ведаем, вагаўся, пішучы то “Канец гісторыі”, то крытыкуючы недахопы лібералізму) недзе год таму ў адным інтэрвю ўсё ж такі заявіў, што на постсавецкай прасторы патрэбна менавіта ліберальная дэмакратыя, а ня проста дэмакратыя большасьці. Такім чынам, ён (падкрэсьлім, ён!) аб’явіў лібералізм альтэрнатывай дэмакратыі й гуманізма. Многія лібералы з гэтым могуць не пагадзіцца, заяўляючы, што лібералізм ёсьць формай дэмакратыі. Але лібералізм, які для існаваньня дэмакратыі ня бачыць неабходнасьці ў існаваньні народа – гэта ўсё роўна, што цырульня, у якой робяць добрыя прычоскі, але не гарантуюць, што вам… не адрэжуць галаву. Зьмястоўным дэмакратам-гуманістам, для якіх дэмакратыя – гэта рэалізацыя АБ’ЕКТЫЎНЫХ інтарэсаў КАНКРЭТНАГА народу – відавочна, што абсалютнай зыходнай умовай сапраўднай дэмакратыі (а не яе фармальнай імітацыі) зьяўляецца наяўнасьць народу! Успрымаючы сучасны квазі-лібералізм “цырульняй адрэзаных галоў”, яны раяць лібералам паболей самім карыстацца такой “цырульняй” і не заклікаць у яе іншых. Я падтрымліваю Фукуяму: сёньняшні псеўда-лібералізм і сапраўдная дэмакратыя – гэта альтэрнатывы. А таму я, як беларус, кажу: а нам – беларусам – патрэбна менавіта зьмястоўная дэмакратыя. Ад імя ўсіх гуманістаў таксама настойваю: усяму чалавецтву патрэбны сістэмны гуманізм, а не імперыялізм ці квазі-лібералізм.

Яшчэ больш выразна стаўленьне Еўрасаюзу да важнейшых беларускіх праблем бачна не па словах і ідэях, а па справах, на падставе якіх можна спрагназаваць будучыя паводзіны заходніх краін ужо пасьля таго, як беларуская апазіцыя пераможа дыктатуру.

Першы ўзорны прыклад – стан Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта, які цяпер знаходзіцца ў Вільні. Усё выкладаньне адбываецца там… на рускай мове. Беларусістыка адсутнічае. А агульная атмасьфера ў цэлым… беларусафобская (?!). І гэтую ВНУ Захад актыўна матэрыяльна падтрымлівае…

Другі прыклад і той жа зьмест. Гэта факт прыняцьця Еўракамісіяй і “Нямецкай хваляй” беспрэцэдэнтнага рашэння – вяшчаць на Беларусь… па-руску. Раней такое проста было б немагчымым. Цяпер, як бачым, этнацыдная рэчаіснасьць навязваецца нам ня толькі з Масквы, а ўжо і зь Еўропы (?!).

Трэці прыклад зьвязаны з матэрыяльнай падтрымкай беларускай дэмакратыі. Справа ў тым, што Захад ёй… не дапамае. Ён увесь час ахвотна спансаруе дзейнасьць толькі нейкіх маргіналаў, здольных адзінае што запэцкаць сьцены недарэчнай ANTIFой (успомніце, для прыкладу, колькі бессэнсоўнай валтузьні было на працягу 5 гадоў з гэтак званым “ЗУБРом”, і колькі “зеляніны” зьела гэтая жывёла, праўда, цяпер ужо падліна!). Захад дапамагае каму заўгодна, але толькі не сапраўдным ахвярным беларускім дэмакратам, здольным забясьпечыць беларускі апазіцыйны рух выніковым, суб’ектным, сэнсоўным кіраваньнем. Прычына такіх дзіўных паводзін відавочная: тупое жаданьне прапіхнуць у Беларусі СВОЙ эгаістычны інтарэс, замест таго каб дапамагчы беларускаму народу дасягнуць тое, што ЯМУ аб’ектыўна трэба… Дарэчы, гэта ж штурхае еўрапейскіх прэм’ераў, прэзідэнтаў, каралёў зь лісьлівасьцю паціскаць рукі Пуціну, каб ён ім патаньней прадаў газ ці нафту, гвалтам забраную ў розных канкрэтных, карэнных народаў імперыі. Скупшчыкі крадзенага. Агіда!

Калі да дадзенага вобразу цяперашняга Захаду дадаць яшчэ аўтамабілі, якія гараць на вуліцах Парыжа, бойкі на вуліцах Будапешта, карыкатурны вэрхал на тэму “Данія абразіла прарока”, у якім не вінаваты ніводны датчанін, адразаньне галоваў Будде, Іісусу і Мухамаду на сцэне берлінскай оперы, калі да гэтага ўзгадаць этнацыд беларусаў ў цяперашняй “цывілізаванай” Еўропе, на тэрыторыі, якая была адрынута ў 1944 годзе ад Беларусі й аддадзена крывавым Сталіным цяперашняму сябру ЕС – Польшчы, і пра які НІХТО ня кажа ні слова… – становіцца зразумелым, што адносна Беларусі Еўропа знаходзіцца проста на захад. І ня больш за тое. Аналагічна, як Расея на усход.

Таму калі анэксію Беларусі расейскай імперыяй можна ўявіць, як жахлівае падзеньне ў чорна-крывавую бездань, дык уваход Беларусі ў склад Еўразьвязу на сёньня выглядае далёка ня рухам у гару на залітую сонца вяршню, а проста так – нейкім бессэсоўным рухам на плоскасьці. А нам, як мы ўжо высьветлілі (прычым, усім і абавязкова), трэба туды, уверх…

7. Дзе ж найлепшае практычнае выйсьце.

Зыходзячы з прадстаўленага, зразумела: уваходжаньне ў сёньняшнюю Еўропу на фоне неабходнасьці вырашэньня беларускіх праблем і крытэраў гуманістычнага прагрэсу ня мае ніякага сэнсу. Што ўсё гэта азначае для беларускай “кропкі біфуркацыі”? Гэта азначае, што трэба шукаць іншыя варыянты, трэці шлях. Як ўжо было ўзгадана, урэшце паміж шляхам налева ці направа ёсьць шлях наперд і ўверх!

Дзе ён? Ён там, куды паказвалі Гегель, Кант, Фром, Роўлз, іншыя філосафы-гуманісты, дзе, нарэшце, сапраўдны Бог, а ня там, куды заманьвае Фукуяма. Квазі-ліберальная касмапалітычная плынь, зьвязаная з рэалізацыяй ЭГАІСТЫЧНЫХ ІНТАРЭСАЎ фінансавай алігархіі, такая ж бесперсьпектыўная, як і таталітарна-імперская, зьвязаная з рэалізацыяй ЭГАІСТЫЧНЫХ ІНТАРЭСАЎ любых бюракратый (расейскай, кітайскай, нямецкай, еўрапейскай).

Паспрабую патлумачыць гэтую бесперсьпектыўнасьць на пэўным вобразе.

Усе мільярды клетак, якія складаюць арганізм чалавека, жывуць па альтруістычных прынцыпах. Яны функцыянуюць, дзеляцца, паміраюць не для сябе, а ДЗЕЛЯ ЎСЯГО АРГАНІЗМУ, да якога належаць. Злаякасныя клеткі, якія з-за мутацый увесь час ўзьнікаюць у нашым арганізьме, пераключаюцца на эгаістычнае ўспрыняцьце рэчаіснасьці – пачынаюць жыць для сябе, рабіць тое, што яны жадаюць, адносячыся да арганізму, да якога належаць, толькі як да пажыўнага асяродзьдзя. І калі гэтая “эгаістычная група” клетак перамагае, арганізм гіне. Але наш Сьвет пабудаваны так, што ЭГАІСТЫЧНАЯ ЗЛАЯКАСНАСЬЦЬ ня можа ў ім перамагчы поўнасьцю, яна абавязкова будзе зьнішчана на тым ці іншым этапе. Гэта добра бачна і на прыкладзе злаякаснай пухліны. Спачатку (і гэта будзе першая лінія абароны ад раку), у тых клетках, у якіх адбыліся мутацыі, апошнія выяўляюцца і рэпаруюцца адпаведнымі бялковымі сістэмамі клетак – ім даецца магчымасьць “адумацца” (на ўзроўні такой сістэмы, як чалавецтва, аналагічнымі зьявамі ёсьць пачуцьцё сумленьня, ідэі справядлівасьці, дэмакратыі, гуманізму, прагрэсу). Калі клетка ня выправілася і працягвае жыць з сапрасаванай ДНК, у клетцы запускаецца другая, больш высокаўзроўневая праграма абароны ад раку – клетка атрымлівае каманду на самазьнішчэньне, на апаптоз (на ўзроўні чалавецтва аналагічнымі зьявамі будуць: адзёргіваньне эгаіста іншымі людзьмі; спыненьне яго пракуратурай, паліцыяй, сьпецслужбамі, судом; правал на выбарах). Калі злаякасныя клеткі праігнаруюць і гэтую каманду, уключаецца трэці ўзровень абароны ад раку – зьнішчаць ракавыя клеткі пачынае імунная сістэма (на ўзроўні чалавецтва аналагічнымі зьявамі будуць: эканамічны і палітычны ціск на дзяржаву, дзе ўладу захапілі эгаістычна-паразітычныя мафія; вайна, скіраваная на зьнішчэньне паразіта-агрэсара ўзброенай сілай іншых дзяржаў). Калі ж й імунная сістэма ня справіцца, рост ракавай пухліны будзе спынены на чацьвертым узроўні – загіне ўвесь арганізм, чалавек памрэ, (на ўзроўні чалавецтва – гэта гібель усёй людскай цывілізацыі, армагедон!).

Так пабудаваны Сьвет. Так, калі хто жадае, перамагае Бог – зло заўсёды будзе спынена. Пытаньне толькі ў тым, на якім этапе, якім коштам! У чалавецтва ёсьць шанец існаваць і разьвівацца практычна бясконца. Ці выкарыстаем мы яго, ці загінем?! Вось, яно, пытаньне…

Каб чалавецтва разьвівалася ці хаця б проста выжыла, вызначаць кірунак разьвіцьця грамадстваў, а тым больш ўсяго чалавецтва павінна не бюракратыя, не алігархія, а… сапраўдная – г.зн. дэмакратычна-гуманістычная – нацыянальная эліта (на ўзроўні асобных грамадстваў) і сістэма такіх эліт (на ўзроўні ўсяго чалавецтва). Яе прадстаўнікі павінны быць вылучаны на ключавыя пазіцыі у ідэалогіі й палітыцы. Ім трэба дапамагаць падняцца і арганізавацца. Іх трэба слухаць, а не душыць… Бо ЎСЁ ўрэшце БУДЗЕ альбо так, як трэба (г.зн. ПА-НАШАМУ), альбо ніяк!

З нагоды інфармую, сёньня ў Беларусі адным з цэнтраў крышталізацыі сістэмнага гуманістычнага сьветагляду зьяўляецца рэдакцыя сайту nashaziamlia.org.

У межах канкрэтнага пытаньня, разглядаемага нашай канферэнцыяй, усё агаворанае азначае, што ў геапалітычным плане бліжэйшую будучыню Беларусі варта зьвязваць толькі зь яе НЭЎТРАЛЬНЫМ СТАТУСАМ. Гэты статус, як кампраміс, можа задаволіць усіх – і “Еўропу”, якая стамілася пашырацца і якой пагражае інфляцыя пашырэньня, і “Расею”, якая так баіцца пашырэньня NАТO.

У сувязі са ўсё большай стратай неўтральнага статусу Швэйцарыі, якая шмат стагоддзяў служыла стабілізуючым буферам у шматлікіх еўрапейскіх катаклізмах, будучы нэўтральны статус Беларусі зьяўляецца ня проста магчымым. Ён выглядае адзіна сэнсоўным і для дзяржаў, разьмешчаных на еўрапейскім кантыненьце, і для самой Беларусі. Нам трэба нарэшце пачаць самастойна будаваць сваю зьмястоўную дэмакратыю (як у Японіі, Паўднёвай Карэі, Швецыі, Нарвегіі, Фінляндыі, Эстоніі, Латвіі, Літве, Ізраілі). Кароткай формулай прапануемы статус Беларусі можна выказаць так: “Беларусь – другая Швайцарыя!” Яе я ўжо прапагандаваў (і пасьпяхова) у час выбарчай кампаніі 2004 года.

Падкрэсьлю яшчэ раз: калі “Захад” сапраўды хоча дапамагчы нам у станаўленьні дэмакратыі (а сабе ў пашырэньні гуманізму ў сьвеце), дык ён павінен дапамагаць нам дасягнуць тое, што ТРЭБА БЕЛАРУСКАМУ НАРОДУ, а не накідваць нам нешта эгаістычнае, бесперсьпектыўнае, нежыцьцяздольнае, што хацелася б мець тут нейкай групе звонку.

Тым жа “еўрааптымістам” – як лібералам, так і бюракратам, якім можа не спадабацца выкладзеная пазіцыя, урэшце хачу нагадаць: Швейцарыя – гэта таксама Еўропа, ды яшчэ якая!..

Ад рэдакцыі:
На падставе дадзенага артыкула мы фармулюем наступнае дактрынальнае палажэньне: найбольш пажаданай геапалітычнай будучыняй Беларускай дзяржавы, як мінімум, на бліжэйшыя дзесяцігоддзі, мы лічым нэўтралітэт, які каротка можна сфармуляваць у выглядзе прынцыпу «Беларусь – другая Швайцарыя!». Гэта значыць, што на тэрыторыі Беларусі ня будзе як войскаў НАТА, так і войскаў расейскай імперыі, Беларусь ня будзе ўступаць ні ў «Еўразьвяз», ні ў «Расейскую Федэрацыю». Пры гэтым у сьферы эканамічных зносін Беларусь павінна захоўваць максімальна магчымыя сувязі з усімі краінамі сьвету, а ў інфармацыйна-культурнай сьферы – дзяржаўную беларускасьць (Д пр-п 40).

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы