nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Нацыянальная ідэя і шчасьце людзей (Украіна; ледзь не кБНІ; Д пр-п 41)

22 лістапада, 2006 | Няма каментараў

Гэты артыкул Сяргея Сарокі ўзяты з кастрычніцкага выданьня газеты «Украінская праўда» і, як бачна з назвы, працягвае тэму значэньня нацыянальнай ідэі для забесьпячэньня паўнавартаснага жыцьця людзей. Калі б дадзены артыкул быў прадстаўлены на нашай Гарадзенскай канферэнцыі ў 1999 г., ён без сумневу быў бы прадстаўлены ў матэрыялах адпаведнага выданьня.
Рэдакцыя.

Цікавы эксперымент правялі адмыслоўцы па псіхалогіі, філасофіі й эканоміцы ў невялікім брытанскім горадзе Слаў. Яны працавалі над тым, каб павялічыць там… узровень шчасьця. І, нарэшце, знайшлі тры простых рэцэпты шчасьця: гэта дагляд за расьлінамі, звычка ўсьміхацца да незнаёмых і скарачэньне прагляду тэлеперадачаў, як мінімум, напалову [у “рэцэпце шчасьця” прадэманстраваны тыповы фармальны падыход, таму і ставіцца да яго варта адпаведна. – Рэд.].

Здавалася б, калі б украінцы навучыліся ўсьміхацца да незнаёмых і менш глядзелі тэлевізар, дык сталі б самымі шчасьлівымі людзьмі ў сьвеце. Цяпер жа, у адпаведнасьці з вынікамі сацыялагічных апытаньняў, украінцы «пасьвяць» апошніх па гэтых паказьніках у сьвеце.

У гэтым трэба, відаць, шукаць не індывідуальныя, а ГРАМАДСКІЯ ПРЫЧЫНЫ. Г.зн., звычайны ўкраінец, якому заўсёды хацелася мець свой садок альбо, па крайняй меры, вырошчваць герань на падваконьніку ўласнага дома, які мае далёка не агрэсіўны характар, і ў якога няма часу на прагляд навінаў і тэлесерыялаў, сам па сабе адчуваў бы сябе вельмі шчасьлівым чалавекам. Але быць шчасьлівым украінцу ў сябе дома не дае наша няўклюднае ўкраінскае грамадства.

У адпаведнасьці з тэорыяй справядлівасьці Джона Роўлза, чалавек, з пэўнымі агаворкамі, бывае шчасьлівы тады, калі ён знаходзіца НА ШЛЯХУ ПАСЬПЯХОВАГА ЗЬДЗЯЙСЬНЕНЬНЯ пэўнага РАЦЫЯНАЛЬНАГА ЖЫЦЬЦЁВАГА ПЛАНУ, прычым ён НЯБЕСПАДСТАЎНА ЎПЭЎНЕНЫ Ў МАГЧЫМАСЬЦІ РЭАЛІЗАЦЫІ СВАІХ НАМЕРАЎ. Такім чынам, каб быць шчасьлівым, трэба: па-першае, скласьці рацыянальны жыцьцёвы план; па-другое, пасьпяхова яго зьдзяйсьняць; па-трэцяе, быць упэўненым у магчымасьці далейшай пасьпяховай рэалізацыі гэтага плана.

Рацыянальным зьяўляецца такі жыцьцёвы план, які сьвядома і ўзважана быў абраны асобай сярод таго класу планаў, якія адпавядаюць становішчу асобы ў грамадстве, і які абраны з усьведамленьнем рэальных асабістых і грамадскіх фактараў жыцьця і дакладнага аналізу магчымых наступстваў зьдзяйсьненьня такіх планаў.

Паколькі кожны чалавек, які жыве ў грамадстве, ня можа быць свабодным ад грамадства, дык МЕНАВІТА СТАН ГРАМАДСТВА ЗЬЯЎЛЯЕЦЦА ВЫЗНАЧАЛЬНЫМ у магчымасьці зьдзяйсьненьня рацыянальных жыцьцёвых планаў людзей, калі такія будуць.

Можна толькі пашкадаваць (улічваючы дамінаваньне на нашых землях таталітарнай сістэмы на працягу больш чым 70 гадоў), што ўлады не давалі большасьці грамадзян магчымасьці ня толькі скласьці й рэалізаваць самастойна свой жыцьцёвы план, але і зьнішчалі ўсіх тых, чый жыцьцёвы план не ўпісваўся ў жорскія ідэалагічныя рамкі камуністычнай ідэалогіі. У выніку ўкраінскае грамадства (уласна, як і грамадства ў кожнай з постсавецкіх рэспублік, акрамя тых, хто быў далучаны да СССР пасьля ВАВ) атрымала ў спадчыну грамадзян, якія пасьля распаду таталітарнай сістэмы апынуліся ў стане адчаю і разгубленасьці перад неабходнасьцю самастойна планаваць сваё жыцьцё і самастойна адказваць за зьдзяйсьненьне сваіх планаў.

Ня здольным да стратэгічнага планаваньня разьвіцьця краіны аказалася абсалютная большасьць прадстаўнікоў украінскага істэблішменту. Таму да гэтай пары Украіна не набыла ня тое што рацыянальны стратэгічны план разьвіцьця, а хаця б ПРЫЯРЫТЭТЫ і КІРУНКІ ТАКОГА РАЗЬВІЦЬЦЯ.

І справа ня ў тым, куды далучацца: у ЕС альбо ЕЭП, у НАТА альбо Арганізацыю дамовы па калектыўнай бясьпецы. Такі выбар павінен быць зроблены ў кантэксьце абранага стратэгічнага кірунку разьвіцьця краіны з мэтай ПАБУДОВЫ ДЭМАКРАТЫЧНАГА, ЭКАНАМІЧНА і САЦЫЯЛЬНА ЭФЕКТЫЎНАГА ГРАМАДСТВА [сапраўды, вось яна, першасная суб’ектная мэта! – Рэд.]. Па крайняй меры, пры такім варыянце ФАРМУЛЯВАНЬНЯ МЭТЫ разьвіцьця краіны можна знайсьці ГРАМАДСКІ й ПАЛІТЫЧНЫ КАНСЭНСУС… Ці ж у нашых уладаў мэтай зьяўляецца падубодва камунізму ў краіне? Альбо, можа, нейкая з палітычных сілаў дэкларуе пабудову аўтарытарнага і карумпаванага рэжыму?

Ці ў стане кожны грамадзянін складаць уласныя доўгатэрміновыя планы жыцьця, калі адсутнічаюць планы разьвіцьця краіны, якія зразуметы і прыймаюцца грамадствам?… Ці можа ўкраінскае грамадства быць грамадствам шчасьлівых людзей, калі мы ня здольныя больш ці менш выразна і дакладна спланаваць сваю будучыню і быць упэўненымі ў рэальнасьці магчымасьцяў рэалізацыі ўласных планаў?

У 2004-06 гг. ва Украіне скрайне завострыліся міжнацыянальныя, міжканфесійныя, міжрэгіянальныя супярэчнасьці, у тым ліку “дзякуючы” прэзідэнцкім і парламенцкім выбарчым гонкам і ўплыву Расеі [так у тэксьце. – Рэд.] на хаду грамадска-палітычных працэсаў.

Асноўная прычына абвостраньня такіх супярэчнасьцяў у тым, што Украіна, у які ўжо раз за сваю гісторыю, стаіць на перакрыжаваньні выбару стратэгічных шляхоў разьвіцьця сваёй дзяржавы. Небясьпека крыецца ў тым, што электаральнае разьмеркаваньне паміж празаходнім і прарасейскім выбарам разьвіцьця роўнае прыкладна 55% на 45% – г.зн. з невялікай перавагай у бок празаходняга вектара разьвіцьця. Менавіта таму трэба шукаць АГУЛЬНАПРЫЙМАЛЬНУЮ і КАНСЭНСУСНУЮ ФАРМУЛЁЎКУ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ІДЭІ, якая здольна аб’яднаць Украіну і вызначыць стратэгічны план разьвіцьця дзяржавы.

Ня тое, што сучасная дзяржава, але і кожная камерцыйная фірма павінна будаваць сваю працу на падставе сучасных законаў менэджменту, каб быць больш ці менш пасьпяховай у рынкавых умовах вядзеньня дзейнасьці.

Заўсёды вызначэньне рэгулярнага менэджмэнту ў сучаснай эфектыўнай кампаніі павінна вызначацца з фармуляваньня МІСІІ ФІРМЫ. Г.зн. у кароткай форме трэба сфармуляваць ДЛЯ ЧАГО ўвогуле патрэбна тая ці іншая фірма, якія СЭНС і МЭТА яе існаваньня ды дзейнасьці. Пасьля гэтага, з улікам місіі, сьвядома фармулююцца СТРАТЭГІЧНЫЯ ПЛАНЫ, а ПОТЫМ – тактычныя планы, структура, бюджэт, сістэма карпаратыўных стандартаў, палажэньні й інструкцыі, сістэма матывацыі й да т.п. Як гаворыцца, “менэджмэнт, ён і ў Афрыцы менэджмэнт”.

Шкада, але ўкраінская “эліта” за 15 гадоў незалежнай дзяржаўнасьці не была ў стане сфармуляваць агульнапрыймальную і зразумелую місію дзяржавы Украіна, інакш яе НАЦЫЯНАЛЬНУЮ ІДЭЮ [і, як вы бачыце, гэта якраз тое, чым мы – беларусы, займаемся з 1999 г.; гэта тое, для чаго створаны наш сайт. – Рэд.]. На гэтую нетрывіяльную, але скрайне патрэбную справу, урэшце трэба НАКІРАВАЦЬ НАЦЫЯНАЛЬУЮ ЭЛІТУ. З іншага боку, ня варта і ўскладняць задачу. На самой справе, ідэя павінна датычыць чатырох узаемазьвязаных асноўных сьфер жыцьця: ГРАМАДСТВА, ЭКАНОМІКІ, ЭКАЛОГІІ й ДУХОЎНАСЬЦІ [!, гэта сапраўды важна, хоць і не дакладна; мы дадзеную тэзу будзем далей абмяркоўваць. –Рэд.].

Таму асноўныя пастулаты, якія павінны быць уключаны ў фармуляваньне нацыянальнай ідэі, зьяўляюцца такімі:
– адданасьць ДЭМАКРАТЫЧНЫМ КАШТОЎНАСЬЦЯМ (свабодныя дэмакратычныя выбары, свабода слова, незалежная судовая сістэма, справядлівасьць);
– пастаяннае ЭКАНАМІЧНАЕ РАЗЬВІЦЬЦЁ на падставе перадавых выніковых тэхналогій і менэджмэнту, забесьпячэньне дабрабыту кожнага грамадзяніна Украіны;
– захаваньне НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ІДЭНТЫЧНАСЬЦІ Украіны і забесьпячэньне гарманічнага разьвіцья ўсіх нацыянальных меньшасьцяў на тэрыторыі Украіны;
– дабрасуседскія РАЎНАПРАЎНЫЯ АДНОСІНЫ З УСІМІ НАРОДАМІ й дзяржавамі;
– ЭКАЛАГІЧНАЯ ГАРМОНІЯ ПАМІЖ ГРАМАДСТВАМ І ПРЫРОДАЙ, аднаўленьне натуральнай экасьферы на тэрыторыі Украіны [СУПЕР! Мы ўсе ў рэдакцыі пляскаем у далоні. – Рэд.].

Менавіта лідар павінен стаць лакаматывам вызначэньня і фармуляваньня нацыянальнай ідэі [гэта штучны падыход; больш натуральна адваротнае: хто фармулюе і вызначае нацыянальную ідэю, той у значнай ступені ўжо ёсьць нацыянальным лідарам. – Рэд.]. Улічваючы, што адной з чатырох асноўных функцый кіраваньня (менэджмэнту) зьяўляецца ЛІДАРСТВА (разам з ПЛАНАВАНЬНЕМ, АРГАНІЗАЦЫЯЙ і КАНТРОЛЕМ), менавіта асоба на вышэйшай пасадзе краіны, якім зьяўляецца прэзідэнт, павінна ўзначаліць гэты працэс [а гэта ўжо мроі, бо ня кожны прэзідэнт на такое здатны; большасьць няздатныя; лягчэй зрабіць адваротнае – нацыянальнага лідара прэзідэнтам. – Рэд.]. Тым больш, што прэзідэнт пасьля ўступленьня ў дзеяньне палітычнай рэформы нашмат меньш абцяжараны рашэньнем бягучых гаспадарчых праблем дзяржавы.

РАШЭНЬНЕ ТАКОЙ ЗАДАЧЫ МОЖА І ПАВІННА СТАЦЬ ЦЭНТРАМ КАНСАЛІДАЦЫІ ГРАМАДСТВА І ВЯДУЧЫХ ПАЛІТЫЧНЫХ СІЛ КРАІНЫ, за выключэньнем відавочных маргіналаў [пра тое ж у адносінах да Беларусі некаторыя з нас ужо адкрыта гавораць, хто з 2002 году, а хто і з 2000-га. – Рэд.]. Гэта ж можа стаць прадметам наступных круглых сталоў і наступных Універсалаў. Прычым, улічваючы, што прычынай скліканьня круглага стала будзе не задача любым коштам знайсьці выйсьце з глухога палітычнага вуглу, а ВЫЗНАЧЭНЬНЕ СТРАТЭГІЧНАЙ ФОРМУЛЫ КАНСАЛІДАВАНАГА РАЗЬВІЦЬЦЯ ЎКРАІНСКАГА ГРАМАДСТВА, такое мерапрыемства пры належнай арганізацыі ня будзе простай фармальнасьцю.

Ва Украіне ёсьць яшчэ НАЦЫЯНАЛЬНЫЯ АЎТАРЫТЭТЫ, якім грамадства, нягледзячы на ўсе грамадска-палітычная метамарфозы, усё яшчэ ДАВЯРАЕ.

Такая формула кансалідаванага разьвіцьця краіны можа стаць своеасаблівай формулай шчасьця і для Украіны ў цэлым, і для кожнага яе грамадзяніна. Як казаў Казьма Пруткоў: «Калі хочаш быць шчасьлівым, будзь ім…».

Сяргей Сарока

Ад рэдакцыі:
Бярэм за аснову для далейшага фармуляваньня Беларускай дактрыны 5 пастулатаў, выкладзеных Сяргеям Сарокам у яго артыкуле (Д пр-п 41).

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы