nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

МЕСІЯ альбо ІЛЮЗІЯ. У Юшчанкі праявіліся выключныя здольнасьці… (Украіна)

23 лістапада, 2006 | Няма каментараў

М. Варатыленка (узята з газэты «Украінская праўда»; аўтар – украінец з Канады; прысьвячаецца 2-й гадавіне Памаранчавай рэвалюцыі)

�айдан 2004.jpg

Ва Украіне паўтараецца трагедыя 1920-х, калі Масква аб’явіла НЭП і ўкраінізацыю. Мільёны ўкраінскіх патрыётаў паверылі ў гэта і сталі працаваць на разьвіцьцё ЎКРАІНСКАЙ ІДЭІ. Але з часам Масква адмовілася ад НЭПу і ўкраінізацыі, а мільёны патрыётаў Украіны, якія «засьвяціліся», былі зьнішчаны.

Мільёны людзей паверылі Юшчанку, нават тыя, хто быў вымушаны працаваць у сістэме Кучмы. Але Юшчанка здрадзіў усім, ня стаў на іх абарону [! – Рэд.], і, невядома, ці ня скончыцца ўсё гэта ў такой жа ступені трагічна, як і ў 20-я гады мінулага стагоддзя…

Як вынік абсалютнай бязьдзейнасьці лідара, самаўпэўненасьці, памылак і адсутнасьці палітычнай волі, партыя Юшчанкі атрымала поўную паразу на выбарах у Вярхоўную Раду ў сакавіку 2006 году.

Палітычная рэформа аказалася прадуманай авантурай антыукраінскіх сілаў і здольна прывесьці да дэстабілізацыі палітычнай сітуацыі ў краіне. Партыя рэгіёнаў (ПР), якую фактычна аднавіў і дабраславіў Юшчанка, праводзіць беспрэцэдэнтную антыукраінскую і антыдзяржаўную кампанію. Адбываецца замена дзяржаўных служачых, пракурораў, суддзяў на прадстаўнікоў ПР [! – Рэд.]. Калі раней пракуроры пратэставалі супраць антыканстытуцыйных дзеяньняў, дык цяпер яны маўчаць.

Пасьля перамогі Юшчанкі нікому нават у самым страшным сьне не магло прысьніцца, што праз паўтары гады ён ўсё страціць. Для яго перамогі прыклалі высілкі мільёны людзей ва ўсім сьвеце, і ня толькі украінцы. Многія ўрады выступілі на абарону свабоды ва Украіне і накіравалі беспрэцэдэнтную колькасьць назіральнікаў на выбары. Яму прадаставілі ганаровае права быць прэзідэнтам Украіны. Але ніхто не даваў яму права… здраджваць і аддаваць заваяваную свабоду назад. Ён перавысіў свае паўнамоцтвы.

Чаму ж так адбылося? Адказ трэба шукаць у асобах. Юшчанка ніколі ня быў моцным лідарам і змагаром. У яго выключная здольнасьць страчваць тое, што набыў. Ён не вытрымлівае ўльтыматумаў і ціску, уцякае ад канфліктаў і, нават, зрэдку ідзе на кампрамісы за кошт нацыянальных і дзяржаўных інтарэсаў. Знаходзячыся на пасадзе старшыні НБУ, пры прыняцьці непапулярных рашэньняў альбо звальненьні каго-небудзь, ён часта зьязджаў у службовыя камандыроўкі. Пад ціскам Кучмы ў студзені 2000 году ён здрадзіў Цімашэнку. Ён падпісаў заяву трох. Пасьля перамогі «Нашай Украіны» на выбарах у парламент у 2002 годзе, больш 20 сяброў яго партыі перабеглі да кучмістаў і большасьць была створана безь яго.

Незразумела, чаму і цяпер, калі дэмакратычныя сілы атрымалі большасьць на выбарах у сакавіку 2006 году, ён дорыць перамогу ПР?

У час палітычнага крызісу ў сьнежні 2004 года, з Майданам за сьпіной, ён пагадзіўся на палітычную рэформу, якая дорага каштавала Украіне. Ён ня вытрымаў шантажу Масквы ў час газавага крызісу, хаця на яго баку было міжнароднае права і падтрымка заходняга сьвету. Падпісаўшы новую дамову, ён паставіў у нязручнае становішча і Захад, які яго падтрымліваў. Ён паказаў, што з Украінай і яе прэзідэнтам можна размаўляць на мове ўльтыматумаў.

У друку прайшла інфармацыя, што ў час фармаваньня кааліцыі ў Вярхоўнай Радзе, Кучма пазваніў «рэгіяналам» з парадай ціснуць на Юшчанку да канца – і той саступіць. Значыць, Кучма ведае характар Юшчанкі лепш, чым хто-небудзь яшчэ.

У перамогу Юшчанкі ўклалі высілкі некалькі пакаленьняў украінцаў [! – Рэд.], але УПА [Украінскай Паўстанцкай Армія. –Рэд.] так і не прызнаная сілай, якая змагалася за волю Украіны [Юшчанка нядаўна падпісаў адпаведны ўказ, але камуністы ў Вярхоўнай Радзе пакляліся ня даць пераўтварыць яго ў закон. – Рэд.]. Погляды шызафрэнічных Вітрэнкі й Сіманенкі маюць для прэзідэнта большае значэньне.

Ужо некалькі гадоў знаходзяцца ў турме маладыя хлопцы, якія выступілі супраць Кучмы ў час уганараваньняў Тараса Шаўчэнкі ў яго гадавіну ў 2001 годзе, але Юшчанку не хапае палітычнай волі хаця б амніставаць іх і выпусціць на волю. Тое зло, што ён зрабіў, ударыла ня толькі па Украіне, але і па тых, хто глядзеў на Украіну, як на прыклад таго, што мірным шляхам можна зрынуць карупцыйна-бандыцкі рэжым.

Ён здрадзіў тыя народы былога СССР, якія глядзелі на Украіну, як на народ, які вырываецца з “абдымкаў” Масквы. Ён здрадзіў маленькую, але гордую Грузію, на якую накіравана цяпер беспрэцэдэнтная ўльтыматыўная кампанія з боку Масквы. Ён зноўку здрадзіў Цімашэнку, дзякуючы якой дасягнуў посьпехаў. Ён не баец па сваім характары, але маючы за сваёй сьпіной такі лакаматыў як Цімашэнка, ён мог спакойна адбыць свае два тэрміны на пасадзе прэзідэнта Украіны і ўвайсьці ў яе гісторыю, як яе творца.

Ён абраў іншы шлях. І цяпер у яго практычна няма ніякіх шанцаў быць пераабраным зноў. “Усход” ніколі не прагаласуе за яго, нават калі ён пяройдзе толькі на рускую мову і пагодзіцца на ўсе іх ультыматумы. Там такіх людзей не паважаюць.

Гістарычна, чым больш уладар “цісьне” на расіянаў, тым больш яны яго любяць, баяцца і паважаюць. Пётр І казаў пра сваіх маскавітаў: “Эта сарынъ может бытъ унята онли жесточю”. І ён у Расеі да сёньняшняга дню – нацыянальны ідал, у адрозьненьне ад забітага слабенькага Пятра ІІІ. Душагуб цар Іван IV добра трымаўся на троне, а слабога Івана ІІІ маскавіты задушылі, як пацука. Дэспат Мікалай І перавешаў шмат “Бунтаўнікоў”, а слабенькага Мікалая ІІ “бунтаўнікі” застрэлілі ў склепе.

Так і тут. Значная частка людзей ва ўсходніх рэгіёнах галасавала за Януковіча і ПР менавіта таму, што яны паводзілі сябе цынічна і жорстка ў адносінах да насельніцтва сваіх рэгіёнаў. Для многіх жыхароў Усходу, як правіла, ня мае значэньня, хто і як імі кіруе. Галоўнае, каб свой. Лепш жыць у брудзе і рабстве, размаўляць на чужой мове, але прынцыпаў не мяняць…

Прэзідэнт Юшчанка павінен быў пераканаць гэтых людзей, што быць вольнымі нашмат лепш, чым быць рабом. І што Воля і Права на выбар зьяўляюцца адным з самых вялікіх імкненьняў і дасягненьняў чалавецтва за ўсю гісторыю цывілізацыі. На жаль, ён гэтага не зрабіў.

У Юшчанкі практычна няма шанцаў выйграць прэзідэнцкія выбары і на захадзе Украіны. Па вялікім рахунку людзі галасавалі за “Нашу Украіну” па інэрцыі, пад уражаньнем Памаранчавай рэвалюцыі. І ці варта ўвогуле змагацца і спадзявацца на чалавека, які спачатку выйграе, а затым усё роўна прайграе. Альбо аддае перамогу.

Чаму адбываецца так, што Украіна, маючы ў сваёй гісторыі шмат магчымасьцяў вырвацца з маскоўскіх “абдымкаў”, страчвае гэтыя магчымасьці па прычыне недальнабачнасьці альбо здрадніцкіх пазіцый пэўных асобаў у адносінах да свайго народу?

У 1665 годзе гетман Брухавецкі добраахвотна аддаў Маскоўшчыне астаткі самаўпраўных правоў Украіны, хаця да гэтага яго ніхто не прымушаў. У 1668 годзе гетман Дарашэнка аб’ядноўвае права- і левабярэжную Украіну, выганяе маскоўскія войскі з Украіны, але ў той жа час кашавы Сірка нападае на Крым, які быў саюзьнікам гетмана. Ня маючы падтрымкі на поўдні, гетман вымушаны адступіць на правабярэжжа, і Масква вярнулася. За здрадніцтва Масква зрабіла Самойлавіча гетманам, і ён за гэта падпарадкаваў Украінскую царкву Маскве. Гетман Выгоўскі, маючы значна меньшыя сілы, ушчэнт разьбіў 100-тысячнае адборнае маскоўскае войска, але ўнутраныя звады, падступнасьць маскоўскіх эмісараў і здрада часткі старшынаў прывялі да страты атрыманай перамогі. У 1708 годзе здрада палкоўніка Носа прывяла да яшчэ большай трагедыі. Меншыкаў па загадзе Пятра І вырэзаў усіх жыхароў Батурына, а ва ўсёй Украіне маскоўскае ярмо зацягнулася на стагоддзе.

Ваенны міністар УНР Порш у 1917 годзе, а Вінічэнка – у 1918, распусьцілі мільённую украінскую армію. А ў крытычны момант, адмовіўшыся ад паслугаў 60-тысячнага чэхаславацкага корпусу, была выяўлена здрадніцкая недальнабачнасьць, якая прывяла да страты Украінскай дзяржаўнасьці. Калі маскоўскія войскі пайшлі на Украіну, ім насустрач выйшлі толькі 300 студэнтаў, якія палеглі як героі пад Крутамі.

У свой час прафесар Драгаманаў стаў ідэолагам маскавізацыі Украіны, а сучасны акадэмік Талочка насьледуе яго.

Цяпер можам успомніць і пра новых вядомых і невядомых здраднікаў, якія жывуць і нават ірвуцца кіраваць Украінай. Сярод іх і Тарас Чарнавіл, і Мароз, які шмат зрабіў, каб легалізаваць забароненую камуністычную партыю ва Украіне і вярнуць у вялікую палітыку шмат людзей, варожа настроеных да Незалежнасьці Украіны, а цяпер сваёй здрадай увогуле паставілі Украіну перад выбарам на манер “быць альбо ня быць”.

Дзеяньні цяперашняга прэзідэнта ацэніць будучая гісторыя. Але Украіне ня будзе шанцаў стаць моцнай, незалежнай дзяржавай да таго часу, пакуль кожны здраднік НАЦЫЯНАЛЬНЫХ ІНТАРЭСАЎ ня будзе ведаць: раней ці пазьней ён будзе пакараны. І ня мае значэньня, якую шкоду нанесьлі яны Украіне – палітычную, тэрытарыяльную, эканамічную альбо маральную.

У супрацьлеглым выпадку чарга з тарасікаў і марозікаў будзе ўвесь час падаўжацца.

Зь сітуацыі, якая склалася сёньня, адзінае выйсьце – аб’яднаньне ўсіх дзяржаўна-нацыянальных сілаў пад адным дахам альбо блокам. У патрыётаў павінны спрацаваць інстынкт самазахаваньня, і выбар павінен быць адным – альбо аб’яднаньне, альбо нары і ўрокі “муркі”. Трэба праглынуць свае “гетманскія жаданьні” і ўпрагчыся ў агульны воз пад назвай Незалежная Украіна.

М. Варатыленка

Ад рэдакцыі:
Некаторыя зь сябраў рэдакцыі былі відавочцамі й удзельнікамі украінскіх падзей 2004-05 гг. Таму нам асабліва непрыемна бачыць тое, што цяпер адбываецца ва Украіне. Але тым больш варта наматаць на вус гэты негатыўны досьвед: НЕПАДРЫХТАВАНЫ ПРЭЗІДЭНТ, АДСУТНАСЬЦЬ ДАКЛАДНА ВЫЗНАЧАНЫХ МЭТАЎ, ПРАГРАМЫ, ДАЛЕЙШАЯ ПРЫСУТНАСЬЦЬ ЗДРАДНІКАЎ ды АГЕНТУРЫ Ў ПАЛІТЫЦЫ – і, як бачым, цяжкі адмоўны вынік навідавоку…

Цытата: Юры Дракахруст: «Літаральна праз месяц наступае гадавіна яшчэ адной каляровай рэвалюцыі – рэвалюцыі ружаў у Грузіі. Назіральнікі адзначаюць, што расчараваньня там значна меньш, чым ва Украіне. Па-першае, новае кіраўніцтва Грузіі на чале з Міхаілам Саакашвілі здолела дасягнуць заўважальных посьпехаў у эканоміцы, а таксама ў барацьбе з карупцыяй. Па-другое, у Грузіі ў адрозьненьні ад Украіны, НЕ АДБЫЛОСЯ РЭВАНШУ ТЫХ СІЛАЎ, ЯКІЯ ЗДАВАЛІСЯ НАЗАЎЖДЫ ПАХАВАНЫМІ Ў ДНІ ТРЫЮМФУ РУЖЫ І АПЭЛЬСІНУ. На сёлетніх мясцовых выбарах у кастрычніку партыя прэзыдэнта Грузіі атрымала пераканаўчую перамогу, у той час як парлямэнцкія выбары ва Ўкраіне пасьля месяцаў перамоваў і палітычных манэўраў прынесьлі перамогу партыі Віктара Януковіча».

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы