Рэдакцыя.
Сябры! Мы вырашылі інфармаваць вас – нашых чытачоў – пра інтэрнэт-сайты, якія зьяўляюцца важнымі для атрыманьня аб’ектыўнай інфармацыі аб грамадскай рэчаіснасьці. Сярод іх будуць як сайты нашых сяброў – тых, да каго мы ідэалагічна блізкія, каму мы шчыра спачуваем, каго хацелі б падтрымаць, так і ідэалагічна неўтральныя сайты, якія падаюць проста аб’ектыўную, навуковую інфармацыю. Але зрэдку мы намераны даваць адрасы сайтаў нашых актуальных ці патэнцыйных апанентаў. У апошнім асьпекце мы зыходзім з таго меркаваньня, што інфармацыя, атрыманая з “варожага стану”, часта ўяўляе ня меншую цікавасьць, чым паведамленьні сяброў…
Так, адзін з сайтаў, які мы прапануем вам мець на ўвазе www.iiseps.org. Ён, як вы бачыце па лагатыпе ўверсе, належыць зачыненаму ў Беларусі Незалежнаму інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледваньняў, якім кіраваў прафесар Алег Манаеў. Цяпер “група Манаева” зарэгістраваная ў Літве, але дасьледваньні праводзіць у Беларусі. Сайт мае багаты матэрыял для аналізу сацыяльна-псіхалагічных працэсаў, якія адбываюцца з нашым грамадствам. Гэтыя зьвесткі могуць быць важкімі для разьліку прагнозу магчымых сацыяльна-палітычных падзей. Недахопам выстаўляемых матэрыялаў зьяўляецца іх рускамоўнасьць.
Для ілюстрацыі значэньня сайту прывядзем невялікую табліцу, якая ёсьць у яго матэрыялах. Як вы бачыце зь яе, за апошнія 3 гады ў Беларусі на фоне стабільнай трэціны тых, хто “за Расею”, значна павялічылася доля тых, хто не жадае нікуды “інтэгравацца”, а сумарная доля “самастойнікаў” і “праеўрапейцаў” стала ў 1,3 разы большай, чым тых, хто ўсё яшчэ хацеў бы легчы пад імперыю. Тры гады таму ўсё было наадварот. І гэта прыемна.