Віталь Хромаў
Зусім нядаўна мы пісалі пра забойства Паліткоўскай, у тым ліку пра тое, каму яно было патрэбнае (гл. https://nashaziamlia.org/2006/10/10/326/#more-326). Цяпер мы вымушаны пісаць у мінулым часе пра яшчэ аднаго чалавека, імя якога пасьля паведамленьняў у расейскіх СМІ ды шматлікіх артыкулаў у найбольш аўтарытэтных заходніх выданьнях цяпер знаёма многім. На жаль, шырокая вядомасьць прыйшла да яго пасьмяротна (гл. фота ўверсе; зьлева здаровы Літвіненка, справа – ён жа на шпітальным ложку без валасоў, якія выпалі з-за верагоднага нутранога апраменьваньня, і з датчыкамі, якія сочаць за сардэчнай дзейнасьцю).
Яшчэ пару тыдняў таму словы “Аляксандр Літвіненка” нешта значылі толькі для тых, хто цікавіўся змаганьнем чачэнскага народу супраць агрэсіі расейскай імперыі, хто зьбіраў аб’ектыўную інфармацыю пра дзейнасьць структуры, якая нібы злачынца-рэцыдывіст мае шмат імёнаў – ВЧК-ГПУ-НКВД-КГБ-ФСБ…
Справа ў тым, што Літвіненка – былы падпалкоўнік дадзенай найбольш мафійнай часткі расейскай імпербюракратыі, часкі, якая выконвае ролю яе “тапара”. Сумленьне не дазволіла яму працягваць знаходзіцца “ў сістэме”. Пад прэтэкстам адмовы выконваць злачынны загад і з-за распачатага ў адказ супраць яго судовага перасьледу ён вымушаны быў эміграваць на Захад. Асеў у Лондане, дзе спачатку атрымаў палітычны прытулак, а нядаўна і брытанскае грамадзянства. Апынуўшыся на Захадзе, стаў шырока вядомым сьпецыялістам (у пэўных, канешне, колах), накіраваным на збор і аналіз матэрыялаў, зьвязаных са злачыннай дзейнасьцю КГБ-ФСБ. Паколькі А.Літвіненка сам паходзіў знутры сістэмы, паколькі ён быў жорстка ськіраваны на (сьпецыялізаваўся) дэзавуяваньне яе злачыннай дзейнасьці, ён лічыўся адным з найбольш аўтарытэтных эксьпертаў па дадзеных пытаньнях у сьвеце. За ім – аўтарам кніг пра таемныя аперацыі КГБ-ФСБ – сачылі сьпецслужбы многіх краін сьвету. Ён даваў паказаньні камісіі Мітрохіна (парламент Італіі), а таксама парламенцкай камісіі Гуцанці (Італія), якая дасьледвала дзейнасьць савецкіх шпіёнаў у Італіі. Літвіненка даў таксама інфармацыю пра сувязь паміж тэрарыстычнымі «чырвонымі брыгадамі» і Масквой. А.Літвіненка часта выступаў таксама на чачэнскіх вызвольных інфармацыйных сайтах (агульныя ворагі й агульныя задачы змаганьня зь імі аб’ядноўваць), даваў інтэрвю некаторым іншым дэмакратычным расейскім выданьням. Хто карыстаўся інфармацыяй з гэтых крыніц, мог пазнаёміцца зь ім ужо даўно.
Як толькі стала вядома пра атручаньне, а цяпер ужо і забойства А.Літвіненка (найбольш верагодна, з дапамогай радыяактыўнага талія, палонiя цi на думку некаторых сьпецыялiстаў, зьвязаных з нашай рэдакцыяй – астату), падазрэньне ў першую чаргу ўпала на расейскія сьпецслужбы. У адказ іх прадстаўнікі й іншыя прадстаўнікі расейскай імпербюракратыі пасьпяшаліся выступіць з даволі нахабнымі й, нават, абразьлівымі “абвяржэньнямі”. Так, у адказ на адпаведнае пытаньне замежных журналістаў адзін з прэсавых сакратароў расейскага прэзыдэнта Дзьмітры Пяскоў заявіў у Хэльсынкі, дзе Пуцін быў з афіцыйным візітам: “Любыя сьцьвярджэньні супраць Расеі [так у Пяскова. – Рэд.] ў сувязі з гэтай справай ёсьць БЕССЭНСОЎНАСЬЦЬ. Гэта сапраўды НОНСЭНС, і гэта настолькі ГЛУПА і недарэчна, што нават ня вартае нейкіх камэнтароў афіцыйных асобаў”. Акрамя таго, афіцыйныя прадстаўнікі “Расеі” пасьпяшаліся абвінаваціць у забойстве Літвіненка “ворагаў Расеі” такіх, напрыклад, як Беразоўскі. Маўляў, гэта ён забіў свойго бліжэйшага знаёмца (а таксама і Паліткоўскую) для таго, каб “дыскрэдытаваць Расею перад цывілізаваным сьветам”. Знаёмая рэакцыя яшчэ з савецкіх часоў. Ці ня праўда?
Паколькі ў афіцыйных прадстаўнікоў расейскай імпербюракратыі менавіта такая пастава да забойства А.Літвіненкі, бессэнсоўна і, нават, “глупа” спадзявацца, што нам давядзецца пачуць праўду па расейскіх тэлеканалах (а ў нас толькі такія і ёсьць). Таму давайце самі прыглядзімся, якія факты сьведаць пра тое, што імперскім “тапарам” зноў дазволена ўключыць у свой арсенал АТРУЧАНЬНІ й ЗАБОЙСТВЫ тых, каго расейская імпербюракратыя палічыць сваімі ворагамі (тое, што такое ў савецкія часы было распаўсюджанай зьявай, ні для каго не сакрэт; успомніце справы Сьцяпана Бандэры, Георгія Маркава, іншых).
Дык, якія ж факты ўскосна сьведчаць (прамыя доказы мы можам яшчэ доўга не атрымаць) пра тое, што Аляксандр Літвіненка мог быць забіты Пуціным праз Патрушава (і яго ФСБ, СВР) ці Іванова (і яго ГРУ ў складзе МА)?
ВОСЬ ГЭТЫЯ ФАКТЫ.
Факт першы (1). Матыў №1.
У спэцслужбаў і іх гадаванца – ВВПу – ёсьць сур’ёзныя падставы “не любіць” Літвіненку. У 1998 годзе, яшчэ працуючы ў ФСБ, ён зрабіў сенсацыйную заяву, што яго кіраўніцтва загадала яму забіць Барыса Беразоўскага (а гэта раскрыцьцё “дзяржаўнай таямніцы”). Эміграваўшы ў Брытанію і атрымаўшы там палітычны прытулак, Літвіненка напісаў дзьве кнігі пра расейскія сьпецслужбы. У адной з гэтых кніг “ФСБ УЗРЫВАЕ РАСЕЮ” падаюцца матэрыялы, якія сьведчаць, што падрывы жылых дамоў (якія адбыліся ў 1999 годзе ў Маскве ды некаторых іншых гарадах Расеі й якія прыпісваліся “чачэнскім сепаратыстам”) НА САМОЙ СПРАВЕ БЫЛІ ЗЬДЗЕЙСЬНЕНЫ Расейскай ФСБ! Нагадаем, што тады гэтыя падрывы паслужылі выдатным прэтэкстам Пуціну, каб пачаць чарговую антычачэнскую бойню і каб пад лозунгам: “Мачыць бандытаў у сартыры”, стаць прэзідэнтам Расеі… Ці варта дадаваць, што магло б стацца з уладай Пуціна і яго групы, калі факты пра сапраўды тэрарыстычныя падзеі 1999 г. і іх сапраўдных выканаўцах сталі шырока вядомыя расейскай грамадскасьці.
Другую сваю кнігу “ЛУБЯНСКАЯ ЗЛАЧЫННАЯ ГРУПОЎКА (ЛПГ)” А. Літвіненка прысьвяціў аналізу дзейнасьці ФСБ, якая на словах нібыта “адмовілася ад ідэалогіі й практыкі НКВД-КГБ”. Ці варта дадаваць, што і першая, і другая кнігі ЗАБАРОНЕНЫ да ўвозу і распаўсюду на тэрыторыі Расеі й Беларусі.
Апошнім часам былы выведнік займаўся расьсьледаваньнем забойства ў Маскве журналісткі Анны Паліткоўскай (!), зь якой ён шчыльна супрацоўнічаў па чачэнскай тэме. Ці ня гэта магло стаць апошняй кропляй?..
2. Матыў №2.Унутры КГБ-ФСБ існуе прынцып, што “зраднікі” павінны быць “пакараны”…
3. Пагаршэньне іміджу расейскай імпербюракратыі ў сьвеце.
Апошнім часам назіраецца істотнае пагаршэньня стаўленьня Захаду да Расеі ў цэлым і Пуціна ў прыватнасьці. Цяпер пасьля згортваньня ў Расеі дэмакратычных свабодаў; зацісканьня ротаў СМІ; пасьля стварэньня перашкодаў у працы на тэрыторыі Расеі для замежных інвестыцыйных кампаній; перакрыцьця газу Украіне і Еўропе; пасьля ўрэзваньня “Трэцяга сектару” (асабліва таго, што быў зьвязаны з Захадам); распаўсюду расейска-рускай фашыстоўскай ідэалогіі й арганізацый; пасьля ўзрастаньня агрэсіўна-імперскіх паводзін у адносінах да суседніх краінаў (Грузія, Малдова, Украіна, Латвія, Эстонія); падтрымкі “беларускага” дыктатара Лукашэнкі; зьяўленьня прыкмет змовы паміж Расеяй і Германіяй, скіраванага на раскол Еўразьвязу; іншае…; і, нарэшце, пасьля забойства Паліткоўскай – на Захадзе рэзка зьмяніўся ў горшы бок агульны тон артыкулаў, у якіх аналізуецца сітуацыя ў Расеі. У замежным друку ўсё часьцей можна сустрэць зьедлівую згадку пра тое, як Буш малодшы зазіраў у вочы Пуціну і ўбачыў там нешта добрае… Натуральна, што ў такой абстаноўцы попыт на літвіненак, закаевых, беразоўскіх, букоўскіх, паліткоўскіх, навадворскіх, кавалёвых і, спадзяемся, пазьнякоў… значна ўзрастае. Ад іх раней (у рамантычны перыяд “у Расею зь любоўю”) адмахваліся, цяпер да іх пачынаюць прыслухоўвацца, а іх выказваньні ўлічваць і друкаваць!..
4. Факт, на які зьвярнуў увагу Ахмед Закаеў. Расейскай Думай нядаўна быў прыняты ЗАКОН, які цяпер дазваляе прадстаўнікам расейскіх сьпецслужбаў праводзіць “сьпецаперацыі” (ЗАБІВАЦЬ людзей) за мяжой “на законных падставах”. Прадстаўнік прэзідэнта свабоднай Ічкерыі-Чачні за мяжой Ахмед Закаеў у сваім інтэрвю з нагоды забойства А.Літвіненка нагадаў, што гэты расейскі “закон” быў прыняты якраз напярэдадні саміту G8 у Санкт-Пецярбурзе ў гэтым годзе. Як мы памятаем, кіраўнікі сямі “вялікіх дэмакратый” сьвету добра тады папілі, паелі, пабалагурылі…, але ніводны зь іх не нагадаў Пуціну ні пра сітуацыю ў Беларусі, ні пра гэты “закон”. Закаеў сказаў, што забойства Літвіненкі – вынік маўкліва-згодніцкай пазіцыі Захаду ў адносінах да расейскіх злачынстваў, якія ўжо сталі “законнымі”.
Змагацца з “тэрарыстамі” цяпер модна. Толькі вось хто адкажа на пытаньне: чаму сярод “тэрарыстаў” усё часьцей апынаюцца лепшыя людзі нашага часу (тыпу Літвіненка, Закаева, Масхадава), а сапраўдным тэрарыстам-забойцам (напрыклад тым, што ўзрывалі дамы ў Расеі ў 1999 годзе, тым, што забівалі Яндарбіева і Літвіненка) дазволена дзейнічаць “законна”?…
5. Наяўнасьць у расейскіх сьпецслужбаў адмысловага закрытага інстытуту, які займаецца распрацоўкай метадаў забойстваў людзей.
Гэты інстытут быў заснаваны яшчэ Сталіным, знаходзіцца ў Маскве і належыць ФСБ. У ім вывучаліся і, верагодна, працягваюць вывучацца пытаньні, як з дапамогай радыяактыўных і атрутных рэчываў (сулемы, яду бледнай паганкі ці яду лацінаамерыканскай жабы, рыцыну, дыаксінаў, радыяактыўнага талію і г.д.), розных іншых узьдзеяньняў можна дэструктыўна паўплываць на псіхіку і здароўе людзей. У інстытуце распрацоўваюцца адмысловыя прылады (тыпу парасона, які “джаліць” атрутай; міні-капсулы зь ядам), прызначаныя для непасрэднага зьдзяйсьненьня тэхналогіі забойства ці “выключэньня” чалавека з актыўнай грамадска-палітычнай дзейнасьці…
6. Прыклады нядаўніх нераскрытых атручаньняў і забойстваў.
Кожны, хто сочыць за падзеямі ў Расеі й вакол яе, павінны памятаць, як у 2004 годзе “нейкімі сьпецслужбамі” былі атручаны тады яшчэ кандыдат у прэзідэнты Украіны Юшчанка (дыаксін) і Паліткоўская, калі яна ляцела ў Беслан (невядомы яд). У абодвух выпадках непасрэдныя выканаўцы і заказчыкі выкрыты не былі, але ўсё паказвала на Крэмль і яго сьпецслужбы. А яшчэ пасьля прыходу да ўлады Уладзіміра Пуціна страцілі свае жыцьці дэпутаты Дзярждумы Шчыкаціхін (таксама атручаны), Юшанкоў (забіты пры цьмяных абставінах у час, калі ён актыўна раймаўся рассьледваньнем падзей 1999 году), журналісты Паліткоўская, Хлебнікаў (забітыя) і яшчэ дзясяткі крытычна настроеных расейскіх журналістаў.
7. Раскрытае забойства экс-прэзідэнта Чачні Яндарбіева. І кім аказаліся забойцы?Нагадаем, 2 гады таму ў Катары з дапамогай выбухоўкі, падкладзенай у машыну, быў забіты экс-прэзідэнт Чачні Зелімхан Яндарбіеў. Тады злачынцы-тэрарысты – прадстаўнікі расейскіх сьпецслужбаў – былі злапаныя й асуджаныя. Іх віна ў дадзенай тэрарыстычнай (без дзьвюкосьсяў) акцыі была ДАКАЗАНА! Злачынцаў прысудзілі да вялікіх тэрмінаў зьняволеньня. Але расейскія ўлады вымусілі кіраўніцтва Катару вярнуць ім іхных агентаў. Апошнім у Маскве была арганізавана сустрэча, як героям!.. Пазнаеце мафійны прынцып? Якая дэмакратыя? Які гуманізм? Вітаецца толькі адданасьць “арганізацыі”…
8. Меркаваньні дасьведчаных людзей.
У вэрсіі датычнасьці расейскіх спэцслужбаў да забойства А.Літвіненкі не сумняюцца ні Ахмед Закаеў, ні Беразоўскі, ні Алег Гардзіеўскі (апошні – знакаміты былы агент КДБ, які яшчэ ў 1985 годзе ўцёк з СССР і знайшоў прытулак у Брытаніі). Па словах апошняга “Літвіненка быў атручаны па прамым загадзе Крамля”. Па зьвестках Гардзіеўскага Літвіненка быў атручаны яго былым сябрам, які быў завербаваны ФСБ у турме, а не італьянец, зь якім той сустракаўся трохі пазьней. “Вядома, гэта было арганізавана расейскімі ўладамі. Ён быў такі яўны іх вораг. Толькі КГБ-ФСБ здольна на такое. Яны рабілі гэта і раней…” – заявіў Гардзіеўскі ў інтэрвю газеце Times. Ён таксама падкрэсьліў, што ня ведае імя атручвальніка [верагодна, гаворка ідзе пра агента ФСБ Андрэя Лугавога (які ў 2002 годзе быў у турме), які сустракаўся зь Літвіненка ў гатэлі, частаваў яго гарбатай яшчэ да абеду Літвіненкі з другім падазроным – італьянцам Марыя Скарамелай. – Рэд.]. Але па словах Гардзіеўскага, гэты чалавек некалі ўваходзіў у атачэньне Беразоўскага, пасьля чаго апынуўся ў турме. Затым нечакана ён выйшаў на волю, заняўся бізнэсам і пабагацеў. «КГБ вярбуе сваіх агентаў у турмах і лагерох яшчэ з 1930-х. Гэта іх метад працы», — адзначыў Гардзіеўскі.
9. Перадсьмяротныя заявы самога Літвіненкі.
За тыдзень да сьмерці, ужо знаходзячыся на шпітальным ложку, у інтэрвію радыё “Свабода” Літвіненка сказаў: “Ад 1998 году, пасьля таго, як Пуцін стаў дырэктарам ФСБ, я быў адным зь першых у Расеі, хто выступіў супраць гэтага чалавека. Пачынаючы з гэтага часу, мне імкнуцца закрыць рот. Кнігі мае ў Расеі ЗАБАРОНЕНЫЯ. Ёсьць толькі адна структура, зацікаўленая ў гэтым – расейскія спэцслужбы”. А ў сваёй перадсьмяротнай запісцы, зачытанай ягоным сябрам ужо пасьля сьмерці, Літвіненка непасрэдна абвінаваціў у сваёй сьмерці прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна: “Магчыма, вы здолееце прымусіць мяне маўчаць, але гэтае маўчаньне будзе куплена дарагім коштам. Вы паказалі сябе грубым і бязьлітасным – такім, якім вас называюць самыя радыкальныя крытыкі. Вам, магчыма, удасца прымусіць маўчаць аднаго чалавека. Але пратэст усяго сьвету будзе гучаць у вашых, спадар Пуцін, вушах да канца жыцьця…”.
10. Калі ў дадатак злачынчаў яшчэ і ня знойдуць…
Звычайна “справы” сьпецслужбаў пападаюць у групу нераскрытых. Такім чынам, калі забойцу ня знойдуць, гэта будзе таксама сьведчаньне вельмі “прафесійнага” забойства, зьдзейсьненага тымі, хто жадаў А.Літвіненку сьмерці…
Але паступае інфармацыя, што Скотланд-Ярд, рэпутацыя якога ў сувязі з забойствам сп-ра Аляксандра значна падмачылася, узяўся за справу так, што, відаць, палічыў яе высьвятленьне справай гонару…
«Гаворка ідзе не пра звычайны шпіёнскі скандал, — заявіў прадстаўнік антытэрарыстычнага аддзяленьня Скотланд-Ярду. — На гэты раз мы маем справу з забойствам замежнага грамадзяніна за мяжой [Расеі. – Рэд.] спосабам, які, як мы ведаем, спраўна выкарыстоўваюць рускія. Калі мы атрымаем цьвёрдыя доказы сувязі таго, што адбылося, з Масквой, дык яны будуць успрыняты скрайне сур’ёзна. Падобныя метады звычайна выкарыстоўваюць тэрарасты». Па інфармацыі газеты The Times, брытанскай выведцы вядома пра атручаньні таліем у іншых еўрапейскіх краінах, да якіх мелі дачыненьне расейскія агенты.
Што ж, пажывем, пабачым.
Высновы:
Хаця ўсе ўзгаданыя факты ў адносінах да Масквы зьяўляюцца ўскоснымі, па законе пераходу колькасьці ў якасьць з даволі вялікай упэўненасьцю можна сьцьвярджаць, што найбольш верагодная прычына забойства Аляксандра Літвіненкі ў спалучэньні двух фактараў: таго, што ён пасьлядоўна заставаўся сумленным чалавекам (! першы фактар), і таго, што ён “перайшоў дарогу” такому злавеснаму паразітычнаму монстру, якім была, ёсьць і зьяўляецца расейская імпербюракратыя (другі). Як уся яна, так і тым больш яе перадавы атрад ВЧК-ГПУ-НКВД-КГБ-ФСБ, была і застаецца цынічнай бандай, сьмяротна небясьпечнай для ўсіх сумленных людзей.
Ад рэдакцыі:З нагоды прадстаўленай інфармацыі лічым сваім абавязкам зьвярнуцца таксама да нашай беларускай рэчаіснасьці. І тут варта ўзгадаць ня толькі пра «зьнікненьні»-забойствы Ганчара, Захаранкі, Завадскага, іншых, ня толькі пра дзіўную сьмерць Карпенкі, ня толькі пра гісторыю пападаньня клафіліну ў арганізме сп-ра Мальцава. Гэтыя факты шырока вядомыя, рэгулярна ўзгадваюцца і абмяркоўваюцца ў апазіцыйным друку. Цікавымі ў межах закранутай тэмы зьяўляюцца й іншыя менш вядомыя факты. Напрыклад, дзіўная сьмерць гарадзенскага апазіцыянера, зьвязанага з прадпрыймальніцкім рухам, былога сьледчага з групы Гдляна сп-ра Кармільчыка. Напрыклад, дзіўныя атручаньні некаторых сябраў беларускай дэмакратычнай апазіцыі, якія па сваіх сімптомах нагадвалі атручаньне Юшчанкі. Напрыклад, зусім нядаўні факт, калі ў час правядзеньня аднаго зь семінараў у Гародні большасьць удзельнікаў пачынала чхаць і кашляць, калі знаходзілася ў памяшканьні, і спыняла гэта рабіць пры выхадзе на сьвежае паветра. Ёсьць й іншыя факты…
Відаць, «беларускія» сьпецслужбы ня супраць пераняць «перадавы досьвед» па «неўтралізацыі» найбольш небясьпечных для іх апазіцыянераў у сваіх расейскіх калег. Тым больш, што некаторыя палітолагі лічаць, што гэта ўжо даўно адзіная структура…
Што ж, змаганьне за свабоду нашай Бацькаўшчыны і нашага народу ўскладняецца. Жадаем усім сапраўдным беларускім патрыётам ня толькі посьпехаў у змаганьні, а і сустрэць перамогу жывымі й здаровымі…
У Вас размешчаны арртыкулы адмоўнага зместу пра Расею. А расецы тым часам добра сябе адчуваюцьі,
як здаецца, квітнеюць. А ў чым моц Расеі? Дзе тыя сланы (чарапахі) на якіх яна трымаецца?