nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

ПРАЎДА пра БЕСЛАН. Што хавае пуцінская адміністрацыя

28 лістапада, 2006 | Няма каментараў

Беслан1.jpgГэтым артыкулам Дэвіда Сэтэра, надрукаваным у штотыднёвіку “The Weekly Standard” (ЗША), мы хочам праілюстраваць, як цяпер у замежным друку пачалі асьвятляцца вострыя пытаньні найноўшай гісторыі г.зв. Расеі. Раней падобныя меркаваньні можна было прачытаць толькі ў адкрытых апанентаў цяперашняй расейскай улады. Аўтар – супрацоўнік шэрагу дасьледчых інстытутаў (Hoover Institution, Hudson Institute) і універсітэта Джона Хопкінса (Johns Hopkins). Яго апошняя кніга завецца «Цемра на сьвітаньні : Паўстаньне расейскай крымінальнай дзяржавы».
Рэдакцыя.

1 верасьня 2004 году ў Беслане – мястэчку з 30-тысячным насельніцтвам у расейскай рэспубліцы Паўночная Асеція – вучні школы №1 сабраліся на «першы званок». Раптам пачуліся аўтаматныя чэргі. Да школы пад’ехаў вайсковы грузавік і зь яго павыскоквалі два дзесяткі чалавек з «калашнікавымі». Як з-пад зямлі зьявілася яшчэ адна група тэрарыстаў [так у тэксьце. –Рэд.]. Яны сагналі 1200 вучняў й іхных бацькоў у спартовую залу школы; там іх утрымлівалі 52 гадзіны, а затым пачалася сапраўдная бітва паміж тэрарыстамі й расейскімі войскамі. У выніку загінулі 332 чалавекі, у тым ліку 186 дзяцей [гэта па афіцыйных зьвестках. – Рэд.]. Гэта быў самы страшны тэракт пасьля 11 верасьня 2001 году.

У тыя дні бесланскае супрацьстаяньне прыцягнула ўвагу ўсяго сьвету. Аднак, калі ўсё закончылася, гэтыя падзеі былі, па сутнасьці, забытыя. 4 верасьня, на наступны дзень пасьля штурму [! – Рэд.], абломкі будынку сабралі бульдозерамі – сярод іх пападаліся школьныя сшыткі і нават адарваныя часткі целаў загіблых – і вывезьлі на звалку за межы горада.

Тыя заложнікі, хто застаўся пры жыцьці, патрабавалі правасуддзя; версія падзеяў, распаўсюджаная расейскімі ўладамі, выклікала ў іх зьбянтэжанасьць – уся віна ўскладалася на тэрарыстаў, якія-небудзь памылкі і парушэньні з боку чыноўнікаў адмаўляліся (многія зь апошніх далей атрымалі падвышэньні), а ад расказаў закладнікаў пра тое, што яны бачылі і перажылі, папросту адмахнуліся.

Некаторыя бацькі зьвярнуліся да «мага»-акультыста [Грабавы. – Рэд.], які паабяцаў, што ўваскрэсіць дзяцей. Іншыя, аднак, пачалі ўласнае рассьледаваньне. Да іх далучыліся журналісты, члены камісіі паўночнаасяцінскага парламенту, а пазьней – Юры Савельеў – член камісіі Федэральнага Сходу па рассьледаваньню бесланскіх падзей. З дапамогай паказаньняў, заслуханых на працэсе над ацалелым тэрарыстам Нурпашой Кулаевым, яны дакладна аднавілі хаду адбылых падзей. Версія, якая была пададзена імі, прымушае ўзяць пад сумненьне, ці можна нават сёньня лічыць Расею цывілізаванай краінай.

У сувязі з бесланскай трагедыяй узьнікаюць тры галоўныя пытаньні: ці можна было папярэдзіць тэракт? Ці імкнуліся тэрарысты – бунтаўнікі-мусульмане, якія выступалі за незалежнасьць суседняй Чачэнскай рэспублікі – да перамоваў? І, нарэшце, хто пачаў бой, які абярнуўся такімі фатальнымі наступствамі? Адказы на гэтыя пытаньні малююць ВОБРАЗ РАСЕЙСКАГА КІРАЎНІЦТВА, які пужае і які сьведчыць пра поўную пагарду да людскага жыцьця.

Сёньня амаль са 100%-й упэўненасьцю ўстаноўлена, што нападзеньне тэрарыстаў на школу можна было папярэдзіць. У адпаведнасьці з унутранымі дакументамі праваахоўных органаў, якія здабылі журналісты «Новай газеты», расейскаму Міністэрству ўнутраных спраў за 4 гадзіны да таго, што здарылася, было вядома пра тое, што 1 верасьня 2004 году плануецца тэракт у адной са школ Беслана. Зьвесткі былі атрыманы ад нейкага Арсамікава, арыштаванага ў чачэнскім горадзе Шалі. Аднак ніякіх дзеяньняў на падставе гэтай інфармацыі
прынята не было.

Такое ж неўразуменьне выклікае і іншы факт: тэрарысты не адзін тыдзень бесперашкодна трэніраваліся ў лясах Інгушэціі – рэспублікі, чые праваахоўныя органы знаходзіліся ў стане падвышанай гатовасьці пасьля крывавага тэракту, які адбыўся там 21-22 чэрвеня. Акрамя таго, тэрарысты дабіраліся да школы ў некалькіх машынах па дарогах, якія, па ідэі, пільна ахоўваліся.

Але асаблівую трывогу выклікае тое, што большасьць з 18 тэрарыстаў, якіх удалося з упэўненасьцю апазнаць, увогуле павінны былі знаходзіцца за кратамі. Намесьнік камандзіра групы Уладзімір Ходаў – украінец па нацыянальнасьці, які прыняў іслам у 2003 годзе, быў датычны да двух тэрактаў у Паўночнай Асеціі: падрыву аўтамабілю ва Уладзікаўказе ў лютым 2004 году і да крушэньня цягніка непадалёк ад яго роднага горада Яхотава ў траўні таго ж году. Тым ня менш, напярэдадні бесланскіх падзей ён паўтара месяцы не хаваючыся жыў у Яхотава. Іншыя лідары тэрарыстаў ужо шмат гадоў знаходзіліся ў пошуку, што не перашкаджала ім адкрыта пражываць у родных вёсках.

Акрамя гэтых даных існуюць сьведчаньні, што сапраўднай мэтай тэрарыстаў было не забойства закладнікаў, а перамовы пра ПАЛІТЫЧНАЕ ЎРЭГУЛЯВАНЬНЕ ЧАЧЭНСКАГА КАНФЛІКТУ. Яны запатрабавалі, каб зь імі ўступіў у перамовы прэзідэнт Паўночнай Асеціі Аляксандр Дзасохаў. Аднак ФСБ стварыла аператыўны штаб, у які Дзасохава… не ўключыла, і пагразіла арыштаваць яго, калі ён паспрабуе ўвайсьці ў будынак школы.

Дзасохаў зьвярнуўся за дапамогай да былога прэзідэнта Інгушэціі Руслана Аўшава – аднаго з крытыкаў расейскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна – і ўстанавіў кантакт з прадстаўніком чачэнскага Руху супраціўленьня [цяпер аўтар выкарыстаў правільную назву “тэрарыстаў”; зразумела, такія ў Лондане не жывуць… – Рэд.] у Лондане Ахмедам Закаевым. 2 верасьня Аўшаў увайшоў у школу і вывеў адтуль 26 закладнікаў – 15 дзяцей і 11 жанчын. Яму таксама была перададзена запіска з патрабаваньнямі лідара тэрарыстаў [зноў “тэрарыстаў”. – Рэд.] Шаміля Басаева, які арганізаваў напад, але сам адсутнічаў у Беслане. Існаваньне гэтай запіскі БЫЛО СХАВАНА ад грамадскасьці. Улады ХЛУСЬЛІВА ЗАЯВІЛІ, што тэрарысты не вылучылі ніякіх патрабаваньняў.

На самой справе ўмовы, запрапанаваныя Басаевым, нельга палічыць неразумнымі [так у аўтара! – Рэд.]. Патрабуючы афіцыйнага наданьня Чачні незалежнасьці наўзамен за гарантыі бясьпекі Расеі, ён тым ня менш агаворваўся, што сувярэнная Чачня ня будзе заключаць вайсковых альбо палітычных пагадненьняў, накіраваных супраць Расеі, застанецца ў рублёвай зоне і ўвойдзе ў склад СНД. Нарэшце, Басаеў заявіў наступнае: хаця чачэнскія бунтаўнікі [лепш было б напісаць “паўстанцы”. – Рэд.] і ня маюць дачыненьня да падрыву жылых дамоў у Маскве і Валгадонску ў 1999 годзе, якія паслужылі прэтэкстам для пачатку другой чачэнскай вайны [зьвярніце ўвагу, на Захадзе ведаюць, што гэта было прэтэкстам, не прычынай. – Рэд.], яны гатовыя публічна ўзяць на сябе адказнасьць за гэтыя тэракты (гэта дазваляе меркаваць: Басаеў быў сапраўды перакананы, што падрывы арганізавала ФСБ).

У поўдзень 3 верасьня Закаеў паведаміў Дзасохаву, што былы прэзідэнт Чачні Аслан Масхадаў [па ўсіх міжнародных законах Масхадаў на той час ня быў “былым прэзідэнтам Чачні”… – Рэд.] гатовы прыбыць у Беслан і выступіць у ролі пасярэдніка. Дзасохаў паведаміў пра прапанову Масхадава генералу Уладзіміру Пронічаву, які кіраваў дзеяньнямі ФСБ на месцы. Згода расейскіх уладаў даць Масхадаву гарантыі бясьпекі для паездкі ў Беслан амаль напэўна ПРЫВЯЛА Б ДА ЗАВЯРШЭНЬНЯ КРЫЗІСУ – бо гэта азначала б ускоснае прызнаньне імкненьняў чачэнцаў з боку Масквы. Расейскія ўлады, аднак, не адрэагавалі на прапанову Масхадава. Праз гадзіну пачаўся штурм школы.

З усіх абставін, зьвязаных з бесланскай трагедыяй, найбольшы эмацыйны зарад для тых, хто застаўся ў жывых, нясе ў сябе пытаньне пра тое, хто зрабіў першы стрэл, які справакаваў кровапраліцьцё. Былыя закладнікі, якія выступалі сьведкамі на працэсе над ацалелым тэрарыстам, сьцьвярджалі, што ПЕРШЫ ЎДАР НАНЕС РАСЕЙСКІ БОК, які абстраляў школу з агнямётаў і гранатамётаў. Чыноўнікі адмаўлялі прымяненьне агнямётаў, але засталыя ў жывых закладнікі падалі суду выкарыстаныя ствалы-кантэйнеры ад гэтай зброі, знойдзеныя непадалёк ад школы. Высновы, якія дазваляюць зрабіць гэтыя знаходкі, проста жахлівыя. Агнямёт, кантэйнеры ад якога былі знойдзены, страляе капсулай, якая пры выбуху стварае вогнены шар і ўдарную хвалю, якая зьмятае ўсё на сваім шляху. Такую зброю немагчыма выкарыстаць для “кропкавых” удараў.

Версію бацькоў закладнікаў пацьвярджаюць высновы камісіі парламента Паўночнай Асеціі. У яе справаздачы, апублікаванай 29 лістапада 2005 году, указана, што першы выбух у будынку адбыўся ад стрэлу з агнямёту альбо гранатамёту, які БЫЎ ЗРОБЛЕНЫ ЗВОНКУ…

Зрэшты, найбольш пераканаўчае пацьверджаньне [такога пачатку штурму. – Рэд.] утрымліваецца ў дакладзе, які абнародаваў Юры Савельеў – член федэральнай парламенцкай камісіі па рассьледаваньню тэракта ў Беслане і прызнаны сьпецыяліст у галіне фізікі гарэньня і выбухаў. Дэпутат Думы Савельеў быў адзіным эксьпертам па гэтых пытаньнях у складзе камісіі. Ён прыйшоў да высновы, што першы выбух стаў вынікам стрэлу з гранатамёту зь пятага паверху будынку, разьмешчанага каля школы, які быў зроблены ў 13:03. Другі выбух, які адбыўся праз 22 секунды, выклікала граната асколачна-фугаснага дзеяньня з трацілавым эквівалентам у 6,1 кг, якая была выпушчана зь пятага паверха другога будынку на той жа вуліцы. Гэтыя выбухі, на думку Савельева, прывялі да мацнейшага пажару і абвальваньню даху школьнай спартовай залы – менавіта гэта стала прычынай сьмерці большасьці загіблых закладнікаў. Загад тушыць пажар пасьледаваў ТОЛЬКІ ПРАЗ ДЗЬВЕ ГАДЗІНЫ. У выніку закладнікі, якіх можна было выратаваць, згарэлі зажыва…

Яшчэ 106-110 закладнікаў, па словах Савельева, загінулі пасьля таго, як тэрарысты перавялі іх са спартовай залы, якая гарэла, у школьную сталовую, якую сілы бясьпекі [хто тут “сілы бясьпекі”, а хто “сілы небясьпекі”? – Рэд.] ПАДВЕРГЛІ МОЦНАМУ АБСТРЭЛУ ў тым ліку з АГНЯМЁТАЎ, ГРАНАТАМЁТАЎ І ТАНКАВЫХ АРУДЗІЙ. Такім чынам, яго высновы пацьвярджаюць версію праваабаронцаў пра тое, што ня менш за 80% загіблых закладнікаў сталі ахвярамі шквальнага агню РАСЕЙСКІХ ВОЙСКАЎ.

Калі Савельеў падаў вынікі свайго аналізу іншым сябрам парламенцкай камісіі, яе старшыня Аляксандр Торшын абвінаваціў яго ў “наўмыснай фальсіфікацыі”. Пасьля гэтага Савельеў 29 жніўня і 12 кастрычніка абнародаваў свае высновы ў выглядзе АСОБНАГА МЕРКАВАНЬНЯ. Публікацыя справаздачы камісіі Торшына адкладзена НА НЯВЫЗНАЧАНЫ ТЭРМІН.

Даныя, якія ёсьць на сёньняшні дзень, з усёй відавочнасьцю сьведчаць: нягледзячы на абяцаньне Пуціна абараніць закладнікаў, расейскія войскі АТАКАВАЛІ ШКОЛУ па класічных канонах штурму ўмацаваных аб’ектаў, поўнасьцю ігнаруючы бясьпеку ні ў чым не вінаватых людзей. Гэта было зроблена, нягледзячы на дасягнутае паміж былым прэзідэнтам Чачні і мясцовымі расейскімі палітычнымі ўладамі пагадненьне, якое дазваляла вырашыць крызіс. Магчыма таксама, што лёгкасьць, зь якой тэрарысты захапілі школу, была ня толькі вынікам чыноўніцкай некампетэнтнасьці. Расейскія ўлады маглі наўмысна даць ім гэтую магчымасьць, каб атрымаць добры прэтэкст для зьнішчэньня тэрарыстаў.

Смутная ісьціна заключаецца ў тым, што сёньня, праз 15 гадоў пасьля распаду СССР, стаўленьне да людзей ў Расеі не памянялася. У ЧАЛАВЕКУ БАЧАЦЬ СРОДАК ДЛЯ ДАСЯГНЕНЬНЯ МЭТЫ, А НЕ САМАКАШТОЎНУЮ АСОБУ. Таму жыцьці бесланскіх дзяцей былі спісаны з рахунку з таго моманту, як школа была захоплена. І ГЭТЫ ФАКТ ТРЭБА ТРЫМАЦЬ У ПАМЯЦІ, ПЕРШ ЧЫМ ДАВАЦЬ РАСЕІ КАРТ-БЛАНШ У ЯЕ “БЛІЖЭЙШЫМ ЗАМЕЖЖЫ” альбо, яшчэ раз зазірнуўшы ў вочы Пуціну, разглядзець у іх нешта, што здаецца нам падабенствам душы.

Дэвід Сэтэр

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы