nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Над Расеяй распасьцерлiся крылы цемры (прыглядаемся да Захаду)

29 лістапада, 2006 | Няма каментараў


Аўтар – Карл Гершман – прэзідэнт Нацыянальнага фонду ў падтрымку дэмакратыі (ЗША). Артыкул надрукаваны ва ўплывовай газэце палітычных колаў ЗША “The Washington Post“.


Нішто з таго, што здарылася ў Расеі з 7 кастрычніка (калі журналістка Анна Паліткоўская стала ахвярай, гледзячы па ўсім, заказнога забойства), ня ў стане пахіснуць падазрэньняў у тым, што гэтае паскуднае злачынства арганізавана асобамі, зьвязанымі з Крамлём, асобамі, якіх катэгарычна не задавальняла яе непрымірымая пазіцыя адносна жорскай вайны ў Чачні. Калі каму-небудзь яшчэ недастаткова таго, што Пуцін бессардэчна адгукнуўся пра працу Паліткоўскай як пра «скрайне нязначны» фактар, які, тым ня менш, наносіў шкоду рэпутацыі Расеі, дык усе дзеяньні расейскіх уладаў ў момант забойства маюць відавочнае і злавеснае наступства – узмацненьне нападак на абаронцаў правоў чалавека і ўсіх, хто крытычна ставіцца да расейскай палітыкі ў Чачні.

Вось толькі некаторыя з гэтых дзеяньняў, якія пералічаны ў справаздачы, выданай нядаўна арганізацыяй Human Rights First:

пагрозы ў адрас Лідзіі Юсупавай, якая вылучана кандыдатам на Нобелеўскую прэмію міру за яе працу па абароне правоў чалавека ў Чачні;

паведамленьне дзяржаўнага тэлебачаньня пра нібыта адбылую сувязь паміж галоўным рэдактарам газэты «Чачэнскае грамадства» Цімурам Аліевым і забітым нядаўна Шамілём Басаевым, у выніку чаго жыцьцё Аліева аказалася ў небясьпецы;

жорсткі разгон мірнага мітынгу ў памяць Паліткоўскай у сталіцы Інгушэціі Назрані;

крымінальная справа з пагрозай закрыцьця назранскай няўрадавай арганізацыі «Марш», якая падтрымлівае родных тых людзей, якія «зьніклі» ў час канфлікту.

Акрамя ўсяго іншага, на мінулым тыдні суд Ніжняга Ноўгарада пастанавіў зачыніць Таварыства расейска-чачэнскай дружбы – уплывовую расейскую Няўрадавую арганізацыю (НУА), якая асьвятляла парушэньні правоў чалавека ў Чачні. На дадзеную НУА расейскія ўлады палявалі ўжо даўно: арганізацыю абвінавацілі ў парушэньні новага закона, які абмяжоўвае дзейнасьці НУА, а канкрэтна ў тым, што ня быў звольнены яе дырэктар Станіслаў Дзьмітрыеўскі, які ў лютым мінулага году быў асуджаны… «за распальваньне міжнацыянальнай варожасьці». Па гэтым законе арганізацыя павінна альбо выступіць з асуджэньнем яго «экстрэмісцкай дзейнасьці», альбо сама будзе прызнаная «экстрэмісцкай» і, адпаведна, зачынена. Абвінавачваньне ў экстрэмізьме было вылучана супраць Дзьмітрыеўскага пасьля таго, як ў 2004 годзе ён надрукаваў у газеце Таварыства расейска-чачэнскай дружбы «У абарону правоў чалавека» два артыкулы чачэнскіх лідараў. У адной зь іх утрымліваўся зварот да Еўрапарламенту з заклікам прыцягнуць Расею да адказнасьці за генацыд у Чачні. Яе аўтарам быў Аслан Масхадаў, які быў абраны прэзідэнтам Чачні ў 1997 годзе пасьля перамір’я, якім завяршылася першая чачэнская вайна.

У адным са сваіх рэпартажаў пра Чачню Паліткоўская пісала пра Масхадава як пра лідара чачэнскіх «заходнікаў», маючы на ўвазе чачэнцаў, якія «з надзеяй глядзелі ў бок Еўропы» [як мы цяпер бачым, дарма яны так глядзелі… – Рэд.] й імкнуліся як пабудаваць сваё грамадства ў адпаведнасьці з еўрапейскімі парадкамі, так і выступіць супраць Расеі ў рамках Рады Еўропы й іншых заходніх інстытутаў. Паліткоўская праводзіла дакладную мяжу паміж Масхадавым і лідарам «усходнікаў» – галоўным абаронцам ваяўнічага іслама ў Чачні Шамілём Басаевым.

Менавіта Басаеў стаяў за захопам закладнікаў у Бесланскай школе ў верасьні 2004 года, а таксама ў маскоўскім тэатры за два гады да таго. Масхадаў пасьля гэтага заявіў, што яго трэба судзіць у міжнародным трыбунале. І менавіта Масхадаў у пачатку мінулага году аб’явіў пра аднабаковае спыненьне агню. Гэта крок вітала толькі вузкае кола расейскіх праваабаронцаў, а міжнародная супольнасьць яго папросту не заўважыла [а мы ў рэдакцыі пра што ўвесь час кажам?.. – Рэд.]. Расейскі ўрад адказаў на гэта тым, што 8 сакавіка 2005 году, калі перамір’е яшчэ працягвалася, забіла Масхадава, зьнішчыўшы тым самым нават тэарэтычныя магчымасьці завяршыць канфлікт шляхам перамоваў.

Расейская ўлада, якая апрыёры ставіцца да ўсіх чачэнцаў як да тэрарыстаў ды ісламскіх баявікоў і затыкае рот кожнаму, хто асьмеліцца крытыкаваць яе палітыку, фактычна сама стварае ўмовы для таго, чаго больш за ўсё баіцца – распаўсюджваньня ісламскага радыкалізму па ўсіх рэспубліках паўночнакаўказскага рэгіёну. Як сьведчаць дзьве справаздачы, якія падрыхтаваў аппарат Дзьмітрыя Козака – паўнамоцнага прадстаўніка Пуціна ў Паўднёвай федэральнай акрузе, найбольш цьвярозыя людзі ў расейскім кіраўніцтве ўсьведамляюць гэтую небясьпеку. Аўтары гэтых справаздач зьвязваюць распаўсюджваньне ісламскага экстрэмізму ў рэгіёне з карупцыяй і беспакаранасьцю тых, хто мае ўладу, павальнай злачыннасьцю і жахлівымі, нават па расейскіх мерках, жабрацтвам і беспрацоўем.

Больш за ўсё кіраўніцтва турбуе верагоднасьць радыкалізацыі мусульманскага насельніцтва ня толькі Паўночнага Каўказа, але і Паволжжа – мусульманскіх рэспублік Татарстан і Башкортастан, з-за чаго ўжо непасрэдна ўнутры Расеі можа адбыцца адкрытае сутыкненьне паміж ВАЯЎНІЧЫМ ІСЛАМАМ і РАСЕЙСКІМ НАЦЫЯНАЛІЗМАМ, які расьце. Небясьпека гэтага падаграецца ня толькі вайной на Каўказе, якая працягваецца, але і зьніжэньнем колькасьці этнічна рускіх, сярод якіх узровень нараджальнасьці значна ніжэй, чым сярод мусульман Расеі. У такіх умовах у вачах многіх можа вырасьці прыцягальнасьць РУСКАГА ФАШЫЗМУ, а сам ён ўжо стаў ЦАЛКАМ ВЕРАГОДНЫМ ВАРЫЯНТАМ БУДУЧЫНІ КРАІНЫ [можна сапраўды ганарыцца тым, што кіраўнік нашага сайту пра ўсё гэта папярэджваў некаторых заходніх палітолухаў ледзь ня 10 гадоў таму; у якасьці прыкладу гл. матэрыял, упершыню надрукаваны яшчэ ў 1999 годзе: https://nashaziamlia.org/2006/04/16/50/ – Рэд.].

У такіх абставінах сама думка пра тое, што расейскія ўлады ставяцца да ліберальных журналістаў і праваабаронцаў як да ворагаў, якіх любым коштам трэба прымусіць замаўчаць, павінна стаць ПЕРШАСТУПЕННАЙ ПРАБЛЕМАЙ для ЗША і Еўропы, якія да гэтай пары, гледзячы па ўсім, лічаць Расею адказным партнэрам. Са сьмерцю Анны Паліткоўскай згасла адна з апошніх паходняў праўды. З ростам ціску на дысідэнтаў, які ўжо нагадвае савецкія часы, над Расеяй распасьцерліся крылы цемры.

Паліткоўская называла Чачню «маленькім кутком пекла» і аддала ўласнае жыцьцё за тое, каб праліць сьвятло на тыя злачынствы, якія там рабіліся [вайна ў Чачні ідзе ўжо 12 гадоў!; а дзе гэты час былі ЗША, Еўропа і “ўвесь цывілізаваны сьвет”? – Рэд.]. Нягледзячы на ўзмацненьне рэпрэсіяў, у Расеі яшчэ ёсьць людзі, якія імкнуцца папярэдзіць катастрофу, якая насоўваецца [на Расею. – Рэд.]. І думаць, што ад нас аніяк не залежыць выжываньне гэтых людзей – ілюзія і самападман.

Карл Гершман

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы