Рэдакцыя (паводле матэрыялаў сайтаў www.pbpf.org, www.bielarus.net)
27 лістапада г.г. па ўсёй Украіне адбыліся мэмарыяльныя мерапрыемствы ў памяць ахвяраў Галадамору 1932-33 гадоў. У сувязі з гэтым украінскія спэцслужбы рассакрэцілі і падалі публічнасьці тысячы фотаздымкаў тых часоў: памерлыя ўкраінцы на дарогах і ў дамах, апухлыя ад голаду дзеці, стосы трупаў… Прэзыдэнт Юшчанка зьвярнуўся да народу з прамовай: “Мы ня маем права забыцца пра гэтых памерлых. Гэтая трагедыя здарылася ва Украіне, якая давала хлеб для ўсяе Эўропы. На працягу двух гадоў Галадамору Украіна сталася могілкамі для 10 мільёнаў людзей…”
Вядома, што ў 1932-33 гг. ва Украіне былі вялікія ўраджаі. Але Сталін загадаў пазабіраць у людзей збожжа і вывезьці, каб арганізаваць штучны голад для цэлай нацыі.
28 лістапада Вярхоўнай Радай Украіны 233 голасамі (пры неабходных 226) быў прыняты Закон, у якім кваліфікуецца Галадамор 1932-1933 гадоў, як “генацыд украінскага народу”. Галасавалі “за”: Блок Ю.Цімашэнкі (118), “Наша Украіна” (79), Соцпартыя (30), пазафракцыйныя дэпутаты (4) і рэгіяналы (2). Аб прычынах такога рашэньня Вярхоўнай Рады адна з Кіеўскіх газэт піша так: «Твары людзей на Сафіеўскай і Міхайлаўскай плошчах ў Дзень жалобы па ахвярах Галадамору ўразілі палітыкаў. Гэта быў Майдан-2, і чуйныя “палітычныя” насы адчулі, што праблема гэтая сапраўды ўсенародная і вельмі актуальная. Адкінуць яе як чарговую прэзыдэнцкую цацку ўжо ня ўдасца… Народ не дазволіць».
29 лістапада Прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка падпісаў гэты Закон.
Цяперашні расейскі рэжым, які зьяўляецца нашчадкам і выхаванцам савецкага камуна-энкавэдзісцкага рэжыму, як заўсёды імкнецца абараніць сваіх ідэйных (і ня толькі) родзічаў. “МІД Расеі заклікае не палітызаваць праблему Гадамору», – заявіў афіцыйны прадстаўнік расейскага МІДу Міхаіл Камынін. Ён жа настойваў на тым, што тэму галадамору павінны разглядаць гісторыкі. Камынін нагадаў, што «дадзенае пытаньне ўжо неаднаразова падымалася ў час двухбаковых сустрэч Расеі й Украіны. І, здаецца, было дасягнута ўзаемапаразуменьне». На думку Камыніна ўсе кропкі над «і» былі расстаўлены заявай, якая была прынята яшчэ ў 2003 годзе на сэсіі Генасамблеіі ААН. «У гэтай заяве няма ўзгадкі пра генацыд. Там гаворыцца толькі пра нацыянальную трагедыю украінскага народу».
Мы ж, у сваю чаргу, будзем спадзявацца, што расейскай імпербюракратыі ня ўдасца пазьбегнуць адказнасьці як за мінулыя злачынствы генацыднага маштабу, так і за такія ж цяперашнія…
Вельмі правільна зроблена, дзіўна толькі што так позна. Правільна і тое, што ў Эстоніі
забароняць выкарыстаньне сярпа й молата, як і свастыкі – прасьцей кажучы прыраўняюць адно да аднаго.
Калі-небудзь і ў Беларусі будзе так, а таксама прызнаньне Курапатаў, іншых месцаў растрэлаў, падзела Беларусі
ды інш. гэнацыдам