Два тыдні таму міністар замежных спраў Украіны Барыс Тарасюк распавёў цікавыя рэчы ў сваім інтэрвю газэце “Время новостей”. Яны шмат што прасьвятляюць ва ўнутрыпалітычнай сітуацыі ва Украіне для тых, хто сочыць за ёй толькі па расейскіх тэлеканалах… Інтэрвю Барыса Тарасюка асабліва прасьвятляе пазіцыю той часткі ўраду, якую ў спрэчцы Януковіч-Юшчанка ўсё яшчэ кантралюе (па Канстытуцыі) прэзідэнт Украіны Віктар Юшчанка.
Рэдакцыя.
Карэспандэнт газеты: І прэзідэнт, і прэм’ер заяўляюць сёньня на Украіне пра свае правы, у тым ліку на фармаваньне вонкавай палітыкі. Хто выйдзе пераможцам з гэтай спрэчкі?
Барыс Тарасюк: Няма вонкавай палітыкі ураду, а ёсьць вонкавая палітыка дзяржавы. Канстытуцыя Украіны – артыкул 106 – кажа, што прэзідэнт зьяўляецца кіраўніком зьнешнепалітычнай дзейнасьці. Ён прадстаўляе дзяржаву на міжнародных сустрэчах, вядзе перамовы, прызначае амбасадараў, прыймае рашэньні адносна прызнаньня замежных дзяржаў. ЗЬ ІСНУЮЧЫХ ІНСТЫТУТАЎ УЛАДЫ ВА УКРАІНЕ НІХТО НЯ МАЕ ТАКІХ ПАЎНАМОЦТВАЎ. Прэзідэнт фармуе зьнешнепалітычны курс, а галава МЗСу яго зрэалізоўвае. Калі нехта ставіць пад сумнеў выключнае права прэзідэнта фармаваць вонкавую палітыку, дык ён павінен зьвяртацца ў Канстытуцыйны суд (КС). Усе трактоўкі, акрамя вярдыкту КС, – гэта асабістае меркаваньне палітыкаў.
– 15 лістапада вы як міністар замежных спраў, а таксама міністар абароны Анатоль Грыцэнка выклікаецеся ў Вярхоўную Раду для справаздачы [інтэвю было за 1-2 дні да 15 лістапада. – Рэд.]. Прэм’ер Віктар Януковіч даў зразумець, што незадаволены вашай працай і будзе дамагацца вашай адстаўкі. Ці можа прэзідэнт утрымаць сітуацыю пад сваім кантролем?
– Па Канстытуцыі ТОЛЬКІ ПРЭЗІДЭНТ МАЕ ПАЎНАМОЦТВЫ ЎНОСІЦЬ У ПАРЛАМЕНТ ПРАПАНОВЫ ПА КАНДЫДАТУРАХ МІНІСТРАЎ АБАРОНЫ І ЗАМЕЖНЫХ СПРАЎ. Прэзідэнт выкарыстаў сваё канстытуцыйнае права, Вярхоўная рада ў адпаведнасьці са сваім рэгламентам гэта рашэньне зацьвердзіла. Працэдура адстаўкі двух міністраў, прызначаных па квоце прэзідэнта, не прапісана ў заканадаўстве.
У той жа час у праве існуе палажэньне, што, калі не прапісана працэдура зваротнага дзеяньня, выкарыстойваецца прававая логіка дзеяньня, якая прывяла да дадзенага выніку. Такім чынам, АДСТАЎКІ НЯ МОГУЦЬ АДБЫЦЦА БЕЗ ЗВАРОТУ ПРЭЗІДЭНТА Ў РАДУ – парламенцкі рэгламент дае на гэты конт дакладны адказ. Што да прэтэнзій прэм’ра да мяне (Януковіч дамагаецца адстаўкі Тарасюка яшчэ і таму, што той узначальвае апазіцыйную партыю Народны Рух Украіны. – Рэд.), відавочна, галоўнай матывацыяй прэзідэнта пры маім прызначэньні была не мая палітычная дзейнасьць, а прафесіяналізм. Я ўжо 30 гадоў у дыпламатыі.
– Ці можа Украіна вярнуцца да палітыкі «шматвектарнасьці»?
– Дыскусіі пра палітыку «шматвектарнасьці», гэта значыць ПАПЕРАМЕННАЙ АРЫЕНТАЦЫІ ТО НА ЗАХАД, ТО НА РАСЕЮ, самі па сабе бессэнсоўныя. Куды ў гэтым выпадку падзець нашыя інтарэсы ў Азіі, Афрыцы, Паўночнай і Паўднёвай Амерыках, на Блізкім Усходзе? Украіна зьяўляецца самай вялікай па тэрыторыі еўрапейскай дзяржавай, пятай па колькасьці насельніцтва, з магутным патэнцыялам і выгадным геаграфічным становішчам. Такая вялікая краіна ня можа мець аднавектарную палітыку, якая б падабалася толькі на Усходзе альбо толькі на Захадзе. Мы павінны вызначыць прыярытэты і бараніць нацыянальныя інтарэсы ўсімі даступнымі інструментамі вонкавай палітыкі.
– Ці задаволены Вы вынікамі перамоваў у Кіеве 7-8 лістапада з міністрам замежных спраў Расеі Сяргеем Лаўровым?
– Наша сустрэча была асаблівай, паколькі адбылася ў рамках новага аргана – міждзяржаўнай камісіі на чале з прэзідэнтам. Атмасьфера перамоваў была вельмі сяброўскай. Гэта карысная сустрэча, якая дазволіла абмяняцца думкамі па самых складаных пытаньнях. У той жа час нельга падлічыць арыфметычна, што атрымалася і што – не.
– Сяргей Лаўроў назваў самымі вострымі тэмамі двухбаковых стасункаў галадамор на Украіне ў 1930-я гады і статус рускай мовы. Ці вы згодныя з расейскім калегам?
– НЕ, У КОРАНЕ НЯ ЗГОДНЫ [! – Рэд.]. Калі Расея будзе прытрымлівацца пазіцый, выказаных у заяве яе МЗСу (26 кастрычніка і 13 лістапада. – Рэд.), што ЎШАНАВАНЬНЕ ПАМЯЦІ АХВЯР ГАЛАДАМОРУ ЗЬЯЎЛЯЕЦЦА АНТЫРАСЕЙСКАЙ КАМПАНІЯЙ, дык мы ня здолеем знайсьці паразуменьня. Такая трактоўка галадамору – гэта АБСУРД і НЕПАВАГА ДА ПАКУТАЎ УКРАІНСКАГА НАРОДУ. Украіна ня ставіць перад сабой мэты прыцягненьня да персанальнай адказнасьці тых альбо іншых асоб у Расеі, аднак мы таксама ня можам грэбаваць памяцьцю 7-10 мільёнаў невінаватых ахвяр – нашых бацькоў і дзедаў.
Ва Украіне таксама лічаць неадпаведнымі рэчаіснасьці заявы МЗСу Расеі адносна дыскрымінацыі рускай мовы. Калі ў Расеі для 4,5 мільёнаў украінцаў АДЧЫНІЦЦА ХАЦЯ Б ПЕРШАЯ ЎКРАІНСКАЯ ШКОЛА [!!! – Рэд.], тады мы зможам казаць хаця б пра нейкае набліжэньне да парытэту і ўзаемнай павагі. Сьпіс пытаньняў, па якіх мы прытрымліваемся розных пунктаў гледжаньня, значна больш шырокі. Гэта тэмы падзелу пасіваў і актываў былога СССРу, дэлімітацыі й дэмаркацыі межаў, выкананьня пагадненьняў пра знаходжаньне расейскага Чарнаморскага флоту на тэрыторыі Украіны.
– Эксьперты лічаць, што пытаньні вываду расейскага Чарнаморскага флоту з Крыма будзе вырашаць ужо не цяперашняя ўлада Украіны, паколькі тэрмін яе паўнамоцтваў скончыцца.
– Тэрмін паўнамоцтваў дзеючай улады скончыцца ня толькі ва Украіне, але і ў Расеі. Якая б улада ва Украіне не прыйшла, яна ня здолее ігнараваць Канстытуцыю, якая ЗАБАРАНЯЕ ЗНАХОДЖАНЬНЕ ЗАМЕЖНЫХ ВОЙСКАЎ НА ТЭРЫТОРЫІ КРАІНЫ. Прэзідэнт дакладна выказаў пазіцыю Украіны: мы маем абавязкі па Чарнамоскім флоце Расеі толькі да 2017 году.
– Ці намячаецца кампраміс паміж бакамі па поваду дэлімітацыі межаў у Азова-Керчанскай акваторыі?
– Я ня бачу платформы для кампрамісу ў пытаньні Керчанскага праліва. У пачатку 1940-х гадоў была вызначана лінія адміністратыўных межаў паміж УССР і РСФСР, якая затым неаднаразова пацьвярджалася, у тым ліку мапамі Генеральнага штаба СССР. У 1991 годзе былыя савецкія рэспублікі аўтаматычна прызналі адміністратыўныя межы савецкага перыяду дзяржаўнасьці. І раптам расейцы нам кажуць, што мяжы ў Керчанскім праліве не было. Дык на якім шляху нам шукаць кампраміс? Што да дэлімітацыі межаў у Азове і на Чорным моры, дык тут мы зможам знайсьці рашэньне, калі будзем прытрымлівацца нормаў міжнароднага марскога права, пра што сьведчыць даклад сустаршыняў камісій. Але зноў-такі дэлімітацыя ў Азове і на Чорным моры завязана на вызначэньні межаў у Керчанскім праліве. Ад кропкі выхаду мяжы Керчанскага праліву ў Азоўскае мора, уласна, вядзе адлік дэлімітацыі марскіх межаў.
– Ці абмяркоўвалася са сп-ром Лаўровым пытаньне адносна сяброўства Украіны ў НАТА? І ці наблізілася Украіна да ўступленьня ў Еўразьвяз?
– Так. Я патлумачыў, што новая ўлада не сказала нічога новага, яна зьяўляецца ўсяго толькі пераемніцай заяўленых яе папярэднікамі зьнешнепалітычных прыярытэтаў. Рашэньне пра ўступленьне ў НАТА было прынятае яшчэ прэзідэнтам Кучмай 23 траўня 2002 года. Пасьля гэтага – 23 лістапада 2002 году – Вярхоўная рада падтрымала курс на далучэньне да НАТА. 19 чэрвеня 2003 году наш парламент прыняў закон пра асновы нацыянальнай бясьпекі, дзе запісана, што наша мэта – уступленьне ў ЕЗ і НАТА.
Але я б ня стаў называць нейкія даты поўнага сяброўства Украіны ў НАТА. У нас высокая дынаміка ўзаемаадносін з Альянсам, хаця па некаторых элементах мы адстаем ад… Расеі. Зь мінулага году мы працуем у рэжыме інтэнсіўнага дыялогу адносна сяброўства. І прэзідэнт, і урад прытрымліваюцца думкі пра неабходнасьць выкананьня дамоўленасьцяў з НАТА. Што да плану дзеяньняў па набыцьці сяброўства, дык з-за розных поглядаў на дапушчальныя тэмпы ўступленьня ў Альянс далучэньне да гэтага дакумента некалькі адкладзена. Але я ўпэўнены, што з часам мы далучымся да гэтага плану дзеяньняў.
Я ўстрымаюся ад вызначэньня канкрэтных датаў уступленьня ў ЕЗ, хаця яны мне вядомыя. Думаю, што Украіне спатрэбіцца нават менш часу для поўнай інтэграцыі ў ЕЗ, чым у свай час Польшчы і Венгрыі (яны ўступілі ў ЕЗ у траўні 2004 году. – Рэд.).
– А калі Украіна стане сябрам Сусьветнай гандлёвай арганізацыі (СГА)?
– Палітычныя сілы у час «круглага стала» нацыянальнага адзінства (летась. – Рэд.) абяцалі закончыць працэс уступленьня ў СГА да канца 2006 году. Логіка разьвіцьця гэтага пытаньня ў Вярхоўнай радзе сьведчыць, што ўсе неабходныя законапраекты не пасьпеюць прайсьці тэхнічную апрацоўку і папасьці ў сакратарыят працоўнай групы СГА. Таму неабходныя рашэньні ня могуць быць падрыхтаваныя да сярэдзіны сьнежня. Цяпер разглядаецца другі тэрмін уступленьня ў СГА – люты 2007 году. Аднак з майго боку было б неадказна прадказваць, што так і здарыцца. Уступленьне ў СГА цалкам залежыць ад падрыхтоўкі гэтых дакументаў парламентам.