nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Таямніцы інстытута імя Сербскага. Частка І

7 снежня, 2006 | Няма каментараў

Гэты артыкул вядомага дысідэнта савецкіх часоў, беларуса Міхася Кукабакі – яскравае сьведчаньне, што акрамя забойстваў лепшых людзей ХХ стагоддзя і нашага часу (у тым ліку: Холадаў, Баравік, Шчыкаціхін, Галаўлёў, Юшанкоў, Яндарбіеў, Паліткоўская, іншыя, у тым ліку больш 20 расейскіх журналістаў) у Расеі й за яе межамі, акрамя генацыдных акцыяў тыпу галадамору ва Украіне ў 1930-х, дэпартацыяў ці войнаў супраць чачэнскага народу цяпер, акрамя генацыду і этнацыду беларускага народу ў ХІХ і ХХ стагоддзях й цяпер рукамі Лу-кі, акрамя зьняволеньняў у вязьніцах і лагерах, праз якія «прайшлі» мільёны ў сярэдзіне ХХ стагоддзя і якія многія праходзяць сёньня, акрамя ўсіх гэтых атручаньняў дзяцей і дарослых – РАСЕЙСКАЯ ІМПЕРБЮРАКРАТЫЯ выкарыстоўвала яшчэ адзін механізм «кантролю» грамадства – псіхіятрычныя шпіталі. Як гэта адбывалася калісьці і як гэта можа стацца ў любы час зноў (бо імперскі паразітычны монстар нікуды ня зьнік), сьведчыць аўтар – яшчэ адзін сапраўдны Герой нашага часу (пададзена са скарачэньнямі).
Рэдакцыя.

Се�б�к�.jpg
1. Вяртаньне ў мінулае.

У сакавіку 2006 году я прыйшоў у Інстытут судовай медыцыны імя Сербскага, каб зьдзейсьніць сваё законнае (і КАНСТЫТУЦЫЙНАЕ) права на азнаямленьне з эксьпертным заключэньнем па адной з маіх судовых спраў за 1970 год. У якасьці сьведкі й сваёй даверанай асобы запрасіў старшыню грамадскай арганізацыі «Гражданская Комиссия по правам человека России». Аднак нас нават на парог не пусьцілі. Заявілі: азнаямленьне з эксьпертнымі матэрыяламі КАТЭГАРЫЧНА ЗАБАРОНЕНА, незалежна ад тэрміну даўніны праведзенай эксьпертызы. Запатрабаваць эксьпертныя матэрыялы мае права толькі арганізацыя ці асоба, якія накіроўвалі мяне на эксьпертызу. Атрымліваецца, што нават праз 36 гадоў мая справа ўсё яшчэ зьяўляецца дзяржаўнай таямніцай ня толькі для грамадскасьці, але і для мяне самога.

Павінен патлумачыць, 15 год таму я быў РЭАБІЛІТАВАНЫ. А накіроўваў мяне на эксьпертызу ў інстытут імя Сербскага ў 1970 годзе начальнік сьледчага аддзела УКГБ па Уладзімірскай вобласьці м-р Павел ЕЎСЕЕЎ. Памятаю, ён неяк разгаварыўся, што працуе сьледчым у «органах» з 1940 году. Я ня вытрымаў і запытаўся: «Дык колькі ж вы душ загубілі за 30 гадоў такой «працы»?! Бо ў вас рукі па локаць у крыві! Пры Хрушчове многія з вашых ахвяр былі рэабілітаваны, пасьмяротна».

Маёр вальяжна адкінуўся на сьпінку крэсла і, дабрадушна ўхмыльнуўшыся, адказаў: «А ты ведаеш, Міхаіл, што сказаў таварыш Сталін на банкеце ў гонар перамогі?». І пачаў цытаваць мне вядомы тост пра доўгацярпеньне рускага народу, натуральна, ухіляючыся ад тлумачэньня, што гэтае «доўгацярпеньне» было дасягнута масавымі расстрэламі і шматмільённым ГУЛАГам.

На выгляд сьледчаму КГБ было пад 50. Значыцца, сёньня яму недзе 86 год. Можа быць, ён даўно і ўрачыста пахаваны як ветэран вайны. Пад гукі ваеннага аркестру за нябожчыкам на падушачцы несьлі два-тры дзясяткі «баявых» ордэнаў і медалёў, як узнагароду за сотні накіраваных пад расстрэл так званых «ворагаў народу». Мне пашанцавала, што нарадзіўся значна пазьней гэтага ветэрана-ардэнаносца. Інакш быў бы рэабілітаваны таксама пасьмяротна.

А, можа, ён яшчэ жывы?! І як ветэран-маразматык валяецца ў розных прывілеяваных ЦКБ ці санаторыях, дзе адпачываюць і лекуюцца заслужаныя каты і вышэйшыя крамлёўскія саноўнікі – ад Патрушава, Іванова і рангам вышэй. Дзівіцца стары «ветэран» на фота Сталіна ў рамачцы і ўспамінае слаўныя дзянькі. Калі можна было ўявіць сябе маленькім бажком, які распараджаецца жыцьцём і сьмерцю людзей.

Можа, мне знайсьці яго і ніжайшым чынам выпрасіць рэзалюцыю на азнаямленьне са сваёй і ім жа сфабрыкаванай крымінальнай справе?!…

2. «Лекавалі, лекавалі», а потым забівалі.

Але спачатку пагаворым пра чужыя таямніцы, якіх нямала хаваецца ў патаемных месцах Інстытута імя Сербскага. Яшчэ пры Ельцыне мяне неяк запрасілі на запіс для тэлепраграмы «Нацыянальны інтарэс». Там сівавалосыя прафесары з гэтага інстытута спрабавалі давесьці, што здаровых людзей у псіхушкі не накіроўвалі. У скрайнім выпадку, у гуманітарных мэтах ратавалі некаторых ад вязьніцы.

Мне адразу прыгадаліся радкі Высоцкага: «Доктор действовал во благо, жалко – благо не моё!».

Праз мікрафон вядучага задаў пытаньне: «А як вы ацэньваеце такі факт: чалавека прызналі за бессьвядомага, 15 гадоў пратрымалі ў Казанскім сьпец/псіхшпіталі, а потым расстралялі, як здаровага? Магу патлумачыць больш падрабязна». Прафесары не адказалі, зрабіўшы выгляд, што пытаньня не было. Вядучы настойваць ня стаў. Праглядаў дома гэтую тэлеперадачу і выявіў, што пытаньне “вырэзана”, а мой твар прамільгнуў толькі ў якасьці статыста.

Цяпер пра факт. З чалавекам, якога расстралялі, я быў знаёмы асабіста. Тры разы, у сярэднім па 40 дзён кожны, быў зь ім у адной камеры-палаце ў Сербскім. Вось кароткая гісторыя.

У пачатку ВАВ Лук’янаў Ярмак Міхайлавіч – калмык па нацыянальнасьці – папаў у палон, потым у лагер. Пасьля вайны застаўся ў Бельгіі. Працаваў на рудніках, атрымаў грамадзянства, ажаніўся. Быў сябрам Таварыства савецка-бельгійскага сяброўства. Калі пачалася хрушчоўская “адліга”, прыйшоў у савецкае пасольства, распавёў пра сябе і папрасіў дазволу вярнуцца на радзіму. Яму адказалі: вы, маўляў, зьдзейсьнілі злачынства ў свой час (якое?), таму вяртаньне трэба заслужыць. Трэба папрацаваць для радзімы. І Лук’янаў некалькі гадоў раз’язджаў па Еўропе – фатаграфавай базы НАТА. Выконваў заданьне пасьпяхова, бо ў дасканаласьці валодаў нямецкай і францускай мовамі. Віжаваў бясплатна. Лубянскае начальства кампенсавала толькі дарожныя выдаткі. Нарэшце, дазвол на паездку ў СССР быў атрыманы. Увесь шлях да Элісты зрабіў на асабістым аўта. Адшукаў сына ад давеннага браку. Наведаў родных і тых, каго ведаў раней. Удала вярнуўся дамоў, у Бельгію. Але пасьля ўсяго, пра што даведаўся і ўбачыў на ўласныя вочы, пасьля ўсяго, што пачуў ад родных і знаёмых пра жыцьцё і парадкі ў СССР – усялякае жаданьне вяртацца “на радзіму” зьнікла… Ды й жонка-бяльгійка была супраць. Куды, маўляў, паедзем: у нас сям’я – пяцёра дзяцей. Нехта ўладкаваўся, іншыя вучацца. Карацей, пачаў сп-р Лук’янаў ухіляцца пад рознымі прэтэкстамі ад даручэньняў “таварышаў у штацкім” з савецкага пасольства.

Тым бы ўсё і скончылася, але пасьля паездкі ў Калмыкію пачаў рэгулярна перапісвацца з роднымі й знаёмымі. Праз некаторы час зноў захацелася прыехаць у госьці. Яму хутка далі візу. На гэты раз узяў з сабой сына-падлетка, каб пазнаёміць з “гістарычнай радзімай”. Пазьней прызнаваўся, што ад самага пачатку адчуў за сабой сачэньне. Пасьля завяршэньня свайго візіту, ужо ў Брэсьце, быў арыштаваны. Далей, як звычайна: Лефортава, Сербскі. Прызнаньне хворым на шызафрэнію і памяшчэньне ў Казанскі сьпец/псіхшпіталь. Гэта адбывалася недзе каля 1967 году.

Упершыню сустрэўся з Лук’янавым улетку 1970 году. Мая надакучлівая цікаўнасьць, відаць, яго насьцярожыла, і я задавальняўся толькі фантазіямі санітарак пра гэтага чалавека.. Калі ж у 1979 годзе мы пабачыліся зноў, ён сустрэў мяне, як роднага брата. Дакладней, як сабрата па няшчасьці. Шмат што распавёў пра сваё жыцьцё, пра Бельгію. Трэці раз я ўбачыў яго праз тры гады – зімой 1982 году. Але гэта быў ужо цалкам іншы чалавек. Выматаны, дохлы старык, цалкам бяззубы – ад “лекаў”. У Казані яго няшчадна закармілі нейралептыкамі і Бог ведае чым яшчэ. А галоўнае, прыгнечаны стан. Пастаянна паўтараў: “Мішэль! Мяне хочуць расстраляць, я гэта адчуваю”. Дарма спрабаваў яго супакоіць. Маўляў, па савецкіх законах 15 гадоў – гэта столь, а ён іх ужо адседзеў. Акрамя таго, ён афіцыйна “бессьвядомы”, і яго забойства супярэчыла б законам… Усё было дарэмна. І ў мяне зьявіўся сумнеў у яго здароўі. А, можа, сапраўды захварэў?! Усё ж 15 гадоў у псіхушцы…

Улетку 1982 году ўжо ў лагеры праглядаю неяк газэту «Советская Россия». Абыякава прабег па назве артыкула «Здраднікам няма пашчады» – у тыя гады праходзіла чарговая кампанія «Ніхто не забыты» і прапагандысцкіх пісаньняў хапала – але позірк натыкнуўся на знаёмае прозьвішча. Уважліва прачытаў «… асуджаны на вышэйшую меру… вырак прыведзены…» і г.д. У мяне літаральна валасы заварушыліся. Настолькі непраўдападобнай, фантастычнай падалася мне гэтая сітуацыя.

Можна толькі здагадвацца, як усё адбылося. Лубянка запатрабавала ад «лекараў» Сербскага аб’явіць Лук’янава вар’ятам, каб схаваць у сьпец/псіхушку. Тыя – радыя старацца. А праз гады Лубянка палічыла, што адпускаць Лук’янава небясьпечна – занадта шмат даведаўся. Значыць, трэба зьнішчыць. І загадалі «лекарам» аб’явіць яго здаровым, каб пакараць сьмерцю «па законе». Тыя ізноў радыя старацца. Калі ў некага ўзьніклі сумневы ў гэтай гісторыі, дык не цяжка праверыць. Малодшаму сыну Лук’янава ў Бельгіі сёньня прыкладна 50 гадоў. Пасьля арышту бацькі (у 1967-м) аператыўнікі КГБ пераправілі яго разам з машынай праз мяжу. Напэўна, жывыя і іншыя родныя, там жа, у Бельгіі.

3. Адмазчыкі.

Калі лекары зь Сербскага сьцьвярджаюць, што адпраўлялі абвінавачанных у псіхушкі дзеля ўратаваньня ад турмы ці сьмерці – гэта праўда. Толькі чыя праўда?! Інстытут імя Сербскага ў савецкі перыяд (як, напэўна, і зараз) зьяўляўся галоўнай прыладай «па адмываньні» злачынстваў. Па аналогіі: як «адмываюць» злачынныя грошы ўсялякія рабаўнікі і махляры.

У савецкія часы Крамлёўская ўлада была страшэнна занепакоеная сваім іміджам не толькі ў вачах Захаду, але і ўласных грамадзянаў. Існавала дактрына, што наш дзяржаўны лад – ідэал для чалавецтва, і таму ў нас, пры сацыялізме, не могуць адбывацца такія злачынствы, як на «загнілым» Захадзе. А нашыя чыноўнікі – гэта проста анёлы ў параўнаньні з хабарнікамі і махлярамі ў краінах, дзе «чалавек для чалавека – воўк» і «кіруе чыстаган».

Дарэчы, сёньня – інакш. Сын міністра абароны Іванова нахабна зьбіў машынай пенсіянэрку. Пра гэта ведае ўся Масква, але злачынца нават не арыштаваны. Калі б падобнае здарылася на чвэрць стагоддзя раней, і гэты факт атрымаў бы такую ж агалоску, дык Іванова-малодшага хаця б на пару месяцаў адправілі ў псіхушку. Каб «адмыць» яго злачынства. Прабачце, маўляў, грамадзяне, ніякага злачынства няма. Проста кароткачасовае парушэньне здароўя; зь кім не бывае. І гэта «парушэньне здароўя» паслужліва засьведчылі б у Сербскім – эскулапы з навуковымі ступенямі.

Разам са мной сядзеў сын высокага маскоўскага чыноўніка з банкаўскай сьферы. Бацька меў узнагароды за нейкія тылавыя вычыны падчас вайны. Сын палаяўся з жонкай, абліў яе бянзінам і спаліў. Абсалютна разумова здаровы і недурны чалавек. Іншага расстралялі б, а гэты адкруціўся 5-цю гадамі сьпец/псіхушкі. Прычым, утрымліваўся з прывілеямі, як у доме адпачынку. Яшчэ выпадак. Сын начальніка міліцыі – абсалютна разумова цьвярозы, недурны і прыемны ва ўсіх адносінах чалавек – зацягнуў у лес дзевяцігадовую дзяўчынку, згвалціў і закапаў. «Падлекавалі» і адпусьцілі.

Трэці выпадак. Быў адзін добры працаўнік-шабашнік, шмат запрацоўваў. Але занадта часта і працягла бываў у камандыроўках. Жонка паставіла ультыматум: мне патрэбны муж у хаце, а не ў выглядзе адзнакі ў пашпарце. Не зьменіш працу – пайду да маці. Але мужык быў выхаваны ў строгай праваслаўнай традыцыі, згодна зь якой «ды ўбаіцца жонка мужа свайго». Таму папярэдзіў: «Пойдзеш, не знайду ў хаце – прыйду і адрублю галаву». Прыехаў – не знайшоў. Узяў тапор, прыйшоў у дом цешчы і адрубіў жонцы галаву. Але ў гэтага мужыка брат – палкоўнік, служыў не апошняй пешкай у нейкім штабе. І ён дапамог уладкаваць брата ў псіхушку – «падлекавацца». Прычым, нават не ў «сьпец», а ў звычайную, гарадскую. Там ён прабыў трохі больш за чатыры гады ў вельмі вольных умовах. Чалавек ён быў абсалютна разумова цьвярозы і карыстаўся поўным даверам з боку лекара.

Чацьверты выпадак. Нейкі родны сакратара райкома партыі быў затрыманы за хуліганства. Пад час размовы з начальнікам АУС даў яму па фізіяноміі. Замест вязьніцы адкруціўся двума месяцамі знаходжаньня ў гарадской псіхушцы. Там ён амаль не начаваў, толькі адзначаўся.

Яшчэ прыклад. Пляменьнік заг. аддзяленьня Уладзімірскай псіхушкі (дзе я ўтрымліваўся) ў перыяд службы ў арміі спрабаваў згвалціць медсястру. Ці згвалціў? Ужо дакладна ня ведаю. Узбудзілі крымінальную справу. Але дзядзька- псыхіятр дамогся эксьпертызы і перавёў яго пад сваё крыло.

Разам са мной сядзеў нейкі Раман з Арэнбурга. Яго родныя працавалі кімсьці на фабрыцы пухавых хустак. Рома зьбіраўся ажаніцца, але родныя нявесты былі супраць. Тады ён забіў маці і бабулю сваёй нявесты. Гэты «учынак» абышоўся яму ў пяць гадоў сьпец/псіхушкі. Хадзілі ўстойлівыя чуткі, што былі выплачаны вялікія грошы эксьпертам – псіхам з інстытута Сербскага. Утрымліваўся ён у вельмі вольных умовах. Па характары спакойны, ураўнаважаны; тыповы сангвінік. Абсалютна цьвярозы розум, плюс спраўны і не без таленту. Рамана часта наведвалі родныя. Дасьведчаныя людзі сьцьвярджалі, што прыязджалі яны з багатымі падарункамі для псіх-лекараў.

Падобных выпадкаў нямала. За буйны хабар з дапамогай інстытута Сербскага ўхіляліся ад турмы ці расстрэлу.

Ськептык запярэчыць. Адкуль, маўляў, такая ўпэўненасьць, што ўсе гэтыя людзі абсалютна здаровыя? Упэўненасьць ад таго, што назіраў за імі праз месяцы й гады. І потым, вы ж чамусьці не сумняецеся ў здароўі сьпецназаўца Эдуарда Ульмана, Чыкацілы альбо Буданава? Ульман халоднакроўна забіў і спаліў 5 цалкам невінаватых людзей. Калі б ён забіў сваіх: жонку, бацьку, маці й г.д., альбо забіў кагосьці з рабаўнічай мэтай, дык такія ўчынкі можна патлумачыць «эмоцыямі», надзвычайнай сквапнасьцю. А ён забіў незнаёмых яму людзей з такой жа лёгкасьцю, як звычайны чалавек прыхлопвае камара, не адуважваючыся ад размовы з сябруком.

4. «Урачы».

Сярод псіх-урачоў Сычоўкі былі наркаманы, гомасексуалісты, садысты – на кожны густ, як гаворыцца. Ці можна ўявіць, каб нехта прыйшоў уладкоўвацца на працу па падробных дакументах у якасьці пілота пасажырскага самалёта альбо ўрача-нейрахірурга? А вось пісіхіятрам – папросту! Таму што псіхіятр – даволі «мутная» прафесія.

Мне распавялі, як у Сычоўскім сьпец/шпіталі каля 3 гадоў працаваў пісхіятрам махляр. Але адзін выпадак зьдзівіў нават мяне. У 1970 годзе ў “ Известиях” зьявіўся артыкул пра нейкага псіхіятра Гарэліка, асуджанага на 10 гадоў заключэньня. Гэты чалавек каля 10 гадоў працаваў Галоўным псіхіятрам Уладзімірскай вобласьці, ня маючы нават сярэдняй адукацыі. Ён здабыў званьне заслужанага ўрача, атрымаў нейкі ордэн, падрыхтаваў кандыдацкую дысертацыю (наняў чаавека, які яму яе напісаў). Быў злапаны на “мякіне” – пры спробе скрасьці атэстат сьпеласьці. У дадатак выявіліся яшчэ і перавыдаткі на 10 тысячаў рублёў.

У траўні 2006 году мяне запрасілі на адну з перадач у прамым эфіры кабельнага тэлебачаньня. Праводзіўся дыспут з прафесарам-псіхам Міхаілам ВІНАГРАДАВЫМ. На самой справе дыспут не атрымаўся. Хутчэй быў маналог. Бо гэты прафесар заняў дзьве траціны эфірнага часу. Вінаградаў выкладаў у школе НКВД-ФСБ, кансультаваў гэтых “рыцараў” плашча і кінжала. Супрацоўнічаў зь імі й сёньня. Натуральна, працягваў бараніць роднае ведамства. Я яму нагадаў пра спец/лабараторыі НКВД-ФСБ, дзе ў масавым парадку ЗАБІВАЛІ ЛЮДЗЕЙ, выпрабоўваючы на іх хімічную і бактэрыялагічную зброю ды розныя яды. Распрацоўвалі метады недаказальнага забойства.
І чым жа тады вашыя гаспадары-працадаўцы адрозьніваюцца ад гітлераўскіх катаў, тыпа Менгеле, аб’яўленага ваенным злачынцам? – задаў я рытарычнае пытаньне.

Усе выведкі сьвету гэтым займаюцца – спакойна адказаў гэты «ўрач».

Я не зьдзіўлюся, калі раптам выявіцца, што ў падобных пачварных досьледах удзельнічаў і сам Вінаградаў, калі так упэўнена апраўдвае гэтыя злачынствы. Пад час свайго маналогу ён заявіў, што чвэрць насельніцтва Расеі псіхічна хворыя.
А дзе гарантыя, што вы самі не ўваходзіце ў гэтую чвэрць? – запытаўся я Вінагарадава. Ён толькі самазадаволена паўхмыляўся…

І я падумаў, што такія, на першы погляд розныя персоны, як Чыкаціла, Ульман, прафесары накшталт Міхаіла Вінаградава, належаць да пэўнага класу людзей. Іх усіх аб’ядноўвае адсутнасьць чалавечнасьці, простымі словамі – сумленьня. Гэта і ёсьць сапраўдныя «эмацыйна аскудзелыя асобы». У іх галоўны жыцьцёвы прынцып – служба гаспадару…

5. Верагодна, паміралі здаровыя людзі.

А вось прыклады іншага плану з таго ж Інстытута Сербскага.

У перыяд ВАВ рускі мужык [так у аўтара. – Рэд.] Браслаўскі Мікалай Іванавіч перабег у Турцыю. У 1945 годзе быў выданы. Асуджаны на 10 гадоў лагераў. У лагеры ні ад кога не хаваў, што будзе дамагацца выезду. Вызваліўся, прыехаў у Маскву і з вакзала пайшоў шукаць Турэцкую амбасаду. Толькі прайшоў пару кварталаў, яго затрымалі «таварышы ў штацкім». Далей як звычайна: Лефортава, Сербскі й Сычоўская сьпец/псіхушка. Пры мне яго ўжо ўтрымлівалі там 18-19 гадоў. Думаю, там і памёр.

Віталь Бублік, украінец. У перыяд акупацыі падлеткам падпрацоўваў на дарожным будаўніцтве. Пасьля вайны “за супрацоўніцтва” атрымаў 10 гадоў. Адсядзеў ўсе. У час прыезду прэзідэнта ЗША Ніксана ў 1959 годзе Бублік прыехаў у Маскву, пайшоў на амерыканскую выставу і разгаварыўся зь гідам. Распавёў, за што і як сядзеў. На выхадзе з выставы быў затрыманы. Далей па шаблоне – Лефортава, Сербскі, Сычоўская сьпец/псіхушка. Пры мне адсядзеў ужо 15 гадоў. Магу сьцьвярджаць, што псіхічна быў здаровы. Верагодна, там і памёр.

Прыкладаў можна прыводзіць шмат, “добрых і розных”. Але, відаць, час распавесьці і пра ўласныя “таямніцы”. Усё ж, у адрозьненьне ад раней памянёных таварышаў – шэраговых адрубальнікаў галоваў і зажываспальвацеляў, я ўяўляў зь сябе – цытую па тэксце Вызначэньня суду – “асаблівую грамадскую небясьпеку для грамадства”. Ну, а ў канчатковым варыянце атрымаў статус АНДЗ (асабліва небясьпечны дзяржаўны злачынца).

Такім чынам, за што ж я быў так “уганараваны”?

Міхась Кукабака

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы