Міхась Кукабака
Мая ГУЛАГаўская адысея ўнікальная. Спачатку пратрымалі 5 гадоў у псіхушках, у тым ліку і турэмнага тыпу. А потым яшчэ каля 12 гадоў па лагерох і турмах. У працэсе ўсіх чатырох судзімасьцяў праводзіліся, адпаведна, і 4 эксьпертызы. Усе наступныя аўтаматычна дублявалі першасны дыягназ. Яго сфармуляваў у інстытуце Сербскага нехта ФОКІН Альберт Аляксандравіч, які называў сябе ўрачом-псіхіятрам. Я ўпэўнены, быў ён паслухмянай пешкай у руках прафесара ЛУНЦА Данііла Раманавіча (каб яму ў труне дадатковы раз перавярнуцца). Так званы «доктар» Лунц выконваў прамыя ўказаньні Лубянкі.
Каротка распавяду, як увогуле псіхушка ўвайшла ў маю дысідэнцкую біяграфію. Я працаваў элетраманцёрам на радыязаводзе, жыў у інтэрнаце. Арыштавалі мяне 14 красавіка 1970 году ў кабінеце гарадскога пракурора, куды выклікалі па павестцы. Адбыўся кароткі дыялог. У мяне запыталі: «Кукабака, чаму вы сістэматычна выступаеце супраць Савецкай улады?».
– Я, таварыш пракурор, прынцыпова не магу выступаць супраць савецкай улады. Таму што зьяўляюся простым рабочым, а савецкая ўлада – ідэальная для рабочага чалавека. «Савецкая» – вытворнае ад словаў парада, радзіцца, раіцца. Але за сваё жыцьцё прыйшоў да перакананьня, што з намі ўлада ніколі не раіцца. Іншымі словамі, Савецкай улады ў нас няма і ніколі не было. За яе толькі трэба змагацца.
Ззаду лёгка стукнулі па плячы. Азірнуўся – міліцыянер працягвае кайданкі.
Пасьля арышту правялі ператрус. Былі выняты і далучаны да справы па арт.190-прым УК РСФСР наступныя рэчы: дзьве працы першага курсу па нямецкай мове, 4-5 спартовыя граматы, канспект працы Вільгельма Лібкнехта «Ніякіх кампрамісаў», вынятка з мясцовай бібліятэкі пра прачытаныя кнігі па марксізме, камсамольскі білет. Акрамя таго, заява на імя Брэжнева, артыкул «Адкрытае пісьмо англійскаму пісьменьніку Айвару Монтэгю». У ёй я выступаў у абарону рускага пісьменьніка Анатолія Кузняцова. Яшчэ былі геаграфічныя мапы некалькіх Заходніх краін і добры нож (ня цалкам перачынны).
Паколькі я не хаваў сваіх антыкамуністычных перакананьняў, сьледства рухалася хутка. Акрамя «антысаветчыны», мне прыпісалі яшчэ зьбіраньне зброі з мэтай падрыхтоўкі да пераходу мяжы. Зрабілі ўсебаковую эксьпертызу нажа і пераканаўча даказалі, што забіць чалавека ім можна. А ці можна забіць чалавека прасам, скалкай ці пустой бутэлькай з-пад шампанскага? – іранізаваў я над сьледчым.
Затрымка атрымалася, калі я цьвёрда заявіў сьледчаму ФЯДОСАВУ, што катэгарычна адмаўляюся ад адваката і маю намер бараніць сябе ў судзе самастойна. Пасьля гэтага сьледчы накіраваў мяне на амбулаторную псіх-эксьпертызу, дзе я быў прызнаны здаровым. Потым мая справа была перададзена ў сьледчы аддзел УКГБ па Ўладзімірскай вобласьці.
Перавозілі з Аляксандраўскай турмы не па этапе (відаць, баяліся ўцечкі інфармацыі). За мной асабіста прыехаў на «волзе» начальнік след/аддзела УКГБ па Ўладзімірскай вобласьці м-р Павел ЕЎСЕЕЎ. Ніякіх кайданкаў, пасадзілі побач з аператыўнікам. І вось так, з камфортам, быў зроблены ўвесь шлях ад Аляксандрава да Ўладзіміра. Ва Ўладзіміры пару разоў выклікалі на допыт. Трызьненьне следчага ФЯДОСАВА пра нібыта рыхтаваныя мной уцёкі за кардон са справы зьніклі (разам з нажом і наручным гадзіньнікам).
Аднойчы сьледчы ЕЎСЕЕЎ прыйшоў некалькі заклапочаны.
– Паслухай, Міхаіл. Я вось уважліва азнаёміўся з усімі тваімі матэрыяламі й бачу, справы ў цябе, па-сутнасьці, ніякай няма. Ты вось што: падпішы вось гэтую паперку. Ты і сабе і нам паслугу зробіш. Паедзеш на свой завод і працуй там на здароўе. Толькі языком асабліва не малаці лішняга.
Я прачытаў пададзены мне аркуш. У ім нейкі чалавек у форме данясеньня пісаў, маўляў, грамадзянін Кукабака ў такім месцы сустракаўся са статс-сакратаром амбасады Заходняй Германіі Мюлерам і меў зь ім размову.
– Што за лухта?! – зьдзівіўся я, нават не дачытаўшы паперку да канца. – Калі я правільна здагадваюся, гэты Мюлер чымсьці вам насаліў, але я дык тут пры чым?
– Ды ты не ламай сабе галавы, іншае – ня твой клопат. Падпішаш і пойдзеш сабе працаваць на старое месца. Ніхто пра гэта не даведаецца, толькі сам язык не распускай – працягваў пераконваць сьледчы.
– Згодны, ніхто пра гэта не даведаецца. Але сам жа я ўсё жыцьцё буду пямятаць, што зрабіў пакасьць нейкаму чалавеку, якога ня ведаў і ня бачыў… Не, ужо! Калі гэты Мюлер вам не дагадзіў, – самі на яго ўправу шукайце. Я тут вам не памочнік.
Еўсееў незадаволена зморшчыўся: – Значыць, ня хочаш падпісваць?! Ну, добра, Кукабака. Тады мы табе такое зробім, што ўсё жыцьцё будзеш каяцца.
– Ды чхаць я хацеў на вашыя пагрозы! – тут ўжо я адкінуў усялякую “дыпламатыю”.
Праз некалькі дзён зноў выклікаюць да сьледчага. – Вось, Кукабака, паедзеш у Маскву. На псіх-эксьпертызу накіроўваешся, – добразычліва ўхмыляючыся, паведаміў м-р Еўсееў.
– Мне не патрэбна ваша эксьпертыза!
– А ў цябе і пытацца ніхто ня будзе. У голасе сьледчага адчуваліся ноткі зларадства.
Так я апынуўся ў Інстытуце імя Сербскага.
Пасьля эксьпертызы мяне цэлы год пратрымалі ў турме на рэжыме сьціслай ізаляцыі, у поўным няведаньні адносна майго лёсу. Аднак я не сядзеў у пасіўным чаканьні. Пастаянна пісаў пратэсты. Нехта з палітзьняволеных зрабіў запыт у Генпракуратуру пра мяне (магчыма, яшчэ некуды). Нарэшце, 6 верасьня 1971 году, начальнік сьпец/часткі турмы хуткагаворкай зачытаў мне акт эксьпертызы з Інтстытута Сенбскага.
Я ня ўсё пачуў і ня ўсё пачутае запомніў літаральна. Але асобныя фрагменты запомніліся на ўсё жыцьцё – настолькі яны мяне ўразілі. У акце сьцьвярджалася, што “… заняткі спортам і замежнай мовай, а таксама інтарэс да філасофіі – вынік хворай зьмены асобы…”. Яшчэ там распавядалася, што “… Кукабака пакутуе ад эмацыйнага зьбядненьня асобы…”. Потым начальнік сьпец-часткі дадаў, што мяне асудзілі 4 лістапада 1970 году, пра што мне паведамлялася. Гэта была нахабная хлусьня…
Са сваім завочным прысудам па справе №203 ад 4 лістапада 1970 году ўпершыню мог пазнаёміцца толькі праз 20 гадоў, калі дамогся рэабілітацыі. І такія-сякія таямніцы прыадчыніліся, але далёка ня ўсе. Працытую з Прысуду апісаньні некаторых сваіх злачынстваў. Яны цалкам заслугоўваюць таго, каб іх уважліва прачытаць і асэнсаваць. Каб усьвядоміць, у якім кірунку мы рухаемся сёньня, і якая будучыня можа нас чакаць…
“У ліпені 1969 году ў інтэрнаце Кіеўскага завода хімікатаў у прысутнасьці ТУПІЦЫНА ды іншых Кукабака паклёпнічаў на палажэньні Канстытуцыі СССР і на паведамленьні савецкага друку і радыё”.
“У верасьні 1969 году ў цаху №8 радыязаводу ў горадзе Аляксандраве ў прысутнасьці ЛОБАНАВА, РУМЯНЦАВА, іншых Кукабака паклёпнічаў на савецкі ўрад”.
“У лістападзе 1969 году ў цаху радыёзавода ў прысутнасьці ЛЕБЕДЗЕВА, ЛОБАНАВА, КУВАНАВА, КАЛЯЖНАГА, КАРОЛІНА й іншых рабочых Кукабака ўзводзіў паклёп на сацыялістычную дэмакратыю, усхваляў пры гэтым гэтак званыя буржуазныя свабоды слова і друку”.
“У сьнежні 1969 году на тэрыторыі Маскоўскага крамля ў прысутнасьці экскурсантаў Кукабака паклёпнічаў на савецкую рэчаіснасьць і савецкі дзяржаўны лад”.
“На вечары пад Новы год у жаночым інтэрнаце ў прысутнасьці РАМАНЕНКАВАЙ, БАРАНАВАЙ, ФЕДАСЕЕВАЙ, ЧУРСАНАВА й іншых Кукабака ўсхваляў жыцьцё народу за мяжой і паклёпнічаў на становішча рабочага класу ў СССР”.
“У лютым 1970 году ў час прыбіраньня тэрыторыі радыёзавода ў прысутнасьці ІААНАВА, БЕЗЫМЯННАГА й іншых Кукабака варожа адгукаўся пра лозунг: “Жыць і працаваць па-Ленінску”.
Добра запомніў апошні эпізод. Таму што зьдзейсьніў маленькае “адкрыцьцё”. Гледзячы на лозунг, я сказаў суседу: “Глядзі! У нямецкай мове работа – арбайт, а раб – шклавэ. У англійскай, рабочы – ўокэр, а раб – слэйв. І толькі ў рускай мове: рабочы, працаваць і раб – словы аднаго кораню”. Ня думаў тады, што мой сціплы экскурс у лінгвістыку ўвойдзе ў матэрыялы справы, як склад злачынства.
Цытую далей з Вызначэньня суду. “У розны час у сакавіку 1970 году ў інтэрнаце радыязавода ў прысутнасьці МАЗУРА, ГРУНІНА Кукабака паклёпнічаў на зьнешнюю палітыку Савецкага ўраду і паведамленьні друку, на КПСС і савецкую рэчаіснасьць”.
Спадзяюся, прывёў дастаткова прыкладаў упартай працы сьледчых КГБ. Усе іншыя мае “злачынствы” па гэтай справе прыкладна такія ж.
Па сукупнасьці зьдзейсьненых спраў, а таксама ўлічваючы, што заняткі спортам, вывучэньне замежнай мовы, інтарэс да філасофіі (чытаньне марксісцкай літаратуры) – “вынік хворых зьмен асобы”, згодна з заключэньнем вінаградавых-фокіных з Сербскага, я ў выніку быў прызнаны тым, хто ўяўяляе “АСАБЛІВУЮ ГРАМАДСКУЮ НЕБЯСЬПЕКУ ДЛЯ ГРАМАДСТВА”.
Гэта, паважаныя чытачы, АКАЗАЛАСЯ СУР’ЁЗЬНЕЙ, чым жывой спаліць жонку ці адрубіць галаву свайму суседу.
7. Стаўленьне людзей да «врага народа».
Калі б на маім турэмна-лагерным шляху сустракаліся толькі кепскія людзі – наўрад ці ўдалося б выжыць…
Даўно прыйшоў да перакананьня, і ня толькі на падставе ўзораў з мастацкай літаратуры, але і па асабістым досьведзе, што прыстойных і адносна сумленных людзей абсалютная большасьць. Але гэтыя якасьці выяўляюцца ва ўмовах “свабоднай волі” і свабоды выбару. На практыцы ж У КОЖНАГА ЧАЛАВЕКА ЁСЬЦЬ СВАЯ МЯЖА МОЦЫ. І калі на чалавека аказваць сталы фізычны ці псіхічны ціск, дык ня кожны праходзіць выпрабаваньні зь мінімальнай стратай сваіх людскіх маральных якасьцяў.
І тым ня менш, нават у асяроддзі катаў зрэдку прарываецца інстынктыўные, уласьцівая чалавеку ад прыроды спагада да бліжняга. Бо чалавек – жывёла калектыўная, з адпаведнымі інстынктамі самазахаваньня віду.
Аднойчы позьняй восеньню было халоднае, слотнае надвор’е. Я выходзіў на шпацыр лёгка апрануты. Прапаршчык Лефортаўскай турмы ў палову голасу заўважыў: “Вы б апрануліся цяплей, вельмі ўжо непрыемна сёньня на вуліцы”. Я павярнуўся і зірнуў на канваіра. Па выразе твару, па інтанацыі гэтага 40-гадовага наглядчыка адчувалася, што сказана было шчыра, не па “інструкцыі”.
Пасьля Сербскага ва Ўладзімірскай турме мяне трымалі на рэжыме ізаляцыі ў асобнай камеры. Жалезныя дзьверы, напалову меньшыя за акно, і яшчэ знуры закрытыя жалезнымі кратамі з дробнай ячэйкай. Ляжак уяўляў зь сябе драўляную труну з тоўстых дошак, абцягнутых дзьвюма жалезнымі палосамі. У галаве пад нахілам замацавана тоўстая дошка. Усё гэта збудаваньне ўцэментавана ў падлогу. Нават у фуфайцы ў камеры было зябка. Зразумеў, што сядзець давядзецца доўга, а можа і да канца, я стварыў сабе яшчэ больш жорсткі рэжым. Па цэментавай падлозе хадзіў босы. Нягледзячы на холад, распранаўся і з раніцы да вечару рабіў розныя стойкі, адцісканьні, прысяданьні, бегаў. Зрэдку ня мог падняцца. Пачыналася галавакружэньне, амаль страчваў прытомнасьць.
Аднойчы заскрыгатаў замок і ў камеру ўвайшла група афіцэраў адміністрацыі на чале з начальніцай санчатскі БУЦЬ. Я толькі што закончыў чарговую “размінку” і стаяў распрануты да поясу, супакойваў дыханьне. Буць акінула позіркам камеру. З закрытага кратамі паглыбленьня над дзьвярмі тускла сьвяціла лямпка. У гэтым сьвятле зрэдку іскрыўся шэрань, які разносіў вецер скрозь пабітае шкло. Камера хутчэй нагадвала нейкі сярэднявечны каземат.
Начальніца санчасткі – тоўстая, грузная жанчына гадоў пад пяцьдзесят. Заслужаны ўрач РСФСР. За яе жорсткасьць вязьні давалі ёй розныя нядобрыя мянушкі. Аднойчы ледзь не загінуў малады навуковец – арнітолаг, дысідэнт з Прыбалтыкі Гунар Родэ. Яму тэрмінова спатрэбілася аперацыя, але Буць упарта не давала санкцыю. І толькі калі некалькі камер палітзэкаў абвясьцілі галадоўку, Гунара прааперавалі. Ён выжыў пасьля адбыцьця 15-гадовага заключэньня, быў вызвалены, ажаніўся і яму ўдалося эміграваць у Швецыю.
Агледзеўшы камеру, Буць павярнулася да мяне і спытала: “Як настрой, адчуваньне?” – Нармальна. “Ці ёсьць скаргі, прэтэнзіі да адміністрацыі, да рэжыму ўтрыманьня? – Няма. “Ці ёсьць якія просьбы, пажаданьні?” – Няма. Буць падышла бліжэй, так шчыльна, што амаль не дакранулася да мяне жыватом. Некалькі секунд уважліва ўглядалася ў маю неголеную фізыяномію. І без усьмешкі, быццам з ноткай лёгкага зьдзіўленьня, прамармытала: !Мда-а… Кукабака. А ты выглядаеш, як сапраўдны нявольнік.” Павярнулася і выйшла; за ёй усе астатнія.
Літаральна праз некалькі гадзінаў мяне перасадзілі ў іншую камеру: сьветлую, цёплую, са звычайным акном і нават без жалюзі. У камеры звычайныя драўляныя дзьверы і ложак зь сеткай, пасьцель зь белай прасьцінай. Акрамя таго, перавялі на шпітальнае харчаваньне. Настрой адразу палепшыўся. А тут прыйшла бібліятэкарка з кнігамі, маладая прыемная дзяўчына, з добра разьвітымі клубамі. Яшчэ я заўважыў, што амаль насупраць ад маёй ёсьць камера, дзе таксама цікавяцца кнігамі.
Павінны адзначыць, за ўвесь перыяд утрыманьня ва Ўладзімірскай вязьніцы ні адзін з наглядчыкаў не сказаў мне дрэннае слова. Хаця да мяне даляталі аднекуль енкі тых, каго білі, лаянка вязьняў і наглядчыкаў. Толькі ў шпацырным двары мае паводзіны раздражнялі канвойных – у любое надвор’е я ськідваў абутак і хадзіў босы па бетоннай падлозе.