Міхась Кукабака
8. Яшчэ адна «больніца».
Сьпец-псіхушка, інакш званая «бестэрміновай койкай» – самае цяжкае выпрабаваньне, і фізічнае, і маральнае. Натуральна, за выключэньнем кантынгенту, які «адмазвае» там свае злачынствы за хабар ці па наменклатурных сувязях.
Па прыбыцьці памясьцілі ў самую вялікую камеру, дзе ўтрымліваліся найбольш цяжкія «пацыенты». Санітары-крымінальнікі часта заходзілі туды патрэнавацца ў зьбіваньні. Фізічна і душэўна зломленых пацыентаў нярэдка сярод ночы выцягвалі ў прыбіральню для сексуальных забаваў. І гэта не было сакрэтам для ўрачоў і медсёстраў.
Была праблема пазьбегчы магчымых правакацый. Прыбіральня была адна ў канцы калідора. З камеры выводзілі па чарзе. Усе станавіліся перад дзвярамі камеры, нярвова перамінаючыся. Санітар адчыняў камеру і першыя двое атрымлівалі падзатыльнік, сярэдзіна праскоквала, аднаго-двух апошніх білі пінком пад зад. Разважыў, што калі адказаць ударам на ўдар у першыя дні – раўнаважна самагубству. Не адказаць – прыніжэньне і страта годнасьці, якія цяжка перажыць.
Давялося хітраваць. «Выпадкова» пападаў у сярэдзіну, каб пазьбегчы сутыкненьня з санітарамі. Так я вытрымаў без канфліктаў некалькі дзён да выкліку на бяседу з урачом. Загадчык аддзяленьня САЗАНКОЎ Валеры Андрэевіч быў параўнальна малады чалавек. Рослы, самаўпэўнены (майстар спорту па боксе), заўсёды размаўляў наасобку, без прысутнасьці санітараў. У МВД працаваў нядаўна і яшчэ ня быў асабліва сапсаваны сістэмай. У час першай бяседы мне ўдалося так распавесьці сваю гісторыю, падаўшы сябе за наіўнага прастачка, што ва ўрача нявольна вырвалася: «Да, Міхаіл, так, як уліп ты – ніхто з нас не застрахаваны». Мяне адразу перавялі ў камеру-палату да самых здаровых пацыентаў і без прызначэньня якога-небудзь «лячэньня».
За кароткі тэрмін я асвоіўся і сваімі паводзінамі дамогся павагі з боку санітараў-крымінальнікаў. Але хутка здарылася непрыемнасьць. Адзін пацыент, які сядзеў за забойства, павёў сябе зьняважліва і паспрабаваў мяне шантажаваць. Наставіць яго на розум мірнымі сродкамі не атрымалася. І як толькі мы апынуліся сам на сам у камеры, я адразу даў яму ў «пятачок». Ён паскардзіўся, прыбеглі санітары, медсёстры і мяне павялі на экзэкуцыю. Ня ведаю, што падзейнічала. Можа быць, я яшчэ не ачуняў пасьля турмы, але пасьля ўколу аміназіна, толькі выйшаўшы з працэдуркі, зваліўся без прытомнасьці. Потым яшчэ і яшчэ.
Было дакладзена ўрачу. Я сіджу на падлозе, не рашаюся падняцца, каб залезьці на ложак. Заходзіць загадчык аддзяленьня: «У чым праблема?»
– Вы што, Валер Андэевіч, вырашылі мяне забіць?! Гэта ў вас запланавана? – рашуча пайшоў я ў наступ.
– Як гэта забіць? – зьдзіўлёна падняў бровы ўрач.
– А так! Медыцынскімі сродкамі. Вы ж выдатна ведаеце, што ў мяне хворае сэрца, – нахабна прыпісаў я ўрачу веданьне маіх сардэчных спраў, – і, тым ня менш, прызначаеце мне каніную дозу нейкай гадасьці.
Урач сякунду прызадумаўся: «Ну, калі ў цябе хворае сэрца, мы яго падтрымаем кардзіямінчыкам, а лячыць цябе будзем. Каб добра зразумеў, дзе апынуўся, і больш рукі не распускаў».
Тым ня менш, уколы замянілі таблеткамі. Я адразу падкупіў санітараў і да канца гэтак званага «курсу лячэньня» ніякай гадасьці не прымаў. Даволі хутка праз розныя хітрыкі мне ўдалося ўладкавацца на самую прэстыжную і добра платную працу – наладчыкам швейных машынак. Раней я бачыў швейныя машынкі толькі здалёк, ды і тое ў футляры. Праца гэтая зрабіла мяне ў пэўным сэнсе «недатыкальным», неўражлівым для ўсялякіх дробных непрыемнасьцяў. Гэтая праца дазволіла мне без абмежаваньняў шныраць па ўсёй вытворчай зоне, сустракацца зь людзьмі з розных аддзяденьняў, якія мяне чымсьці цікавілі.
Сычоўская сьпец-псіхушка ў той час мела даволі вялікую вытворчасьць. Акрамя швейнага былі ў іншыя цэхі: па вытворчасьці цьвікоў, ланцугоў – усяго не прыпомню. Удвох з напарнікам мы мелі ў сваім распараджэньні майстэрню, у якой былі такарны, сьвідравальны і наждачны станкі. Куча розных прыладаў, якія колюць і рэжуць. Акрамя таго, мы абслугоўвалі электраабсталяваньне ўсёй вытворчасьці. Фармальна за ўсё адказваў штатны электраманцёр з лагера. Але ён фізічна быў ня ў стане з усім справіцца. Таму амаль усю працу выконвалі мы самі, хаця гэта і было супраць правілаў. Але калі б я з-за глупства заявіў: маўляў, ня ведаю, не магу альбо ня маю права – адразу б адхілілі ад работы. Ды яшчэ гэтак званае «лячэньне» прызначылі б у сувязі «з пагаршэньнем псіхічнага стану». Такая вось сьпецыфіка савецкай вытворчасьці.
Але праз некаторы час са мной здарылася чарговая непрыемнасьць. Аднойчы пры ператрусе на працоўным месцы ахоўнікі знайшлі лісток з нейкай інфармацыяй. На думку аператыўнікаў, крыніцай прыведзеных там фактаў магла быць толькі адна з Заходніх радыястанцыяў. Мяне тут жа адвялі ў штаб. Дапытваў сам начальнік псіхушкі маёр ЛЯМІЦ Леанід Іванавіч і двое аператыўнікаў. Калісьці маёр Ляміц быў загадчыкам аднаго з аддзяленьняў. Старажылы распавялі, што калі да Ляміца пацыент зьвяртаўся са скаргай на што-небудзь, ён спачувальна выслухоўваў, а потым выклікаў санітара і даваў распараджэньне, каб скаржніку прапісалі «кулазін» (ад слова «кулак»).
Я патлумачыў «дазнаўцам»: маўляў, знайшоў скамячаны лісток, зь цікаўнасьці перапісаў сабе тэкст і хацеў паказаць урачу, але не пасьпеў. Такое тлумачэньне было адрынутае зьлету. Мне сталі пагражаць. Біць, відаць, будуць – падумаў я неўпэўнена. І стаў рашаць пакутлівую задачу. Калі пачнуць біць, што рабіць? – пасіўна бараніцца, закрываючы слабыя месцы альбо даць бой – і да апошняга, а там – хай будзе, што будзе. Значыць, заб’юць насьмерць, прыйшоў я да несуцяшальнай высновы. Баязьліўства ўзяло верх, і я вырашыў, што ў выпадку чаго займу пасіўную абарону. На душы стала лягчэй. Мая ўвага зноўку пераключылася на дазнаўцаў і я пачуў заключную частку добрых парадаў і пажаданьняў у свой адрас ад начальніка псіхушкі:
– Кукабака! Апошні раз раю табе чыстасардэчна ўсё распавесьці. У іншым выпадку мы вымушаныя будзем пачаць цябе лячыць. Мы будзем цябе лячыць 10 год. І так будзем лячыць, што нават калі ты застанешся жывы, ніякая свабода табе ўжо больш не спатрэбіцца.
– Але, Леанід Іванавіч, я ж вам усё распавёў, што ведаў, а прыдумваць я ня ўмею, – са шчырасьцю дзіцяці прызнаўся я начальніку ў сваім недахопе.
– Ты хоць усьведамляеш, што цябе чакае?! – працягваў настойліва дапытвацца маёр Ляміц.
– Так-так, канешне, – сумна заківаў я галавой.
Мне была прапісана «растарможка» альбо «пьяны ўкол», як яшчэ яго завуць. Нейкая сумесь барбітуратаў зь іншай гадасьцю з мэтай развязваньня языка. Але я ўжо наслухаўся пра гэтую «зброю» любіцеляў чужых таямніц. Таму максімальна сканцэнтраваўся і рэгулярна агучваў уласную «мантру», не адуважваўся на непатрэбныя дыскусіі. Такім чынам, да канца «эксперыменту» захоўваў самакантроль. Пераканаўшыся, што ў маёй чэрапной каробцы нічога вартага ўвагі не праслухоўваецца – мяне адвялі ў палату. Я ўпаў на ложак і заснуў мёртвым сном…
Праз пару гадзін выклікаў урач. Пахістваючыся, але з абсалютна сьветлымі мазгамі я ўвайшоў у кабінет.
– Паслухай, Міхаіл! Я ня ведаю, што за праблемы ў цябе з аператыўнікамі, але паводзіш ты сябе скрайне неразумна. Калі ўзьнікае нейкая праблема, лепш прыйдзі й парайся са мной. Тады можна яшчэ неяк пазьбегчы непрыемных наступстваў. Інакш, пры такіх неадказных паводзінах, ты адсюль ніколі не выберашся.
На кожнай камісіі з Сербскага загадчык аддзяленьня САЗАНКОЎ Валер Андрэевіч падаваў мяне да выпіскі. Сівавалосыя ўладары чужых лёсаў з гэтага «Інстытута дурняў» (па вызначэньні майго памерлага сябра, вядомага дысідэнта В.Некіпелава) рэгулярна мне адмаўлялі. Пасьля чарговай камісіі я ўпікнуў загадчыка аддзяленьне: Што ж гэта атрымліваецца, Валер Андрэевіч?! Вы забойцу праз паўтары гады выпісалі, а я што сіжу?
– Паслухай Кукабака! Лепш бы ты забіў каго-небудзь, мне было б лягчэй цябе адсюль выпіхнуць, – раздражнёна адказаў урач…
Выглядае на тое, што галоўнай мэтай прафесараў з Сербскага было пераканаць мяне, што я цяжка хворы і прызнаю гэта сам. А яшчэ лепш, калі б сапраўды захварэў. Значыць, іхны дыягназ правільны. І заданьне Лубянкі выкананае, і сумленьне «чыстае». Таму галоўнае заўсёды было пытаньне: «Кукабака, вы прызнаёце, што пакутуеце ад цяжкай псіхічнай хваробы і патрабуеце лячэньня?» Адказаць, што не прызнаю, – абвінавацяць у «некрытычным мысьленьні». Значыць, патрабуе далейшага лячэньня. Адказаць, што прызнаю – патрафіць карнай медыцыне. І так кепска, а так яшчэ горш. Даводзілася ўжываць мудрагелістыя фармулёўкі.
Нарэшце прыйшоў і мой дзень. Урач выклікаў да сябе, выгляд у яго быў стомлены і пануры.
– Усё, Міхаіл! Нарэшце я ад цябе пазбаўлюся. Паедзеш у абласны псіх-шпіталь. Але запомні: выпіска твая на валаску. Драбнейшае што, недзе нешта вякнеш альбо пацягне на «пісаніну» – зноўку апынешся тут. І тады канец – больш ня выбярэшсяся. Я згодна ківаў галавой, але думкі былі зусім іншыя.
4 жніўня 1974 году звычайным цягніком у суправаджэньні медсястры я прыбыў ва Ўладзімірскую абласную псіхушку. Загадчык аддзяленьня АРЦЕМ’ЕЎ Дзьмітры Дзьміыевіч пасьля размовы адпусьціў мяне ў працоўную брыгаду.
…
Я тут жа выкарыстаў сітуацыю і пачаў «патруляваць» жаночае аддзяленьне. Імкнуўся пазнаёміцца з якой-небудзь маладой жанчынай, каб тая ўгаварыла сваю маці аформіць нада мной апякунства. Нарэшце ў мяне гэта атрымалася, і адна жанчына афіцыйна зьвярнулася да ўрача з такой просьбай.
Аднак маё вызваленьне не ўваходзіла ў планы КГБ.
Мяне адразу зачынілі. Правялі дакладны ператрус. Забаранілі мець пры сабе канверты, чыстую паперу ды іншае. Урач выклікаў на размову і са злараднай ухмылкай вымавіў: «Усе твае высілкі абсалютна дарэмныя. Наша гуманнае савецкае заканадаўства ня можа дазволіць, каб жанчына, якая мае дачку, узяла апякунства над такім цяжка хворым чалавекам, як Кукабака».
Але я не смуткаваў і не губляў дарэмна час. Праз адну супрацоўніцу шпіталю наладзіў бесперабойную нелегальную сувязь са свабодай. Валянціна (так яе звалі) мела нязвыклы характар. Яе цярплівасьць і добразычлівасьць у адносінах да пацыентаў былі проста дзіўныя. Сам я ні за якія грошы так бы ня здолеў. Урача яна абагаўляла. Я ж цярпець яго ня мог і не хаваў гэтага. Тым ня менш, яна дапамагала мне ва ўсім, што ні папрасіў.
Такім чынам, я змог выканаць некалькі даручэньняў аднаго палітзэка з Сычоўкі. Акрамя таго, пазнаёміўся з маскоўскімі дысідэнтамі: Падрабінэкам, Барысавым й іншымі. Адзін зь іх – урач-фармацэўт Некіпелаў – стаў маім сябрам, дамовіўся са сваёй знаёмай, таксама ўрачом, і яна паспрабавала распачаць працэс апякунства. Аднак яе выклікалі ў мясцовы КГБ і так запужалі, што яна звольнілася з працы і ўвогуле выехала за межы Ўладзімірскай вобласьці.
Але працэс ужо нельга было затрымаць. Мая гісторыя атрымала дастатковую агалоску. Сітуацыя склалася такім чынам, што маё знаходжаньне ў псіхушцы стала для КГБ цяжарам. І ад мяне вырашылі пазбавіцца. Хаця б часова. Праз 6 зь лішкам гадоў я, нарэшце, атрымаў свабоду.
10 траўня 1976 году пачаўся чарговы этап майго жыцьця.
…
Вось так я змагаўся за сваю свабоду, бо памятаў, што «пад камень, які ляжыць, вада не цячэ». У людзей зьяўляецца больш жаданьня дапамагаць, калі яны бачаць, што чалавек сам з усіх сілаў караскаецца. І я караскаўся, як мог.
Міхась Кукабака, дысідэнт. Масква. witaut@rambler.ru Ліпень 2006 г.