nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

У НАС ПЫТАЮЦЦА – МЫ АДКАЗВАЕМ

18 снежня, 2006 | Няма каментараў

Нядаўна мы надрукавалі артыкул “Аляксандр Літвіненка забіты! Факты і высновы” (https://nashaziamlia.org/2006/11/27/415). У каментары да яго адзін з нашых чытачоў (нік “Siarhiej”) запытаўся: “У Вас размешчаны артыкулы адмоўнага зместу пра Расею. А расейцы, тым часам, добра сябе адчуваюць і, як здаецца, квітнеюць. А ў чым моц Расеі? Дзе тыя сланы (чарапахі) на якіх яна трымаецца?”. Мы вырашылі даць адказ на гэтае пытаньне.
Рэдакцыя.

1. Ці мы супраць Расеі.
У кантэксьце пастаўленага пытаньня гучыць, што ў нас адмоўнае стаўленьне да Расеі, што мы маем нешта супраць яе. Гэта катэгарычна ня так. Бо супраць Расеі мы ня можам быць па аб’ектыўных прычынах… Патлумачым.

Ёсьць некалькі Расеяў.
Адна Расея (Расейская Федэрацыя, РФ) – гэта дзяржаўнае ўтварэньне (хаця і штучнае), складзенае з трох кампанентаў: ТЭРЫТОРЫІ Расейскай Федэрацыі + шматнацыянальнага ГРАМАДСТВА (прымусова шматнацыянальнага) + УЛАДАЎ (падкрэсьлім, не абстрактнай “улады”, а канкрэтных людзей-кіраўнікоў РФ – уладаў!).
У такой Расеі мы нічога ня маем супраць яе тэрыторыі. Бо як гэта можна прад’яўляць нейкія прэтэнзіі тэрыторыі, быць “за” ці “супраць” яе… Тэрыторыя РФ – аб’ектны элемент. Тое, што яна такая вялікая, амаль неабдымная, гэта таксама ні добра, ні кепска. Гэта ніяк. Адзінае, што калісьці Смаленшчына, поўдзень Пскоўшчыны, захад Браншчыны і Калінінградская вобласьць з-за шэрагу абставін (галоўныя зь іх, што гэта беларускія этнічныя тэрыторыі й зямля прусаў, якія – тыя, што выжылі – сталі часткай беларускага этнасу) павінны быць вернуты беларускаму народу і ўвойдуць у склад Беларусі.
Акрамя таго, мы амаль нічога ня можам мець супраць народаў, якія складаюць расейскае грамадства. Мы шчыра перажываем за нашых даволі блізкіх братоў – рускіх (акрамя тых ублюдкаў, якія служылі ў НКВД, забівалі й забіваюць чачэнцаў, і г.д.), а таксама за дзясяткі іншых прыгнечаных народаў Расеі (на сёньняшні дзень – найбольш за чачэнцаў). Мы жадаем ім дамагчыся свабоды, дабрабыту, шчасьця. У сваю чаргу гэта азначае, што мы ня толькі ня супраць расейскага грамадства, а, наадварот, цалкам “за”.
А вось што да расейскіх уладаў, дык мы катэгарычна супраць іх. Таму што ва ўсе часы – ці то цароў-гарохаў, ці то бальшавікоў-камуністаў, ці то псеўда-дэмакратаў, ці то будучых рускіх шавіністаў-фашыстаў – расейскія ўлады былі, ёсьць і будуць уяўляць зь сябе (пакуль будзе існаваць Расейская імперыя) паразітычна-мафійную групу, якую мы лічым за лепшае РАСЕЙСКАЙ ІМПЕРСКАЙ БЮРАКРАТЫЯЙ (зваць у адпаведнасьці зь яе сутнасьцю).
Такім чынам, у адносінах да разгледжанай Расеі, калі мы супраць каго і выступаем, дык гэта не супраць яе, а супраць расейскай імпербюракратыі – галоўнага ворага ўсіх народаў, да якіх яна можа дацягнуцца.

Акрамя прааналізаванай вышэй аб’екту- Расеі, ёсьць яшчэ паняцьце “Россия”, якую варта пісаць толькі так, у дзьвюкосьсях. Прычына ў тым, што гэтае слова – “Россия”, вельмі часта гучыць з вуснаў розных расейскіх начальнікаў (наўмысна), палітыкаў (наўмысна), многіх простых людзей (па недасьведчанасьці, жыцьцёвай затурканасьці) у выразах тыпу: “Россия заявляет…», «российские интересы», «Россия протестует», «России это не выгодно/выгодно» і да т.п. Ва ўсіх дадзеных выразах прысутнічаюць прыкметы суб’ектнасьці, а яны ў тэрыторыі і ў грамадскай масы адсутнічаюць. Элементарны аналіз паказвае, што тут слова “Россия” выкарыстоўваецца для таго, каб за ім схаваць расейскія ўлады – як правіла, усё тую ж расейскую імперскую бюракратыю! Гэта адзін зь яе трукаў, з дапамогай якога яна хаваецца ад адказнасьці. Тэрмін “Россия” выкарыстоўваецца тут як шырма – “гэта ня мы, а Россия”.
Паколькі сярод сябраў рэдакцыі дурняў няма, мы не зьбіраемся ісьці на паваду гэтай расейскай соцыя-паразітычнай сілы, а таму сьвядома ніколі не выкарыстоўваем і не зьбіраемся выкарыстоўваць далей слова “Россия” ў дадзеным кантэксьце, каб не патураць імперскаму монстру…

Нарэшце, трэцяя “Расея” –  Расейская імперыя, г.зн. сьпецыфічны (ну, вельмі “сьпецыфічны”) дзяржаўны лад. Для нас імперскі дзяржаўны лад гучыць абсалютна негатыўна, у такой жа ступені, як фашыстоўскі, з-за якога загінулі мільёны людзей, ці бальшавіцкі (загінула яшчэ больш). Нам бачна, што словы “імперыя”, “імперскі” расейскія піаршчыкі зараз інтэнсіўна адмываюць (так, на вуліцах Гародні можна ўбачыць рэклямныя шчыты з рэкламай “Імператарскай гарбаты”; а дзярждума Расеі нядаўна ледзь не перайменавала РФ у Расейскую імперыю; і г.д.). “Імператарская гарбата” для нас гучыць так сама, як “Гарбара фашыстоўская”, пячэньне “Крэматорыі Асьвенцыма”, цукеркі “Чырвоны тэрор”, а імперскі сімвал у выглядзе дзьвюхгаловай расплюшчанай пачваркі “цыплёнка табака” – як фашыстоўская свастыка ці сярпаста-малаткасты… Таму расейскую імперыю, як форму дзяржаўнай арганізацыі, якая мае пэўную карысьць для расейскай імпербюракратыі, мы таксама будзем няшчадна крытыкаваць.

Такім чынам, у сухім астатку мы мае наступнае:
– супраць Расеі мы быць НЯ МОЖАМ (з-за неакрэсьленасьці аб’екту, істотна рознага стаўленьня да розных яго частак);
– мы ЗА ўсе яе народы;
– тэрмін “Россия” мы выкарыстоўваць НЕ ЗЬБІРАЕМСЯ;
– а вось расейскую імпербюракратыю й імперскі дзяржаўны лад мы будзем крытыкаваць настолькі вынікова, наколькі здолеем.

2. Пра тое, як “квітнеюць” расейцы.

Зь квітненьнем расейцаў усё таксама ня так адназначна.
Так, “дарагія расіяне” ў асобах Абрамовіча, Неўзліна, Хадаркоўскага (да арышту і пасьля адсідкі), іншых алігархаў й іх набліжаных, якія нахапаліся па поўнай у ельцынскія часы, а таксама Пуцін, Грэф, Лужкоў і падобныя да іх, якія хапаюць цяпер, сапраўды жывуць добра (калі жыцьцё ацэньваць грошамі, што, канешне ж, не зусім верна). Нагадаем, усе яны ці іх набліжаныя зьяўляюцца даляравымі мульці-мільянерамі, а гэта адно ўжо азначае, што яны злачынцы.

А вось адказ на пытаньне: як жыве большасьць звычайных грамадзян эРэФіі, – зьяўляецца не такім адназначным. Казаць, што расейцы “квітнеюць”, ёсьць яўным перабольшаньнем. Пра сапраўднае жыцьцё расіян мы ўжо пісалі (гл. хаця б артыкул “Весела жывем!”, адрас https://nashaziamlia.org/2006/11/24/412), а казаць пра жыцьцё некаторых зь іх у захапляльных фарбах  – напрыклад, пра тых жа чачэнцаў, якія пры Пуціне вымушаны жыць ва ўмовах генацыду – увогуле зьяўляецца блюзьнерствам…

3. Правільна – Расея “трымаецца”, а не разьвіваецца.

Расейская  імпербюракратыя трымаецца (і заўсёды трымалася) за кошт эсплуатацыі ўсяго, што знаходзіцца на яе тэрыторыі – золата, лесу, нафты, газу, алмазаў, металічных рудаў, каменнага вугалю… ЛЮДЗЕЙ і г.д.

Бачыце, у чым справа. Ва ўсіх нармальных краінах адбываецца разьвіцьцё за кошт стваральнай працы людзей, а ў Расеі адбываецца выкраданьне ўсяго, што там ёсьць і продаж жа мяжу. Людзям нічога для іх разьвіцьця не застаецца (спачатку скралі, што маглі; затых крохі, што засталіся аддалі на ўзбраеньні, тайную і яўную паліцыю і г.д.; а людзям у рэшце рэшт застаецца кукіш + намоўленае ўяўленьне, што яны жывуць у “Великой Россссии”; смакчыце лапу і радуйцеся…).

Узорным можна лічыць адзін сюжэт, які паказвалі па расейскіх тэлеканалах. Справа адбываецца недзе на Ямале. “Там – хваляцца расейскія бюракраты – знойдзены запасы нафты і газу на сотні мільярдаў даляраў”. Гэтыя багацьці, маўляў, будуць прадавацца “Расеяй” за мяжу. І тут жа паказваюць мясцовых жыхароў, якія туляцца ў чумах. Мы перакананыя: гэтыя мясцовыя жыхары ў адрозьненьне, скажам, ад жыхароў Саудаўскай Аравіі ці Арабскіх Эміратаў, як туліліся ў чумах да пачатку эксплуатацыі іх нетраў, так і будуць жыць у іх пасьля завяршэньня рабаўніцтва…

Дык вось, жывіце так ў сваёй “Вялікай Расеі” самі. Колькі хочаце. Ганарыцеся сваёй веліччу. Трымайцеся на сваіх сланах – нетрах і людскіх цялах ды жыцьцях… А ад Беларусі адчапіцеся. Па дабру, па здарову…

Калі ж хто жадае ведаць наш рэцэпт выйсьця з расейскага чортава кола, зазірніце ў Беларускую дактрыну, якая фармуецца, і паглядзіце там Д пр-п 16.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы