nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

МЕМАРАНДУМ аб гарантыях бясьпекі Беларусі (пДак)

22 снежня, 2006 | Няма каментараў

Гэтым матэрыялам мы адчыняем новую рубрыку “Падаем дакумент” (скарочана – пДак), у якой перыядычна будзем выстаўляць важныя міжнародныя і юрыдычныя акты, якія маюць значэньне для нашай беларускай дзяржаўнасьці. Першым зь іх зьяўляецца названы Мемарандум, які быў падпісаны ў канцы 1994 году ў сувязі з абавязацельствамі Беларусі поўнасьцю пазбавіцца ядзернай зброі. Гэтыя абавязкі мы поўнасьцю выканалі! У адказ ЗША, Вялікабрытанія і Расея ўзялі тады на сябе абавязацельствы гарантаваць бясьпеку Беларусі. Хутка мы ўбачым, наколькі быў правы Чэрчыль, які ў свой час сказаў, што дамовы з маскалямі ня вартыя той паперы, на якой яны напісаны. Прыкладна тое ж пастаянна казаў і Джахар Дудаеў. Хутка мы ўбачым, ці правіла Чэрчыля-Дудаева распаўсюджваецца толькі на расейскую імпербюракратыю ці ў тым ліку на брытанскую і амерыканскую.
Рэдакцыя.

МЕМАРАНДУМ аб ГАРАНТЫЯХ БЯСЬПЕКІ БЕЛАРУСІ

Рэспубліка Беларусь, Злучанае Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі, Злучаныя Штаты Амерыкі і Расейская Федэрацыя,

вітаючы далучэнне Рэспублікі Беларусь да Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі ў якасці дзяржавы, якая не валодае ядзернай зброяй,

улічваючы абавязацельствы Рэспублікі Беларусь аб выдаленні ўсіх ядзерных узбраенняў з яе тэрыторыі ва ўстаноўлены тэрмін,

адзначаючы перамены ў свеце ў галіне бяспекі, у тым ліку сканчэнне “халоднай вайны”, якія стварылі ўмовы для глыбокіх скарачэнняў ядзерных сіл,

пацвярджаюць наступнае:

1. Злучанае Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі, Злучаныя Штаты Амерыкі і Расейская Федэрацыя пацвярджаюць Рэспубліцы Беларусь сваё абавязацельства ў адпаведнасці з прынцыпамі Заключнага акта НБСЕ паважаць незалежнасць, суверэнітэт і існуючыя граніцы Рэспублікі Беларусь.

2. Злучанае Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі, Злучаныя Штаты Амерыкі і Расейская Федэрацыя пацвярджаюць сваё абавязацельства ўстрымлівацца ад пагрозы сілай або яе прымянення супраць тэрытарыяльнай цэласнасці або палітычнай незалежнасці Рэспублікі Беларусь і што ніякія іх узбраенні ніколі не будуць выкарыстаны супраць Рэспублікі Беларусь, акрамя як у мэтах самаабароны або якім-небудзь іншым чынам у адпаведнасці са Статутам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

3. Злучанае Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі, Злучаныя Штаты Амерыкі і Расейская Федэрацыя пацвярджаюць Рэспубліцы Беларусь сваё абавязацельства ў адпаведнасці з прынцыпамі Заключнага акта Нарады па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе ўстрымлівацца ад эканамічнага прымушэння, накіраванага на тое, каб падпарадкаваць сваім уласным інтарэсам ажыццяўленне Рэспублікай Беларусь правоў, уласцівых яе суверэнітэту, і такім чынам забяспечыць сабе перавагі любога роду.

4. Злучанае Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі, Злучаныя Штаты Амерыкі і Расейская Федэрацыя пацвярджаюць сваё абавязацельства дабівацца неадкладных дзеянняў Савета Бяспекі ААН па аказанню дапамогі Рэспубліцы Беларусь як дзяржаве – удзельніцы Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі, якая не валодае ядзернай зброяй, у выпадку, калі Рэспубліка Беларусь стане ахвярай акта агрэсіі або аб’ектам пагрозы агрэсіі з прымяненнем ядзернай зброі.

5. Злучанае Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі, Злучаныя Штаты Амерыкі і Расейская Федэрацыя пацвярджаюць у адносінах да Рэспублікі Беларусь сваё абавязацельства не прымяняць ядзерную зброю супраць любой дзяржавы – удзельніцы Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі, якая не валодае ядзернай зброяй, акрамя як у выпадку нападзення на іх, іх тэрыторыі або залежныя тэрыторыі, на іх узброеныя сілы або іх саюзнікаў такой дзяржавай, што дзейнічае разам з дзяржавай, якая валодае ядзернай зброяй або звязана з ёй саюзным пагадненнем.

6. Рэспубліка Беларусь, Злучанае Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі, Злучаныя Штаты Амерыкі і Расейская Федэрацыя будуць кансультавацца ў выпадку ўзнікнення сітуацыі, якая закранае пытанне адносна гэтых абавязацельстваў.

Гэты Мемарандум будзе ўжывацца з моманту яго падпісання.

Падпісана ў чатырох экземплярах, аднолькава сапраўдных на беларускай, англійскай і рускай мовах.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы