nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

А чаму пра гэта ж не здагадаліся “адзіныя” і “аб’яднаныя”?

22 снежня, 2006 | Няма каментараў

На сайце www.zianonpazniak.de зьявілася заява кіраўніцтва Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ, у якой нагадваюцца абавязацельствы па абароне суверэнітэту Беларусі, якія ўзялі на сябе ЗША, Вялікабрытанія і Расея, у сувязі з адмаўленьнем нашай краіны ад ядзернай зброі.
Друкуем ніжэй тэкст гэтай заявы (дамова, на якую абапіраецца заява, пададзена ў папярэднім матэрыяле). Але пытаньне, пастаўленае ў загаловак дадзенага артыкула, застаецца адкрытым…
Рэдакцыя.

АБ ПАГРОЗЕ СУВЕРЭНІТЭТУ БЕЛАРУСІ З БОКУ РАСЕІ

Пуцінская ўлада выкарыстоўвае статус Расеі – краіны прадаўца энергетычных рэсурсаў (нафты і газу) для палітычнага ціску на Беларусь з мэтай стварэньня эканамічнага крызісу і ліквідацыі суверэнітэту Беларускай дзяржавы.

Пра гэта расейскае кіраўніцтва, палітычныя прадстаўнікі і нават рускі амбасадар у Беларусі А.Сурыкаў гавораць груба, наўпрост, не хаваючы плянаў анэксіі нашай краіны, якую яны плянуюць ажыцьцявіць шляхам незаконнага рэфэрэндуму аб так званым “канстытуцыйным акце” і пад выглядам наступнага нібыта “аб’яднаньня дзяржаваў”.

Гэтая грубая і агрэсіўная палітыка эканамічнага шантажу і душэньня Беларусі, разьвязаная расейскім кіраўніцтвам, наўпрост супярэчыць трэцяму пункту Будапэшцкага Мэмарандуму 1994 года аб гарантыях бясьпекі Беларусі, прынятага Злучанымі Штатамі Амэрыкі, Вялікабрытаніяй і Расеяй, падпісанага Беларусяй у знак згоды на адмаўленьне ад ядзернай зброі.

Пункт 3 запісаны так:

“ЗША, РФ, Злучанае Каралеўства пацьвярджаюць іхныя абавязацельствы да Рэспублікі Беларусь, у адпаведнасьці з Прынцыпамі Заключнага Акту АБСЭ, не прыбягаць да эканамічнага ціску з мэтай падпарадкаваць сваім інтарэсам выкарыстаньне Рэспублікай Беларусь яе правоў, неад’емных ад яе суверэнітэту, а таксама не забясьпечваць сабе перавагі якога кольвечы кшталту.”

Пагроза суверэнітэту Беларусі з боку Расеі вымагае прывядзеньня ў дзеяньне п.6 згаданага Мэмарандуму. Мы настойваем на выкананьні гэтага пункту і правядзеньня кансультацыяў трох краінаў (ЗША, Вялікабрытаніі, Расеі) аб парушэньні Расеяй прынятых забавязацельстваў і аб пагрозе дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі.

Гэты ліст перадаецца прэзыдэнту Д. Бушу, прэм’ер-міністру Т. Блэру, прэзыдэнту У. Пуціну дзеля прыняцьця рашэньняў і дзеяньняў у абарону Беларусі.

Кіраўніцтва Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ:
Зянон Пазьняк, старшыня,
Юры Беленькі, намесьнік старшыні,
Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні

18 сьнежня 2006 г.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы