nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Канфлікт на маскоўскай дарозе (Такая апазіцыя)

23 снежня, 2006 | Няма каментараў

Паміж некаторымі сябрамі нашай рэдакцыі й З.Пазьняком існуюць няпростыя адносіны. Але мы будзем папулярызаваць яго артыкулы ў такой ступені, у якой яны, на наш погляд, будуць спрыяць  АБ’ЕКТЫЎНЫМ ІНТАРЭСАМ беларускага народу. Выбітныя думкі будзем падкрэсьліваць так [!!!], а спрэчныя – каментаваць [таксама ў дужках]. Да артыкулаў Зянона Пазьняка, годных асаблівай увагі, без сумневу належыць той, што пададзены ніжэй. Ён датаваны 22 верасьня 2006 г. і быў выстаўлены на сайце www.zianonpazniak.de.
Рэдакцыя.

Казуліна засудзілі канчаткова. Пяць з паловай гадоў – абсалютна несувымерны прысуд за дробнае парушэньне (разьбіў партрэт Лукашэнкі ў міліцыі. Астатнія абвінавачваньні несур’ёзныя і цалкам палітыканскія.). Максімум, што па закону маглі б прысудзіць Казуліну, – гэта 15 сутак арышту альбо штраф. Але атрымаў неверагодны тэрмін.

З гэтай нагоды я хацеў бы нагадаць пэўным грамадзянам Беларусі некалькі істотных палажэньняў.

Людзі, якія ўваходзяць у палітыку з жаданьнем лёгка навесьці там парадак, павінны ведаць як мінімум два правілы.

Правіла агульнае:
Палітыка ёсьць найвышэйшая і асаблівая грамадзкая сфэра дзейнасьці людзей, дзе трэба быць палітыкам. Калі ім ня быць, то ні розум, ні адукацыя, ні грошы, ні навуковыя званьні не дапамогуць. (У палітыцы, дарэчы, нямала абмежаваных і малаадукаваных людзей, неінтэлектуалаў і псіхічна непрадказальных, якія няблага, тым ня менш, спраўляюцца са сваімі, на іх думку, галоўнымі задачамі – ўтрыманьня пасады і ўплыву на грамадзтва.)

Правіла дастасаванае:
Ніколі беларускія нацыянальныя інтарэсы не дасягаліся, не дасягаюцца і ня будуць дасягацца пры дапамозе Расеі і расейскай палітыкі. Бо гэта супярэчыць прыродзе дачыненьняў.

Пяцісотгадовая вайна паміж Масковіяй і Вялікай Літвой была вайной цывілізацыйнай і не на жыцьцё, а на сьмерць. (Паўтаруся: гэта не канфлікт інтарэсаў, гэта вайна на сьмерць.) Па ўсіх плянах, дэклярацыях, дактрынах і дзеяньнях расейцаў, іхняга царызму, бальшавізму, сацыялізму, гэбізму-пуцінізму мы, ліцьвіны-беларусы, павінны зьнікнуць з палітычнай і культурнай мапы сьвету. Расейцы адкрыта і нястомна і ўвесь час пра гэта кажуць (а гісторыя вынішчэньня пацьвярджае).

Беларусы, якія ідуць у палітыку і ігнаруюць гэтую прыроду рэчаў, як правіла, у выніку прыносяць шкоду Беларусі і асабіста сабе. Бо наіўнымі і абсурднымі ёсьць думачкі скарыстаць расейцаў (і найперш расейскія грошы) супраць прарасейскага Лукашэнкі (у той час, калі ён патрэбны Расеі).

Тым часам НКВД-КГБ-ФСБ ад сваіх мэтадаў ніколі не адступаецца: скарыстаць наіўнячкоў і, пасьля зрабленьня імі справы, “выплюнуць” іх (а калі ўзьнікнуць “праблемы”, то і забіць).

Лёсы Карпенкі, Ганчара, Чыгіра, Марыніча, Казуліна нічаму, аднак, не навучаюць. Аматары сыграць у “апазыцыю” і абдурыць маскоўцаў на мякіне не пераводзяцца. У выніку – абдурваюць самых сябе, бо сьляпы не заблудзіць відушчага.

У дачыненьнях з Расеяй (дакладней, у вечным канфлікце з Расеяй) ёсьць два шляхі – гэта дарожка Лукашэнкі (прамаскоўская палітыка) і – шлях нацыянальна-незалежніцкі (палітыка Беларускага Адраджэньня). Іншых шляхоў (“трэціх”, “чацьвертых” і т.п.) не існуе. Казуліны, Карпенкі, Чыгіры, Ганчары, Марынічы etc. хадзілі дарожкай Лукашэнкі супраць Лукашэнкі (які, паўтараю, Маскве выгадны). У выніку гэтыя асобы былі скарыстаныя ў маскоўскіх палітычных інтрыгах на Беларусі і потым (пасьля выкарыстаньня) кінутыя на волю лёсу (дакладней, на волю Лукашэнкі) альбо зьнішчаныя.

Аналізуючы выказваньні гэтых людзей і датычных да іх (В. Лявонава, А. Мілінкевіча і г.д.), відаць, што ніхто зь іх па сутнасьці глыбока не ўсьведамляе падзеяў і зьместу расейска-лукашэнкаўскай палітыкі. Ніхто не зьбіраецца адмаўляцца ад “дарожкі Лукашэнкі” ў нібыта “змаганьні” з Лукашэнкам. Ніхто не гатовы ісьці дарогай барацьбы супраць расейскай антыбеларускай палітыкі, стаць на нацыянальна-незалежніцкі шлях Беларускага Адраджэньня. Бо гэта ня тыя людзі.

Гэта добра ілюструе, дарэчы, нядаўняя (20.09.2006) заява А. Казуліна. Тут поўна пустых прапановаў і пустапарожніх фраз пра “правы чалавека”, “рэжым” і “аб’яднаньне” ўсіх супраць рэжыму, апэляцыя да Захаду і г.д. Але ні слова няма пра галоўнае: пра лёс Беларускай незалежнасьці перад палітычнай і эканамічнай агрэсіяй Расеі, пра тое, супраць чаго і за што беларусам трэба змагацца, каб захаваць сваю дзяржаву, мову, культуру, народ і незалежнасьць.

Пішацца, што “А. Лукашэнка разьвязаў халодную грамадзянскую вайну супраць свайго народа”, але не гаворыцца, у чым жа сутнасьць гэтай вайны. Бо і фармулёўка няправільная. Не “грамадзянскую вайну” вядзе Лукашэнка, а антынацыянальную, антыбеларускую (па прыкметах тыпова акупацыйную са зьнешнімі палітычнымі прывязкамі), перасьледуе нацыянальную беларускую моладзь, нацыянальныя сымвалы, мову, культуру, фальсіфікуе нацыянальную гісторыю, зьнішчае нацыянальную літаратуру, нацыянальную навуку, нацыянальны беларускі друк, беларускі інтэрнэт, ліквідуе беларускую школу і выкладаньне па-беларуску, публічна зьдзекуецца з нацыянальнай мовы і блюзьнерыць над памяцьцю Васіля Быкава і Францыска Скарыны.

Гэта ашаламляльная зьява ў ХХІ стагоддзі. Прамаскоўскай уладай у Беларусі і ад імя ўлады праводзіцца агрэсіўная палітыка этнацыду і вынішчэньня беларускай культуры. Робіцца гэта адкрыта і нахабна. Але маўчаць тут вандроўнікі па маскоўскіх сьцежках, і нічога ня піша Казулін.

Чаму яны маўчаць? Таму што яны самы русіфікатары [!!! – Рэд.], якія канфліктуюць з Лукашэнкам па непрынцыповых для нацыі пытаньнях.

Не бывае дэмакратыі без нацыі і не існуе дэмакратыя без незалежнай дзяржавы [!!! – Рэд.]. Дэмакратыя ёсьць зьява вытворная ад нацыі і дзяржавы. Тым часам цяпер беларуская нацыя і незалежнасьць пад пагрозай зьнішчэньня.

Дык чаму яны ўвесь час гучна плачуць па валасах, трацячы галаву? Таму што гэты лямант зацямняе людзям розум і адводзіць ад разуменьня галоўнай небясьпекі. Масква ўмела падтрымлівае і накіроўвае гэтую палітычную дэмагогію. Гэбэ падтрымлівае – Караганаў (выраблены вораг беларушчыны) занепакоены, бачыце, дэмакратыяй і “правамі чалавека” (русскіх обіжают) у Беларусі.

Дыктатура, этнацыд, інкарпарацыя ёсьць узаемазьвязаныя зьявы. Таму відавочна, што русіфікатары ня могуць мабілізаваць нацыю на барацьбу з дыктатурай, якіх бы філіпік супраць яе яны ні ўжывалі. Урэшце рэшт яны стануць, як і рэжым, душыць беларускую мову, Беларускую нацыянальную ідэю і Беларускае Адраджэньне. Некаторыя з такіх “дэмакратаў” займаюцца гэтым даўно.

Фальшывыя адносіны да Беларусі і незалежнасьці добра выяўленыя ў наступных словах з заявы Казуліна: “Мы своевременно не смогли оценить свою свободу: в 1991 году мы ее, как и независимость страны, получили без борьбы, словно подарок с небес”.

Вось у гэтым і ўся гнюснасьць такіх “дэмакратаў”. Напляваць ім на ўсё нашае змаганьне, на ўсе лёсы нашых змагароў, якія яны – нашы героі – паклалі на алтар Беларусі, волі і незалежнасьці, начхаць ім на ўсю нашу нялёгкую барацьбу за незалежнасьць і на ўсё нашае пакаленьне, якое вярнула сабе і ўсім незалежную Беларусь, волю, мову і гісторыю, начхаць на ахвяры, на страты і пакуты і на вялікую нашу перамогу, якой можам ганарыцца ня толькі мы, яшчэ жывыя яе ўдзельнікі, але і ўся Беларусь. Ім напляваць. Яны паўтараюць рэжымныя лукашысцкія прыдумачкі для цяперашніх людзей, што “незалежнасьць звалілася зь неба”. Але папярэдне лукашысты вытапталі ўсё, што можна, усе веды пра барацьбу Беларускага Народнага Фронту і пра вяртаньне незалежнасьці, пра гераічнае змаганьне дэпутацкай Апазыцыі БНФ у парляманце за свабоду і сувэрэнітэт Беларусі, ліквідавалі афіцыйную дакумэнтацыю, інфармацыю, друк і нават людзей, зацямнілі і замаўчалі яшчэ помныя і нядаўнія падзеі, наклалі табу на ўспамін аб нацыянальнай рэвалюцыі ў жніўні 1991 года калі была вернута незалежнасьць і аб наступным змаганьні.

Чаму такія людзі, як Казулін, паўтараюць цяпер гэтую прымітыўную антыбеларускую прапаганду пра незалежнасьць “без борьбы” (за якую на справе цэлыя пакаленьні беларусаў аддалі тысячы жыцьцяў)? Яны ж не маладзёны – ўсё памятаюць і ведаюць. А паўтараюць таму, што былі не на нашым, не на адраджэнскім баку [!!! – Рэд.]. Бо падтрымлівалі расейскую КПСС ды ВЛКСМ, ды Маскву, ды Ельцына, ды КГБ, а некаторыя такія, як Лябедзька, Булахаў, Ганчар, Сініцын, Паўлаў і іншая партыйна-камсамольская намэнклятура (Фядута і т.п.) выступілі адкрыта супраць незалежнасьці і падтрымалі потым Лукашэнку.

Так што нічога дзіўнага ў фармулёўках Казуліна няма. Ён адпаведны сам сабе.

Што да асобы грамадзяніна Казуліна і яго незаконнага асуджэньня на несувымерны тэрмін, то я цалкам далучаюся да тых, хто патрабуе ягонага вызваленьня і перагляду справы, выказваю спачуваньне ягонай сям’і.

Адказнасьць за помсьлівасьць, жорсткасьць і выкарыстаньне судовай машыны супраць гэтага чалавека нясе, безумоўна, Лукашэнка. Думаю, што прыйдзе час, і кожны адкажа за сваё. Судзімасьць з А. Казуліна будзе зьнятая, а пакуты кампэнсаваныя за кошт судоў і суддзяў, што тварылі беззаконьне.

У вольнай беларускай дэмакратычнай дзяржаве, перш за ўсё, будуць адноўленыя законнасьць і справядлівасьць.

Зянон Пазьняк

Ад рэдакцыі:
Мы лічым гэты артыкул у цэлым выбітным, але хочам зрабіць некалькі ўдакладненьняў.

Па-першае, мы ня лічым палітыку “найвышэйшай грамадзкай сферай дзейнасьці людзей”. Палітыка – гэта грамадская сьфера, зьвязаная са здабыцьцём улады, яе ўтрыманьнем і распараджэньнем. Вышэй за палітыку сьфера ідэалогіі – гэта сьфера вызначэньня і абгрунтаваньня грамадскі значных мэт, у кірунку якіх павінна адбывацца разьвіцьцё. Галоўнае ў ідэалогіі, каб мэты былі верныя. Таму вышэй ідэалогіі – сьветагляднасьць. Гэта сьфера разуменьня заканамернасьцяў прагрэсіўнага разьвіцьця Сьвету – у тым ліку разуменьня таго, што ўсё (у тым ліку й жыцьцё чалавека, калі ён жадае, каб яго жыцьцё было сэнсоўнае) павінна быць “падпарадкавана” гэтым законам. Прычым, “падпарадкаваньне” законам Сьвету адначасова азначае “ўзбраеньне” імі (у мове, нават, няма дзеяслова, які б адначасова абазначаў гэтую дваістую зьяву – падпарадкаваньне-узбраеньне). Такім чынам, атрымліваецца так: палітыка (у такой ступені, у якой яна правільная), павінна быць падпарадкавана-узброена ідэалогіяй, а тая (у такой ступені, у якой яна ёсьць правільная) павінна быць падпарадкавана-узброена правільнай сьветагляднасьцю (дарэчы, такія суадносіны адлюстраваны намі ў гіерархіі фармаваньня на нашым сайце адпаведных дактрын). Канешне, гэта ўсё ў ідэале (у асьпекце таго, як павінна быць), а ў рэальным жыцьці можа быць па ўсякаму – у тым ліку можа быць так, што сацыяльна значныя “пасады” могуць займаць прайдзісьветы, падонкі, быдлякі, дэгенераты… і казаць яны будуць, што яны шчырыя, “чэсныя”, сьвятыя, лепшыя і адзіна магчымыя…

Па-другое, думка аўтара: «Ніколі беларускія нацыянальныя інтарэсы не дасягаліся, не дасягаюцца і ня будуць дасягацца пры дапамозе Расеі і расейскай палітыкі» – мы лічым, што ня мае ўніверсальнага значэньня. Таму яе ня варта фармуляваць, як нейкі закон-правіла. Сітуацыя больш складаная, і для яе аналізу трэба спачатку прааналізаваць саму Расею. У ім мы ўбачым грамадства, а ў грамадстве розныя сацыяльныя групы і сілы – у тым ліку тыя, што вельмі блізкія да нас па сваіх інтарэсах…  (пачатак гэтага аналізу мы ўжо зрабілі ў артыкуле «У нас пытаюцца – мы адказваем», адрас: https://nashaziamlia.org/2006/12/18/451). Але для людзей узроўню Карпенкі, Ганчара, Чыгіра, Марыніча, Казуліна…. Мілінкевіча (не гаворачы ўжо пра Фралова) і да т.п. дадзенае правіла Пазьняка сапраўды ПРАКТЫЧНА ВЕРНАЕ! Калі ж ведаць і ўвесь час кантраляваць абмежавальны ўзровень (дах), на якім гэтае правіла можа быць выкарыстана, яго, на наш погляд, варта нават пашырыць, як мінімум, на Нямеччыну, Польшчу, Ізраіль, Кітай…

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы