Зянон Пазьняк (паводле сайта www.zianonpazniak.de)
Вясной гэтага года перад выбарчай акцыяй аб трэцім тэрміне Лукашэнкі Пуцін некалькі разоў казаў Лукашэнку пра неабходнасьць «канструктыўнасьці» беларускай «апазыцыі». Ніхто на гэта не зьвярнуў увагі, хаця паўторы выказваньняў у палітыцы сьведчаць аб намерах.
Ужо летам мы ўбачылі (а цяпер асабліва) адкрыты паварот найбольш прамаскоўскай часткі вікаўскай апазыцыі (камуністы, АГП і інш.) на крамлёўскую арыентацыю.
М. Статкевіч тут жа агучыў сакрэт Палішынэля: Масква, напісаў ён, выдзеліла вялікія грошы на «дзейнасьць» гэтай «апазыцыі». Калі сказаць проста, то Крэмль рашыў цалкам перакупіць гэтых дзіўных людзей у Захада і кіраваць спэктаклем непасрэдна. Для Беларусі ўсё гэта ёсьць акт нацыянальнай брыдоты. Пачаўся раскол палітычнай антрэпрызы. Аднак за эмоцыямі і хваляваньнямі «дзіўных людзей» выразна відаць інтарэсы. І Крэмль, і рэжым у Беларусі вырашылі зьмяніць характар сваёй «апазыцыі» – зрабіць яе ўжо адкрытай і відавочнай часткай сваёй палітычнай сыстэмы. Такім чынам павінна б была заваліцца заходняя палітыка, абапертая на «правах чалавека», «зьніклых» і г.д. Абодва рэжымы пашырылі б дарогу пранікненьня на Захад і ўмацавалі б свой абсалютызм. Сродкаў на такія пэрспэктывы вырашылі не шкадаваць. У «апазыцыі» тут жа пачалося «бражэньне».
Для ілюстрацыі гэтых намераў прывяду вытрымкі з нядаўняга інтэрв’ю У. Нісьцюка (БСДП Грамада), зьмешчанага ў Сеціве агенцтвам Белапан (18 кастрычніка 2006 г., «Навіны»). Уладзімер Нісьцюк сказаў: «Галоўнай памылкай усёй беларускай апазыцыі на працягу апошніх дванаццаці гадоў зьяўляецца тупое жорсткае супроцьстаяньне ўладзе па любых аспэктах і страта шансаў на ператварэньне яе ў частку палітычнай сістэмы краіны (…). Падтрымка радыкальнай, ці як шмат хто, а ня толькі Лукашэнка, яе называюць, нацыяналістычнай апазыцыі супярэчыць мэнталітэту беларускай нацыі. Нам з вамі (?) прыдзецца пачынаць усё з пачатку, таму што стаўка была зроблена не на тых. Беларусы могуць зразумець толькі таго, хто гаворыць на зразумелай ім мове, нават калі гэта проста сумесь беларускай з рускай, і пра зразумелыя рэчы. Такія людзі ёсьць у нашай партыі, гэтак жа і ў іншых палітычных і грамадзкіх структурах. Мы не заклікаем скідаць уладу, сёньня мы ня ў стане гэта зрабіць. Мы павінны паспрабаваць узаемадзейнічаць зь яе канструктыўным складнікам у імя пабудовы будучыні нашай краіны. Наша партыя гатова выставіць на выбары ў мясцовая Саветы, якія адбудуцца ў студзені будучага года, больш за сто кандыдатаў (на больш чым дваццаць тысячаў месцаў. З.П.). Мы былі б вельмі ўдзячныя за дапамогу эўрапейскім інстытутам і брацкім партыям Сацыялістычнага Інтэрнацыяналу ў падтрымцы гэтых людзей (…). Узьнікае неабходнасьць прынцыпова зьмяніць стратэгію і тактыку дзеяньняў дэмакратычных сілаў унутры краіны. Бачыцца неабходным прапрацаваць і ініцыяваць правядзеньне «круглага стала» (…), трэба зьмякчыць пазыцыю ў адносінах да улады з боку цэнтрысцкіх і левых дзеючых партыяў з пэрспэктывай пераходу іх ў канструктыўную апазыцыю.» (Канец цытаты.)
Новая маскоўская схема прадугледжвае ня толькі пераліцоўку вікаўскай апазыцыі ў «канструктыўную» (лубянскую) апазыцыю, але і называньне (прыпячатаньне) усіх беларускіх нацыянальна-арыентаваных дэмакратычных сілаў «радыкальнымі», «экстрэмісцкімі», нацыяналістычным «атрэб’ем» і г .д. Працэс стварэня такога ўражаньня і нацыянальнага перасьледу пачаўся з восені гэтага году (рэпрэсіі супраць беларускай моладзі, прыдумваньне крымінальных справаў пра «тэрарызм» і г. д.).
Яшчэ на адзін аспэкт варта зьвярнуць ўвагу ў гэтай непрыгожай валтузьні «дзіўных людзей». Падстаўная апазыцыя, «круглыя сталы» з рэжымам «перагаворныя працэсы» і т. п. ініцыяваліся і ствараліся былымі паплечнікамі Лукашэнкі (і агентурай; прызнаньне Г.Віка). Цяпер, калі спушчана задача ўдакладненьня арыентацыі і пераліцоўкі, гэтыя людзі тут як тут; Лябедзькі, Калякіны, Нісьцюкі адразу загаварылі на сваёй мове і пра «мэнтальнасьць», і пра «беларускую мову» (прычыну ўсіх няшчасьцяў «дэмакратыі»), і пра «канструктыўную» уладу. Варта пачытаць ўсё інтэрв’ю У.Нісьцюка, дзе ён не проста ўзьвялічвае Лукашэнку, а панегірыкі сьпявае, акурат як некалі, у 1996 годзе (мне гэта добра запомнілася).
Гэтыя людзі, што працуюць у «апазыцыі», ня маюць ніякага дачыненьня да дэмакратыі [!!! – Рэд.] і, тым больш да беларускага нацыянальнага Адраджэньня, да змаганьня за волю, шчасьце і нацыянальную будучыню Беларусі [!!! – Рэд.].
Практычна нічога прынцыпова новага не адбываецца. Палітычна арыентаваныя беларусы добра ведаюць сутнасьць і цану гэтай эксклюзыўнай «апазыцыі». Нікога ўжо не зьдзіўляе іхны адкраты паварот да Масквы і тым больш да Лукашэнкі. Пачакайма мы яшчэ станем сьведкамі камэдаі павяртаньня блуднага сына [хто гэта, мы так і не зразумелі. – Рэд.]. Вернецца калі напакасьціць шмат і спрафануе ўсё. Толькі ўсё спрафанаваць не удасца. Ёсьць сіла ў Беларусі. І калі яна ўзмацнее ад гэтага рэжыму месца мокрага не застанецца.
19 кастрычніка 2006 г.
Ад рэдакцыі:
Акрамя заўвагі, што вясной гэтага году Лукашэнка абіраўся не на 3-і, а на свой 4-ы тэрмін (5 гадоў + дадаў сабе 2 гады + 5 гадоў = 12; 19 сакавіка 2006 году ён быў “абраны” на чарговыя 5 гадоў; разам, на 4-ы тэрмін), хочам дадаць, што
пра магчымасьць выкарыстаньня ГРОШАЎ РАСЕЙСКАЙ ІМПЕРБЮРАКРАТЫІ на фармаваньне ў Беларусі “прамаскоўскай” апазіцыі й “3-га сектара” мы інфармавалі год таму (гл. https://nashaziamlia.org/2006/04/10/27 і далей).